Усе навіны

Падпісант прарэжымнага ліста Рутэнка пра бан: «Мы павінны мець шанцы на аднаўленне, але тут шмат палітыкі»

30 траўня, 20:15

Кіраўнік федэрацыі тэніса Беларусі, падпісант прарэжымнага ліста Сяргей Рутэнка падзяліўся меркаваннем пра адхіленне зборных Беларусі ад міжнародных турніраў.

– Тое, што сёння, нягледзячы на геапалітычную сітуацыю, нашы спартсмены могуць выступаць на тэнісных турнірах, – заслуга не міжнароднай федэрацыі, а ATP і WTA. Выдатны прыклад быў з Уімблдонам, калі арганізатары не дапусцілі нашых спартоўцаў. Міжнародная федэрацыя ніяк не адрэагавала, а вось асацыяцыі гульцоў зрэагавалі максімальна і вельмі цвёрда паставілі пытанне, каб такая сітуацыя не паўтаралася.

Мы вядзем шчыльную працу, каб аднавіць нашых спартоўцаў у камандных спаборніцтвах. З юрыдычнага пункту гледжання мы нічога не парушылі. Нашае адхіленне абсалютна незаконнае. Чыста юрыдычна мы сто адсоткаў павінны мець шанцы на аднаўленне, але тут шмат палітыкі, – сказаў Рутэнка ў эфіры праграмы «Спорт-кадр».

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.