Расіянцы Кудэрметавай забаранілі гуляць на «Ралан Гарос» з лагатыпам кампаніі «Татнафта», якая падтрымлівае вайну ва Украіне
Расійскай тэнісістцы Вераніцы Кудэрметавай (№11 WTA) забаранілі гуляць на «Ралан Гарос» з лагатыпам кампаніі «Татнафта».
Пра гэта паведаміў польскі журналіст Дамінік Сянкоўскі, які заўважыў, што Кудэрметава згуляла ў Парыжы без эмблемы расійскай «Татнафты» на форме. На турнірах у Рыме і Штутгарце яна выступала з гэтай нашыўкай.
«Любая камерцыйная або іншая ідэнтыфікацыя, якая парушае дзяржаўныя/тэлевізійныя нормы, забароненая. «Татнафта» ёсць у гэтым спісе. Яна забароненая«, – гаворыцца ў адказе прэс-службы турніру.
Раней паведамлялася, што Кудэрметава будзе вымушаная прыбраць са сваёй формы лагатып «Татнафты», каб згуляць на «Уімблдоне».
«Татнафта» знаходзіцца пад санкцыямі ў ЕЗ. Арганізацыя займаецца пастаўкай нафтапрадуктаў для патрэб падраздзяленняў Міністэрства абароны РФ.