Усе навіны

Алег Гаруновіч: «Слушнае пытанне – зброя, якая прывяла да паўзакрытай прэс-канферэнцыі Сабаленка»

4 чэрвеня, 16:27

Галоўны рэдактар Tribuna.com Алег Гаруновіч пракаментаваў рэакцыю Арыны Сабаленка на пытанні пра Лукашэнку і вайну.

«Даўно сачыў за панылым спектаклем, які давала Арына Сабаленка, гастралюючы з турніру на турнір. Заходнім журналістам глыбока напляваць на Беларусь, на тое, што ў нас адбываецца. Пратэсты 2020 года ў іх свядомасці калі і засталіся, то нейкім пацьмянелым фрагментам, на які наклаліся падзеі наступных гадоў. Хто там пратэставаў, што такога нарабіў Лукашэнка – ужо і не ўспомніцца. Ці то дыктатар, ці то прэзідэнт, ці то дыктатар-прэзідэнт. Надакучыла і, па вялікім рахунку, не так важна для прасунутага чалавецтва.

Гэта і ратавала пасрэдную акторку. Сабаленку не раз пыталіся пра вайну. І калі ў першыя пару месяцаў яна яшчэ крыху блыталася ў адказах (напрыклад, магла паабяцаць падтрымаць Украіну – і, канешне, у выніку падмануць), то з часам яна выпрацавала ідэальны маналог – абцякальны і апрычоны. У вольным выкладанні гучыць так: ну, ніводзін нармальны чалавек не падтрымлівае вайну, але гэта не мая віна, я не магу ні на што паўплываць, а спорт па-за палітыкай, дзякуй за ўвагу. Паўтараць гэта ёй было нескладана і прыемна. Зброя здавалася безадмоўнай і часта выкарыстоўвалася на прэс-канферэнцыях.

Але ж гэты маналог мог зрабіць уражанне толькі на тых, хто не ў тэме. А амаль усе заходнія журналісты, якія асвятляюць тэніс, не ў тэме (ды што там – у Макрона і Лукашэнка ўступае ў НАТА). І таму гэты вадэвіль усіх задавальняў, а мяне крыху падкідвала. Ну як, Арына, ты тут не пры чым? Канешне, не выпадае казаць пра нейкую вызначальную ролю, пра глабальную віну, пра тое, што з Сабаленкі ўсё пачалося, але каб увогуле ні пры чым, – ну гэта ж перабор.

Калі беларусаў збівалі пасля выбараў, кідалі ў турмы, Сабаленка па ўласнай ахвоце падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі, а каб і далей заставацца па-за палітыкай, яна тусіла з ім на навагодняй віншаванцы 2020/2021, калі рэпрэсіі ішлі напоўніцу, а з моманту апошніх маршаў не мінула і месяца. І вось Лукашэнка, якога яна так падтрымлівала, уцягнуў Беларусь у вайну, а яна, Сабаленка, кажа ў Еўропах і Амерыках, што не мае дачынення да гэтага, і там гэта бясспрэчна прымалі. Ні пры чым – ну і добра тады. А дастаткова было толькі запытаць: ну ок, ты, канешне, па-за палітыкай, але ж ты падпісвалася ў падтрымку Лукашэнкі, святкавала з ім Новы год падчас рэпрэсій. Лукашэнка ўцягнуў у Беларусь у вайну. Можа, ты адчуваеш такую-сякую адказнасць за свае ранейшыя дзеянні?

Адшукалася смелая дзяўчына, якая не збаялася пра гэта запытацца ў лоб. З націскам, якога мы і чакаем ад сапраўдных украінцаў, супрацоўніца ўкраінскай Трыбуны Даша Мешчаракова ўдакладніла тое, што даўно было варта ўдакладніць пасля маналогу «а я тут пры чым?!». І калі Арыне патлумачылі, пры чым, у яе пачаліся ментальныя хваляванні і ўвогуле ўзнікла пачуццё небяспекі. І гэта прывяло да паўзакрытай прэс-канферэнцыі, куды адбіралі правільных журналістаў, каб спакою (ці за што яна там хвалявалася?) Сабаленкі нішто не пагражала.

Акрамя абурэння і імпэту ўкраінка Даша мае 160 сантыметраў росту і дзесьці 56 кілаграмаў вагі. Гэтага аказалася дастаткова, каб Сабаленку ахапіла паніка. Давід можа перамагчы Галіяфа не толькі прашчой. Слушнае пытанне – таксама добрая зброя (і яе не адняць пры вобшуку), хаця, перакананы, у Сабаленкі па-ранейшаму ўсё будзе добра. Калі справа датычыцца беларусаў і ўкраінцаў, рэпутацыя ў тэнісе вялікага значэння не мае. А ў астатнім Арына цалкам талерантная і выхаваная дзяўчына. У тэнісным туры любяць такіх», – напісаў Гаруновіч.