Усе навіны

Арына Сабаленка: «Хачу прайсці на «Ралан Гарос» настолькі далёка, наколькі змагу»

6 чэрвеня, 17:10

Арына Сабаленка (№2 WTA) падзялілася эмоцыямі пасля перамогі над украінкай Элінай Світолінай (№192 WTA) у 1/4 фіналу «Ралан Гарос» (6:4, 6:4).

– Яна вельмі цяжкі супернік, добра рухаецца, і тое, што яна робіць пасля родаў, уражвае. Вялікая павага ёй. Так, гэта быў цяжкі матч, і я вельмі шчаслівая, што перамагла. Атмасфера была цудоўнай, дзякуй вялікі [заўзятарам] за тое, што былі тут і падтрымлівалі нас.

(Гледачы шумяць) У сэнсе, мы ўсе ведаем, што вы чакаеце Новака [Джоковіча], але ўсё ж я прыму гэта, быццам вы гэта для мяне. Дзякуй, дзякуй.

Для мяне ўся справа ў канцэнтрацыі на сабе і на сваёй гульні. У пэўныя моманты я магу не глядзець на лік. Вядома, мы падрыхтавалі тактыку, але падчас матча ў залежнасці ад ліка, у залежнасці ад гульні яе можна крыху змяніць. Але для мяне па вялікім рахунку ўся справа ў канцэнтрацыі на сабе.

Калі шчыра, калі я была дзіцем, я практыкавалася на грунце больш, чым на хардзе. Я не ведаю, чаму ўсе лічаць, што я – спецыялістка па харду. Я вельмі камфортна адчуваю сябе на грунце. Спадзяюся, я змагу прайсці тут на «Ралан Гарос» так далёка, як змагу. Мне падабаецца гуляць для вас, людцы. Я проста хачу застацца тут настолькі надоўга, наколькі змагу, і паказаць усё самае найлепшае, каб быць упэўненай, што вам падабаецца глядзець на нас – падзялілася Сабаленка.

Нагадаем, што пасля паядынку Світоліна не паціснула руку беларусцы.