Усе навіны

Сабаленка – пасля разгрому Кіз: «Была вельмі галодная да гэтай перамогі. Вось бы я гэтак жа гуляла ў Аўстраліі»

15 сакавіка, 13:09

Беларуска Арына Сабаленка пракаментавала рэванш над Мэдысан Кіз.

Першая ракетка свету абгуляла яе ў паўфінале WTA-1000 у Індыян-Уэлс з лікам 6:0, 6:1.

У студзені ў фінале Australian Open Сабаленка саступіла Кіз – 3:6, 6:2, 5:7.

– Мне вельмі патрэбен быў гэты рэванш, таму я максімальна засяродзілася. Думаю, што тактычна паказала сапраўды цудоўны тэніс.

Я б сказала, што сёння ўсё было крыху наадварот. Я добра пачала, а яна страціла рытм і не змагла паказаць найлепшую гульню. Мяркую, таму матч прайшоў так хутка. У Аўстраліі я згуляла вельмі дрэнна, а яна – выдатна. Ну, гэта проста тэніс. Давайце проста назавем гэта тэнісам.

– Пра што вы думалі ў момант, калі бралі 11 геймаў запар?

– Я думала: вось бы я гэтак жа гуляла ў Аўстраліі. Але, калі сапраўды, я проста канцэнтравалася на сабе. Імкнулася трымаць той жа рытм, аказваць на яе як мага больш ціскі і скончыць матч як мага хутчэй.

Я была цалкам сканцэнтравана на гульні.

– Здавалася, што вам нават не патрэбна была дадатковая матывацыя ў выглядзе рэваншу, настолькі аднабаковым быў матч. У такія моманты вы пачынаеце больш рызыкаваць, выбіраць больш складаныя мэты?

– Не, я так не паглыблялася ў тактыку. Проста прытрымлівалася той жа стратэгіі, і ўсё.

– У чым яна заключалася?

– Не даць ёй злавіць рытм. Не даваць ёй хуткія мячы, каб яна не адчула тэмп і напачатку гуляць у сваю гульню. Згінаць ногі, не гуляць на прамых.

– Можаце ўспомніць, калі вам так моцна хацелася перамагчы?

– Не сказаць, што адчайна, хутчэй... Нават не ведаю, як гэта назваць. Я была галодная да гэтай перамогі. Як я ўжо казала, той матч на Australian Open быў для мяне вельмі балючым.

Калі б я зноў прайграла сёння, гэта б засела ў мяне ў галаве, а я гэтага не хацела. Таму я была максімальна засяроджаная і проста вельмі галодная да гэтай перамогі над Мэдысан, – сказала Сабаленка.