Tribuna/Тэніс/Блогі/Двое з Беларусі – упершыню ў топ-8 сінгла аднаго турніру ВШ: Сабаленка дала рады экс-коўчу і стала галоўным фаварытам, Азаранка нагадала пра любоў да «ПСЖ» (не з-за Месі)

Двое з Беларусі – упершыню ў топ-8 сінгла аднаго турніру ВШ: Сабаленка дала рады экс-коўчу і стала галоўным фаварытам, Азаранка нагадала пра любоў да «ПСЖ» (не з-за Месі)

Дабраліся да чвэрцьфіналаў.

Аўтар — bytribuna com
23 студзеня 2023, 20:58
Двое з Беларусі – упершыню ў топ-8 сінгла аднаго турніру ВШ: Сабаленка дала рады экс-коўчу і стала галоўным фаварытам, Азаранка нагадала пра любоў да «ПСЖ» (не з-за Месі)

У гісторыі беларускага тэніса адбыўся першы выпадак, калі адразу два ягоныя прадстаўнікі дабраліся да чвэрцьфіналу аднаго турніру Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе. Гэта зрабілі Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка на цяперашнім Australian Open. Раней да такой вялікай стадыі турніру такога ўзроўню больш за аднаго грамадзяніна Беларусі адразу дабіраліся толькі з улікам выступленняў у парах, дзе гэтага дасягнуць лягчэй.

Мы ж пакуль успомнім, чым Азаранка і Сабаленка вызначыліся на кортах Мельбурна сёлета, і раскажам, што іх чакае наперадзе.

Сабаленка – галоўны фаварыт букмекераў

Як мы ўжо расказвалі, перад турнірам Сабаленка лічылася другой па ранжыры прэтэндэнткай на тытул.

З галоўнай фаварыткай Ігай Швёнтак Сабаленка магла сустрэцца толькі ў фінале, але гэтага ўжо дакладна не адбудзецца – полька нечакана вылецела ў чацвёртым раундзе (1/8 фіналу). Лагічна, што цяпер букмекеры бачаць самыя высокія шанцы на перамогу ў турніры ў падпісанткі за Лукашэнку – стаўка на гэта проста зараз прынясе ў тры разы больш за ўнесеную суму.

Па дарозе ў чвэрцьфінал Сабаленка абыграла чэшку Тэрэзу Марцінцаву (№74 WTA), амерыканку Шэлбі Роджэрс (№51), бельгійку Элізу Мертэнс (№32) і швейцарку Белінду Бенчыч (№10), якую зараз трэніруе экс-коўч Арыны Дзмітрый Турсунаў.

У гэтым сезоне Сабаленка пакуль не аддала саперніцам ні сэта. На Australian Open прарэжымніца ў сярэднім прайгравала за матч усяго па 4,8 гейма. Ніводны з паядынкаў не заняў у пятай ракеткі планеты нават 1,5 гадзіны.

Адзін з сакрэтаў поспеху на турніры ў Мельбурне – рэзка ўпала колькасць двайных памылак. У 2022-м іх было 7,8 у сярэднім за матч, на першым у сезоне-2023 турніры ў Адэлаідзе – 5,5, а на AO лiк раптоўна знізіўся да 2,8. Дайшло да таго, што Сабаленка ні ў адным матчы турніру не перасягнула саперніцу па гэтым паказчыку. А ў матчы супраць Роджэрс наогул не дапусціла ніводнай двайной – выпадак сапраўды ўнікальны.

Падобна, свой плён прыносіць праца з бiямеханiкам, якога Сабаленка наняла для працы над падачай у другой палове мінулага сезона. Адэптка рэжыму нарэшце перастала спрабаваць проста магутна адправіць мяч на супрацьлеглую палову корта – зараз бачна, што яна імкнецца патрапіць у неабходны кут квадрата. Нядрэнна ў Арыны сталі атрымлівацца шырокія падачы, дзякуючы якім яна адкрывае корт для сваіх актыўных дзеянняў.

«Раней было шмат ключавых момантаў, калі я дапускала двайныя ці біла занадта моцна. А цяпер я адчуваю сябе крыху лепш, таму што хаця б ведаю, як падача павінна выглядаць», – распавяла пра сваё адкрыццё Сабаленка па ходзе першага тыдня АO.

Таксама заўважныя змены ў дзеяннях Арыны пасля падачы. Цяпер Сабаленка не імкнецца максімальна хутка завяршыць розыгрыш, а гатова чакаць больш зручнага моманту для магутнага ўдару. Пры гэтым тэнісістка стала выкарыстоўваць не толькі плоскія ўдары, таму мяч пачаў перамяшчацца крыху вышэй над сеткай, што скараціла колькасць памылак.

Як было прыкметна яшчэ да турніру, Сабаленка знаходзіцца ў выдатных фізічных кандыцыях, што рэгулярна дапамагае ў Мельбурне рухацца лепш за саперніц. Паляпшэнне формы яна тлумачыць тым, што яе трэнер па фізпадрыхтоўцы Джэйсан Стэйсі зараз можа ездзіць з ёй па ўсіх турнірах.

«Гэта ключавы момант. У міжсезонне мы вельмі шмат працавалі. Цяпер усё атрымліваецца. Трэба працягваць», – дзялілася Арына пасля адной з нядаўніх перамог.

Пры гэтым тэнісістка ўсё радзей дае волю эмоцыям падчас матчаў – здаецца, псіхолаг таксама ў рэшце рэшт змог дастукацца да Сабаленкі, якая раней не раз здзяйсняла публічныя істэрыкі на кортах.

«Былі моманты, калі я ўжо рыхтавалася кінуць ракетку ці закрычаць. Але зараз я трымаю сябе ў руках. Мне нават здаецца, што для мяне гэта натуральна», – сказала Арына пасля перамогі над Бенчыч.

Сабаленка ўпершыню дайшла да чвэрцьфіналу AO падчас свайго сёмага турніру. На гэтай стадыі яна згуляе з харваткай Доннай Векіч (№64 WTA). Пераможцу ў паўфінале чакае наймацнейшая з пары чэшкі Караліны Плішкавай (№31) і полькі Магды Лінет (№45).

Азаранка ў шосты раз у топ-8 AO – зараз у майцы «ПСЖ»

Калі Сабаленка дойдзе да фіналу, то там можа згуляць супраць Азаранкі. Праўда, зараз Вікторыя толькі сёмая з васьмі ў спісе фаварытаў букмекераў – на яе тытул даюць каэфіцыенты ў раёне 13-14. Аднак на карысць Азаранка кажа яе досвед: зараз яна ў 10-ы раз выйшла ў 1/8 фіналу AO і ў шосты – у чвэрцьфінал.

Пасля перамогі ў першым крузе над амерыканкай Сафіяй Кенін (№203 WTA) Азаранка засталася адзінай у сетцы ўдзельніцай, якой раней пакараўся АО. Далей тэнісістка справілася з аргенцінкай Надзяй Падарошкай (№191), амерыканкай Мэдысан Кіз (№13) і кітаянкай Чжу Лін (№87). Апошні матч аказаўся самым энергазатратным для Вікторыі – яна аддала першы сэт (4:6), аднак затым выйграла два (6:1, 6:4). На перамогу ў 24-й ракеткі WTA пайшло амаль тры гадзіны. Пасля матча Азаранка прызналася, што ніколі раней не чула пра Чжу.

Азаранка спрабуе зацягнуць саперніц у доўгі розыгрыш, пасля чаго чакае памылкі або пачынае пры першым зручным выпадку контратакаваць. Пакуль гэтая стратэгія прыносіць поспех, а колькасць перамог тэнісісткі на турнірах ВШ перавысіла адзнаку ў паўтары сотні – зараз іх 152.

У асноўным на прэс-канферэнцыях Азаранка абмяркоўвае не сваю гульню, а моманты з жыцця. Напрыклад, пасля перамогі над Кенін Вікторыя прыйшла на прэс-канферэнцыю ў майцы футбольнага «ПСЖ». Выбар тэнісістка патлумачыла даўняй любоўю да французскага клуба, якая выдатна заўважная і па сацсетках Азаранкі. Заўзенне пачалося з 2012-га, калі да парыжан далучыўся Дэвід Бекхэм. Таксама футбол любіць сын Азаранкі Леа, які, што лагічна для жыхара ЗША, называе гульню сокерам. Цяпер хлопчык займаецца футболам з марай згуляць за «ПСЖ», а маці вельмі падабаецца наведваць яго матчы.

Падчас АО Вікторыя кожны дзень стэлефаноўваецца з сынам, які жадае ёй удачы перад матчамі.

«Я не ведаю, наколькі для яго важныя мае перамогі. Усё ж яму хочацца, каб мама была больш дома, побач з ім. Але калі ён са мной на кортах, на трэніроўках, я бачу, наколькі яму робіцца цікава. Ён хоча ўзяць ракетку, пагуляць. Я думаю, ён мной ганарыцца», – распавяла Азаранка.

Таксама Вікторыя падзялілася сваім новым хобі – фатаграфіяй. Калісьці тэнісістка захаплялася фота, але пасля закінула. Нядаўна Азаранка купіла сабе фотаапарат і зараз здымае не толькі прыроду, але і калег па цэху. Апошнім быў Андрэй Рублёў, але Вікторыя не жадае паказваць здымкі расiянiна без ягонага дазволу.

Аднак пакуль Азаранка сканцэнтравана на будучым матчы супраць амерыканкі Джэсікі Пегулы (№3 WTA). Тэнісісткі добра знаёмыя і часта трэніруюцца адна з адной. Вікторыя паабяцала Джэс, як называе таварку, «спякоту на корце», але не збіраецца моцна перажываць у выпадку паразы. Пераможца гэтай чвэрцьфінальнай пары выйдзе на Алену Астапенку з Латвіі (№17) або Алену Рыбакіну з Казахстана (№25).

Фота: Gettyimages.com/Robert Prange

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты