Колькі ж топаў белспорту – міма Парыжа-2024! З 10 медалістаў мінулых Гульняў едзе толькі адзін
Апякліся на МАКе.
Усё больш ясным становіцца, хто з беларускіх спартсменаў выступіць на Алімпійскіх гульнях-2024 – у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракту з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі. Адмыслова створаная МАК камісія AINERP ужо выслала амаль усе свае запрашэнні тым, каго палічыла прымальным.
Хтосьці адсеяўся на гэтым этапе, кагосьці не пусцілі ў адбор, ёсць і іншыя прычыны – але ўжо нямала вядомых атлетаў з дасягненнямі вышэйшага ўзроўню ад белспорта дакладна не едзе на Гульні. Вось хто гэтыя людзі.
Максім Недасекаў
Нават калі б адэпт рэжыму быў у кандыцыях з 2021-га, калі ўзяў бронзу АГ, то не паехаў бы ў Парыж ужо хаця б таму, што МАК масава баніць беларускіх спартсменаў за сувязі з «сілавікамі» Лукашэнкі, а скакун іх не тое што не хавае, а ўвесь час выстаўляе ў сацсетках. Але ў Недасекава і ў карʼеры крызіс – была цяжкая па аднаўленні траўма нагі, ды яшчэ і памерла трэнер, што дало новы алкагольны этап у жыцці лёгкаатлета.
У пачатку 2024-га Недасекаў сказаў, што ўсё яшчэ не цалкам здаровы, і заклікаў не чакаць ад яго высокіх вынікаў – а гэтым летам не паехаў на «Гульні БРІКС» і нават не патрапіў у прэвʼю ЧБ. Лукашыст гразіцца вярнуцца на ўзровень медалёў АГ у 2028-м – але зусім не факт, што ў яго атрымаецца.
Аліна Гарнасько
І яе таксама наўрад ці дапусціла б камісія МАК – падпісантка за Лукашэнку ўваходзіць у «сілавое» БФСТ «Дынама». Але тут да AINERP нават не дайшло – проста еўрапейская федэрацыя гімнастыкі адмовілася пускаць удзельніц з Беларусі на ЧЕ-2024, а ўсе іншыя адборачныя на Алімпіяду спаборніцтва Гарнасько прапусціла праз міжнародны бан у адказ на вайну ва Украіне.
Калі б гімнастка паехала на ЧЕ, то напэўна б адабралася ў Парыж – ад турніру адмаўляліся расіянкі, а без іх задача апярэдзіць тых, у каго яшчэ не было алімпійскіх ліцэнзій, была больш чым рэальная. А вось у параўнанні з усімі наймацнейшымі прыгожай карцінкі, нягледзячы на пафас Гарнасько, не атрымалася – дапушчаная ў 2024-м на этапы Кубка свету гімнастка была вельмі далёкая ад нейкага дамінавання, ды і ад узроўню сваёй бронзы АГ-2020 таксама.
Гарнасько ўжо амаль 23, а да 27 працягнуць карʼеру «мастачцы» практычна нерэальна – яе алімпійская гісторыя ўжо скончаная. Затое ёй з Недасекавым далі месцы ў «сінекуры» ад алімпійскага камітэта Лукашэнкі.
Марына Літвінчук
36-гадовая Літвінчук заставалася найлепшай у Беларусі, і яе збіраліся паслаць на травеньскую алімпійскую кваліфікацыю – нібыта і ў адзіночках, і ў двойках з даўняй напарніцай, 32-гадовай Вольгай Худзенкай. Па рашэнні «міжнароднікаў» нельга было выстаўляць як клас чацвёркі, у якіх узятыя ўсе тры алімпійскія медалі Літвінчук, але прынамсі патрапіць на АГ яна хацела.
Аднак на адборы ні Літвінчук, ні Худзенка мы не ўбачылі – як заяўляе беларускі бок, свой нядопуск ужо на гэтай стадыі выпісаў МАК (хоць, хутчэй, тут міжнародная федэрацыя прыслухалася да рэкамендацый). Дастатковай прычынай для камітэта было б тое, што абедзве вясляркі знаходзяцца ў «сілавым» БФСТ «Дынама». Зрэшты, у Літвінчук знайшлася асаблівая версія (але, адзначым, МАК не забаніў на АГ усіх з такім бэкграўндам).
У выніку Літвінчук паехала на «гульні БРІКС» – і там узяла пяць залатых і адзін срэбны медаль (перамагала ў тым ліку двойчы ў двойцы з Худзенкай і аднойчы з яе ж удзелам у чацвёрцы). Але паказаны час быў прыкметна горшы, чым той, які дазваляў адабрацца на АГ. Яшчэ да нядопуску Літвінчук у яго выпадку гразілася выйграць АГ-2028 у 40 гадоў – ну-ну.
Ванэса Каладзінская, Магамедхабіб Кадзімагамедаў і Ірына Курачкіна
Гэтыя і не толькі барцы трапіліся ў пастку самазаспакоенасці: міжнародныя федэрацыі паспяхова заплюшчвалі вочы на рэкамендацыі МАК і дазвалялі ўдзельнічаць у вялікіх стартах, у тым ліку адборах на АГ, усім, каго хацеў бачыць беларускі бок.
А калі пуцёўкі на Гульні ўзялі 10 чалавек, «раптоўна» высветлілася, што практычна ўсе яны звязаныя з «сілавікамі» Лукашэнкі – і ў выніку МАК даслаў толькі адно запрашэнне таму, хто непасрэдна браў ліцэнзію. «Міжнароднікі» прапаноўвалі замены, але беларускі бок адмовіўся – і, у прынцыпе, зразумела чаму.
Прызёры АГ-2020 зʼяўляюцца сябрамі «сілавога» БФСТ «Дынама» – а Каладзінскую ў канцы 2023-га рэжым яшчэ і паказальна ўзнагароджваў не проста як спартсменку, а як спартсменку «МУС» Лукашэнкі. У апошні год ім давалі выступаць на буйных турнірах: Каладзінская ўзяла срэбра ЧС-2023 і золата ЧЕ-2024, Курачкіна таксама выйграла ЧЕ сёлета, Кадзімагамедаў там стаў віцэ-чэмпіёнам. Увогуле, заставаліся асноўнымі медальнымі надзеямі і на АГ-2024 – але не. Зрэшты, ва ўсіх траіх яшчэ можа быць Алімпіяда – у 2028-м ім будзе каля 35.
Пакуль жа атрымліваецца, што ў Парыж з 10 беларускіх медалістаў такійскай Алімпіяды-2020 (там было сем узнагарод: шэсць асабістых і адна ў байдаркі-чацвёркі) едзе адзін – батутыст Іван Літвіновіч, які па дакументах «чысты» ад «сілавых» структур, а ягоны лукашызм для праверак аказаўся не крытычным.
Анастасія Пракапенка
Найлепшыя спартыўныя гады 38-гадовай лукашысткі ззаду, але прызёр АГ-2008 аказалася ў стане кваліфікавацца на Гульні па рэйтынгу. Праўда, у ім Пракапенка стала толькі 21-й пры першапачатковых шасці прахадных на Алімпіяду месцах, але ў выніку і месцаў аказалася больш, і некаторыя спартсменкі не лічыліся ў рэйтынгу, бо ўзялі пуцёўкі на іншых спаборніцтвах. У чэрвені Пракапенка яшчэ змагла стаць пятай на ЧС, але яго прапускалі некалькі лідараў сезона. У тым ліку 20-гадовая беларуская спартсменка Марыя Гнедчык, якая ў 2024-м выдатна паказала сябе на этапах Кубка свету і ў згаданым рэйтынгу аказалася трэцяй.
Але на Алімпійскія гульні МАК не ўхваліў ні Пракапенку, ні Гнедчык – відаць, таму што і яны (прынамсі, па стане на 2023-ы) аказаліся звязаныя з «сілавікамі» Лукашэнкі. І наўрад ці старэйшая з іх прабʼецца на АГ-2028 у 42.
Арына Сабаленка
А вось у тэнісісткі, якая сустракала з Лукашэнкам 2021 год, праблем з допускам няма – яе гатовыя бачыць у Парыжы. Толькі сама падпісантка за рэжым туды не хоча – маўляў, няёмка паміж травянымі і хардавымі кортамі вяртацца на грунт, і трэба паклапаціцца пра здароўе «з улікам цяжкасцяў апошніх месяцаў». Спачатку выглядала, што гэта простая нейкая адгаворка – у сацсетках спартсменка была бадзёрая і вясёлая, нягледзячы на «цяжкасці апошніх месяцаў».
Але днямі, ужо пасля адмовы ад Алімпіяды, у Сабаленкі праявілася рэдкая траўма пляча. І гэта можа стаць прычынай для адмовы ўдзельнічаць ва «Уімблдоне».
Наогул, Алімпіяда ў тэнісе – не самы прэстыжны турнір, а Сабаленка 26 гадоў, яна і ў 2032-м мае шанцы прабіцца на Гульні.
Хто пад пытаннем?
Апошнім цікавым для Беларусі відам спорту, па якім AINERP наогул нічога не паведамляе, застаецца плаванне – хаця Ілля Шымановіч, Аліна Змушко і Анастасія Шкурдай у цэлым выдатна адпавядаюць словазлучэнню «нейтральныя атлеты». Шкурдай выйграла бронзу ЧС-2024, Шымановіч і Змушко былі ў топ-6 на сваіх дыстанцыях – нядопуск быў бы відавочна непрыемным для беларускага боку.
Зусім мала надзеі на ўдзел у АГ ад беларускіх лёгкаатлетаў – іх міжнародная федэрацыя так і засталася на пазіцыі поўнага выключэння па пашпарце, а пра спробы прабіцца праз МАК нават чутак ніякіх. Але вынікі вышэй за кваліфікацыйны нарматыў паказалі Эльвіра Грабарэнка (100 м з барʼерамі), Карына Дзямідзік (вышыня), Ірына Жук і Мацвей Волкаў (шост), Алена Дубіцкая і Алег Тамашэвіч (ядро), Аляксандр Шымановіч (молат), Аляксей Каткавец (капʼё). Вось толькі Дубіцкая, Каткавец і Волкаў адносяцца да «сілавікоў».
Як паведамлялі расійскія інсайдары, можа па ўласнай ахвоце адмовіцца ад АГ другая беларуская тэнісістка з правам выступіць на іх – Вікторыя Азаранка, тым больш яна і ў 2021-м не гуляла. Але афіцыйных пацверджанняў новай адмове няма, а беларускі бок верыць у ўдзел.