Сабаленка ўмее ў футбол і нават мае напарніка ў камандзе: жанглюе, эфектна бегае, а вось б'е небяспечна
І пас пяткай можа аддаць.
Не толькі з тэніснымі мячыкамі можна пабачыць Арыну Сабаленку, але і з футбольным мячом – таксама. Тэнісістка паказвае скілы ў жангляванні, вядзенні, перадачах і ўдарах. Магчыма, гэта ўсё робіцца нават не дзеля забавы, а як частка трэнінгаў.
Напарнікам у такіх практыкаваннях звычайна выступае той, каму і належыць па штаце – спарынг-партнёр Андрэй Васілеўскі. Да 2022-га ён быў заўважным беларускім тэнісістам у парным разрадзе, за кар'еру зарабіў 411 тысяч долараў прызавых, максімальна ўзнімаўся на 52-і радок парнага рэйтынгу, у 2017-м дайшоў да чвэрцьфіналу на «Уімблдоне», а праз тры гады выйграў свой першы і адзіны парны тытул АТР – у Бялградзе. Васілеўскі атрымаў запрашэнне ўвайсці ў каманду Сабаленкі пасля таго, як цяперашні трэнер Антон Дуброў перастаў даваць рады магутным падачам тэнісісткі.
Але вятраемся да футбола. Вось Васілеўскі нясе фішкі і мяч падчас аднаго з трэнінгаў Сабаленкі:
Вось яны разам ужо бягуць за мячом:
Жанглююць – і выпадковай публіцы відавочна падабаецца працэс:
А тут Сабаленка робіць перадачы на Васілеўскага пяткамі:
Часам з'яўляюцца відэа, дзе тэнісістка набівае мяч самастойна:
А тут Сабаленка прадэманстравала свой удар. Праўда, замест варот, трапіла ў галаву фотакарэспандэнту:
Сабаленка цікавіцца футболам і па-за межамі трэнінгаў. У кастрычніку 2023-га яна выкладала фатаграфію з Дэвідам Бекхэмам.
Пасля сустрэчы з экс-гульцом зборнай Англіі тэнісістка распавядала, які той выдатны хлопец, і што іх сустрэча адбылася якраз пасля таго, як яна скончыла прагляд серыяла пра брытанца на Netflix. «Я сказала яму: «Я толькі што паглядзела вашае шоў». Гэта было ўзрушаальна. Мы прыемна з ім пагаманілі», – дзялілася беларуска.
У інстаграме Васілеўскага таксама ёсць фота з Бекхэмам. Спарынг-партнёр Сабаленкі жартам падпісаў здымак, што не мог адмовіць зорцы ў фатаграфіі.
Сам Васілеўскі заўзее за «Барселону». У яго інстаграме можна знайсці пасты, прысвечаныя каталонскаму клубу. Адзін з іх – надпіс па-англійску «Так, мы можам» – быў апублікаваны пасля «рамантады». Тады «Барселона» пасля выязной паразы 0:4 ад «ПСЖ» на сваім полі не пакінула шанцаў парыжанам – 6:1.
Ці мае нейкія клубныя перавагі Сабаленка – невядома. Але, магчыма, тэнісістка з'яўляецца прыхільніцай нямецкага футбола. У чэрвені яна прагназавала перамогу зборнай Германіі на дамашнім Еўра, а за пару месяцаў да таго разам з туніскай тэнісісткай Онс Жабер хадзіла на матч Бундэслігі, у якім «Штутграрт» разграміў «Айнтрахт» 3:0.
А яшчэ ў лістападзе мінулага года Сабаленка сустрэлася з Неймарам пасля перамогі беларускі ў першым матчы выніковага турніру WTA – спартсмены фатаграфаваліся ў падтрыбунцы, размаўлялі, а пасля Неймар выклаў фатаграфію, якую падпісаў: «Схадзілі паглядзець на гульню каралевы тэніса».