Спроба №5 Сабаленка – зноў палюе на аўто, за якім абяцала вяртацца бясконца, хаця магла б купіць дзясяткі такіх на прызавыя (іх ёй мала)
Год таму рэклама машыны раскрыла новага бойфрэнда тэнісісткі.
Здавалася б, у Арыны Сабаленка ёсць усё: мільёны долараў, дамы ў Маямі, статус першай ракеткі свету, доказ, што падтрымка Лукашэнкі не ўплывае на рэпутацыю і жаданне WTA цябе распіярыць. Аднак у спартсменкі ёсць свой крыптаніт – ён звязаны з турнірам у Штутгарце, на якім тэнісістка вось-вось стартуе пяты раз. А абяцала прыязджаць бясконца – пакуль не выйграе жаданы галоўны прыз.
Вабіць падпісантку аўтамабіль Porsche, які выдаюць пераможцам турніру – мадэль мяняецца кожны год. Тройчы Сабаленка была максімальна блізкая, але прайгравала ў фіналах: у 2021-м – аўстралійцы Эшлі Барці (6:3, 0:6, 3:6), у 2022 і 2023 гадах – польке Iзе Свёнтак (2:6, 2:6 і 3:6, 4:6 адпаведна). Пасля трэцяга прайгранага вырашальнага матча запар Сабаленка сімулявала ўдар суцяшальным прызам па Taycan Turbo S Sport Turismo, які ўпусціла, а ў сваёй прамове выдала намёк на вечнасць: «Ці можам мы дамовіцца, што пры наступным выхадзе ў фінал я проста атрымаю дадатковую машыну? Я рэальна стамілася заставацца без яе. Я буду вяртацца сюды, пакуль не атрымаю аўто – працягну спрабаваць, не ведаю, 10 гадоў, 20 гадоў».
Праўда, у 2024-м Сабаленка вылецела ўжо ў чвэрцьфінале ад чэшкі Маркеты Вандроўшавай (6:3, 3:6, 5:7). Але паспела пракаціцца ў салоне Cayenne Turbo E-Hybrid Coupé, з чаго зрабілі рэкламу гэтай машыны ў сацсетках турніру. І на невялікім відэа побач з тэнісісткай упершыню публічна засвяціўся грэцка-бразільскі бізнесмен Георгіяс Франгуліс – ужо пазней высветліцца, што гэта новы бойфрэнд Сабаленка, а на той момант (калі не прайшло і месяца з гібелі яе былога Канстанціна Кальцова) спартсменка не афішавала адносіны з яшчэ адным дэ-юрэ несвабодным чалавекам.
І вось надыходзіць спроба №5 дацягнуцца да машыны. Пра жаданне яе выйграць Сабаленка ўжо зноў заявіла публічна, дадаўшы, што цяпер па-асабліваму падрыхтаваная: «Я прайграла тут тры фіналы першым ракеткам свету, таму падумала: добра, я павінна вярнуцца сюды ў статусе першай ракеткі свету». Пакуль жа тэнісістка разам са сваёй камандай схадзіла ў музей Porsche.
У гэтым годзе пераможцы нямецкага турніру WTA-500 дастанецца 142610 еўра ды электракар Macan Turbo. Выпускаць такія пачалі ў 2024-м. Аўтамабіль разганяецца з нуля да 100 км/г за 3,3 секунды, максімальная хуткасць – 260 км/г. Магутнасць рухавіка – 639 конскіх сіл. Запас ходу без падзарадкі – да 590 кіламетраў.
Кошт такой машыны з салона ў поўнай камплектацыі – амаль 140 тысяч долараў. I для Сабаленка не было б ніякай праблемы проста купіць аўто – толькі па выніках мінулага сезона першая тэнісістка свету зарабіла 9729260 долараў прызавымі, а гэта амаль 70 Macan Turbo (яшчэ амаль столькі ж прыйшло ад рэкламы). Але пакуль што тэнісістка не ў першы раз скардзіцца на памер прызавых – маўляў, турніры аддаюць удзельнікам не такую вялікую частку ад прыбытку, і спартсмены «дакладана заслугоўваюць большага працэнта на кожным спаборнiцтве».
У Штутгарце Сабаленка павінна была стартаваць з 1/8 фіналу, але расіянка Анастасія Патапава знялася праз пашкоджанне кісці. Так да Porsche засталося тры перамогі. У чвэрцьфінале, запланаваным на 19 красавіка, Сабаленка павінна згуляць з бельгійкай Элізай Мертэнс (WTA №29). З 10 папярэдніх сустрэч, восем з якіх заканчваліся перамогай беларускай спартсменкі.
У паўфінале будзе чакаць пераможца пары Кока Гаўф (ЗША, WTA №4) – Ясмін Пааліні (Iталiя, WTA №6). У фінал выйдзе і хтосьці з іншай паловы сеткі, дзе самая рэйтынгавая тэнісістка – даўняя перашкода на шляху да машыны, згаданая вышэй Свёнтак (WTA №2).