Tribuna/Тэніс/Блогі/Сабаленка ўзяла б у пару каларытную рэгбістку – вы, можа, пра яе не чулі, а яна мае мільёны ў сацсетках і носіць на руках мужчын

Сабаленка ўзяла б у пару каларытную рэгбістку – вы, можа, пра яе не чулі, а яна мае мільёны ў сацсетках і носіць на руках мужчын

Медалістка АГ, праз якую паставілі рэкорд у англійскай прэм’‎ер-лізе.

Аўтар — Sam_Na_Sam
Сабаленка ўзяла б у пару каларытную рэгбістку – вы, можа, пра яе не чулі, а яна мае мільёны ў сацсетках і носіць на руках мужчын

Нядаўна на прэс-канферэнцыі Арына Сабаленка адказала на пытанне, каго са знакамітых спартсменаў яна была б рада бачыць на сваіх матчах. Падпiсантка за рэжым сказала, што такіх спартсменаў «вельмі шмат», але назвала некалькi канкрэтных прозвішчаў. У прыватнасці, двух прадстаўнiкоў футбольнага «Iнтэра» з Маямi, дзе жыве. Адзiн – гулец каманды Лiянель Месi, i сусветная зорка нядаўна пабываў на тэнiсным турнiры (праўда, мужчынскiм), другi – саўладальнiк клуба Дэвiд Бэкхэм, якi раней у красавiку ўручаў Сабаленка футболку з яе прозвішчам на спецыяльнай міні-цырымоніi.

А вось трэцяя асоба, якую Сабаленка хоча пабачыць на сваёй гульнi, можа быць для вас цалкам невядомай. Па словах тэнiciсткi, цяпер яна сочыць за рэгбiсткай Iлонай Мар – i вось яе таксама запрашае. Гэта не першая згадка – восенню Сабаленка назвала Мар у адказ на пытанне, каго б узяла ў тэнiсную пару з усiх спартсменак, патлумачыўшы свой выбар вясёлым характарам, фізічнай і ментальнай сілай амерыканкі. Давайце крыху распавядзем, хто ж гэта такая.

28-гадовая Мар (у прозвішчы, якое лацінкай пішацца Maher, не чытаюцца дзве літары) нарадзілася ў штаце Вермант – у 250 км ад атлантычнага ўзбярэжжа і ў сотні ад канадскага Манрэаля. Вырасла ў родным горадзе Берлінгтан, дзе ў школьныя часы гуляла ў баскетбол, хакей на траве і сафтбол (спрошчаная разнавіднасць бейсбола). Але перад выпускам ёй надакучыла – тады бацька параіў рэгбі, якім сам займаўся ў каледжы. Так 17-гадовая Мар упершыню паспрабавала новы для сябе выгляд – і ёй спадабалася, ды і стала атрымлівацца.

Неўзабаве дзяўчына паступіла ва ўніверсітэт, дзе вучылася на медсястру, і пасля першага года перавялася ў іншы, дзе ацанілі яе патэнцыял у рэгбі. У выніку новая каманда Мар з яе дапамогай выйграла тры студэнцкія чэмпіянаты Амерыкі, а сама спартсменка кожны раз трапляла ў сімвалічную зборную, аднойчы атрымаўшы і званне MVP. Таксама яна паспрабавала рэгбі-7 – спрошчаны варыянт гульні, які з 2016-га стаў алімпійскім. У выніку Мар з 2018-га ўключылі ў зборную ЗША па рэгбі-7.

У 2021-м Мар паехала на АГ – і яшчэ да пачатку саміх матчаў набрала мільёны праглядаў у TikTok ролікамі пра жыццё ў алімпійскай вёсцы. Амерыканкі саступілі ў чвэрцьфінале і сталі толькі шостымі. Але праз тры гады вярнуліся – і забралі бронзу, прычым вельмі драматычна. На апошніх секундах медальнай сустрэчы з Аўстраліяй прайгравалі, але гульня ішла да заканчэння атакі – тут Мар завалілі, аднак яна перадала мяч сваім, і ён дайшоў да Алекс Седрык, якая знаходзілася ля ўласных варот. А далей Седрык вывернулася ад траіх – і аказалася, што больш на шляху нікога няма. У выніку рэгбістка пранесла мяч проста пад чужымі варотамі, што прынесла не толькі пяць ачкоў, якія належаць за такое дзеянне, але і права на ўдар коштам у два ачкі з элементарнай пазіцыі. Вядома, Седрык выканала яго дакладна, на чым гульня скончылася перамогай зборнай ЗША (адзнака 1:26).

Адразу пасля фінальнага свістка паказалі Мар – яна святкавала неяк асобна ад усіх, але выглядала грозна.

Да таго моманту Мар, якая і так паспела набраць некалькі выдатных спонсарскіх кантрактаў, дзякуючы новай порцыі ролікаў пра жыццё падчас Гульняў дадала яшчэ аўдыторыі ў сацсетках – і стала самай папулярнай рэгбісткай свету ў Instagram, дзе колькасць падпісчыкаў вырасла з 600 тысяч да 1,4 млн. Поспех зборнай толькі павялічыў вядомасць спартсменкі. У верасні 2024-га яна стала ўдзельніцай амерыканскіх «Танцаў з зоркамі» – у працэсе стала першай жанчынай у гісторыі праграмы, якая падняла свайго партнёра-мужчыну, і дайшла да фіналу, узяўшы тытул віцэ-чэмпіёнкі шоу.

У пачатку 2025-га Мар на тры месяцы адправілася на Радзіму рэгбі – у Англію, падпісаўшы кароткатэрміновы кантракт з «Брысталем». Фіналісты ў 2024-м, каманда з Мар вылецела ў паўфінале англійскай прэм’‎ер-лігі жаночага рэгбi. Спартсменка набрала не так шмат ачкоў, затое дала клубу выбуховы рост папулярнасці – першы яе матч прыйшлося пераносіць на большую арэну, куды сабраліся 9240 чалавек, абнавіўшы рэкорд лігі, у цэлым наведвальнасць клуба вырасла на 103%, сацсеткі – на 300%, а галоўнай аўдыторыяй сталі жанчыны 25-35 гадоў.

Гэта звязана з кантэнтам Мар. Расказваючы пра трэніроўкi і гульнi, спартсменка таксама не першы год прасоўвае бодыпазітыў – любоў да свайго цела незалежна ад яго формы і ступені адпаведнасці кімсьці прыдуманым «стандартам». Спартсменка праславілася тым, што адказвае на «хейтарскія» каментарыi наконт сваёй канстытуцыі. А яшчэ адкрыта распавядае пра, напрыклад, свае вагу ды цэлюліт, а таксама пра тое, як пазбаўлялася ад комплексаў.

«Я заўсёды старалася схаваць свае плечы, [для гэтага] у мяне заўсёды былі вельмі доўгія валасы. На тое, каб палюбiць свае плечы і ўбачыць у іх прыгажосць, сышлі гады», – у прыватнасцi, прызнавалася Мар.

Магчыма, прамовы рэгбісткi адгукаюцца Сабаленка, у якой таксама вылучаецца плечавы пояс.

Каб прасоўваць паважлівыя адносіны да цела, Мар выкарыстоўвае хэштэг beastbeautybrains (паслоўна перакладаецца як «звер, прыгажосць, мазгі»). Дзяўчына кажа, што можа быць зверам на пляцоўцы ў агрэсіўным спорце, але пры гэтым заставацца жаноцкай, публiкуючы даволi пiкантныя здымкi.

Мар настолькi прадвiнулася ў прыняццi сваёй знешнасці, што калi некалькі месяцаў таму падчас матча зламала нос, то наступствы дэманстравала буйным планам.

Цяпер у Мар 3,5 мільёна падпсчыкаў у TikTok і ажно 4,9 млн у Instagram (для параўнання, у Сабаленка – 2,7 млн). Ці цікавы зорнай рэгбістцы тэніс, незразумела. Але ў графіку Сабаленка шмат турніраў у ЗША, дзе Мар пакуль рыхтуецца да чэмпіянату свету. Тым больш тады, калi тэнiсiстка згадала амерыканку восенню, апошняя адрэагавала ў сацсетках, напiсаўшы, што адпрацавала б з Сабаленка рэгбiйныя захопы.

Іншыя пасты карыстальніка

«Украінцы лічаць мяне маскалькай». Ціманоўская патлумачыла, чаму не гаворыць па-беларуску
Сёння, 11:27
2
На новым стадыёне ў Мінску правялі ўжо тры матчы – з кожным гледачоў усё менш
19 чэрвеня, 18:34
2
Магчымы навічок мінскага «Дынама» ажаніўся з дантысткай з фіналу «Міс Беларусь» – Філіпенку пасля свята захістала
8 чэрвеня, 18:00
1
«Руки вверх» сабралі ў Мінску 4 аншлагі запар. Беларускі спорт не застаўся ў баку
4 чэрвеня, 13:39
2
Заўзятары «ПСЖ» прысвяцілі банэр памерлай дачцы Луіса Энрыке. Дзяўчына была і на футболцы іспанскага трэнера падчас святкавання
1 чэрвеня, 09:51
4
Экс-трэнер «Крумкачоў» 38-гадовы Сяргей Казека вярнуўся на поле праз пяць гадоў – вызначыўся шыкоўным голам здалёку
26 траўня, 14:26
Шкурын у перапынку матчу макнуў у жывым эфіры журналіста за памылку – той не так падлічыў галы
19 траўня, 10:20
Адразу два трэнеры-ноўнэймы атрымалі шанц у Д1 Беларусі. Іх лёсы шчыльна знітаваныя
16 траўня, 17:30
1
Беларусь U-17 не здолела самастойна забіць аднагодкам з Сан-Марына (нават з пенальці), але перамагла
16 траўня, 10:23
Наезд на Біёнчыка – у скарбонцы скандалаў Балановіча: біў у твар нібыта за плявок, у «Іслачы» намагаліся пакараць на полі
15 траўня, 15:00
3
«Памяць пераўтворана ў шоу». Самбіст Сцяпан Папоў – пра 80-годдзе перамогі
9 траўня, 12:17
А вас цікавіла, хто мацнейшы – баксёр або кікер? Аднойчы зорны баец з Беларусі дапамог у гэтым разабрацца
27 красавіка, 06:24
Сабаленка ўзяла б у пару каларытную рэгбістку – вы, можа, пра яе не чулі, а яна мае мільёны ў сацсетках і носіць на руках мужчын
24 красавіка, 15:00
«Мы – былыя палітвязні. Бяжым за тых, хто знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі». Беларусы далучыліся да Варшаўскага паўмарафону
4 красавіка, 11:21
У топ-клуб ЧБ узялі расіянку з Украіны, якая 1,5 года не гуляла: на полі вылучаецца макіяжам, па-за ім – глыбокімі думкамі
29 сакавіка, 13:00
1
Амерыканка Колінз, якую ў Маямі выбіла Сабаленка, падчас турніру выратавала сабаку – той пасля ДТЗ быў ў крытычным стане
27 сакавіка, 11:24
Шкурын разам з аднаклубнікамі наведаў варшаўскую школу: раздаваў аўтографы, адказваў на пытанні і вельмі міла ўсміхаўся
27 сакавіка, 10:28
«Мінск» займеў зорнага адміністратара. Магчыма, ён нават згуляе ў ЧБ у 42
24 сакавіка, 06:18
Дзяўчына-асілак з Мінску першай з беларусак прабілася на самы прэстыжны ў свеце турнір па кросфіце
18 сакавіка, 14:34
Протасу сорамна, што не бываў у музеі Шагала ў родным Віцебску. Але карцін ён дакладна б там не пабачыў
18 сакавіка, 12:00
Усе пасты