Tribuna/Футбол/Блогі/Административный блог/Tribuna.com – першае спартыўнае медыя на беларускай мове. Вось як змяніўся сайт

Tribuna.com – першае спартыўнае медыя на беларускай мове. Вось як змяніўся сайт

Расказваем i паказваем!

Аўтар — Бэзавы Кіт
2 лістапада 2022, 13:11
31
Tribuna.com – першае спартыўнае медыя на беларускай мове. Вось як змяніўся сайт

Дарагія сябры!

Тое, што вы чытаеце гэты пост, ёсць верная прыкмета таго, што ў жыцці Tribuna.com адбылася вельмі важная падзея (і вы яе, напэўна, ужо заўважылі).

Мы пераехалі на новы сайт. І мы сталі першым у гісторыі спартыўным медыя на беларускай мове.

Гэта не рэдызайн платформы, мы паўнавартасна перазапусцілі ўвесь сайт. Цяпер ён цалкам двухмоўны, адаптыўны для смартфонаў, усе тэхналагічныя задачы вырашаны нанова, але мы пастараліся захаваць кантэнт, які разам з вамі рабілі шмат гадоў на старой версіі.

З некаторымі функцыямі сайта мы развітваемся. Гэта балючы, але неабходны крок, які свядома робіцца дзеля таго, каб у «Трыбуны» з’явіўся свой сайт, свая адмінка і свой рухавік. Развіваць пад патрэбы Tribuna.com папярэднюю версію сайта магчымасці ўжо не было. Для нас было важна пазбавіцца ад усякай тэхналагічнай залежнасці. Далей – будзем развівацца самі.

Нам давялося скараціць частку функцыянальнасці. Таксама некаторы час мы будзем жыць з пэўнымі абмежаваннямі ў блогах і статыстыцы. Камусьці гэта можа падацца крокам назад, але ў той жа час мы перапісалі сайт на больш сучасных тэхналогіях, якія адкрываюць больш магчымасцяў.

Цяпер расказваем у дэталях.

❤️ Беларуская версія сайта

Беларускамоўны інтэрфейс – галоўная змена, якую вы так доўга чакалі і прасілі. Таксама мы зрабілі невялікі рэдызайн, які будзе інтуітыўна зразумелы і тым, хто карыстаўся Tribuna.com раней, і тым, хто толькі завітаў да нас.

Усе навіны будуць публікавацца на беларускай мове, але іх таксама можна будзе прачытаць па-руску.

 

Адразу заўважым, што рэдактарскія і блогерскія пасты будуць перакладацца толькі выбарачна, а ў асноўным яны будуць публікавацца на той мове, якую абраў аўтар. А гэта значыць, што ў беларускай версіі сайта вам можа трапіцца тэкст на рускай мове, пры гэтым увесь інтэрфейс будзе па-беларуску. І наадварот – беларускамоўны тэкст можа сустрэцца ў версіі з рускамоўным інтэрфейсам.

Спадзяемся, гэта значна павялічыць колькасць кантэнта на беларускай мове ў прасторы Tribuna.com.

Яшчэ намі перапрацаваны ўвесь рэйтынг карыстальнікаў, якія атрымлівалі рэйтынгавыя ачкі па колькасці плюсаў. Цяпер балы налічваюцца нелінейна, а фактараў, якія ўплываюць на рэйтынг, пабольшала. Значэнне мае колькасць пастоў і каментароў. Вашыя папярэднія дасягненні не зніклі, проста рэйтынг пералічаны ў адпаведнасці з новымі алгарытмамі. Гэта значыць, калі вы былі актыўным юзерам сайта, то ў ніз рэйтынгу вы не праваліліся, а далей усё залежыць толькі ад вашай актыўнасці.

У кожным раздзеле на галоўнай старонцы выпадаюць тэгі турніраў, каманд і спартоўцаў. На цяперашняй версii сайта няма пошуку – адшукаць патрэбную асобу або каманду можна праз пошукавыя сістэмы. Напрыклад, праз гугл-запыт «site:by.tribuna.com Ілля Шкурын».

Таксама мы зрабілі для вас новы зручны раздзел статыстыкі.

І абнавілі матч-цэнтр. 

 

Навошта беларускаму сайту руская мова?

Калі «Трыбуна» вырашыла рушыць да поўнай тэхналагічнай незалежнасці (гэта адбылося за некалькі месяцаў да вайны), гаворка ішла пра неабходнасць двухмоўнага сайта (пра што нас прасіла і значная частка карыстальнікаў). Цалкам мяняць задачы ўжо запушчанага працэсу – то быў бы стрэл сабе ў нагу.

Таксама хочацца, каб беларусы радзей наведвалі расійскія спартыўныя сайты і часцей карысталіся сваімі, нават калі яны аддаюць перавагу рускай мове. Такі падыход дае нам шанец на максімальны ахоп аўдыторыі – гэта важна, каб мець магчымасці для далейшага развіцця.

Мы будзем рады бачыць, як расце доля беларускамоўных карыстальнікаў. Кожны можа спрыяць гэтаму і завесці блог на беларускай мове, да чаго ўсіх і заклікаем. Цікавы кантэнт, якога няма ў рускамоўным варыянце, – гэта найбольш моцны спосаб папулярызаваць сваё.

Што рабіць з багамі і памылкамі, недакладнымі перакладамі?

Багі і памылкі непазбежныя пры такой маштабнай колькасці зменаў, на якія скіраваныя высілкі не самай вялікай каманды. Рэпрэсіі ў Беларусі ўскладняюць працу «Трыбуны», але не спыняюць нас. Мы будзем удзячныя вам за заўвагі i за падказкі. 

Дапамагайце нам фіксаваць багі і памылкі – у каментарыях пісаць небяспечна, для гэтага мы прапаноўваем пошту by.support@tribuna.com або наш ананімны тэлеграм-бот. Мы пастараемся максімальна аператыўна рэагаваць на вашыя заўвагі.

Ці трэба ствараць новы акаунт?

Ваш акаунт з усімі пастамі і каментарамі захаваўся і на новым сайце, таму заводзіць новы ўліковы запіс не трэба. Толькі неабходна аўтарызавацца на сайце пад старым логінам і паролем. 

Мы прыбіраем логін праз VK, для такіх юзераў будзе даступная рэгістрацыя праз электронную пошту. Калі ў вас пошта прывязаная да VK, то вы зможаце аднавіць пароль па ёй. Калі раптам вас напаткаюць неадольныя тэхнічныя цяжкасці, то пішыце на электронную пошту support@tribuna.com або ў ананімны тэлеграм-бот.

І памятайце пра бяспеку – не карыстайцеся сапраўдным прозвішчам і не стаўце на аватар ваш фотаздымак.

А што будзе з блогамі юзераў?

У гэтым раздзеле таксама адбыліся пэўныя змены. Зараз, каб стварыць пост, вам зусім не абавязкова заводзіць блог. Хочаце стварыць пост – клікаеце на аватар свайго профілю, выбіраеце пункт «новы пост» і пачынаеце тварыць.

Цяпер няма магчымасці ствараць новыя блогі, але рабіць допісы ва ўжо створаных вы можаце (калі ёсць нейкія праблемы з гэтым, пішыце нам)

Асобна адзначым, што блогі, як і іншы функцыянал, яшчэ будуць дапрацоўвацца, каб стаць максімальна зручнымi для вас.

Новы рэдактар пастоў даволі падобны да папярэдняга, хоць і мае новыя функцыі. Напрыклад, каб уставіць у блог відэа з ютуба або пост з інстаграма ці твітэра, вам дастаткова проста скапіраваць спасылку і змясціць у патрэбнае месца ў тэксце. Хіба гэта не магія?

Калі вы ўжо даўно з намі, то, магчыма, будзеце сумаваць па статусах, але мы прапануем вам альтэрнатыву: цяпер можна зрабіць мініпост, які будзе падобны да статуса. Важнае адрозненне заключаецца ў тым, што такі допіс можна зрабіць без блога. Неабходныя атрыбуты – загаловак і карцінка. 

Мабільныя дадаткі трэба толькі абнавіць. Выдаляць не трэба!

Разам з сайтам мы перарабілі і нашыя дадаткі Tribuna для Аndroid і iOS. Абнаўленне на Аndroid ужо дасяжнае – пампуйце і вывучайце. Версія для iOS пакуль праходзіць мадэрацыю ў AppStore. Гэта зойме пэўны час (нават Павел Дураў неяк скардзіўся на чаканне), таму мы дадаткова абвесцім пра перазапуск iOS-дадатку. Заставайцеся з намі на сувязі!

Вас чакае зусім новы, створаны з нуля дадатак з абноўленым інтэрфейсам, дзе магчыма каментаваць і рэйтынгаваць навіны і пасты, а таксама аператыўна атрымліваць пушы з самымі галоўнымі навінамі і тэкстамі.

Беларуская версія ў дадатку запускаецца па змоўчанні. Але калі ў вас на Android рускамоўны інтэрфейс – будзе і руская версія, хаця яе можна пераключыць.

Функцыянал дадаткаў дакладна будзе з часам пашырацца, бо цяпер за гэта адказвае свая каманда распрацоўшчыкаў Tribuna.com, якая пастаянна паляпшае наш прадукт, зыходзячы з пажаданняў карыстальнікаў.

Што далей?

У сувязі з тым, што мы хочам максімальна хутка паказаць вам новы сайт, які ствараўся нашай невялікай камандай, некаторыя раздзелы часова не будуць працаваць. Нашы распрацоўшчыкі ўжо працуюць над сэрвісамі, якія мы хочам вярнуць у першую чаргу.  

Гэта будуць дапрацоўкі ў блогах, развіццё статыстыкі не толькі ў футболе. Але не гарантуем, што вернем ўвесь функцыянал старога сайта – мы арыентаваныя на новыя патрэбы карыстальнікаў. У цяперашні час неабходна вызначацца з прыярытэтамі, таму абяцаць нешта накшталт Fantasy з нашымі рэсурсамі мы не можам. У бліжэйшы год многае залежыць ад аўдыторыі. Будзе расці аўдыторыя – будзе развіццё.

***

Вельмі чакаем ад вас фідбэк. Наша мэта нязменная – рабіць спорт лепшым і заставацца галоўным спартыўным медыя краіны. 

Абавязкова рэкамендуйце «Трыбуну» (сайт, мабільныя дадаткі або нашы YouTube-каналы, якія можна адшукаць у адпаведным спісе ў меню) сваім знаёмым, дзяліцеся спасылкамі, калі гэта магчыма.

І, вядома, самі ўдзельнічайце ў найбуйнейшай беларускай супольнасці спартыўных заўзятараў. Вашы пасты і каментары, плюсы і мінусы – гэта не толькі прыемны вольны час, але і магчымасць рабіць дыскусіі пра спорт больш глыбокімі, а наш з вамі сайт і дадаткi – найлепшымі.

Жыве Беларусь!

Іншыя пасты блога

Усе пасты