Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Беларуска з легендарнай зборнай з бронзай Еўрабаскета ўпершыню стала мамай у 41 – падобныя гісторыі былі ў Марчанкі і іншых топаў той каманды

Беларуска з легендарнай зборнай з бронзай Еўрабаскета ўпершыню стала мамай у 41 – падобныя гісторыі былі ў Марчанкі і іншых топаў той каманды

Склад, у якім роды пасля 30 – зусім не рэдкасць.

Аўтар — bytribuna com
4 сакавіка 2023, 07:59
Беларуска з легендарнай зборнай з бронзай Еўрабаскета ўпершыню стала мамай у 41 – падобныя гісторыі былі ў Марчанкі і іншых топаў той каманды

У пачатку сакавіка 41-гадовая экс-баскетбалістка зборнай Беларусі Таццяна Троіна ўпершыню стала мамай. Яна выклала фатаграфію з нованароджаным сынам, якога назвалі Марат, – вы можаце бачыць яго на здымку вышэй злева.

Таццяна расказала аб сваёй цяжарнасці ў кастрычніку. Яна ўжо некалькі гадоў жыве ў Эквадоры – сустрэла грамадзяніна гэтай краіны, калі вучылася ў Паўднёвай Карэі, стала яго жонкай і пераехала ў родныя мясціны мужа. І вось у сям'і здарылася папаўненне.

Троіна стала далёка не першай маці сярод гульцоў легендарнага складу жаночай баскетбольнай зборнай Беларусі. Успамінаем пра астатніх мам з каманды, якая брала бронзу на ЧЕ-2007 – ва ўсіх іх, дарэчы, знаходзiцца толькі па адным дзіцяці.

Анастасія Верамеенка

Летам 2014-га на той момант цэнтравая «Фенербахчэ» выйшла замуж за баскетбаліста Дзмітрыя Паляшчука, добрага сябра брата спартсменкі Уладзіміра Верамеенкі. Неўзабаве кар'ера ўстала на паўзу – у канцы лістапада таго ж года дзяўчына, якой тады было 27, у Мінску нарадзіла дачку Аляксандру. Вярнулася ў баскетбол Верамеенка ўжо ў красавіку 2015-га.

Цяпер 35-гадовая баскетбалістка дагэтуль у гульні – трэці сезон праводзіць у Беларусі за «Гарызонт». Кіраўніцтва гэтага клуба вядомае сваёй адданасцю рэжыму Лукашэнкі.

Верамеенка захоўвае публічнае маўчанне па сітуацыі ў Беларусі, але, паводле слоў Алены Леўчанкі, не падтрымлівае імкненне беларусаў да перамен. Ды і самой Анастасіі перамены не патрэбныя – яна прызнавалася, што з чэмпіянату Беларусі ўжо нікуды асабліва і не імкнецца.

Марына Крэс

Яшчэ адна цэнтравая нарадзіла ў 34 гады – таксама восенню 2014-га, незадоўга да Верамеенкi. Па словах Крэс, яна вельмі хацела стаць маці, а жаданне падтрымліваў муж Ягор, які прафесійна займаўся ветразевым спортам. Падчас цяжарнасці спартсменка акуратна падтрымлівала сябе ў форме, працуючы ў фітнес-зале і плаваючы ў басейне. На свет з'явіўся сын, які атрымаў імя Платон.

Пасля родаў Марына пачала бегаць праз тры месяцы, увесну 2015-га разам з Верамеенкай улілася ў склад «Гарызонта». Завяршыла кар'еру Крэс толькі ў 2019-м. Цяпер яна – памочнік галоўнага трэнера ў «Гарызонце».

Наталля Трафімава

Галоўным трэнерам «Гарызонта» ж з'яўляецца гэтая экс-форвард зборнай. Наталля выйшла замуж у 38 гадоў – выбраннікам стаў масажыст Барыс Крук, які працаваў з беларускімі гімнасткамі на АГ-2016, дзе яны з Трафімавай і заўважылі адзін аднаго. А ўжо ў пачатку лютага 2018-га Наталля, якой усё гэтак жа было 38, нарадзіла сына Фёдара.

На той момант Трафімава ўжо ўзначальвала і «Гарызонт», і жаночую зборную Беларусі. Роды выпалі на пачатак збору «нацыяналкі» – яна засталася пад апекай памочніка Трафімавай Аляксея Пынцікава, з якім Наталля пастаянна была на сувязі з радзільнага дома. А ўжо праз тыдзень пасля нараджэння сына Трафімава вярнулася да непасрэднага выканання сваіх абавязкаў. Фёдара ж перыядычна можна бачыць на трэніроўках «Гарызонта».

Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 Трафімава стала на бок рэжыму – не раз з'яўлялася на мерапрыемствах з удзелам Лукашэнкі.

Вікторыя Гаспер

Гэтая цэнтравая нарадзіла ў 2013-м, калі ёй было 25 гадоў. Вікторыя прызнавалася, што пасля з'яўлення на свет дачкі Васілісы ёй было няпроста пераключыцца на хатні рэжым пасля пастаянных баскетбольных раз'ездаў – «ваўком хацелася выць». Ужо ў сезоне 2013/14 Гаспер зноў гуляла – у доглядзе за дзіцем дапамагла мама Вікторыі. Працэс вяртання баскетбалістка называла «катаргай», але з часам набрала форму.

Да бягучага сезона Гаспер выступала за «Цмокі» і «Гарызонт» – у актыве баскетбалісткі рэкордныя 11 чэмпіёнскіх тытулаў у Беларусі. Улетку 2022-го Вікторыя перайшла ў расейскі «Енісей». За зборную Беларусі ўжо 35-гадовая цэнтравая гуляе і зараз.

Наталля Марчанка

Адзіная беларуская баскетбалістка, якая ўвайшла ў сімвалічную зборную бронзавага ЧЕ, даволі рана скончыла кар'еру – у 2011-м, калі ёй было 32 гады. Са спортам Марчанка не расталася, але памяняла вiд – увайшла ў дэпартамент развіцця БАТЭ. Хоць з футболам Марчанка была блізкая даўно, бо ў 2000-х часта адпачывала з яго прадстаўнікамі ў адной кампаніі, дзе знайшла мужа – Аляксея Багу, якi шмат гадоў гуляў і трэніраваў у БАТЭ. Праўда, у 2014-м пара з-за «назапашвання праблем» у адносінах развялася, але захавала нармальныя працоўныя стасункi.

У траўні 2015-га ад іншага мужчыны Марчанка нарадзіла сына Яраслава – назаўтра пасля дня свайго 36-годдзя. Да сваіх абавязкаў у БАТЭ Наталля вярнулася, калі дзіцяці было ўсяго тры месяцы – не хацела прапускаць еўравосень клуба ў Лізе чэмпіёнаў. Спраўляцца з доглядам дзіцяці Марчанка дапамагалі яе мама і няня, а сама Наталля дзякуючы працы адчувала сябе «шчаслівай жанчынай, якая рэалізавалася».

У верасні 2020-га Марчанка пакінула БАТЭ і паляцела з дзіцем у ЗША. Цяпер Наталля жыве ў Нью-Джэрсі і працуе мэнэджэрам у кампаніі, якая займаецца хатнімі кінатэатрамі. Па стане на канец 2022-га яна заставалася саўладальнікам барысаўскага клуба.

Вольга Падабед

Калега Марчанкi па пазіцыі разыгрываючай таксама скончыла кар'еру ў 2011-м. А на стыку 2011-га і 2012-га тады 32-гадовая Вольга з мужам, бізнесменам Русланам, сталі бацькамі дачкі Евы. Сям'ю Падабед пазней называла сваім жыццёвым шчасцем, з якім баскетбольнай кар'еры не параўнацца.

Больш за два гады Падабед правяла ў дэкрэце, але ў 2014-м вярнулася ў баскетбол – стала галоўным трэнерам жаночай каманды «Гарызонт-2-РЦАР». Нейкі час яна працавала са зборнай U-16 і РДВАР, якія выступалі ў чэмпіянаце Беларусі. З нядаўніх часоў Падабед узначальвае маладзёжны склад «Мінска», дзе ёй асістуе калега па бронзавай зборнай-2007 Наталля Ануфрыенка.

Святлана Вольная

Першая беларуская баскетбалістка, абраная на драфце жаночай НБА, таксама рана скончыла з баскетболам – у 2009-м, калі ёй было 30. Прыкладна ў той жа час Вольная выйшла замуж за расійскага бізнесмена, з якім пазнаёмілася, папраўляючы здароўе ў Сочы, і з'ехала да яго ў Цвер. Там дзяўчына ў 2010-м нарадзіла сына Іллю, які, адпаведна, стаў грамадзянінам Расіі.

Нейкі час пасля гэтага Вольная працавала трэнерам у тамтэйшых жаночым і мужчынскім клубах, але пазней на іх не знайшлі фінансавання – і Святлана прысвяціла сябе сям'і. Вядома, што яе сын займаецца футболам і тэнісам.

Наталля Ануфрыенка

У пачатку 2010-х Наталля сказала, што наконт сям'і будзе думаць ужо пасля заканчэння кар'еры. Аднак жыццё распарадзілася інакш – ужо ў 2015-м Ануфрыенка выйшла замуж. А ў сярэдзіне 2019-га, у 34 гады, абаронца «Гарызонта» нарадзіла сына Аляксандра.

Наталля год правяла ў дэкрэце, але летам 2020-га вярнулася на паркет – правяла яшчэ адзін сезон у шэрагах «Гарызонта», з якім выйграла чэмпіянат Беларусі. Пасля гэтага Ануфрыенка перайшла да трэнерскай дзейнасці.

Іншыя пасты блога

Усе пасты