Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Мова – наш код і наш боль, ніхалеры мы не талерантныя і дакладна не адзін народ. Беларуская філасофія байца Булата

Мова – наш код і наш боль, ніхалеры мы не талерантныя і дакладна не адзін народ. Беларуская філасофія байца Булата

Вось адкуль узялася яго беларускасць.

Аўтар — Tribuna.com
2 лістапада 2022, 00:31
3
Мова – наш код і наш боль, ніхалеры мы не талерантныя і дакладна не адзін народ. Беларуская філасофія байца Булата

Вось адкуль узялася яго беларускасць.

Пасля выбараў-2020 чэмпіён свету па муайтай і трэнер Юры Булат на 15 сутак патрапіў на Акрэсціна, пасля чаго з’ехаў з Беларусі. Спярша трэнер аказаўся ў Кіеве, пасля перабраўся ў Варшаву да сябра, які трымае там зал. У гэтыя дні Булат заняты падрыхтоўкай украінскіх байцоў да чэмпіянату свету па кікбоксінгу.

Трэнер унікае публічнасці, але ў якасці выключэння даў інтэрв’ю YouTube-каналу «ЧестнОК», дзе расказаў пра талерантнасць беларусаў, свой пераход на родную мову і пра тое, як творчасць за спорту пераносіцца на звычайнае жыццё.

«Бабуля і дзядуля выкладалі на беларускай мове ў школах»

- Гэта асабістае стаўленне да гісторыі, да Бацькаўшчыны. Бацькі мае – настаўнікі, бабулі і дзядулі мае ўсе – настаўнікі.

Бабуля і дзядуля па бацькавай лініі выкладалі на беларускай мове ў школах. І калі ў дзяцінстве прыязджаў да іх, заўжды гучала беларуская мова. Савецкі саюз зрабіў нас усіх «рускімі», мы ўсе канчалі рускія школы. А тут настроіў вуха – ого, цікавае слова дзед сказаў, што яно азначае? І ён рэагаваў, калі я не разумеў: «Ай, ніхалеры не ведае беларускай мовы!» Жыў дзед у вёсцы пад Слуцкам. Туды дагэтуль прыедзеш, паслухаеш людзей – а яны гутараць на такой добрай мілагучнай беларускай мове. Калі хочаш паслухаць мову і набрацца нейкай незвычайнай лексікі, то едзь туды.

«Мова – гэта наш код, гэта пароль»

- Мова – гэта наш боль. Гэта ўсё ад палітыкі так званых нашых кіраўнікоў. Як так магло скласціся, што навіны ў Беларусі – на расійскай мове? Што гэта такое? Заедзьце ва Украіну – навіны на ўкраінскай мове, у Расію – на расійскай. Каб у Польшчы навіны былі па-літоўску або па-беларуску? Нонсэнс! Мне бачна расійская экспансія. Гэта, напэўна, нейкія імперскія амбіцыі. [Ідзе] пазбаўленне народу самаідэнтычнасці. Бо мова – гэта наш код, гэта пароль, гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Гэта балючае пытанне. І тое, што зараз робіць дзяржава, тое, што зачыняюць беларускія школы, класы… Нават вёска ўжо пачала размаўляць не па-беларуску.

Што такое народ? Народ – гэта такая вялікая сям’я. [Чалавек, які размаўляе па-беларуску] – гэта чалавек з маёй сям’і, гэта свой.

«Ніхалеры мы не талерантныя»

- Тое, што беларусы талерантныя, – гэта, мне здаецца, такое навязванне нам зверху. Калі цябе дзесяць разоў назваць нейкім прадметам, то праз нейкі час ты станеш падобным да гэтага прадмета. Славутая наша гісторыя, пачынаючы з Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, славутыя імёны нашай гісторыі, нашыя ваяры, тое, што здзяйснялі нашыя продкі, – [гэта ўсё гаворыць, што] ніхалеры мы не талерантныя. Гэта ізноў уплыў расейскі, напэўна. [Рускім падыходзіць] што мы такія – малодшы брат, талерантны; што нам скажаш, тое мы і будзем рабіць, да ўсяго прыстасуемся вельмі хутка. Але мы не такія. Проста нас так назвалі і хочуць, каб мы такімі былі.

«Мы не адзін народ»

- Мы можам [з расейцамі] сябраваць, але ніхалеры мы не адзін народ. Мы можам прыязджаць як сусед да суседа, на кухню прыходзіць, папіць чайку, і паехаць да сябе дадому ўвечары. Калі б мы ўсведамлялі сябе нацыяй, калі б мы больш патрыятычна ставіліся да сябе…

«Чалавек, які займаецца баявымі мастацтвамі, павінен быць творчым»

- Вельмі захапляюся творчасцю, вельмі захапляюся песняй, гітарай. Чалавек, які займаецца баявымі мастацтвамі, павінен быць творчым. Бо гэта такі перанос ад трэніровак да жыцця. Калі ты не будзеш творцам падчас трэніровачнага працэсу, гэта табе вельмі хутка надакучыць, не працягнеш у спорце доўга, бо неабходны працэс пошуку. Як удасканаліць трэніроўку? Як зрабіць яе больш цікавай? Да гэтага дадаецца, што ў мяне ёсць нейкая музычная здольнасць. Я нешта там пеў у дзяцінстве, навучыўся граць на гітары.

«Стараюся жыць зараз і цяпер»

- Стараюся не думаць пра тое, што будзе. Стараюся не ўзгадваць, што было. Стараюся жыць зараз і цяпер. Сёння такі дзень сонечны, прыгожы, прыемны – супер! Будзе файная трэніроўка з класнымі хлопцамі – здорава! З жонкай гулялі па лесе, трымаліся за рукі – ну і класна! Сям’я, сябры, улюблёная праца – навошта чагосьці чакаць, перамогі, неперамогі? Філасофскі стаўлюся да жыцця: калі робіш добрыя ўчынкі, калі жывеш па сумленні, па сэрцы, напэўна, жыццё табе адкажа праз пэўны час дабром.

Іншыя пасты блога

Усе пасты