Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У гэтых людзей з белспорту рана сышлі таты: Ганчарэнку і Дзевятоўскаму нашкодзіў Чарнобыль, Сабаленку не брала дзяржмедыцына

У гэтых людзей з белспорту рана сышлі таты: Ганчарэнку і Дзевятоўскаму нашкодзіў Чарнобыль, Сабаленку не брала дзяржмедыцына

Цяжкія страты.

Аўтар — bytribuna com
13 лістапада 2022, 18:14
У гэтых людзей з белспорту рана сышлі таты: Ганчарэнку і Дзевятоўскаму нашкодзіў Чарнобыль, Сабаленку не брала дзяржмедыцына

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі сур'ёзна адстае ад паказчыкаў у жанчын – 64 гады супраць 78 гадоў. Спецыялісты Белстата тлумачаць такое адрозненне большай схільнасцю мужчынскага полу да рызыкi здароўем і шкодных звычак.

У некаторых топавых прадстаўнікоў беларускага спорту бацькі не дажылі нават да сярэднестатыстычнай адзнакі. Вось хто страціў тат занадта рана.

Віктар Ганчарэнка

Галоўны трэнер БАТЭ і шасці клубаў РПЛ нарадзіўся ў Хойніках. Ягоны бацька Міхаіл вельмі любіў футбол, якім з дзяцінства пачаў займацца Віця, і асабліва паўабаронцу мінскага «Дынама» Юрыя Пудышава.

Калі Ганчарэнку-малодшаму было восем гадоў, здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая знаходзілася ўсяго за 55 кіламетраў на поўдзень. 1 мая, праз некалькі дзён пасля катастрофы, Міхаiл разам з сынам адправіўся на першамайскую дэманстрацыю. Да таго моманту да Хойнікаў ужо дайшла трывожная вестка, аднак інфармацыі было мала, і сур'ёзнасць небяспекі недаацэньвалі.

Праз некалькі дзён Віктара і яго аднакласнікаў вывезлі ў Віцебскую вобласць, а бацька накіраваўся ліквідаваць наступствы аварыі пад Прыпяццю. Мужчыну некалькі разоў даводзілася адпраўляцца ў зону непасрэднай блізкасці да рэактара, што стала фатальным. Пасля вяртання дадому Міхаiл адмаўляўся слухаць жонку, якая прапаноўвала змяніць месца жыхарства. Пры гэтым часам родныя бачылі на ягонай падушцы сляды крыві.

Мужчына пражыў яшчэ сем гадоў і памёр у 1993-м. Сям'я звязвае смерць з прамянёвай хваробай, атрыманай пры ліквідацыі аварыі. Праз некалькі гадоў Віктар і кумір яго бацькі Пудышаў сустрэліся ў барысаўскім БАТЭ.

Вадзім Дзевятоўскі

Па аналагічнай прычыне ў 2000-м не стала бацькi вядомага малатабойца. Мужчына быў ураджэнцам Пастаўшчыны і працаваў звычайным рабочым на наваполацкім «Паліміры», але ў 1986-м паехаў ліквідаваць наступствы аварыі ў Прыпяці.

Жудасную вестку Вадзім дазнаўся, знаходзячыся далёка за межамі Беларусі – за некалькі гадзін да вылету на самалёце з алімпійскага Сіднэя. Навiна пра смерць бацькі псіхалагічна дабіла спартсмена, у допінг-пробе якога на Гульнях выявілі забароненае рэчыва. З-за гэтага Вадзіму прыйшлося правесці па-за спаборніцтвамi наступныя два гады, але паводле яго слоў, гэта было нішто ў параўнанні са стратай блізкага чалавека.

Дар'я Домрачава

У часы перабудовы сям'я будучай біятланісткі пераехала па лепшае жыццё з Мінска ў сібірскую Нягань. Там бацькі Дар'і абзавяліся працай архітэктарамі, якую добра аплачвалі, што ў нестабільныя часы вельмі шанавалася, а сям'і далi 3-пакаёвую службовую кватэру.

У 2004-м жонка разам з дзецьмі Мікітам і Дашай з'ехала ў Маскву, дзе пачала свой бізнес. Бацька біятланісткі Уладзімір застаўся ў Нягані, дзе працягнуў працу архітэктарам. Праз некаторы час у 54-гадовага мужчыны здарыўся сардэчны прыступ. Магчыма, калі б ён знаходзіўся дома не адзін, яго можна было б выратаваць, але побач нікога не аказалася. Цела перавезлі ў Беларусь, дзе пахавалі на Міханавіцкіх могілках.

Алім Селімаў

Лепшы спартсмен Беларусі-2011 часта ўспамінае бацьку, калі яму задаюць пытанне пра тое, кім бы ён мог стаць, калі б не выбраў спорт. Тата Аліма Максім марыў, каб яго сын, якога ён любіў і песціў, стаў вайскоўцам і даслужыўся да звання генерала. У бацькі нават была дамоўленасць з сябрам-падпалкоўнікам, што пасля сёмага класа Алім паступіць у Санкт-Пецярбургскае сувораўскае ваеннае вучылішча.

Аднак задуманаму не было наканавана спраўдзіцца. Калі Аліму было ўсяго шэсць гадоў, Максіма не стала, і пра ваенную кар'еру ўжо ніхто не ўспамінаў. Выхаваннем Аліма заняўся яго старэйшы брат, пасля дзевяці класаў будучы алімпіёнік паступіў у прамыслова-эканамічны каледж у Махачкале, а неўзабаве пераехаў у Беларусь.

Вера Лапко

У верасні 2022-га тэнісістка прызналася, што апошні год стаў адным з найцяжэйшых у яе жыцці. Гэты перыяд адна параўнала з 2011-м, калі з жыцця пайшоў яе бацька Валерый. На той момант Веры было ўсяго 12.

«Пра тое, што бацька знаходзіцца ў рэанімацыі, даведалася, калі рыхтавалася да турніру. У пятніцу яго забралі ў шпіталь, а ўжо ў панядзелак я гуляла першы матч. Бацька знаходзіўся ў непрытомным стане ўвесь тыдзень, пакуль праходзілі спаборніцтвы», – распавядала Лапко. Праз гады спартсменка прызналася, што трагедыя прытупіла яе цікавасць да тэніса, і дзяўчынка пачала адчуваць сябе самотнай.

Валерый працаваў будаўніком і, паводле слоў дачкі, «быў разумным, глыбока душэўным, сумленным і бескарыслівым чалавекам». Бацька паспеў перадаць дачцэ свой светапогляд, за што Вера яму ўдзячная.

Арына Сабаленка

У лістападзе 2019-га не стала бацькi першай ракеткі Беларусі. Сяргей Сабаленка, які ў 19 гадоў завяршыў прафесійную хакейную кар'еру з-за аўтамабільнай аварыі, захварэў на менінгіт. Хуткая дапамога пагадзілася шпіталізаваць мужчыну толькі з трэцяй спробы – і Сяргея паклалі адразу ў рэанімацыю.

«Забралі бацьку ў шпіталь, калі ён ужо практычна знаходзіўся ў стане клінічнай смерці. Спрабавалі выратаваць, але праз тыдзень яго не стала», – успамінала Арына.

Спачатку тэнісістка моцна перажывала ад страты. Сабаленка прывыкла пасля кожнага матча атрымліваць паведамленні ад таты, а зараз яны не прыходзілі, таму яна часта плакала. Усе свае перамогі спартсменка прысвячае бацьку, які прывёў яе ў шэсць гадоў на заняткі тэнісам.

Ганна Гуськова

Бацька будучай алімпійскай чэмпіёнкі ў маладосці займаўся веславаннем, а затым працаваў трэнерам у гэтым відзе спорту. Менавіта тата Андрэй не паслухаў жонку з яе жаданнем аддаць Ганну ў мастацкую гімнастыку і адвёў 7-гадовую дачку на фрыстайл. Там дзяўчынку пачаў трэніраваць бацька Дзмітрыя Дашчынскага Уладзімір, які разгледзеў талент у дзіцяці. Пры гэтым Андрэй увесь час асабіста вадзіў дачку на трэніроўкі.

Бацькі, які марыў пра дачку-чэмпіёнку, не стала ў 2013-м.

«Ён памёр нечакана, калі я была на зборах, таму нават не паспела развітацца з ім… Тата заўсёды быў вельмі дарагім для мяне чалавекам, я часта ўспамінаю яго. І з кожным годам разумею, якое гэта шчасце, калі твае блізкія побач», – дзялілася Гуськова.

З тых часоў усе свае поспехі фрыстайлістка прысвячае бацьку. Выключэннем не стала срэбра на Алімпіядзе-2022: «Я прысвячаю медаль тату свайму, якога ўжо няма, сваёй маме, людзям, якія за мяне перажывалі, беларусам».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты