Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Боса ФІФА назвалі «катастрофай сусветнага футбола», а Румас вельмі стараўся, каб абралі менавіта яго: таксама безальтэрнатыўны, віншаваў Базанава з золатам Брэста

Боса ФІФА назвалі «катастрофай сусветнага футбола», а Румас вельмі стараўся, каб абралі менавіта яго: таксама безальтэрнатыўны, віншаваў Базанава з золатам Брэста

Не даў пакрыўдзіць Шкурына.

Аўтар — bytribuna com
25 лістапада 2022, 13:51
Боса ФІФА назвалі «катастрофай сусветнага футбола», а Румас вельмі стараўся, каб абралі менавіта яго: таксама безальтэрнатыўны, віншаваў Базанава з золатам Брэста

На мінулым тыдні стала вядома, што дзейны прэзідэнт ФІФА Джані Інфантына мае намер высунуцца на трэці тэрмін. Выбары прызначаныя на бліжэйшы кангрэс арганізацыі, які адбудзецца 16 сакавіка 2023 года. Цікава, што Інфантына з'яўляецца адзіным кандыдатам, які падаў заяўку на ўдзел у выбарах, і на гэты факт ужо звярнулі ўвагу некаторыя беларускія прапагандысты.

Апошні месяц швейцарац падвяргаецца абструкцыі з усіх бакоў праз катарскі ЧС. Па-першае, само месца правядзення турніру - дыктатарская краіна, дзе пры ўзвядзенні спартыўных аб'ектаў загінулі сотні працоўных - выклікае пытанні. Па-другое, дайшло да таго, што некаторыя сябры ФІФА ад Еўропы прыгразілі выхадам з арганізацыі праз забарону выкарыстання на катарскім ЧС павязак One Love у падтрымку сэкс-меншасцяў, якія ў Катары прыгнятаюцца. Топ-менеджэр "Баварыі" Улі Хенес ужо назваў швейцарскага функцыянера "катастрофай для сусветнага футбола".

А за некалькі дзён да старту турніру прэзідэнт ФІФА закрануў тэму вайны ва Украіне. Інфантына, які прысутнічаў на саміце "Вялікай дваццаткі", прапанаваў скарыстаць чэмпіянат свету як плацдарм для часовага прыпынення агню паміж Украінай і Расіяй (зборныя краін у фінальным раундзе не прадстаўлены). Гэтыя словы былі неадназначна ўспрынятыя ва Украіне. Там указалі, што неабходна гаварыць не аб часовым спыненні агню, а аб поўнам вывадзе расійскіх войскаў з украінскай тэрыторыі. Пры гэтым паўза ў вайне зараз відавочна была б больш на руку Расіі, якая мае праблемы з падрыхтоўкай рэзерваў і мае патрэбу ва ўмацаванні абарончых рубяжоў, каб ускладніць контрнаступ ўкраінцаў.

У кар'еры Інфантына ёсць перасячэнні з беларускім футболам. Ён быў абраны пры актыўнай падтрымцы Сяргея Румаса, збіраўся да Аляксандра Лукашэнкі, эканоміў час Юрыя Вяргейчыка.

За яго тапіла АБФФ на першых выбарах

У лютым 2016-га швейцарац ішоў на свае першыя выбары прэзідэнта ФІФА - з пасады генеральнага сакратара УЕФА. Першы тур зменшчыка Ёзэфа Блатэра не выявіў, таму на кангрэсе прызначылі яшчэ адно галасаванне. У перапынку актыўную агітацыю за Інфантына вялі тагачасны кіраўнік АБФФ Сяргей Румас і ягоны першы намеснік Сяргей Сафар'ян. Апошні тлумачыў пазіцыю Беларусі тым, што генеральны сакратар УЕФА на першае месца ставіць футбол, а не камерцыйную выгаду.

Румас і Сафар'ян не разлічвалі, што Інфантына пераможа ўжо ў другім туры - для гэтага было неабходна набраць больш за палову з 207 галасоў усіх членаў ФІФА. Аднак швейцарац на дзіва беларускіх прадстаўнікоў атрымаў адразу 115 бюлетэняў на сваю карысць, таму справа да трэцяга тура не дайшла. Пазней беларусы хваліліся, што яны адны з нямногіх на кангрэсе здолелі павіншаваць Інфантына з перамогай асабіста.

Яшчэ да вяртання з Цюрыха Сафар'ян расказаў, што візіт у Мінск новаспечанага кіраўніка ФІФА ўжо плануецца. Прыезд хацелі прымеркаваць да адкрыцця тэхнічнага цэнтра для нацыянальных зборных Беларусі. Туды ж планавалі прывезці Лукашэнку. Аднак бос сусветнага футбола так і не прыляцеў у беларускую сталіцу і не сустрэўся з дыктатарам праз занятасць па важнейшых справах.

Сустракаўся з Вяргейчыкам, які хацеў абмеркаваць моладзевы ЧЕ ў Беларусі

У канцы чэрвеня 2018-га генеральны сакратар АБФФ Юрый Вяргейчык расказваў, як разам з Румасам лётаў у Маскву на матчы ЧС. Там беларусам удалося сустрэцца з Інфантына. Румас зноў прапанаваў прэзідэнту ФІФА пабываць у Мінску - ужо ў студзені 2019-га - і атрымаў станоўчы адказ.

"Інфантына пакідае прыемнае ўражанне: кажа вельмі хутка, даходліва - і імкнецца не затрымліваць людзей пачым дарма", - дзяліўся генеральны сакратар АБФФ.

Таксама Вяргейчык вырашыў скарыстацца магчымым візітам і абмеркаваць з кіраўніком ФІФА правядзенне ў Беларусі маладзёжнага чэмпіянату Еўропы.

«Хоць і пад яго [маладзёжны ЧЕ] патрэбна інфраструктура. Прэзідэнт [Лукашэнка] прыняў рашэнне аб будаўніцтве нацыянальнага стадыёна, і зараз галоўнае не цягнуць з рэалізацыяй праекта. А з «Барысаў-Арэнай», стадыёнамі ў Брэсце, Гродне, Гомелі - чаму не? Пачынаць трэба з малога - мы павінны стукацца ва ўсе дзверы, і нам адчыняць», - заявіў Вяргейчык.

Вось толькі генеральны сакратар АБФФ так і не распавёў, у якім годзе хоча ўбачыць у Беларусі ЧЕ U-21. Галасаванне па турніры на 2021-ы прайшло крыху раней за запланаваны візіт Інфантына - у снежні 2018-га. Тады маладзёжнае Еўра аддалі Венгрыі і Славеніі.

Па выніку словы Інфантына аб прыездзе зноў апынуліся ўсяго толькі абяцаннямі. У пачатку 2019-га самалёт кіраўніка ФІФА так і не прызямліўся ў Мінску, а наступны ЧЕ, запланаваны на 2023-ты, уручылі Грузіі і Румыніі.

Віншаваў брэсцкае «Дынама» з чэмпіёнствам

Увосені 2019-га брэсцкае "Дынама" абарвала чэмпіёнскую гегемонію БАТЭ, якая доўжылася ад 2006 года. Новаспечанаму ўладальніку трафея прыляцела віншаванне ад Інфантына. Праўда, прэзідэнт ФІФА даслаў ліст не на імя клуба, а кіраўніку АБФФ Уладзіміру Базанаву.

У сваёй віншаванцы Інфантына прызнаўся, што "быў шчаслівы пачуць аб тым, што ФК "Дынама-Брэст" заваяваў тытул чэмпіёнаў Беларусі ў 2019 годзе". Таму швейцарац "з вялікім задавальненнем" віншаваў брэстаўчан і расхвальваў іх "якасную і цяжкую працу". Свой ліст Інфантына скончыў фразай, што чакае новую сустрэчу з Базанавым.

Зрэшты, такія віншаванні з'яўляюцца стандартнай практыкай. Напрыклад, за год да чэмпіёнства брастаўчан Інфантына такім жа лістом парадаваўся за БАТЭ.

Адмовіўся баніць Шкурына

Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 нападаючы ЦСКА Ілля Шкурын адправіў у Дом футбола заяву на беларускай мове, у якой адмовіўся выступаць за зборныя Беларусі, пакуль у краіне ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. Чакана такі ход футбаліста, які стаў вядомым у публічным полі, не спадабаўся кіраўніцтву АБФФ, і яно вырашыла пакараць вальнадумца. У снежні 2020-га Шкурына выключылі са складу маладзёжнай і нацыянальнай зборных на наступны год, што аўтаматычна пазбавіла спартоўцу адтэрміноўкі ад ваеннай службы.

Акрамя таго Базанаў хацеў уставіць палкі ў колы нападаючаму і ў футбольным плане. Ад імя кіраўніка АБФФ у ФІФА сышла заява з просьбай накласці санкцыі на Шкурына за няяўку ў маладзёжную зборную на матчы кваліфікацыі ЧЕ-2021.

Аднак пасля разбору пры ўсёй сімпатыі Інфантына да Базанава ФІФА заняла бок футбаліста ЦСКА.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты