У атачэннi сына Лукашэнкі з дапамогай спонсара «Тарпеда-БелАЗ» робяць сотні мільёнаў на самазвалах, а сястра яго жонкі адказвала за кліп з БАТЭ і лаўцом бульбы

Сваяк кіраўніка спортклуба – партнёр фаната рэжыму з федэрацыі шахмат.

Аўтарbytribuna com
30 лістапада, 13:00
0
У атачэннi сына Лукашэнкі з дапамогай спонсара «Тарпеда-БелАЗ» робяць сотні мільёнаў на самазвалах, а сястра яго жонкі адказвала за кліп з БАТЭ і лаўцом бульбы

Завод БелАЗ у Жодзіне займае больш за чвэрць сусветнага рынку шматтонных кар'ерных самазвалаў і амаль усю прадукцыю адпраўляе на экспарт. Як вядома, прадпрыемства знаходзіцца пад поўным кантролем рэжыму Лукашэнкі.

БелАЗ даўно звязаны і са спортам. Назву аўтамабільнага завода носіць беларуская велакаманда (хоць яе стваральнікам і галоўным спонсарам выступіў не сам завод, а яго дылер у В'етнаме і Перу фірма «Штарк»), прадпрыемства ўваходзіць у спіс заснавальнікаў жаночага гандбольнага «БНТУ-БелАЗ» – аднаго з наймацнейшых клубаў краіны. Але, канешне, больш вядомае у Беларусі футбольнае «Тарпеда-БелАЗ» – тут завод з'яўляецца генеральным спонсарам, яго гендырэктар – старшыня агульнага сходу заснавальнікаў клуба, а ў спіс партнёраў асобна ўваходзіць яшчэ і ЗАТ «Гандлёвы дом «БелАЗ» – генеральны дыстрыб'ютар жодзінскай кампаніі, які займаецца пастаўкамі тэхнікі на расійскі рынак праз сваю сетку дылераў.

Цяпер ЗАТ засвяцілася ў расследаванні пра шэрыя схемы рэалізацыі, у выніку якіх сотні мільёнаў долараў растварыліся ў ланцужку набліжаных да Дзмітрыя Лукашэнкі – кіраўніка ў свой час створанага бацькам пад яго спартыўнага клуба. Пра дэталi распавёў Беларускі расследавальнiцкi цэнтр – вось у чым сутнасць.

Спартыўны клуб пад кіраўніцтвам сярэдняга сына Лукашэнкі ў гандаль БелАЗ пралез даўным-даўно – яшчэ ў 2007-м стаў адным з заснавальнікаў (з доляй у адну траціну) «Гандлёвага дома «БелАЗ». Некалькі гадоў таму доля клуба вырасла да 45 працэнтаў – астатняе належыць самому заводу.

Як удалося высветліць расследавальнікам па расійскіх дэкларацыях пра даходы, жонка Дзмітрыя Ганна Лукашэнка як мінімум у 2018 і 2020 гадах працавала ў структуры дылера, афіцыйна атрымліваючы за гэта каля чатырох тысяч долараў за месяц. Зрэшты, нават такiх вялізных па беларускіх мерках заробкаў не хапала б для таго раскошнага ладу жыцця з прыватнымі паездкамі за мяжу, які Ганна вяла ў рэальнасці.

Дзмітрый і Ганна Лукашэнка сядзяць па цэнтры

Больш за палову экспарту (часам да 90%) БелАЗ ідзе на расійскі рынак. Збыт прадукцыі жорстка кантралюе гандлёвы дом – даходзіла да таго, што пакупнікам настойліва рэкамендавалі купляць тэхніку толькі ў канкрэтных фірмаў (натуральна, за пэўны кошт), а пры супрацоўніцтве з іншымі кампаніямі пагражалі, што пад пытаннем акажуцца і пастаўка самазвалаў, і іх абслугоўванне. Гэта не вельмі ўпісваецца ў антыманапольныя законы Расіі – дзесяць гадоў таму з-за гэтага ў ГД ўзніклі праблемы з адпаведнымі расійскімі органамі. Аднак схемы рэалізацыі гэта ніяк не змяніла – ГД па-ранейшаму сам прызначае выгадных для сябе дылераў.

Перыядычна расiйскія кампаніі не маглі разлічыцца з Жодзінам па пастаўленай прадукцыі. У 2015-м Аляксандр Лукашэнка нават адправіў у Расію свайго генпракурора Аляксандра Канюка, каб вярнуць грошы. Неўзабаве Канюк рапартаваў пра ўзбуджэнне крымінальных спраў, аднак ні пра судовыя разборы, ні пра пакаранні грамадскасць так і не даведалася.

Як удалося высветліць расследавальнікам, некалькі дагавораў гандлёвага дома заключаны з кампаніямі, уладальнікі якіх блізкія да Дзмітрыя Лукашэнкі і яго жонкі. Таксама яны маюць сувязі з мэнэджмэнтам самога ЗАТ.

Больш за ўсіх увагу да сябе прыцягваюць дзве саўладальніцы кампаніі «Б-24» – аднаго з нямногіх прыбытковых дылераў беларускай прадукцыі, які ў 2018-м увайшоў у топ-500 расійскага бізнесу па выручцы. Аксана Тачкова – жонка Канстанціна Макарава, які ў гандлёвым доме займае пасаду дырэктара па прававых пытаннях, а Алена Лагун – жонка экс-кіраўніка савета дырэктараў ЗАТ Віктара Кулуева.

Паводле інфармацыі расследавальнікаў, у двух апошніх ёсць долі мінімум у чатырох расійскіх дылерах тэхнікі БелАЗ. Два гады таму Кулуеў і Лагун увайшлі ў топ-10 беларускіх прадпрымальнікаў, якія найбольш зарабілі ў Расiі. Чысты прыбытак іх дылерскіх кампаній з 2017-га склаў каля 176 мільёнаў долараў. Адзначым, што ў самога БелАЗ даходы за гэты час аказаліся толькі ў два разы большыя.

Сем'і Кулуева і Дзмiтрыя Лукашэнкі разам часта адпачываюць за мяжой. Расследавальнікі знайшлі мінімум 11 сумесных пералётаў Кулуева, Лукашэнкі-сына, іх жонак і іншых сваякоў і сяброў. Напрыклад, у 2013-м вялікая кампанія адправілася ў Стамбул, дзе Лукашэнка сустрэў 33-годдзе.

З цікавых персанажаў на борце не раз аказвалася сястра Ганны Лукашэнка Таццяна Кулакова. Напрыклад, яна лятала ў 2017-м катацца на лыжах у аўстрыйскі Інсбрук, на дзень нараджэння Ганны ў Італію, дзе правяла амаль месяц, і на адпачынак у Катар. Сумарна тры падарожжы каштавалі ўсёй кампаніі мінімум 350 тысяч долараў, але пры пэўным шыку сума лёгка магла перавысіць мільён.

Кулакова з 2020-га актыўна займалася арганізацыяй праўладных аўтапрабегаў. А ў 2022-м стала намесніцай кіраўніка свежастворанага прадзюсарскага цэнтра, сузаснавальнікам якога стаў Палац рэспублікі – структура ўпраўлення справамі Лукашэнкі. Цэнтр тут жа атрымаў замову ад дзяржТБ – шукаць музычныя таленты па дзяржпрадпрыемствах. З гэтай мэтай Кулакова ў верасні 2022-га ў тым ліку наведала і БелАЗ, дзе правяла праслухоўванне 20 працоўных.

Цэнтр уварваўся і ў белфутбол. Кулакова асабіста выступіла прадзюсарам кліпа, у якім сабраная Лукашэнкам-старэйшым бульбіна нібыта падарожнічае па краіне і ў тым ліку прылятае на стадыён БАТЭ, дзе яе замест мяча голымі рукамі ловіць прарэжымны падпісант Андрэй Кудравец.

БАТЭ заскочыў у новы зашквар: гульцы зняліся ў фрык-кліпе, дзе прынялі імпульс ад Лукашэнкі (шкада, у еўракубках не дапамагло)

Муж Таццяны – бізнесмен Уладзімір Кулакоў, які таксама аказваўся ў адных самалётах з сям'ёй Дзмiтрыя Лукашэнкі. Уладзімір таксама быў актыўным арганізатарам прарэжымных аўтапрабегаў у 2020 годзе. З 2011 года ён узначальвае «Клуб тэніса», які знаходзіцца на балансе спартыўнага клуба Лукашэнкі-сына, а яшчэ з'яўляецца саўладальнікам сеткі аўтамыйняў на паях з адным з самых актыўных фанатаў Лукашэнкі, першым намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі шахмат Мікалаем Зарубіцкім.

ОМОН не был жестоким, Левченко посадили по делу, с выборами все ок. Адепт Лукашенко из федерации шахмат – об отказе Беларуси от топ-турнира

Іншыя пасты блога