400 дзяцей у валейбольным «Мінску» апранулі ў чырвона-зялёнае, каб зрабіць гіганцкі сцяг. Вось хто руліць клубам

Ужо выкарыстоўвалі адмінрэсурс.

Аўтарbytribuna com
5 снежня, 12:59
1
400 дзяцей у валейбольным «Мінску» апранулі ў чырвона-зялёнае, каб зрабіць гіганцкі сцяг. Вось хто руліць клубам

У нядзелю школа валейбольнага клуба "Мінска" святкавала 55-годдзе. Мерапрыемства СДзЮШАР праходзіла ў палацы спорту «Уручча». Праграма вечара ўключала ў сябе інтэрактыўныя пляцоўкі, паказальныя выступы юных гульцоў і танцавальныя флэшмобы. Адной з галоўных падзей святкавання стала выкананне дзяржгімна чатырма сотнямі дзяцей, сабраных у цэнтры пляцоўкі спарткомплексу. Іх спецыяльна апранулі пад колеры чырвона-зялёнага сцяга.

Цікава, што нават некаторыя дзяржСМІ абмінулі ўвагай гэты "патрыятычны" флэшмоб - акцэнт рабіўся на іншым.

«Тым часам пачаліся паказальныя выступы гуртоў пачатковай падрыхтоўкі. Кожны з іх на працягу некалькіх хвілінаў выконваў розныя практыкаванні з трэніровачнага працэсу. Атрымлівалася пацешна і сімпатычна. Увесь гэты час на пляцоўцы запальвалі маскоты розных сталічных дружын, якія забаўлялі хлопцаў і бацькоў. Крыху пазней роставыя лялькі і юныя валейбалісты наладзілі танцавальны флэшмоб. Не абышлося і без клятвы юнага выхаванца. Таксама хлопцаў падтрымлівалі гульцы «Мінчанкі» і «Будаўніка» Ксенія Лябедкіна і Ілля Лапата. А завяршылася імпрэза сумесным фота», – распавядала агенцтва «Менск-Навіны».

На мерапрыемстве прысутнічалі не толькі выхаванцы СДзЮШАР і гульцы "Мінска" (мужчынскага "Будаўніка" і жаночай "Мінчанкі"), але і прадстаўнікі Беларускай федэрацыі валейбола, міністэрства спорту, галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама і адміністрацыі Савецкага раёна. З прамовамі выступалі кіраўнікі клуба. Расказваем аб босах валейбольнай каманды.

Кіруе былы прафгулец

У лютым 2021-га старшынёй клуба стаў Сяргей Рускевіч. Прызначэнне адбылося падчас сустрэчы-знаёмства кіраўніцтва "Мінска" з начальнікам галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Максімам Варапаем. Раней Рускевіч быў намеснікам старшыні клуба - на кіруючай пасадзе ён змяніў Аляксандра Мішына, якога перавялі ў намеснікі.

У мінулым Рускевіч быў прафесійным валейбалістам, выступаў на пазіцыі цэнтральнага блакуючага. У канцы "нулявых" гулец "Будаўніка" заняўся трэнерствам, аднак затым змяніў сферу дзейнасці. Рускевіч працаваў у структурах Мінспорту і федэрацыі валейбола, а затым стаў намеснікам старшыні "Мінска".

Цяпер пад яго кіраўніцтвам клуб перажывае міжнародны бан беларускага валейбола - «Будаўнік» і «Мінчанка» засталіся без еўракубкаў. Дзяўчыны не першы сезон выступаюць у чэмпіянаце Расіі, а вось мужчын вырашылі заявіць туды летам 2022-га менавіта пасля ўводу санкцый.

«З улікам таго, што зараз у каманд нашага клуба знікла магчымасць удзельнічаць у еўрапейскіх спаборніцтвах, і ў іх застаўся толькі не самы моцны чэмпіянат Беларусі, з улікам таго, што расці і развівацца валейбалістам трэба, мінскі гарвыканкам пайшоў нам насустрач і падтрымаў заяўку мужчынскай і жаночай камандаў ВК «Мінск» у чэмпіянат Расеі», - распавядаў Рускевіч.

У расійскай лізе беларусам пахваліцца асабліва няма чым, хаця была пастаўлена задача патрапіць у плэй-оф (топ-8). "Будаўнік" стартаваў з дзевяці паразаў запар, прычым пакінуў за сабой усяго адзін сэт. Першая вікторыя здарылася ў мінулую суботу, калі ў Мінску даволі нечакана ўсухую быў абгуляны «Краснаярск». Аднак гэтая вікторыя не дазволіла мінчанам пакінуць апошняе, 16-е, месца ў Суперлізе.

Жаночая каманда пакуль выконвае задачу-мінімум, пастаўленую Рускевічам перад стартам сезона, - у горшым выпадку 10-е месца па выніках рэгулякі. Цяпер «Мінчанка» ў чэмпіянаце Расіі ідзе восьмай, што дае нядрэнныя перспектывы патрапіць у плэй-оф.

Намесніца карысталася адмінрэсурсам

Да пераходу на пасаду намесніка старшыні "Мінска" Дар'я Лакіза кіравала Цэнтрам фізічнай культуры, спорту і турызму Смалявіцкага раёна. У тыя часы жанчына мела дачыненне і да арганізацыі валейбольных спаборніцтваў.

Пасля прыходу ў "Мінск" Лакіза адзначылася выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Напрыклад, у сакавіку 2021-га накіравала ліст на імя рэктара Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта з просьбай "аказаць садзейнічанне і накіраваць 30 чалавек" на фінальны матч мужчынскага чэмпіянату Беларусі з удзелам "Будаўніка". У дакуменце Лакіза апелявала да даручэння Лукашэнкі па запаўненні трыбун гледачамі, ідэалагічнаму выхаванню моладзі і паважліваму стаўленню да дзяржсімволікі.

Здаецца, да просьбы Лакізы ва ўніверсітэце прыслухаліся. На фінальным матчы прысутнічаў чырвона-зялёны сектар моладзі.

Як ужо казалася вышэй, пасля прызначэння Рускевіча Мішын застаўся ў структуры "Мінска" намеснікам па развіцці. Функцыянер кіраваў клубам з 2006 года. Менавіта пры ім сталічныя каманды сталі топавымі на беларускім узроўні, а «Мінчанка» ў 2018-м дабралася да фіналу Кубка ЕКВ - другога па значнасці еўракубка.

Пасля пачатку эпідэміі каранавіруса ў 2020-м Мішын выступаў за прыпыненне чэмпіянатаў і ў тым жа годзе казаў пра жаданне бачыць «Будаўнік» у першынстве Расіі, але ў клуба не было грошай. Некалькімі гадамі раней функцыянер расказваў, што адной камандзе на сезон у турніры РФ неабходна каля 2 мільёнаў долараў. Мішын не ўяўляў, як клуб можа сам зарабіць такія грошы, бо на балансе былі толькі аўтобус і мікрааўтобус.

Яшчэ адным намеснікам Рускевіча з'яўляецца Аксана Шаўчэнка. Яна не першы год узначальвае СДзЮШАР, якая і ладзіла флэшмоб з дзяржсцягам і гімнам. Усяго ў валейбольнай школе зараз займаюцца амаль 900 дзяцей і працуюць 24 трэнеры.

З нядаўняга часу ў Рускевіча з'явіўся яшчэ адзін намеснік - адказны за адміністрацыйна-гаспадарчую працу. Ім стаў Дзмітрый Кеда, інфармацыі пра якога няма ў адкрытых крыніцах.

Іншыя пасты блога