Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Прапаноўвалі Украiне здацца расійскім акупантам». Як у паралімпізме пакаралі Беларусь за вайну – падобна, дапамог балбатун Талай

«Прапаноўвалі Украiне здацца расійскім акупантам». Як у паралімпізме пакаралі Беларусь за вайну – падобна, дапамог балбатун Талай

Гісторыя ад лідара паралімпійскага руху Украіны.

Аўтар — bytribuna com
12 снежня 2022, 18:44
«Прапаноўвалі Украiне здацца расійскім акупантам». Як у паралімпізме пакаралі Беларусь за вайну – падобна, дапамог балбатун Талай

16 лістапада на пазачарговым пасяджэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК), якое адбылося ў Берліне, прыпынілі членства ў арганізацыі Паралімпійскага камітэта Беларусі (ПКБ). Рашэнне прынята ў сувязі з «няздольнасцю выконваць абавязацельствы па членству ў адпаведнасці са статутам МПК». Беларусь разам з Расiяй страціла ўсе правы на сяброўства ў МПК, акрамя права на апеляцыю. Калі апеляцыя не будзе задаволеная, то прыпыненне членства зможа адмяніць толькі наступнае пасяджэнне Генеральнай асамблеі, якое запланавана ажно на канец 2023 года.

Паралельна ПКБ задзейнічаў іншыя юрыдычныя механізмы ў барацьбе з міжнародным банам. Паведамлялася пра падрыхтоўку дакументаў для звароту ў суд Германіі - МПК зарэгістраваны ў гэтай краіне. Беларускі бок мае намер апеляваць да нямецкай канстытуцыі, якая забараняе дыскрымінацыю па любой прыкмеце. Акрамя гэтага ПКБ накіраваў пазоў у Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Пра тое, як уводзіліся санкцыі супраць беларусаў, украінскай "Трыбуне" распавёў прэзідэнт Нацыянальнага камітэта спорту інвалідаў Украіны Валерый Сушкевіч.

Паралімпіядзе пагражаў масавы байкот

Паралімпіяда-2022 стартавала 4 сакавіка - у пачатку другога тыдня поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. За некалькі дзён да гэтага ў Пекін прыбылі дэлегацыі Беларусі, Расіі і Украіны. У складзе апошняй знаходзіўся Сушкевіч. Функцыянер адразу пачаў сустракацца з прадстаўнікамі іншых паралімпійскіх камітэтаў з двума мэтамі: "аб'яднаць сусветны спорт супраць забойцаў украінскай нацыі" і расказаць пра тое, што адбываецца ва Украіне.

За дзень да старту Гульняў МПК вырашыў дапусціць беларусаў і расіян да ўдзелу ў Паралімпіядзе пад нейтральнымі сцягамі. Такая навіна для Сушкевіча стала шокам:

- Разумеў, што зараз здарыцца тое, чаго я як кіраўнік нацыянальнага паралімпійскага руху не змагу сабе дараваць. Не казаў сваёй камандзе, але думаў - калі, не дай Божа, будзе такая сітуацыя, то нам варта з'ехаць з Паралімпіяды. Але з'ехаць не адным, а з іншымі свядомымі людзьмі з розных паралімпійскіх камітэтаў, з розных краін свету. Якія разумеюць, што такое ў XXI стагоддзі вайна, забойная вайна на тэрыторыі маёй краіны.

Тады Сушкевіч абвесціў аб правядзенні прэс-канферэнцыі ў дзень адкрыцця Гульняў. Такі ход украінскай дэлегацыі прыйшоўся не даспадобы МПК - адтуль сталі тэлефанаваць з просьбай перанесці сустрэчу з журналістамі на другі дзень. Сушкевіч быў упэўнены, што разам з Украінай да байкоту Параалімпіяды далучацца іншыя краіны:

- Уявіце сабе: дзясяткі краін заявілі кіраўніцтву МПК пасля нашай працы, што яны паедуць за Украінай, калі тая пакіне Паралімпіяду. Колькі было такіх краін? Не ведаю. Яны тэлефанавалі не мне, а кіраўніцтву МПК. Я потым проста даведаўся ад калегаў па апараце МПК, што гэта былі вельмі катэгарычныя званкі. Яны сказалі, што не будуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях, калі Украіна з“едзе.

Няпростая сітуацыя вырашылася яшчэ да пачатку прэс-канферэнцыі. Калі журналісты праходзілі акрэдытацыю на вялікую размову з Сушкевічам, на новым пасяджэнні праўлення МПК вырашылі зусім адхіліць Беларусь і Расію. У кіраўніка беларускіх паралімпійцаў тады ўзніклі сумневы, ці мае наогул кіраўніцтва МПК права разглядаць такія пытанні. Праўда, рашэнне па нейтральным статусе Беларусі і Расіі таксама прымала яно.

У адказ на такое рашэнне ў Ханты-Мансійску неўзабаве правялі альтэрнатыўную Паралімпіяду пад назвай «Мы разам. Спорт», куды прыехалі спартоўцы з Расіі, Беларусі, Таджыкістана, Арменіі і Казахстана. Беларусы чакана занялі другое месца ў медальным заліку (5+2+9). Першынствавалі гаспадары (39+40+27), трэцяй была Арменія (1+0+0).

Украіна - не ініцыятар выключэння Беларусі

Пасля Гульняў нямецкія паралімпійцы далі Сушкевічу невялікую машыну-гібрыд, на якой украінец шмат ездзіў па Еўропе, каб сустрэцца з калегамі з іншых краін. Кіраўнік нацкамітэта ў час візітаў займаўся пытаннямі выратавання людзей з інваліднасцю і арганізацыяй збораў для паралімпіцаў, а вось тэму членства Беларусі і Расіі ў МПК асабліва не ўздымаў. Па словах Сушкевіча, правядзенне лістападаўскай генеральнай асамблеі МПК стала вынікам "нашай сумеснай працы міру супраць вайны".

Рашэнне ў Берліне давалася няпроста. За дзень да пасяджэння на саміце G20 выступіў прэзідэнт МАК Томас Бах, які намякнуў на магчымае зняцце алімпійскага бана з краін-агрэсараў.

- Алімпійскі спорт мае патрэбу ва ўсіх спартоўцах, якія прымаюць правілы, нават і асабліва калі іх краіны знаходзяцца ў канфрантацыі або стане вайны. Спаборніцтвы паміж спартсменамі толькі з дзяржаў-аднадумцаў не з'яўляюцца надзейным сімвалам свету.

Словы Баха прывялі Сушкевіча ў шок і паўплывалі на кулуарныя размовы перад пачаткам асамблеі:

- Дзесьці за паўгадзіны да пачатку генеральнай асамблеі МПК я іду, а ўсё глядзяць на мяне. Некаторыя апускаюць вочы, а некаторыя пытаюцца, ці чытаў я выступ Баха. «Што нам цяпер рабіць?» - пытаюць мяне. Кажу: «Паслухайце, што змянілася? Ці змянілася пазіцыя ў расійскіх захопнікаў, акупантаў?»

На выступе Баха сваю прамову на асамблеі будавала расійская дэлегацыя, якой не далі нямецкіх віз, таму тая размаўляла праз відэасувязь. Неўзабаве слова ўзяў Сушкевіч, чый выступ атрымаўся дастаткова эмацыйным:

- Я перавысіў рэгламент, але ўпершыню мяне ніхто не спыняў. Выступіў да канца. Трохі перажываў за пераклад, таму што разумеў - хоць ведаю ангельскую, але ў такім эмацыйным стане англамоўна не змагу выступіць. Паколькі быў пераклад з рускай, я вымушаны быў выступаць на рускай. Пасля маёй прамовы былі апладысменты.

Пасля выступу Сушкевічу стала крыху дрэнна, таму жонка прынесла некалькі кардыялагічных прэпаратаў. Далей да ўкраінца пачалі падыходзіць кіраўнікі іншых паралімпійскіх камітэтаў. У аднаго з іх - прадстаўніка краіны Балтыі - на вачах былі слёзы.

Сушкевіч адзначае, што беларускае пытанне на асамблеі разглядалі асобна. Украінскі бос быў упэўнены, што калі большасць прагаласуе за выключэнне Расіі, то гэтага лёсу не пазбегне і Беларусь. Але насамрэч усё аказалася не так проста:

- Пачалі казаць, што наогул не павінны ўмешвацца, незалежны орган і гэтак далей. Мне трэба было вельмі-вельмі сур'ёзна паставіць пытаньні, аргумэнтаваць.

Словы да Сушкевіча прыйшлі самі сабой. Раніцай у дзень асамблеі на яго тэлефон прыйшлі абвесткі аб паветранай трывозе па ўсёй Украіне. Яны былі звязаныя з узняццем у паветра расійскіх бамбавікоў над тэрыторыяй Беларусі:

- Таму я проста на генеральнай асамблеі сказаў: «Магу зараз вам уключыць гукавы сігнал трывогі, які пачуў сёння раніцай праз тое, што ракетаношы ўзляцелі на тэрыторыі Беларусі. Гэта каб вы разумелі, што ёсць канкрэтная краіна, якая поўнасцю ўдзельнічае [у нападзе Расіі на Украіну]».

Пасля выступілі яшчэ некалькі дэлегатаў, і пачалося галасаванне па пытанні прыпынення членства Беларусі і Расіі:

- Яно [галасаванне] мяне крыху спалохала. Не памятаю выніку, але дастаткова шмат [галасоў] было супраць, каб пазбавіць іх [Расею і Беларусь] сяброўства. Спалохала, таму што само сяброўства з'яўляецца асновай і дамінантай нашай пазіцыі [ў супрацьдзеянні беларусам і расіянам у міжнародным спорце], а не тое, каб не дапускаць іх да спаборніцтваў. Бо існуе вельмі сур'ёзны момант, звязаны з такім пунктам гледжання: «А спартоўцы ў чым вінаватыя? А ў чым вінаваты інвалід, бедны, няшчасны, які ўсё жыццё рыхтаваўся да Паралімпіяды? Бо дзяржава не павінна ўмешвацца ў паралімпійскі рух і паралімпійскі рух аддзелены ад дзяржавы».

Усяго ў галасаванні па Беларусi ўдзельнічала 117 членаў МПК са 184. 54 галасы было за адхіленне Беларусі, 45 - супраць, 18 устрымаліся. За адхіленне Расіі галасоў было больш - 64 (супраць - 39).

Паралімпійцы з Беларусі прапаноўвалі ўкраiнцам здацца Расіі

Сушкевіч не падзяляе спартоўцаў з Расіі і Беларусі. З трыбуны асамблеі ўкраінец казаў, што алгарытм падтрымкі вайны атлетамі ў гэтых дзяржавах аднолькавы, таму адказнасць таксама мусіць быць ідэнтычнай. Свой выступ Сушкевіч падмацаваў цытатамі па тэме (хаця, трэба заўважыць, даволi вольна некаторые з iх пералажыў):

- Зноў адкрыў ім цытату вельмі вядомага, вельмі балбатлівага паралімпійца, які кажа ў інтэрв'ю: «Мы з Расеяй адзіная краіна. Мы адзіныя ў падтрымцы Расіі на тэрыторыі Украіны. Ад беларускага Брэста да расійскага Уладзівастока - гэта ўсе мы. Каб Украіне паразумнець, ёй трэба быць бітай. Каб Украіна паразумнела, неабходна ёй спазнаць смерць». Кажу на Генеральнай асамблеі: "Вы разумееце, што гэта гаворыць паралімпіец той краіны і таго руху, які нібыта дыстанцаваны?" А потым гэты беларускі паралімпіец кажа страшную фразу: «Украіна павінна загладзіць сваю віну перад Расіяй крывёю». Гэта гаворыць чалавек на інвалідным крэсле.

Сушкевіч не назваў прозвішча балбатлівага беларускага паралімпійца, аднак падобныя выказванні ў майскім інтэрв'ю «Люстэрку» дапускаў плывец-паралімпіец Аляксей Талай, які якраз перасоўваецца ў інвалідным вазку. У зносінах з журналістам паралімпіец расказваў, што ляціць у Маскву на мерапрыемства, якое "накіравана, у першую чаргу, на моладзь Расіі, на тых, хто зусім хутка будзе кіраваць нашай адзінай айчынай, як Лукашэнка кажа, ад Брэста да Уладзівастока". Пры адказах на пытанні пра так званыя «ЛНР» і «ДНР» Талай апераваў тымі словамі, якія працытаваў Сушкевіч:

- Гэта правапераемнікі ўсёй Украіны. І толькі з апорай на гэтыя два ўтварэнні ў будучыні і можа адрадзіцца Украіна. На той тэрыторыі будзе хутка новая, прыгожая, магутная дзяржава. Але часта трэба быць бітым, перш чым навучыцца бачыць свае памылкі, загладзіць віну. Як я - крывёю памыўся, перш чым паразумнеў, пачаў шанаваць родных, кожны дзень, сонейка яснае, дожджык, мірнае неба. Калі спазнаў, што такое боль і жах, смерць.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну фонд Талая пачаў збор гуманітарнай дапамогі для «ЛНР» і «ДНР». Таксама сам Аляксей ездзіў у самаабвешчаныя дзяржавы і наведваў там лякарні.

Акрамя гэтага Сушкевіч прызнаўся, што падчас Паралімпіяды ў Пекіне і пасля яму пісала шмат спартоўцаў з Беларусі. Па словах функцыянера, «яны прапаноўвалі Украіне здацца расейскім акупантам».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты