Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Былы футбаліст» Лукашэнка такі заўважыў пралёт «Дынама» і разнёс Кавальчука за гэта і ўвогуле – гора-«міністр» віртуозна выканаў ролю балванчыка

«Былы футбаліст» Лукашэнка такі заўважыў пралёт «Дынама» і разнёс Кавальчука за гэта і ўвогуле – гора-«міністр» віртуозна выканаў ролю балванчыка

«Дзе мы надаем больш увагі, там горшыя вынікі».

Аўтар — bytribuna com
16 снежня 2022, 04:55
3
«Былы футбаліст» Лукашэнка такі заўважыў пралёт «Дынама» і разнёс Кавальчука за гэта і ўвогуле – гора-«міністр» віртуозна выканаў ролю балванчыка

15 снежня ў Аляксандра Лукашэнкі сабраўся спартыўны «цвет рэжыму» – сын Віктар у якасці непрызнанага кіраўніка алімпійскага камітэта, намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі, віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка і так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук. Але калі азнаёміцца са справаздачамі дзяржСМІ пра гэта мерапрыемства, здаецца, што трое прыйшлі проста для колькасці – паглядзець на тое, як Лукашэнка насядае на Кавальчука, а той па меры сіл нешта адказвае. Атрымалася стандартна для сістэмы – з галаслоўнымі заявамі (і проста хлуснёй), дзіўнай логікай і абяцаннямі звальнення. А яшчэ на сходзе ўзгадалі пра мінскае «Дынама», пхнулі хакей, абмеркавалі нейтральны статус і ў чарговы раз паспрабавалі засароміць тых, хто з'ехаў, – вось што там нагаварылі (а Кавальчук – яшчэ і паказаў невербальна).

У рэжыму заканчваецца «год гістарычнай памяці», у рамках якога яны асабліва актыўна ўспамінаюць падзеі так, як ім зручна. Не абышлася без падобнага і цяперашняя нарада – Лукашэнка не толькі галаслоўна заявіў, што ў спорце «з дзіцячага ўзросту кожнаму далі магчымасць падняцца» (так, асабліва на перыферыі, дзе, вядома ж, усё добра і з трэнерамі, і з інвентаром) здзіўлена вымавіў: «Часам задаюся пытаннем: а што развіваць? У нас чаго не хапае, якіх спартыўных пляцовак, пабудоў і іншае, каб на Алімпіядзе заваёўваць 20-30 медалёў? Мы некалі гэта мелі. Калі не было ўвогуле ніякіх спартыўных пабудоў».

Насамрэч такога «некалі» не існуе – ні на адных АГ не тое што 30, а нават і 20 медалёў беларускія спартсмены не бралі. Найбольш блізка да гэтага паказчыка першапачаткова былі АГ-2008 у Пекіне – вось толькі за мінулыя гады высветлілася, што шэсць з 19 медалёў былі ўзяты з дапамогай допінгу, і ўзнагарод з тых Гульняў у Беларусі засталося 13 (і гэта яшчэ Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі адбіліся ад прэтэнзій, бо ў лабараторыі парушылі працэдуру аналізу – само абвінавачванне ў допінгу абвергнута не было). Афіцыйна рэкоднымі застаюцца АГ-2000 – у Сіднеі было 17 узнагарод. З таго часу іх усё менш і менш – і ніякая займальная арыфметыка ад Кавальчука гэта не замаскіруе.

Ну а яшчэ цікавая ўпэўненасць Лукашэнкі ў тым, што без «спартыўных пабудоў» было лепш. Становіцца абсалютна незразумела, навошта ў такім выпадку іх стваралі. А ўжо як дызайнер Лукашэнкi Дзмiтрый Баскаў даказваў, што масавае з'яўленне лядовых палацаў – гэта шчасце! Хакей, дарэчы, Лукашэнка таксама пхнуў – сказаў, што там нароўні з футболам (а яшчэ чамусьці канькабежным спортам і шорт-трэкам – мабыць, з-за наяўнасці профільнага стадыёна) «пешшу ходзяць і кульгаюць». А потым як след абагульніў усю працу спартыўнай сістэмы: «Там, дзе мы надаем больш увагі, там горшыя вынікі». Залатыя словы!

Зрэшты, больш за ўсё Лукашэнка быў незадаволены футболам – раптам сказаў, што «нешта не заўважыў нашых футбалістаў» на ЧС-2022, і спытаў у Кавальчука: «Ці я дрэнна назіраю?». «Не дрэнна вы, добра», – тут жа адказаў «міністр». Лукашэнка, вядома, пагадзіўся і яшчэ раз заявіў, што зборнай Беларусі на турніры «і блізка няма» – дзіўна шмат увагі факту, які стаў вядомы больш за год таму (а відавочны – і таго раней).

Але асобны пэрл ад Лукашэнкі – тое, што ён, назваўшы сябе «былым футбалістам, які займаўся шмат футболам», асабліва ўразіўся ўзроўнем гульні на мундыяле з-за таго, што яго «паказваюць у зімовы перыяд часу». Падобна, неяк міма рэжымнай Беларусі прайшоў той факт, што ў лепшых лігах свету гуляць у снежні (як і ў студзені, і ў лютым) – абсалютна нармальна, а ў АПЛ гэты час наогул самы насычаны. Для лепшага разумення працэсу варта паклікаць Аляксандра Глеба – ён і ў boxing day гуляў, і наогул аналітык што трэба.

Асобна Лукашэнка прыгадаў нарэшце пра мiнскае «Дынама». У верасні 2021-га ён даў клубу загад – там у 2022-м «павінны быць чэмпіёнамі, павінны ўзварухнуць увесь футбол». У выпадку ж дрэннай гульні палітык абяцаў: «Я ў вас буду вельмі часта бываць, і ўжо цяжка будзе і спартсменам, і трэнерам, таму лепш гуляйце добра». Аднак «Дынама» не паслухалася – калі пра паказанае на полі яшчэ можна спрачацца, то вынік адназначна не той: толькі чацвёртае месца. У клубе Лукашэнка з моманту свайго абяцання не бываў, затое зараз спытаў у Кавальчука, якія ж медалі ўзяло «Дынама». «Чацвёртае месца. Драўляныя», – ціха выціснуў з сябе «міністр».

Пасля гэтага Лукашэнка пацвердзіў – Кавальчук адказвае за «Дынама», яму было даручана заняцца камандай (гэта значыць дзяржумяшанне ў футбол ужо нават не спрабуюць хаваць), для чаго Аляксандр «даў грошы» (так, любіць ён выказвацца пра сродкi падаткаплацельшчыкаў, быццам пра ўласную заначку). А чацвёртае месца, паводле слоў Лукашэнкі, ён «намалюе і без грошай». Кавальчук падчас разносу сядзеў цiха – гэта, вядома, не прыём з дакладам «дынамаўцаў».

Акрамя гэтага, Лукашэнка ў чарговы раз агучыў прынцып, паводле якога сістэма гатова плаціць спартсменам – але толькі тым, хто ўжо паказаў высокія вынікі. У свеце неяк прынята ўкладвацца ў перспектыўных атлетаў, каб дапамагчы ім дасягнуць яшчэ большага – але ў Беларусі свой шлях: спачатку спартсмен павінен перамагчы ўсяму насуперак. Ды і ўвогуле «зарплата і іншыя пернiкі», паводле Лукашэнкі, – справа другарадная, а галоўнае – гэта «скакаць, бегаць і гуляць» для людзей.

Акрамя таго, у «сапраўднага» для рэжыму спартсмена, як сказаў Лукашэнка, дзяржфлаг і дзяржгімн размешчаны проста ў сэрцы – таму, хоць і дрэнна выступаць без дзяржсімволікі (Лукашэнка быў упэўнены, што на такіх умовах Беларусь ужо дапусцілі да АГ – сістэмшчыкі расчаравалі свайго шэфа , што канчатковага рашэння яшчэ няма), але нейтральны статус «не катастрофа». А яшчэ год з невялікім таму сам Лукашэнка заяўляў, што менавіта дзяржсцяг «чакаюць у небе Токіа», а для рэжыму забарона была падставай адклікаць каманду са спаборніцтваў.

Кавальчук, магчыма, дажывае на сваёй пасадзе – Лукашэнка відавочна незадаволены, бо спадзяваўся, што яго былы ахоўнік «як чалавек ваенны паверне там» (што Кавальчук павінен быў «павярнуць» і чаму менавіта ў ваеннага павінна было раптоўна атрымацца ў спорце, застаецца загадкай). Цяпер шэф «міністра» прасвятлiў падначаленага, што можа звольніць ужо ў студзені падчас чарговага масавага кадравага «ператрахвання». А калі чыноўнік гэта перажыве, то рубяжом для яго будуць другія гульні краін СНД, якія павінны прайсці ў жніўні ў Беларусі, – у выпадку правалу яму, маўляў, дакладна «рабіць у спорце няма чаго». Зрэшты, па-першае, такая думка ў кулуарах прысутнічае з першага дня Кавальчука на пасадзе па цяперашнi. А па-другое, палічыць лакмусавай паперкай маладзёжны турнір, у якім удзельнічаюць спартсмены ад 14 да 23 гадоў, – гэта яшчэ адзін вельмі своеасаблівы выбар.

Кавальчук жа на сходзе, калі верыць дзяржСМІ, быў вельмі нешматслоўны, але таксама паспеў схлусіць – прычым у невыгодны для сябе бок: распавёў Лукашэнку, што ў сусветных спаборніцтвах прадстаўнікі Беларусі застаюцца ў шасці відах спорту (у тым ліку шашках і шахматах), і нібыта ва ўсіх іх без той самай дзяржсімволікі – хоць у пералічаным Кавальчуком футболе яна да гэтага часу не забаронена. Акрамя таго, «міністр» запэўніў Лукашэнку, што ў спартсменаў, «якія ўцяклі» за мяжу, вынікаў не праглядаецца – Аляксандр у адказ паспяшаўся заявіць, што такія атлеты «там людзі другога гатунку», – а нейкія «трэнеры, якія з'ехалі», ужо падаюць «сігналы, каб паспрабаваць назад вярнуцца». Не ведаем, што там паступае Кавальчуку (з космасу, ці што), а вось вынікі ў тых, хто пакінуў жорсткую беларускую сістэму, нярэдка толькі паляпшаюцца, нягледзячы нават на рэзкія перамены ў жыцці, якія натуральным чынам адбіваюцца на форме ў першы час.

Але галоўным у Кавальчуку былі не словы. «Міністр», які ў іншых умовах не раз спрабаваў выдаць правалы за поспехі ці хаця б пераканаць, што не ўсё так дрэнна, пры прэтэнзіях ад Лукашэнкі проста метадычна ківаў і ківаў галавой. Хіба што адзін раз пасля ківання на словы, што нядопуск без дзяржсімволікі дрэнны («Дрэнна», – дадаў Кавальчук), прыйшлося рэзка змяніць рух на матлянне налева-направа пасля дапаўнення, што гэта «не катастрофа» («Дакладна так», – дадаў Кавальчук). Увогуле, Кавальчук падчас нарады з вялікім поспехам выканаў ролю балванчыка, якіх часта ставяць у аўтамабілях на панэль.

Іншыя пасты блога

Усе пасты