Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Дагестанец, які руліць барацьбой у Беларусі, зрабіў фота з тымі, хто топіць за вайну ва Украіне – вечар з «добрымі людзьмі»

Дагестанец, які руліць барацьбой у Беларусі, зрабіў фота з тымі, хто топіць за вайну ва Украіне – вечар з «добрымі людзьмі»

Гнуткі Алім Сялімаў.

Аўтар — bytribuna com
26 снежня 2022, 14:19
2
Дагестанец, які руліць барацьбой у Беларусі, зрабіў фота з тымі, хто топіць за вайну ва Украіне – вечар з «добрымі людзьмі»

На днях кіраўнік Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Сялімаў выклаў фатаграфію з адэптамі рэжыму Пуціна Аляксандрам Карэліным і Святланай Хоркінай, а таксама Уладзімірам Япрынцавым. Здымак быў зроблены ў мінскім Falcon Club на мерапрыемстве, правядзенне якога шырока не афішавалася, і атрымаў подпіс: "Прыемны вечар з добрымі людзьмі 🫂🤗".

Адзначым, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Сялімаў не стаў маўчаць і выступіў з заявай у сваім Instagram.

«Стоп вайна. Упэўнены, што разважлівасць і здаровы сэнс перамогуць», - напісаў Селімаў на трэці дзень баявых дзеянняў.

Аднак гэтая пазіцыя аказалася дваістай і гнуткай. У траўні ўраджэнец Дагестана расказваў, што пасля перамоваў з міжнароднай федэрацыяй у яго ёсць надзея на зняцце міжнароднага бана з барцоў. У канцы лета менеджар павіншаваў Лукашэнку з днём нараджэння, назваўшы таго «патрыётам сваёй краіны, які душой і сэрцам хварэе за свой народ».

Ну а вось каго Сялімаў лічыць добрымі людзьмі.

Каго Селімаў назваў «добрымі людзьмі»

Пасля заканчэння спартыўнай кар'еры трохразовы алімпійскі чэмпіён па барацьбе Аляксандр Карэлін пайшоў у палітыку. З 1999-га па 2020-ы сядзеў у Дзярждуме, а пасля пайшоў на павышэнне - апынуўся ў верхняй палаце расійскага парламента. У 2001-м Карэлін уступіў у прарэжымную партыю «Адзіная Расея», а на апошніх прэзідэнцкіх выбарах быў сябрам ініцыятыўнай групы, што вылучыла кандыдатуру Пуціна.

Ужо на другі дзень поўнамаштабнага ўварвання Карэлін адкрыта падтрымаў дзеянні расійскага войска - актыўна паўтараў штампы і довады прапаганды пра «нацыяналістычныя батальёны і ўсяго таго, што адбываецца там [ва Украіне] апошнія восем гадоў». У сакавіку 2022-га Карэлін патрапіў пад персанальныя санкцыі ЕЗ, а ў верасні - у аналагічныя спісы ЗША.

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы Святлана Хоркіна таксама стала палітыкам. У "нулявых" спартоўка адно скліканне прасядзела ў парламенце ад "Адзінай Расіі", а затым перайшла на дзяржаўную службу. З 2016-га Хоркіна з'яўляецца першым намеснікам начальніка федэральнай аўтаномнай установы Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі "Цэнтральны спартыўны клуб Арміі", у 2018-м ёй далі пагоны палкоўніка.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны гімнастка таксама падтрымала дзеянні рэжыму Пуціна. Больш за тое, у сакавіку яна наведала мітынг-канцэрт «Za свет без нацызму! За Расію! Za Прэзідэнта!» у «Лужніках».

Пасля Хоркіна называла Пуціна "нашым любімым прэзідэнтам" і тапіла за пераход расійскіх федэрацый у Азію, каб хоць неяк абысці міжнародны бан.

Найменш адыёзным з «добрых людзей» Сялімава выглядае трохразовы чэмпіён свету па самба Уладзімір Япрынцаў. Функцыянер ужо не ўваходзіць у кіраўніцтва Беларускай федэрацыі самба і Беларускай федэрацыі дзюдо, але застаецца членам выканкама Міжнароднай федэрацыі самба, дзе кіруючыя пасады займаюць расіяне.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 і пачатку вайны ва Украіне Япрынцаў ніяк не каментуе падзеі, якія адбываюцца. Аднак пазіцыю самбіста можна зразумець па ягонай заяве з чэрвеня 2021-га.

«Вядома, [дзяржава] папулярызавала [спорт]. Калі браць Беларусь, то ў нас дзяржава вельмі моцна дапамагае развіццю асобы ў спорце», - запэўніваў ураджэнец Туркменістана Япрынцаў.

Што да вечара ў кампаніі з Сялімавым і «добрых людзей», то самбіст выклаў і сваю фатаграфію адтуль. На ёй самога Япрынцава няма, затое разам з Карэліным і Хоркінай стаіць заўзяты прыхільнік Лукашэнкі, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне Аляксандр Ціханаў.

"Лепшыя з лепшых! Пазналі?» - падпісаў фатаграфію Япрынцаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты