Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Замест Рупольдынгу, Найробі і Дохі – Разань, Тула і Перм. Мабыць, гэта галоўны вынік для спорту Беларусі ў 2022-м

Замест Рупольдынгу, Найробі і Дохі – Разань, Тула і Перм. Мабыць, гэта галоўны вынік для спорту Беларусі ў 2022-м

Вось як змянілася геаграфія турніраў пасля пачатку вайны (у тым ліку для фанаў Лукашэнкі).

Аўтар — bytribuna com
27 снежня 2022, 12:41
Замест Рупольдынгу, Найробі і Дохі – Разань, Тула і Перм. Мабыць, гэта галоўны вынік для спорту Беларусі ў 2022-м

За апошні год беларускі спорт сур'ёзна змяніўся. Уся справа ў міжнародных санкцыях, якія былі накладзеныя большасцю федэрацый за поўнамаштабны напад Расіі на Украіну, у тым ліку з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Гэта сур'ёзна змяніла жыццё беларускага спорту - і геаграфію выступаў, і ўзровень суперніцтва. Каб зразумець гэта, дастаткова толькі зірнуць, як было да, а як стала пасля.

Біятлон

2021-ы: Кубак свету, Кубак IBU

2022-і: Кубак Садружнасці, Кубак Расіі

Да Алімпіяды-2022 беларускія біятланісты выступалі ва ўсіх міжнародных турнірах, уключна на Кубку свету і Кубку IBU. Перад Пекінам Дзінара Алімбекава ішла на другім месцы ў сусветнай класіфікацыі і захоўвала шанцы пазмагацца з нарвежкай Мартэ Ульсбю-Ройселан за Вялікі хрустальны глобус. Біятланістка чатыры разы паднімалася на п'едэстал гонак КМ сезона-2021/22. У топ-10 знаходзілася яшчэ адна беларуска - Ганна Сола, якая ішла на восьмы радку.

Сяброўства Беларусі ў сусветнай біятлоннай сям'і прыпынілі пасля нападу на Украіну. Праз гэта беларусы не паехалі на тры заключныя этапы КС. Адсутнасць на стартах Алімбекавай адкінула яе ў агульным заліку з другога месца на выніковае сёмае.

Беларуская федэрацыя знайшла альтэрнатыву для сваіх спартсменаў даволі хутка - іх проста адправілі дакочваць сезон на расійскія старты. Тых, хто не жадаў гэтага рабіць, чакалі нярадасныя навіны ад федэрацыі і Мінспорту.

У сезоне-2022/23 біятланісты акрамя ўнутраных стартаў удзельнічаюць у этапах Кубка Расіі і Кубка Садружнасці, арганізаванага ў адказ на бан IBU. Там лідарам беларускага біятлону відавочна сумна. Прама зараз у агульным заліку КС у мужчын Антон Смольскі ідзе на першым месцы (нядаўна яму вельмі спадабалася ў Разані, яшчэ ўдалося пабываць у Цюмені і Ханты-Мансійску - такая вось альтэрнатыва Кантыялахты, Рупольдынгу і іншым культавым біятлонным месцам), а ў жанчын на другім радку размяшчаецца Дзінара Алімбекава, якая выйграла пяць гонак з сямі, у якіх прымала ўдзел.

Лёгкая атлетыка

2021-ы: Брыльянтавая ліга, чэмпіянат Еўропы ў памяшканні, Алімпіяда

2022-і: чэмпіянат і Кубак Беларусі

За два дні да пачатку вайны Максім Недасекаў ішоў на другім месцы ў сусветным рэйтынгу па скачках у вышыню. Такая пазіцыя падмацоўвалася вынікамі лёгкаатлета. У 2021-м Недасекаў акрамя алімпійскай бронзы ўзяў трэцяе месца на этапе Брыльянтавай лігі ў Манака, а таксама выйграваў мемарыялы ў Хенгела (Нідэрланды) і Секешфехервары (Венгрыя). Акрамя гэтага на рахунку беларуса золата ЧЕ-2021 у закрытых памяшканнях у польскай Торуні.

Пасля 24 лютага фанат рэжыму Лукашэнкі толькі двойчы выбіраўся на спаборніцтвы за межы Мінска. Абедзве паездкі былі ў Брэст - на турнір Брэсцкай вобласці на прызы Юліі Несцярэнкі і Кубак Беларусі. Абодва старты Недасекаў чакана выйграў. А вось пакуль на апошнім сваім спаборніцтве - жнівеньскім чэмпіянаце Беларусі - скакун нечакана стаў другім. Віной таму падвернуты галенастоп пры другой спробе ўзяць вышыню 2,31 метра. Праз траўму Недасекаў зняўся са спаборніцтваў і атрымаў срэбра, аддаўшы перамогу расіяніну Ілью Іванюку.

Перад пачаткам вайны ў топ-10 сусветнага рэйтынгу па сваіх відах знаходзіліся яшчэ тры прадстаўнікі Беларусі - Ірына Жук (скачкі з шастом, 6-я), Алена Дубіцкая (штурханне ядра, 7-я) і Аляксей Каткавец (кіданне дзіды, 8-й).

Сезон-2021 атрымаўся пакуль найлепшым у кар'еры Жук. Спачатку падпісантка за Лукашэнку ў манежы заваявала бронзу ЧЕ ў польскай Торуні, а старты на адкрытым паветры пачала з абнаўлення нацыянальнага рэкорду (не пабіты да гэтага часу) - 4,74 метра, паказаных на этапе Брыльянтавай лігі ў Доcе (6-е месца). Праз два тыдні Ірына ўвогуле узяла срэбра гэтай прэстыжнай серыі ў Рыме. Вось толькі выціснуць з сябе максімум у фінале Алімпіяды Жук не здолела - 4,50 і восьмы радок.

Пасля ўвядзення міжнароднага бана Жук некалькі дзён пабедавала і з тых часоў выйшла на старт усяго ў чатырох спаборніцтвах - і ўсё ў Беларусі. Два з іх шаставічка выйграла, а ў астатніх двух правальвала ўсе тры спробы на пачатковай для сябе вышыні 4,25 метры.

У 2021-м Дубіцкая таксама пабіла асабісты рэкорд, на чэмпіянаце Беларусі, штурхнуўшы ядро на 19,65 метры, што прынесла дзяўчыне золата. У тым жа годзе Алена тройчы спынялася за крок ад медалёў на этапах Брыльянтавай лігі ў Стакгольме, Берне і Будапешце, займаючы 4-е месца. На Алімпіядзе беларуска другі раз у кар'еры выйшла ў фінал, але далей за дзявятую пазіцыю ядро не штурхнула.

У бягучым сезоне Дубіцкая разлічвае выключна на ўнутраныя старты, не прапусціўшы ніводнага з іх. За летні перыяд Алена сем разоў спаборнічала ў сектары - і кожны раз брала золата. Самыя прэстыжныя перамогі - Кубак і чэмпіянат Беларусі. На апошнім з іх дзяўчына паказала найлепшы вынік сезона, роўны 19,38 метрам. У Мінску яшчэ ўдалося паўдзельнічаць у мемарыяле Міхаіла Жалабоўскага і мемарыяле Рамуальда Кліма.

Яшчэ больш першых месцаў пасля пачатку вайны па Беларусі сабраў Каткавец - кап'екідальнік дзевяць разоў станавіўся на найвышэйшую прыступку п'едэстала (у тым ліку ў чэмпіянаце і Кубку Беларусі, а таксама на мемарыяле Рамуальда Кліма). Падпісант праўладнага ліста за тры тыдні да пачатку вайны адправіў снарад на 87,53 метраў, чым пабіў нацыянальны рэкорд 26-гадовай даўніны.

Тым не менш успаміны аб спаборніцтвах у 2021-м прымушаюць Каткаўца сумаваць. Летась Аляксей стаў шостым на Алімпіядзе і ездзіў на этапы Брыльянтавай лігі ў Лазану і Парыж, няхай вышэй за пятае месца ён там не паднімаўся. Таксама ў беларуса за 2021-ы сабралася даволі шмат медалёў з розных міжнародных спаборніцтваў больш сціплых па ўзроўні. Першыя месцы ўдалося заняць на Hungarian GP Series у Будапешце і Kip Keino Classic у Найробі.

Плаванне

2021-ы: Алімпіяда, чэмпіянат Еўропы, чэмпіянаты свету і Еўропы на кароткай вадзе

2022-і: Гульні Сяброўства, чэмпіянат Беларусі.

Лідары беларускага плавання ў 2021-м даволі часта траплялі ў стужкі навін. Асабліва Іллі Шымановічу ўдаваліся старты на кароткай вадзе. Там беларус біў сусветныя рэкорды (часам уласныя) і актыўна браў медалі. На рахунку Шымановіча за 2021-ы адно золата на ЧС у Абу-Дабі і два золата на ЧЕ ў Казані. Праўда, праявіць сябе на такійскай Алімпіядзе плыўцу не ўдалося. На кароннай стомятроўцы брасам Ілля прабіўся ў фінал, дзе фінішаваў апошнім, восьмым.

3 сакавіка Міжнародная федэрацыя плавання забаніла беларусаў, абрэзаўшы ўсе міжнародныя старты. На дапамогу беларускім функцыянерам падаспелі расіяне, якія арганізавалі этапы Гульняў Сяброўства, якіх пакуль прайшло тры. На першым з іх - ліпеньскім - Шымановіч спаборнічаў у тым ліку і са спартоўцамі з так званых "ДНР", "ЛНР" і "Рэспублікі Крым". З Казані (хоць нейкі напамін пра ЧЕ) плывец прывёз золата на 100 метрах брасам, а таксама па срэбры з 50 метраў брасам і са змяшанай камбінаванай эстафеты 4х100 метраў.

У лістападзе Шымановіч зноў выправіўся ў Казань - ужо на другі этап ГС, але на кароткай вадзе. Медальны ўлоў атрымаўся больш важкім: тры золата (50 метраў брасам, дзве эстафеты) і два срэбра (100 метраў брасам і эстафета). Таксама на рахунку Шымановіча тры золата на красавіцкім чэмпіянаце Беларусі.

Лідар жаночай зборнай Анастасія Шкурдай таксама ўдзельнічала ў першым этапе ГС. У Казані дзяўчына, якая да таго сабрала пяць залатых медалёў на чэмпіянаце Беларусі, стала першай на 200 метрах на спіне і ўзяла тры срэбры гэтым жа стылем на 50 і 100 метрах, а таксама ў змешанай камбінаванай эстафеце 4х100.

На другі і трэці этап ГС Анастасія вырашыла не ехаць, упадабаўшы чэмпіянат Беларусі на малой вадзе і Кубак Уладзіміра Сальнікава ў Санкт-Пецярбургу. На абодвух стартах плыўчысе зноў не было роўных. У каментары журналістам Шкурдай не саромелася казаць, што ёй не хапае канкурэнцыі.

Зараз пра міжнародныя старты беларусцы нагадвае хіба што жыццё і трэніроўкі ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, куды яна пераехала са сваім новым расійскім коучам Мікітам Лугаўкіным. А ў 2021-м у Шкурдай была чарада міжнародных турніраў. На ЧЕ ў Будапешце яна стала чацвёртай на 100 метрах брасам, на Алімпіядзе ў Токіа - восьмай на 100 метрах батэрфляем. Крыху пазней на гэтай жа дыстанцыі, але ўжо на кароткай вадзе, Анастасія ў Казані ўзяла кантынентальнае срэбра. У снежні 2021-га плыўчыха паляцела ў Абу-Дабі на ЧС у 25-метровым басейне, дзе пяць разоў выходзіла ў фінал, але вышэй за пятае месца не паднімалася. І гэта ўсё яшчэ без уліку камерцыйных стартаў.

Хакей

2021-ы: чэмпіянат свету, алімпійская кваліфікацыя, Кантыненальны кубак

2022-і: Кубак Першага канала, Кубак Саюза.

У 2021-м на клубным узроўні беларусы гулялі толькі ў Кантынентальным кубку. Справа ў тым, што "Юнацтва" праз палітычную сітуацыю ў Беларусі знялі яшчэ да старту Лігі чэмпіёнаў. У КК "Гомель" паспяхова пераадолеў трэці раунд у Даніі, заняўшы другое месца ў групе, і выйшаў у Фінал чатырох, які быў запланаваны на сакавік 2022-га ў той жа скандынаўскай краіне. Аднак згуляць там гамяльчанам было не наканавана. Праз поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну міжнародная федэрацыя наклала бан на белхакей, таму Фінал чатырох ператварыўся ў Фінал трох.

Міжнародныя спаборніцтвы беларускім клубам замяніў Кубак Саюза з расіянамі з ВХЛ. Беларусь у 2022-м там прадстаўлялі "Металург" і "Юнацтва". Жлобінцы ў сябе на лёдзе сталі другімі, а мінчане заваявалі бронзу.

Таксама дыскваліфікавалі і беларускія зборныя. ЧС-2021 так і не прайшоў у Мінску праз падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Усе матчы планетарнага першынства прымала Рыга, дзе беларусы занялі 15-е месца з 16. Затым каманду ФХБ чакалі няўдалыя матчы адбору на Алімпіяду-2022 - пуцёўка дасталася гаспадыні міні-турніру Славакіі. Гэты старт пакуль з'яўляецца для зборнай Беларусі апошнім па-сапраўднаму міжнародным.

У 2022-м даводзіцца разлічваць толькі матчы з ўсходнімі суседзямі. У траўні, калі астатнія зборныя гулялі на ЧС у Фінляндыі, беларусы адправіліся ў турнэ па Расіі, дзе не раз выходзілі на лёд супраць расійскіх нацыянальнай і моладзевых каманд (Масква, Тула, Піцер - такая на сёння геаграфія). У снежні гісторыя паўтарылася - падапечныя Крэйга Вудкрафта паехалі на Кубак Першага канала, дзе сталі першымі, абгуляўшы Казахстан (4:1) і Расію (5:4 Б).

Гандбол

2021-ы: чэмпіянат свету, Ліга чэмпіёнаў

2022-і: Кубак Белгазпрамбанка, SEHA-Ліга.

У 2021-м зборная Беларусі пяты раз за сваю гісторыю паляцела на ЧС. У Егіпце беларусы пераадолелі першы раунд і занялі 17-е месца з 32. Вясной таго ж года каманда паспела адабрацца на чэмпіянат Еўропы, які праходзіў у студзені 2022 года ў Венгрыі і Славакіі. Там падапечныя Юрыя Шаўцова зноў сталі 17-мі.

28 лютага Міжнародная федэрацыя гандбола адхіліла Беларусь ад усіх спаборніцтваў пад сваёй эгідай. З таго часу ў спісе матчаў беларускай нацыяналкі супернікі і спаборніцтвы, далёкія ад топ-узроўню. З пачатку вайны зборная згуляла таварыскія матчы з Кітаем, зборнай беларускіх клубаў, Бахрэйнам (прычым у Бахрэйне!), а таксама паўдзельнічала ў Кубку Белгазпрамбанка разам з "Мяшковым", "Гомелем" і "Данскімі казакамі".

На клубным узроўні сітуацыя не лепшая. Пачатак вайны заспеў "Мяшкоў" за два туры да заканчэння групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Берасцейцы маглі пазмагацца за пуцёўку ў плэй-оф, аднак у астатніх матчах супраць «Кіля» і «Вардэра» ім залічылі тэхнічныя паразы 0:10. А яшчэ год таму, у маі 2021-га, "Мяшкоў" дайшоў да чвэрцьфіналу ЛЧ, дзе саступіў будучаму пераможцу турніру "Барселоне". У тым самым годзе беларусы занялі чацвёртае месца ў SEHA-Лізе.

Менавіта гэты турнір застаўся адзіным міжнародным для "Мяшкова". Праўда, яго падзялілі на дзве групы - "Усход" і "Поўдзень", каб аддзяліць клубы з Беларусі і Расіі ад усіх астатніх. На «Усходзе» да «Мяшкова» дадаліся беларускія СКА, «Машэка» і «Гомель», якія гуляюць выключна супраць расіян – удалося выбрацца ў Чэхаў, Перм, Піцер і Маскву.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты