Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У Беларусі праводзяць мутныя турніры: галы па сiгнале, як след зарабіць прыходзяць з Д2, ставіць даюць нелегалы, ва Украіне абвінавачаныя ў сувязях з расійскім рэжымам

У Беларусі праводзяць мутныя турніры: галы па сiгнале, як след зарабіць прыходзяць з Д2, ставіць даюць нелегалы, ва Украіне абвінавачаныя ў сувязях з расійскім рэжымам

Гуляюць «двайнікі» каманд «вышкі» і выпадковыя склады пад рознымі шыльдамі.

Аўтар — bytribuna com
10 студзеня 2023, 00:01
2
У Беларусі праводзяць мутныя турніры: галы па сiгнале, як след зарабіць прыходзяць з Д2, ставіць даюць нелегалы, ва Украіне абвінавачаныя ў сувязях з расійскім рэжымам

Лудаманія, яна ж гульнявая залежнасць, – гэта стан, у якім чалавеку адчайна хочацца задаволіць сваю прагу азарту. Для гэтага можна выкарыстоўваць казіно або гульнявыя аўтаматы (цягу да іх адчувалі і ў белфутболе) – а можна ставіць на спорт. Толькі для аматараў апошняга варыянту ёсць праблема – цікавыя для іх падзеі адбываюцца не кругласутачна, а цяга можа абвастрыцца ў любы момант. Але асабліва складана такім людзям прыйшлося з пачаткам пандэміі каранавіруса – па ўсім свеце лігі перарывалі свае сезоны (беларускі рэжым пайшоў па асаблівым шляху), ставіць было практычна няма на што.

Тады здарыўся росквіт дзіўных турніраў, на якія прымалі стаўкі, хоць гулялі там зусім «безыменныя» людзі – затое фактычна кругласутачна і ў жывым эфіры, задавальняючы запыты лудаманаў па ўсім свеце. Такія спаборніцтвы называюць «букмекерскімі лігамі» – менавіта кампаніі па прыёме ставак звычайна ўліваюць туды грошы. А ў суседняй Расіі, дзе ў 2020-м у розных відах і ў самых розных фарматах праходзілі тысячы матчаў за суткі, гульцы адкрыта расказвалі, што і арганізатары, і ўдзельнікі маніпулююць вынікамі, ужываючы нават сістэму ўмоўных знакаў. Але нават тыя, хто выходзілi на пляцоўкі без думак пра «падставы», цалкам легальна атрымлівалi больш, чым на нізкім прафесійным узроўні – нездарма ў тую ж Маскву «на заробкі» адпраўляўся нават беларускі хакеіст узроўня кэмпа зборнай.

Пандэмія больш не закрывае вялікія турніры – але «букмекерскія лігі» як з'яву гэта не забіла. Больш за тое, яны пашыраюцца. І некаторыя з такіх турніраў праводзяцца ў Беларусі. Удзел бяруць у тым ліку футбалісты першай і другой ліг – i гэта выгадна. За суткі праходзіць па некалькі дзясяткаў матчаў у фарматах 11х11 і і 4х4, каманды своеасабліва набіраюць склады і выкарыстоўваюць назвы клубаў «вышкі», выкарыстоўваюцца стадыёны, якія прымаюць афіцыйныя матчы высокага ўзроўню.

«Трыбуна» вырашыла даведацца больш пра мутнае «спаборніцтва» – вось што ўдалося высветліць.

Каманды праводзяць па 500 матчаў, на сайце хлусяць пра ўдзел у турніры УЕФА

Перш за ўсё мы паглядзелі трансляцыі матчаў, у якіх дэманстравалася спасылка на сайт турніру. Там спаборніцтвы называюць Belarus Regional Liga, а ў раздзеле «Навіны» ўсяго чатыры запісы, тры з якіх датаваны 16 сакавіка 2021 года. У прыватнасці, указана, што генеральным партнёрам спаборніцтваў з'яўляецца фабрыка «Сапёрмэбля». Яна вырабляе мэблю для дома і офіса ў вёсцы Шчаткова пад Бабруйскам, а назва тлумачыцца прафесіяй заснавальніка – былога сілавіка Сяргея Чацверыкава. Пра яго фірму не раз пісалі ў хвалебных танах дзяржСМІ.

Іншы запіс абвяшчае, што «за перамогу ў матчы» (чаму матчы, а не турніры – ужо пытанне) каманда будзе «прадстаўляць інтарэсы ў адборачным раундзе Кубка рэгіёнаў УЕФА». Аднак гэта гарантаваная хлусня. Беларускі этап гэтага спаборніцтва праходзіць пад эгідай АБФФ – праводзяцца асобныя спаборніцтвы ў абласцях і Мінску, іх пераможцы ў фінальным раундзе выяўляюць найлепшага ў Беларусі, а гэтая каманда ўжо прадстаўляе краіну на міжнародным узроўні Кубка рэгіёнаў (у 2022-м, напрыклад, ездзіў па Еўропе чэрвеньскі «Колас», узмоцнены некалькімі гульцамі іншых каманд). Можна паверыць хіба што ў тое, што па выніках Belarus Regional Liga «будуць вызначаны найлепшыя гульцы».

Але з вынікамі ў турніра цяжка. Напрыклад, па табліцы аднаго з відаў спаборніцтваў атрымліваецца, што шэсць каманд з назвамі беларускіх гарадоў гуляюць фактычна бясконца – тры правялі ўжо па 500 з лішнім матчаў! Характэрна, што «Мінск», які ідзе на апошнім радку, мае на 139 матчаў менш, чым лідар табліцы «Магілёў».

А вось так выглядае расклад матчаў на тры дні – адной камандзе даводзіцца згуляць цэлых сем матчаў за ноч.

Так, гульні букмекерскіх ліг практычна не праводзяцца днём – заняты вячэрні, начны і ранішні час. Звязана гэта з тым, што на матчы такога тыпу актыўна ставяць у Азіі – на адным з самых буйных букмекерскіх рынкаў свету.

Галы iдуць па сiгнале, за невыкананне штрафуюць

Але зарабіць на стаўках жадаюць, вядома, не толькі ў Азіі. У гульнях беларускай «букмекерскай лігі» прадказальна існуе маніпуляванне вынікамі. Да прыкладу, колер вывешанай каля поля манішкі паведамляе пра тое, якая з каманд павінна наступнай вызначыцца голам. Таксама вядома, што калі якая-небудзь з каманд не робiць патрэбнага дзеяння або, тым больш, не дамагаецца выніку, вінаватыя могуць быць аштрафаваныя тымi, хто займаецца арганізацыяй матчаў.

Цiкава, што падобныя невербальныя прымяняліся ў свой час у хвалі дагаворных матчаў у прафесiйным белфутболе: тады заклікам да дзеяння для аднаго або другога боку была кепка трэнера «Луча» Юрыя Сыраквашкі.

Выкарыстоўваюцца назвы рэальных клубаў (ды і лога вельмі падобныя)

Назвы каманд, узятыя ў гарадоў, – гэта яшчэ не край. Для прыцягнення ўвагі лудаманаў, як аказалася, выкарыстоўваецца неймінг, «запазычаны» у клубаў ЧБ. Вось так, да прыкладу, выглядае «шыльда» матча ў адным са спаборніцтваў «букмекерскай лігі».

А вось як выглядаюць эмблемы «Арсенала» і «Шахцёра» з вышэйшай лігі – беглы прагляд можа і не даць заўважыць розніцы.

У тым турніры, дзе выступаюць двайнікі чэмпіёнаў Беларусі, ёсць таксама свае «Дынама», «Нёман», «Днепр», «Хваля», «Граніт», «Смалявічы», «Хімік» і «Тарпеда».

Гульні па вялікім футболе, дарэчы, праводзяцца не на апошніх стадыёнах. Па відэатрансляцыі вызначыць удалося дзве арэны. Сталічны стадыён БДПУ (у мінулым насіў назву «Лакаматыў») у вольны ад «букмекерскай лігі» час прымае матчы дублюючых складаў «вышкі» і юнацкіх першынстваў Беларусі. А на стадыёне «Юнацтва» ў Брэсце некалькі разоў сваіх сапернікаў прымала мясцовае «Дынама» ў рамках вышэйшай лігі.

Гульцы (у тым ліку з першай лігі) мяняюць каманды на хаду і зарабляюць на ўзроўні «вышкi»

Можа ўзнікнуць пытанне: а як гульцы штосутачна праводзяць па сем матчаў? Гэта гучыць як нешта на мяжы фізічных магчымасцяў. Але, як вядома на прыкладах іншых ліг і пацвердзілі нам канкрэтна ў гэтым выпадку, усё прасцей – у каманд няма пастаяннага складу. Часта бывае так, што адны і тыя ж футбалісты праводзяць некалькі матчаў запар, проста мяняючы форму, а ўжо затым на іх месца прыходзяць зусім іншыя людзі, каб аформіць сваю серыю гульняў. Якія пры гэтым каманды фармальна выходзяць на поле – гульцам цалкам усё роўна, уласна, як і лудаманам, а нават калі б яны паспрабавалі распазнаць падвох, заўважыць яго па трансляцыі, дзе здымка вядзецца з адной камеры, практычна немагчыма.

Па інфармацыі «Трыбуны», за адзін матч «букмекерскай лігі» кожны гулец атрымлівае 30 беларускіх рублёў. У выніку за адну ноч актыўныя ўдзельнікі лёгка могуць зарабіць 120—150 рублёў. Такім чынам, месячны даход (нават з улікам таго, што гульні праводзяцца выключна ў буднія дні – у выходныя ў букмекераў без таго поўна падзей) можа скласці больш за тры тысячы рублёў. Такіх грошай у мінулым сезоне «вышкі» не атрымліваў ніводны з гульцоў сярэбранага «Энергетыка-БДУ» – ды і ў шматлікіх футбалістаў іншых каманд Д1 зарплата была меншая.

Нядзіўна, што цікавасць да ўдзелу ў «букмекерскай лізе» з боку магчымых гульцоў вялікая. Паводле інфармацыі нашых крыніц, у закрытым чаце ў адным з месэнджараў стаіць пара соцень чалавек, а на поле выходзяць нават дзеючыя футбалісты першай і другой ліг ЧБ.

Ставіць на матчы дае нелегальны ў Беларусі букмекер, заснавальнікі якога ў вышуку ў Расіі

Каму ж усё гэта можа спатрэбіцца настолькі, каб траціць такія грошы на правядзенне турніру? Лагічна падумаць пра тых, хто мае ад гэтага выгаду. А ставіць на матчы беларускай «букмекерскай лігі» дае сайт 1XBet, дзе можна знайсці і трансляцыі гульняў.

1XBet – бізнес грамадзян Расіі Дзмітрыя Казорына, Сяргея Каршкова і Рамана Семіёхіна. І на ўсіх траіх у пачатку 2020-га ў Расіі завялі крымінальную справу – па даных следства, заснавальнікі канторы, не маючы неабходнай ліцэнзіі, «у 2014-2019 гадах стварылі ПЗ для арганізацыі і правядзення азартных гульняў і ажыццяўлялі тэхнічную падтрымку». За гэты перыяд атрыманы і выведзены з Расіі прыбытак склаў больш за мільярд долараў. Аднак ніхто з прадпрымальнікаў за краты не патрапіў: яны перабраліся на Кіпр, дзе ім выдалі грамадзянства ў абмен на вялізныя інвестыцыі.

Злева направа: Семіёхін, Каршкоў, Казорын

1XBet з самага пачатку дзейнасці шырока прасоўваў сябе, у тым ліку праз сакавітыя спонсарскія кантракты з найбуйнейшымі сусветнымі клубамі. Але ў 2019-м у выданні The Sunday Times выйшла расследаванне пра прыём букмекерам ставак на дзіцячы спорт і пеўневыя баі, а таксама размяшчэнне рэкламы на недазволеных у Вялікабрытаніі сайтах, і мясцовыя рэгулятары забаранілі камандам супрацоўнічаць з такой кампаніяй. «Ліверпуль», «Чэлсі» і «Тотэнхем» аператыўна разарвалі пагадненні. Аднак рэпутацыя не перашкаджае працягваць букмекеру спансіраваць «Барселону», італьянскую Серыю А і Канфедэрацыю афрыканскага футбола.

Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі 1XBet ужо больш за паўтара года лічыцца нелегальнай. З 1 красавіка 2021-га Міністэрства па падатках і зборах рэжыму Лукашэнкі запатрабавала ва ўсіх букмекераў атрымаць спецыяльную ліцэнзію для прыёму ставак у інтэрнэце – расійская кантора гэта праігнаравала, абраўшы прадаставіць ахвотным сетку сайтаў-люстэркаў, з дапамогай якіх можна ставіць на спартыўныя падзеі.

Дарэчы, ва Украіне з 1xBet у 2022-м здарыўся працяглы скандал – спецыяльна створанай фірме, якая падалася на ліцэнзію пад гэтым брэндам, выдалі дазвол на дзейнасць 30 сакавіка, у разгар вайны, якую з 24 лютага працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Пасля гэтага ўкраінскія журналісты выпусцілі вялікае расследаванне, дзе абвінавацілі букмекера ў сувязях з расійскім рэжымам (а крымінальную справу на беніфіцыяраў назвалі толькі фармальнасцю) і наяўнасці высокапастаўленых лабістаў. Але адклікалі ліцэнзію ў кампаніі толькі пасля петыцыі з больш за 25 тысячамі подпісаў у адрас Уладзіміра Зяленскага. Праўда, як і ў Беларусі, да гэтага часу можна ставіць у кампаніі праз люстэркі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты