Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У важнага гульца «Дынама»-1982 зусім дрэнна са здароўем – з цяжкасцю рухаецца, не можа доўга трымаць нават тэлефон

У важнага гульца «Дынама»-1982 зусім дрэнна са здароўем – з цяжкасцю рухаецца, не можа доўга трымаць нават тэлефон

Сумная гісторыя Сяргея Гоцманава.

Аўтар — bytribuna com
5 студзеня 2023, 09:00
2
У важнага гульца «Дынама»-1982 зусім дрэнна са здароўем – з цяжкасцю рухаецца, не можа доўга трымаць нават тэлефон

У 2022-м мінскае «Дынама» адзначала 40-годдзе перамогі ў чэмпіянаце СССР. Многія гульцы той легендарнай каманды раздавалі інтэрв'ю, успамінаючы трыўмф. А вось Сяргей Гоцманаў, які гуляў у «Дынама»-1982 у паўабароне, каментарыяў не даваў, хоць у «залатым» сезоне ён правёў 31 матч і забіў два мячы.

Апошнія некалькі гадоў пра Гоцманава кажуць толькі яго былыя аднаклубнікі – і прычына таму нярадасная. Міхаіл Вергяенка ў ліпені не першым згадаў, што 63-гадовы экс-футбаліст цяжка хварэе. У снежні Сяргей Алейнікаў адзначыў, што падтрымлівае сувязь з Гоцманавым, але пра падрабязнасцi стану сябра не расказаў.

«Трыбуна» неаднаразова спрабавала звязацца з Гоцманавым, але беспаспяхова. Тым не менш мы даведаліся, як жыве зараз чэмпіён СССР – і вам раскажам.

Нарадзіўся ў Казахстане, скончыў кар'еру ў ЗША

Але спачатку крыху пра біяграфію Гоцманава. Ён нарадзіўся ў невялікай казахскай вёсцы, куды бацькі прыехалі паднімаць цаліну, але праз два гады сям'я вярнулася ў Мінск. У дзяцінстве будучы чэмпіён СССР увесь вольны час прысвячаў футболу – гуляў з хлопцамі на дварэ і актыўна трэніраваўся ў «Працоўных рэзервах». Хоць бацька і быў супраць – хацеў, каб сын сядзеў дома і вучыўся. Аднак Сяргей усё роўна абраў у выніку спартыўную кар'еру – у 17-летнім узросце патрапіў у мiнскае «Дынама». На сезон-1978 Гоцманаў адлучыўся ў «Дынама» брэсцкае, дзе працаваў Эдуард Малафееў, які сачыў за гульцом яшчэ ў дзіцячых камандах. Ну а ў 1979-м гулец і трэнер уз'ядналіся ў Мiнску, і аж да 1990-го немагчыма было ўявіць сталічнае «Дынама» без Гоцманава. Як вынік – амаль 300 матчаў і больш за 30 галоў.

Беларускі паўабаронца на працягу шэрагу сезонаў быў лідарам чэмпіянатаў СССР па колькасці папярэджанняў і выдаленняў. У сувязі з гэтым нават неяк трапіў у намінацыю часопіса «Кракадзіл» «Чугунная нага». З іншага боку, спецыялісты і іншыя футбалісты адзначалі мабільнасць паўабаронцы, здольнасць гуляць не толькі наперадзе, але і ў абароне, працаздольнасць і пастаўлены ўдар з абедзвюх ног.

Ужо праз пяць гадоў пасля пачатку кар'еры Гоцманаў дасягнуў гістарычнай вяршыні – разам з «Дынама» стаў чэмпіёнам СССР. Тады паўабаронцу было ўсяго 23 гады. У 1980-я Гоцманаў чатыры разы прызнаваўся лепшым футбалістам БССР – гэта нават больш, чым у легендарнага Сяргея Алейнікава, які браў дадзены тытул тройчы.

Некалькі гадоў Гоцманаў выступаў і за зборную СССР. Дэбютаваў у 1984-м, дапамог камандзе патрапіць на ЧС-1986, але сам не паехаў у Мексіку з-за хваробы. Затое ў 1988-м стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы: у чатырох з пяці матчаў (у тым ліку ў паўфінале і фінале) выходзіў у стартавым складзе, а ў прайграным нідэрландцам фінале зарабіў пенальці, які не рэалізаваў Ігар Бяланаў.

У пачатку 1990-х Гоцманаў згуляў некалькі матчаў за зборную Беларусі. Да таго часу паўабаронца ўжо перабраўся за мяжу: пасля «Дынама» быў англійскі этап кар'еры. У «Брайтане» з Д2 беларус правёў усяго тры месяцы, пакуль ім сур'ёзна не зацікавіўся «Саўтгемптан» з Д1, які заплаціў ЦС «Дынама» 150 тысяч фунтаў стэрлінгаў, а самому гульцу даў заробак у 2,5 тысячы фунтаў у месяц. Аднак у англійскай эліце Гоцманаў не зайграў. Затым здарыўся пераезд у нямецкі «Галешэр», а далей – вяртанне ў роднае «Дынама», з якім удалося стаць чэмпіёнам Беларусі.

У сярэдзіне 1990-х Гоцманаў з'ехаў з Беларусі ў ЗША – таму што яго жонцы Вользе Коваль, прафесійнай гімнастцы, прапанавалі папрацаваць трэнерам у Мінеапалісе. Сам Сяргей без футбола за акіянам не застаўся: прайшоў прагляд у «мінорнай» «Мінесоце Тандэр» і выступаў за калектыў да 1998 года, атрымліваў па дзве тысячы долараў у месяц і першы час пасля пераезду ў адзіночку забяспечваў сям'ю (клуб, дзе працавала жонка, збанкрутаваў).

У 1998-м Гоцманаў завяршыў кар'еру гульца, але з футбола не пайшоў: працаваў трэнерам у адной з дзіцячых акадэмій, займаўся з групай дзяўчынак 15-16 гадоў. Праўда, заробак быў недастаткова вялікі, таму паралельна з трэніроўкамі Гоцманаў працаваў кіроўцам школьнага аўтобуса, а потым яшчэ і дапамагаў жонцы ў іншай зале ў якасці менеджара.

Сыны Сяргея – Аляксандр і Андрэй – таксама некалькі гадоў прысвяцілі прафесійнаму футболу. Першы ў сярэдзіне 2000-х гуляў за «Каларада Рэпідз» і «Мінесота Тандэр», але з-за траўмы калена быў вымушаны завяршыць кар'еру, а малодшы Андрэй да 2016-га выступаў за некалькі клубаў у Мінесоце.

Ужо даўно не быў у Беларусі, моцна хварэе

Па прызнанні самога Сяргея Гоцманава, ён да пары стараўся прылятаць у Мінск, калі быў вольны час. Экс-футбаліст быў у Беларусі ў 2012 годзе, калі «Дынама» святкавала 30-годдзе перамогі ў чэмпіянаце СССР, пабываў у вёсцы, дзе правёў частку дзяцінства, сустрэўся з сябрамі і экс-аднаклубнікамі. А вось у 2017-м, калі ў Мінску «Дынама» адзначала юбілей, а ветэраны «залатой» каманды гулялі на «Трактары» з легендамі маскоўскага «Спартака», Гоцманава нават не паклікалі.

– Па працы быў заняты. Ды мне і не тэлефанавалі з запрашэннем, разумелі, што сарвацца з Мінесоты куды складаней, чым з Масквы, напрыклад. Плюс дзеці і ўнукі патрабуюць увагі, – тлумачыў тады экс-гулец «бела-блакітных».

Тады ж Гоцманаў распавёў, што па-ранейшаму водзіць школьны аўтобус, а ўвечары спяшаецца дадому, «павячэраць і да тэлевізара або камп'ютара, навіны пачытаць-паглядзець». Пры гэтым свой узровень англійскай, нягледзячы на доўгія гады ў ЗША, Сяргей ацэньваў як недастаткова добры, таму амерыканскае ТБ не глядзеў. Але і за навінамі з Радзімы экс-футбаліст таксама сачыў не надта пільна.

– Ці ведаю, што адбываецца ў Беларусі? Не асаблiва. Ведаю, што грошы памяняліся, што ў краіне так сабе з эканомікай. Калі прыязджаю, бачу, што менш стала ўсмешак. Жыццё цяжэе. Хаця па тэлевізары гляджу: усё цудоўна ў краіне, аказваецца. Усё квітнее і развіваецца, – казаў Гоцманаў у 2017-м.

Гэта было апошняе на дадзены момант вялікае інтэрв'ю чэмпіёна СССР-1982. З таго часу прозвішча Гоцманава з'яўляецца ў СМІ толькі ў настальгічных матэрыялах і згадках ад былых аднаклубнікаў, якія без падрабязнасцяў казалі, што Сяргей цяжка хворы.

Як нам удалося даведацца, праблемы Гоцманава са здароўем пачаліся менавіта ў 2017-м. Тады адна рука экс-футбаліста практычна страціла свае функцыянальныя здольнасці – груба кажучы, проста вісела. На працягу наступнага года Гоцманаў здаў яшчэ мацней, а лекары западозрылі хваробу Паркінсона. Гэта дэгенерацыйнае захворванне галаўнога мозгу, пры якім сур'ёзна парушаюцца функцыі руху, пагаршаецца памяць і разумовыя здольнасці – увогуле, чалавеку становіцца вельмі складана існаваць без старонняй дапамогі. Зразумела, пра працу прыйшлося забыцца – ды і наогул Сяргей стаў вельмі рэдка выходзіць з хаты.

Па нашых звестках, зараз Гоцманаў з цяжкасцю можа самастойна перасоўвацца – для гэтага нават выкарыстоўваецца інвалідная каляска. Сілы пакінулі экс-футбаліста настолькі, што ён нават не можа доўга трымаць у руках тэлефон. Плюс, паводле розных звестак, пачалі адмаўляць некаторыя ўнутраныя органы, у прыватнасці, ныркі.

Натуральна, у такім становішчы не да таго, каб даваць інтэрв'ю, а тым больш прылятаць у Мінск. На Радзіме Гоцманаў не з'яўляўся ўжо каля чатырох гадоў. Ну а жонка і сыны, нягледзячы на занятасць на сваіх працах, імкнуцца як мага больш часу аддаваць галаве сямейства.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты