Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Са шматдзетнай сям’і, раскрыўся пры Молашу, брат гуляў у Крыме: што за футбалiст быў супраць гвалту, а зараз лічыць гэта памылкай

Са шматдзетнай сям’і, раскрыўся пры Молашу, брат гуляў у Крыме: што за футбалiст быў супраць гвалту, а зараз лічыць гэта памылкай

У 2020-м перажываў за беларусаў без прымусу.

Аўтар — bytribuna com
13 студзеня 2023, 23:59
Са шматдзетнай сям’і, раскрыўся пры Молашу, брат гуляў у Крыме: што за футбалiст быў супраць гвалту, а зараз лічыць гэта памылкай

13 студзеня прапагандысцкі партал mlyn.by (належыць інфармагенцтву аблвыканкама рэжыму Лукашэнкі па Мінскай вобласці) апублікаваў "пакаянае" інтэрв'ю 26-гадовага паўабаронцы "Тарпеда-БелАЗ" Анатоля Макарава. У ім гулец выказаў шкадаванне, што ў 2020-м зняўся ў відэа, у якім сказаў, што разам з іншымі беларускімі футбалістамі выступае супраць гвалту, які чыніў рэжым Лукашэнкі пасля выбараў у дачыненні да звычайных беларусаў.

Варта адзначыць, што беларускія СМІ шырока растыражавалі друкаваную версію інтэрв'ю, апублікаваную прапагандыстамі. Але была яшчэ і відэаверсія, у якой не было многіх слоў, якія ў тэкставым варыянце прыпісаныя Макараву. Метады беларускай прапаганды цудоўна вядомыя – і давяраць ёй мы не раім: вось разбор нестыковак.

Цяпер жа раскажам пра кар'еру футбаліста і пра тое, як адрэагавалі на ягоныя словы калегі, якія быццам бы паўплывалі на яго (так гаворыцца ў новым відэа) перад запісам роліка супраць гвалту.

Хто такі Макараў і чым вядомы ў белфутболе?

Макараў нарадзіўся ў вёсцы Ратамка, сям'я шматдзетная – ёсць два браты i сястра. Анатоль – выхаванец жодзінскага футбола, пачаў прыцягвацца да трэніровак і гульняў дубля «Тарпеда-БелАЗ» у 2013 годзе, але толькі праз два сезоны на яго звярнулі ўвагу трэнеры асноўнай каманды. Макараў пачаў перыядычна трэніравацца з першым калектывам «аўтазаводцаў», а ў верасні 2015-га нават быў унесены ў пратакол на матчы «вышкі» супраць «Нёмана» і БАТЭ, але на поле тады так і не выйшаў. Гуляў Макараў і ў тым сезоне, і ў наступныя два гады выключна за дубль - у заяўку асноўнай каманды ў 2016-м і 2017-м не трапіў ані разу.

У дарослым футболе Макараву давялося дэбютаваць толькі ў красавіку 2018 года - за пару дзён да свайго 22-годдзя. Але не ў вышэйшай лізе - тады Анатоль сышоў у арэнду ў «Слонім-2017» з Д2. У гэтым клубе гулец прабыў роўна сезон, адгуляў 28 матчаў (у сярэднім 67 хвілін на полі) і вызначыўся трыма галамі - аформіў хет-трык у вароты «Смаргоні» у канцы траўня.

Перад сезонам-2019 Макараў растаўся з «Тарпеда-БелАЗ» і сышоў у «Смалявічы», дзе затрымаўся на два гады: спачатку дапамог камандзе заваяваць пуцёўку з Д2 у вышэйшую лігу, а пасля разам з клубам вылецеў назад. Усяго правёў 55 матчаў (крыху больш за 80 хвілін у сярэднім), аформіў 9 галоў і 3 асістаў. Цікава, што свой дэбютны мяч у вышэйшай лізе 29 траўня 2020-га паўабаронца гарматным ударам забіў у гасцявым матчы з «Тарпеда-БелАЗ» - і гол быў прызнаны найлепшым у туры. Святкаваць Макараў тады не стаў.

У канцы сезона-2020 Макараў развітаўся са «Смалявічамі», якія выляцелі ў Д2, - і змог вярнуцца ў родны жодзінскі клуб, які на той момант трэніраваў Юры Пунтус. Стаць асноўным гульцом не змог - выходзіў на замену, а то і ўвогуле заставаўся па-за заяўкай. Пасля прыходу Дзмітрыя Молаша сітуацыя крыху змянілася - Макараў у сезоне-2022 адыграў практычна ўсе матчы ў ЧБ, прычым большасць з іх пачынаў у старце. Агульны "стаж" паўабаронцы за жодзінцаў ва ўсіх турнірах за два сезоны - 52 матчы (53 хвіліны ў сярэднім). А вось з выніковасцю не вельмі (0 галоў, 3 асісты).

Як патрапіў у відэа супраць гвалту?

Відэаролік супраць гвалту беларускія футбалісты запісалі ў верасні 2020-га. Як потым расказвалі тыя, хто мантаваў ролік, у беларускія каманды праз гульцоў проста паведамлялі, якое відэа плануецца да выхаду, і прапаноўвалі паўдзельнічаць, калі ёсць жаданне. Па нашых дадзеных, у «Смалявічах» усё адбывалася па стандарце - гульцы, калі хацелі, самі запісвалі кароткія відэаадрэзкі, у якіх казалі «Мы супраць гвалту» на рускай ці беларускай мовах, і адсылалі гэтыя фрагменты тым, хто ствараў канчатковы прадукт.

Макараў таксама сказаў на камеру: "Мы супраць гвалту". Цяпер ён сказаў прапагандыстам, што прыняў рашэнне зняцца ў відэа "пад уплывам, напэўна, таварышаў па камандзе", дадаўшы, што "на эмоцыях" рушыў услед па прынцыпу "як усё, так і я". Але, як сцвярджаюць нашыя крыніцы, ніхто не аказваў ніякага ціску на гульцоў «Смалявічаў», як і на ўсіх астатніх удзельнікаў роліка. Усё рабілася выключна па ўласным жаданні. Нашы суразмоўцы сцвярджаюць, што і на Макарава асабіста ніякія "таварышы па камандзе" не ўплывалі. Яму, як і аднаклубнікам, было расказана, што рыхтуецца ролік супраць гвалту, і тыя, хто хацеў, маглі далучыцца. Макараў добраахвотна даў сваю згоду - упрошваць ці прымушаць яго ніхто не спрабаваў.

Пры гэтым, паводле нашых звестак, у астатні час Анатоль у зносінах з футбалістамі не выказваўся супраць рэжыму, не асуджаў гвалт і ўвогуле асабліва не закранаў падзеі у краіне (у прынцыпе, досыць слушныя паводзіны з улікам тых рэпрэсій, што мы назіраем у Беларусі). Па сутнасці, трымаўся ўбаку і маўчаў. Але ў верасні 2020-га палічыў патрэбным зняцца ў відэа. Тады Макараву было 24 - дастатковы ўзрост, каб прымаць узважаныя самастойныя рашэнні.

Што думаюць былыя калегі пра выступ Макарава ў прапагандыстаў?

Цяперашнія словы Макарава моцна здзівілі тых, хто перасякаўся з ім у белфутболе. Мала хто чакаў такога інтэрв'ю ад Анатоля.

- Як так проста абасрацца? Калі ўсё ўпіраецца ў жаданне падоўжыць кантракт, то я сумняваюся, што дзякуючы гэтаму ён шмат заробіць. А вось сябе ўжо прынізіў. Ты выказаўся супраць гвалту! Гэта нават не пра тое, за каго ты галасаваў ці не галасаваў! Ну ладна яшчэ, сваё слова даў - сваё слова забраў. Але навошта ты ўсё на хлапцоў скідваеш? Нібыта яны на цябе ўплывалі, прымушалі. Ну, я хаця б даведаўся, што гэта за чалавек, - так адрэагаваў адзін з нашых суразмоўцаў.

У падобнай манеры выказваліся і іншыя футбалісты, з якімі нам давялося пагутарыць.

Таксама мы пагаварылі з некалькімі былымі аднаклубнікамі Макарава (па розных камандах). Характарыстыкі адносна паўабаронцы ў суразмоўцаў шмат у чым супадаюць.

- Макараў пакідае ўражанне чалавека, які аддае перавагу быць ад усяго ўбаку. Спакойны, ціхі, ніколі асабліва не выказваў свой пункт гледжання. Можна сказаць, хатаскрайнік. Запомнілася, што ён ніколі не пярэчыў трэнерам. Можа, гэта і правільна, але ёсць жа сітуацыі, калі можна выказаць сваё меркаванне, з нечым не пагадзіцца. А Макараў заўсёды быў гатовы беспярэчна выканаць тое, што яму скажуць, абы ўсё было спакойна. Які ён з футбольнага пункта гледжання? А вы паглядзіце, колькі матчаў ён згуляў да 26 гадоў у вышэйшай лізе, - зазначае адзін з гульцоў.

Таксама, па словах нашых суразмоўцаў, пасля выхаду роліка супраць гвалту Макараў ніколі не выказваў засцярог, што праз гэта могуць быць нейкія наступствы кшталту пазбаўлення месца ў камандзе. Нейкіх шкадаванняў пра заяву з верасня 2020-га ад гульца ніхто не чуў. Але маўчаў Анатоль і наконт рэпрэсій у дачыненні да футбалістаў, затрымання спартсменаў. Па сутнасці, стаяў ўбаку, ніяк не рэагаваў, нават калі ў калектыве нехта ды пачынаў размову пра падзеі ў Беларусі.

Навошта Макараў зняўся ў такім відэа?

Цяпер гульцы, якія здымаліся ў роліку супраць гвалту, трапляюць у «чорны спіс» Мінспорту Лукашэнкi. Забарону на заключэнне кантракта ў белфутболе выпісалі і Макараву.

Пры гэтым кантракт Макарава з "Тарпеда-БелАЗ", па iнфармацыi "Трыбуны", скончыўся пасля сезона-2022. З гульцом размаўлялi пра новую дамову, але потым з'явіўся «чорны спіс», i працэс прыпынiўся. Нельга выключаць, што перад гульцом паўстаў звычайны для рэжымнай Беларусі выбар: пакаянне і кантракт або воўчы квіток і нічога.

Усё гэта нагадвае гісторыю, калі абаронца Аляксандр Сачыўка, які таксама выступаў супраць гвалту, год таму падпісваў кантракт з мінскім «Дынама». Тады футбаліст зняўся ў спецыяльным відэа, дзе расхваліў сістэму. Прадзюсарам роліка выступіў так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук. Пасля здымак Сачыўка заключыў пагадненне са сталічным клубам, а напрыканцы мінулага года працягнуў дамову.

- З аднаго боку, Макарава можна зразумець. Многія зараз у Беларусі ў закладніках, некаторыя робяць дзеля сябе і сям'і тое, што ім загадаюць, таму што ў адваротным выпадку будуць жорсткія наступствы. З іншага боку, ён што, затрыманы? Пагражаюць яму ці ягонай сям'і? Што стаяла на коне? Кантракт з «Тарпеда-БелАЗ» з заробкам, можа, у тры тысячы рублёў? Каб дзеля падобных умоваў даваць інтэрв'ю, ды яшчэ і казаць такое пра хлапцоў… Гэтага я зразумець зусім не магу. Усё, нават не хачу ведаць такое прозвішча, - так падсумаваў гутарку адзін з гульцоў, з якім Макараў перасякаўся ў чэмпіянаце Беларусі.

Ну а напрыканцы дададзім яшчэ адзін цікавы факт. У Анатоля ёсць брат-блізнюк Сцяпан. Разам яны пачыналі ў жодзінскім футболе, у свой час гулялі і ў «Слоніме-2017», і ў «Смалявічах». Але калі пасля «Смалявіч» Анатоль вярнуўся ў «Тарпеда-БелАЗ», то Сцяпан пачаў бадзяцца па мінорных камандах: «Орша», «Белшына», «Баранавічы». А ў лютым 2022-га адправіўся ў чэмпіянат Крыма, дзе падпісаў кантракт з ялцінскім "Рубінам". Нават распачатая ва Украіне вайна не прымусіла паўабаронцу з'ехаць з акупаванага паўвострава - за «Рубін» Макараў выступаў да ліпеня. У жніўні паўабаронца далучыўся да "Жодзіна-Паўднёвага" з Д3, дзе і скончыў сезон-2022.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты