Tribuna/Бокс/Блогі/О духе времени/Рэжым сабраўся «завочна» пасадзіць байца з тытулам ЧЕ – ён перамагаў расiянiна ля Крамля, «выклікаў» саперніку хуткую і кiнуў разганяць пратэсты з-за Калеснікавай

Рэжым сабраўся «завочна» пасадзіць байца з тытулам ЧЕ – ён перамагаў расiянiна ля Крамля, «выклікаў» саперніку хуткую і кiнуў разганяць пратэсты з-за Калеснікавай

Па той жа «справе» за краты кінулі былога аднаклубніка.

Аўтар — bytribuna com
14 студзеня 2023, 17:00
Рэжым сабраўся «завочна» пасадзіць байца з тытулам ЧЕ – ён перамагаў расiянiна ля Крамля, «выклікаў» саперніку хуткую і кiнуў разганяць пратэсты з-за Калеснікавай

13 студзеня КДБ рэжыму Лукашэнкі напісаў пра ход чарговай крымінальнай справы – нібыта за тэрарызм, які выказваўся быццам нават не паведамленнямі ў месенджарах, якія звычайна рэжымныя структуры выдаюць за злачынствы. Асноўнае абвінавачанне – спроба ў 2021-м падпаліць дом адэпта Лукашэнкі з ягонага ж парламента Алега Гайдукевіча, які спачатку патлумачыў адсутнасць фота і відэа наступстваў здарэння «нежаданнем піярыцца», а затым вандраваў па дзяржканалах з расповедам пра гэтую гісторыю. Потым сілавікі рэжыму паказвалі нейкія кадры, па якіх не зразумееш, калі яны зроблены і хто на іх фігуруе, – але сістэме гэтага, як вядома, больш чым дастаткова. Следам узнікла гісторыя, што на Гайдукевіча і іншых верных рэжымнiкаў «паляваў кілер», і нейкія іншыя выпадкі ў тым жа духу – карацей, тыповы выклад ад лукашэнкаўскіх «спецслужбаў».

Абвінавачанымі ў справу запісалі 18 чалавек. Пра некаторых да траплення ў гэты спіс не было вядома наогул нічога. Некаторыя за кратамі ўжо больш за год – напрыклад, цэлая сям'я Вайцяховічаў (бацька, маці, сын і яго жонка), якую абвінавацілі непасрэдна ў «атацы» на дом Гайдукевіча (у КДБ прымудрыліся сказаць, што ў будынак ляцелі «кактэйлі Молатава», але пры гэтым «быў прыняты вычарпальны пералік мер, накіраваны на недапушчэнне знішчэння маёмасці»).

Ёсць у «спісе 18» і Эдуард Пястрак (раней паведамлялася, што яго «прышылі» да «дома Гайдукевіча»). Ён таксама быў пазбаўлены волі яшчэ ў 2021-м – узялі прама на працоўным месцы. А пікантнасці дадавала тое, што працаваў ён у аддзеле падрыхтоўкі рэжымнага АМАП у Мiнску. Рыхтаваў лукашэнкаўскіх сілавікоў Пестрак у спартыўным плане – у яго ёсць дыплом трэнера па рукапашным баі, сам ён тройчы выйграваў чэмпіянат Беларусі ў гэтым відзе, таксама браў медалі ў кікбоксінгу (там у 2009-м было нават срэбра Кубка свету) і тайскім боксе. У свой час яму прадказвалі чэмпіёнскія тытулы сусветнага ўзроўню, але Пестрак абраў сілавыя структуры Лукашэнкі. Затрымліваць Эдуарда паслалі яго ж былых вучняў – і яны з задачай справіліся.

Ну а траіх з 18 арыштаваць рэжым не можа – яны знаходзяцца за мяжой. Таму сістэма рыхтуе чарговы «завочны суд», дзе адсутнасць «абвінавачаных» не перашкаджае аб'явіць іх адпраўленымі ў турму ці калонію, пакуль у рэальнасці яны застаюцца свабоднымі людзьмі. Гайдукевіч назваў гэтых трох чалавек «заказчыкамі» – цалкам у духу адэптаў Лукашэнкі, у сістэме каардынат якіх усё для iх непажаданае можа адбывацца толькі «па ўказцы» з-за мяжы.

Імя аднаго з «завочнікаў» даўно вядома ў Беларусі – гэта Вадзім Пракоп'еў, некалі рэстаратар, а з 2020-га – адкрыты праціўнік рэжыму Лукашэнкі. Той завёў на Пракоп'ева не адну справу – не так даўно, напрыклад, паставілі ў віну тое, што пасля пачатку вайны ва Украіне, якую з 24 лютага працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, Вадзім, былы вайсковец, стаў ля вытокаў беларускага добраахвотніцкага палка «Пагоня», які адправіўся змагацца за Украіну. Нам жа Пракоп'еў памятны выклікам Лукашэнкі на баксёрскі паядынак і абвінавачваннямі па гібелі Рамана Бандарэнкі ў адрас адэптаў Лукашэнкі, экс-спартсменаў Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты.

А вось яшчэ адзін чалавек з тых, каго рэжымны суд рыхтуецца «завочна» пасадзіць, далёка не такі вядомы. 31-гадовы Ігар Чамякін, на якога спрабуюць павесіць восем розных артыкулаў КК, да цяперашніх падзей у навінах згадваўся толькі як спартсмен – і нават «прафесійны баец ММА».

Чамякін, можна сказаць, працягвае дынастыю – яго бацька быў самбістам. Сам Ігар з дзяцінства займаўся тайскім боксам і яшчэ ў маладым узросце сабраў мноства беларускіх тытулаў па розных відах адзінаборстваў. «Я не падзяляю баявыя мастацтва на ушу, тайландскі бокс, самба ці каратэ. Усё гэта – адно цэлае, гэта частка бою, у якім ёсць не толькі фізічны складнік, але і псіхалогія», – распавядаў Чамякін у 2013-м. Дасягаў ён поспехаў і на міжнародным узроўні – быў пераможцам Кубка свету па К-1 і чэмпіёнам Еўропы па рукапашным баі (лічыў, што ў ім гэта часам лягчэй, чым выйграць чэмпіянат Беларусі).

У 2010-х адзначыўся Чамякін і ў MMA – самым папулярным у наш час вiдзе адзінаборстваў. І адзін з першых вялікіх баёў Ігара прайшоў на адкрытай пляцоўцы, усталяванай у самым цэнтры сталіцы Расіі Масквы – проста на Краснай плошчы ля Крамля. Свой паядынак у расіяніна Віталя Панцялеева Чамякін выйграў рашэннем суддзяў, прынёсшы бал у беларускую скарбонку – бой праходзіў у рамках турніру паміж камандамі ад нашай краіны і суседняй (скончыўся нічыёй 3:3).

Спецыялізаваныя сайты паказваюць, што ў Чамякіна было сем баёў у MMA, з якіх ён прайграў усяго адзін. Затое перамогі не раз даставаліся датэрмінова. Напрыклад, у 2012-м па правілах М-1 Чамякін, будучы на 9 кг лягчэйшым за брэсцкага апанента Арцёма Жука, ужо праз дзве хвіліны пасля пачатку бою прымусіў суддзю спыніць бой дзеля здароўя саперніка, які пасля серыі ўдараў з вялікай цяжкасцю падняўся з насцілу.

А ў 2017-м ужо ў актагоне супраць расіяніна Рамзана Дукаева Чамякін у самым канцы 15-хвіліннага бою, які ішоў зусім не па яго сцэнарыi, змог захапіць ініцыятыву і так пабiць саперніка, што суддзі прыйшлося ўсё ж прысудзіць датэрміновую перамогу беларускаму спартсмену за дзясятак секунд да гонга.

Дукаеў пасля такога сам ужо не ўстаў – яго панеслі на насілках работнікі хуткай дапамогі.

Але спорт быў для Чамякіна толькі другой справай жыцця. Першай стала служба ў сілавых структурах рэжыма. У 20 гадоў Чамякін дасягнуў «крапавага берэта» і трапятліва ставіўся да гэтага. «Мая кар'ера ў спецназе – гэта справа ўсяго жыцця. Той шлях, які я для сябе абраў і з якога не звярну. Наўрад ці гэта сумяшчальна з вялікімі спартыўнымі дасягненнямі», – прызнаваў Чамякін у 2013-м, таму выходзіў далёка не на ўсе спаборніцтвы, якія мог бы выйграць.

Да 2020-га Чамякін падышоў у якасці байца «Алмаза» – падраздзялення сілавікоў Лукашэнкі, якое здаўна спецыялізавалася на падаўленні пратэстаў. Не стаў выключэннем і 2020-ы – больш за тое, паводле незалежных расследаванняў, менавіта адзін з байцоў «Алмаза» сваім стрэлам забіў мінчанiна Аляксандра Тарайкоўскага ля станцыі метро «Пушкінская» 10 жніўня, калі мужчына ішоў з паднятымі рукамі.

Паводле інфармацыі «Нашай Нiвы», Чамякін, які меў званне капітана, асабіста ўдзельнічаў у разгонах-2020. Але потым адбылася падзея, якая адвярнула яго ад службы, – у верасні-2020 групу сілавікоў рэжыму з Іванам у складзе адправілі затрымліваць Марыю Калеснікаву. Ісці супраць адной жанчыны, у адрозненне ад сітуацыі з вялікай колькасцю мірных пратэстуючых, для Чамякіна падалося недапушчальным. Ён адмовіўся выконваць загад – Калеснікаву фактычна выкралі пасярод дня з вуліцы без ягонага ўдзелу. Праз некалькі месяцаў рапарт спартсмена на звальненне з шэрагаў сілавікоў Лукашэнкі быў задаволены.

Цяпер, як піша «Наша ніва», Чамякін «перайшоў на бок народа», а знаёмыя з ім людзі «апісваюць яго гераічныя ўчынкі». Па чутках, Чамякін можа згадвацца нароўні з Пракоп'евым не толькі ў «справе» ад лукашэнкаўскіх сілавікоў, але і ў справе абароны Украіны ад расiйскіх акупантаў, прычым непасрэднай – тады «завочны суд» дакладна і побач не стаіць з тым, чым рызыкуе спартсмен у рэальнасці.

Іншыя пасты блога

Усе пасты