Белгандбол прывыкае да Кітая: каманда краіны ў ЧБ спрабуе не стаць апошняй, у легіянера «Мяшкова» мог быць гол сезона (абмежавалася прылётам па твары саперніка)
Як маюцца «Бусел» і «Джыджы».
Беларускі гандбол працягвае жыць пры міжнародным бане, уведзеным у адказ на вайну ва Украіне, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Пасля накладання санкцый у вiдзе спорту нечакана з'явіўся кітайскі вектар. Улетку 2022-га ў чэмпіянат Беларусі заявілі цэлую каманду з Кітая, а ў снежні першага ў сваёй гісторыі легіянера з гэтай краіны падпісаў наймацнейшы беларускі клуб «Мяшкоў Брэст».
В топ-клуб Бреста взяли китайца – так уже делало «Динамо» и провалилось
Давайце паглядзім, што атрымлiваецца ў кітайцаў на беларускім паркеце.
Кітаец «Мяшкова» пакуль без галоў – вінавата яго піжонства
Навічка «Мяшкова» клічуць Чжан Цзяньцзэ, яму 25 гадоў. Дэбют левага паўсярэдняга адбыўся толькі праз тры тыдні пасля падпісання кантракта – але прычына была не ў гандбалісце, а ў календары: там была паўза, у якую зборная Беларусі паспела з'ездзіць у Маскву і двойчы прайграць у спарынгах Расіі (23:28, 25:28) .
Упершыню Цзяньцзэ згуляў за брэсцкі клуб 11 студзеня – у стартавым матчы 2023-га супраць «Гомеля» у рамках ЧБ. Легіянера выпускалі ў сярэдзіне першага і ў канцы другога тайма – агулам азіят згуляў больш за дзесяць хвілін, але закінутымі мячамі не вызначыўся. «Мяшкоў» тады без асаблівых праблем перамог 36:22, канчаткова зламаўшы супраціў саперніка пасля перапынку.
Праз дзень брастчане селі ў цягнік да Санкт-Пецярбурга, каб згуляць там цэнтральны матч 5-га тура дывізіёна Усход SEHA-лігі супраць «Зеніта». Чжан трапіў у выязны спіс галоўнага трэнера «Мяшкова» Дзмітрыя Ціхана, які складаўся з 16 гандбалістаў.
«Відаць, што гулец зборнай Кітая ў вельмі добрай фізічнай форме. Могуць быць нейкія малыя непаразуменні па камунікацыі, але, зыходзячы з трэніровак, Джыджы глядзіцца нядрэнна і ўпэўнена. Мы на яго разлічваем як на гульца атакi, але недзе будзем выкарыстоўваць у якасці абаронцы», – сказаў Ціхан перад выездам у Расiю.
У Санкт-Пецярбургу «Мяшкоў» атрымаў перамогу 32:28 і за тур да канца групавога этапу зняў усе пытанні па першым месцы ў квартэце. Чжана ў гэтай гульні выпусцілі толькі на апошняй хвіліне – а партнёры тут жа вывелі сам-насам з брамнікам «Зеніта» Мікітам Нікуліным. Аднак замест простага кідка Цзяньцзэ вырашыў выканаць піжонскі – у скачку развярнуўся на 360 градусаў. У выніку мяч прыляцеў не ў сетку, а наўпрост ў галаву кіперу. Кітаец папрасіў прабачэння ў саперніка, але гэта не выратавала яго ад прапiсанага па правілах у такой сітуацыі двуххвіліннага выдалення, а потым і смачнага наганяю ад Ціхана на лаўцы запасных.
Пазней «Мяшкоў» падтрымаў навiчка ў сацсетках – выклаў відэа кідка з подпісам: «Гэта мог бы быць лепшы гол сезона».
«Бусел Кітая» змагаецца за перадапошняе месца
У чэмпіянаце Беларусі працягвае выступленне цэлая каманда з Кітая «Бусел Кітая», якую ўзначальвае беларускі трэнерскі штаб пад кіраўніцтвам Алега Шарэйкі. Клуб стаў сёмым у Д1, дзе сапернікі гуляюць адзiн супраць аднаго па чатыры разы. Потым іх чакае плэй-оф, куды выйдуць усе сем каманд – пераможца «гладкага» чэмпіянату трапіць адразу ў паўфінал і будзе чакаць, як астатнія згуляюць у 1/4.
Цяпер замежная каманда змагаецца з «Кронанам» за тое, каб не скончыць «рэгулярку» на апошнім месцы. У аўтсайдэраў табліцы зараз па чатыры ачкі і два вочных супрацьстаянні наперадзе. Пакуль у асабістых сустрэчах з гродзенцамі ў кітайцаў атрымалася выязная нічыя 27:27 і дамашняя перамога 36:28 у сталічным Доме гандбола. Таксама на рахунку «Бусла Кітая» нічыя з БДУФК-СКА-РДВАР (29:29).
Першая сустрэча «Бусла Кітая» з суайчыннікам Чжанам запланавана на 8 лютага, калі клуб прыедзе ў Брэст. У бягучым чэмпіянаце перамогі двойчы прадказальна былі за «Мяшковым» – 31:23 і 37:25.