Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Белфутболу жорстка апусцілі столь заробкаў: звычайным гульцам – амаль на 1000 долараў, асаблівым – у 2,5 разу, не зачапiлі толькі зборнікаў

Белфутболу жорстка апусцілі столь заробкаў: звычайным гульцам – амаль на 1000 долараў, асаблівым – у 2,5 разу, не зачапiлі толькі зборнікаў

Больш за ўсіх губляюць галоўныя трэнеры.

Аўтар — bytribuna com
21 студзеня 2023, 13:00
2
Белфутболу жорстка апусцілі столь заробкаў: звычайным гульцам – амаль на 1000 долараў, асаблівым – у 2,5 разу, не зачапiлі толькі зборнікаў

Новы год – новыя ліміты для белфутбола! Па такім прынцыпе вырашыў дзейнічаць рэжымны кабмін – і ў снежні 2022-га яшчэ больш урэзаў максімумы выплат на сезон-2023. Пад новыя правілы трапляюць усе кантракты, заключаныя пасля 31 кастрычніка 2022-га з клубамі, якія атрымліваюць дзяржпадтрымку – гэта значыць фактычна з усімі клубамі. Час расказаць, колькі зараз могуць атрымліваць гульцы і трэнеры, – гэтым і зоймемся.

Якія абмежаванні былі да гэтага?

Дзяржліміт на заробкі ў футбольным ЧБ быў уведзены перад пачаткам сезона-2021. Спачатку свае лічбы прыдумала АБФФ – па яе плане, гульцы павінны былі атрымліваць штомесяц максімум 15 тысяч рублёў (але ў цэлым каманда – максімум 150 тысяч, гэта значыць прыйшлося б моцна ўціскаць многіх гульцоў дзеля аднаго), галоўны трэнер здавольваўся 8 тысячамі рублёў, а яго памочнiкi маглі мець і таго менш. Усё гэта нават паспелі зацвердзіць, не апублікаваўшы дадзеныя афіцыйна, але пра гэта хутка забыліся – бо з'явілася больш жорсткая «столь» ад больш статуснага ў беларускай сыстэме органа, рэжымнага кабміна, які лічыў не ў грошах, а ў базавых стаўках (але іх было проста перавесці).

Такім чынам, дзяржаўным загадам (і ніякага ўмяшання ў справы АБФФ, што вы) сезон-2021 у вышэйшай лізе пачалі з такімі лімітамі штомесячных «выплат з усіх магчымых крыніц»:

• 15 тысяч рублёў (тады крыху менш за 6 тысяч долараў) – толькі для асобных футбалістаў, а менавіта тых, хто згуляў не менш чым у палове матчаў зборнай цягам двух гадоў да падпісання кантракту;

• 8 тысяч рублёў (трошкi больш за 3 тысячы долараў) – для ўсіх астатніх футбалістаў, у якіх у працоўнай запісана «спартсмен-інструктар»;

• 4 тысячы рублёў (1,57 тысячы долараў) – для «стажораў спартсменаў-інструктараў», звычайна на такія «пасады» запісваюцца дублёры;

• 5 тысяч рублёў (без малога 2 тысячы долараў) – для начальніка каманды – старшага трэнера;

• 4 тысячы рублёў (1,57 тысячы долараў) – для ўсіх астатніх членаў трэнерскага штаба, за выключэннем галоўнага трэнера.

Удакладнім, што гаворка ідзе пра налічаныя заробкi – каб зразумець суму «на рукі», трэба яшчэ адняць 13% падаходнага падатку і 1% плацяжу ў ФСАН.

У ліпені таго ж 2021-га рэжымны кабмін зразумеў, што галоўны трэнер у выніку атрымаўся безлімітным – і дадаў абмежаванне і яму. Праўда, вельмі шчодрае – калі АБФФ ацэньвала заробак на такой пасадзе ў два разы ніжэй, чым у топ-гульца, то з дзяржкабінетаў дазволілі атрымліваць ажно 40 тысяч рублёў (больш за 15 тысяч долараў). Таксама ў дакуменце вырашылі ўсе лічбы зрабіць цэлымі – гэта прывяло да касметычнага павелічэння пары пазіцый на 0,1 і 0,5 базавай стаўкі, – і дакладна прапісалі, што дамовы, заключаныя да 25 сакавіка 2021-га, лімітам не падпарадкоўваюцца, так што абсалютная большасць футбалістаў у тым годзе дзеянне абмежаванняў на сабе адчуць не мусіла.

Цікавым момантам тады стала змена статусу зборніка . З дакумента знікла патрабаванне правесці палову матчаў – цяпер на працягу двух гадоў да падпісання кантракта дастаткова было проста згуляць у афіцыйным паядынку (адбор ЧС, адбор ЧЕ, Ліга нацый). А гэта значыць, што нават зараз больш за iншых у ЧБ можа атрымліваць, напрыклад, Дзяніс Лапцеў, які згуляў за зборную 27 сакавіка 2021-га ў матчы адбору ЧС з Эстоніяй і з таго часу за каманду не выступаў, ці Ігар Стасевіч, які апошні раз надзеў майку «нацыяналкі» на тры дні пазней пры 0:8 ад Бельгіі.

Але ключавой зменай ліпеня-2021 стаў дазвол мець у складзе пяць гульцоў і трох трэнераў, для якіх устанаўлiваўся асобны вялікі ліміт – за кошт надбавак, якія клуб мог вылучыць з любых сродкаў, акрамя дзяржпадтрымкі. Прывілеяваныя футбалісты маглі зраўняцца з галоўным трэнерам – атрымліваць тыя ж 15 з лішнім тысяч долараў. Коучы ж маглі прэтэндаваць на 6 тысяч рублёў (каля 2,3 тысячы долараў).

І вось – новыя ліміты. У канцы 2022-га да змен падышлі максімальна лаканічна – выпраўленыя былі толькі лічбы. Але гэта вельмі балючае выпраўленне – максімумы, наўпрост кажучы, абрынуліся: у звычайных футбалістаў – у 1,41 разу, у прывілеяваных – у 2,47 разу, у галоўных трэнераў – аж у 3,42 разу! Наогул не закранула паніжэнне толькі «зборнікаў». Для астатніх слабым суцяшэннем паслужыць тое, што базавая стаўка за паўтара года вырасла на 17%. Пры гэтым ранейшым лімітам падпарадкоўваюцца толькі кантракты, заключаныя да лістапада, хаця новая пастанова выйшла ў снежні – тыповая рэжымная гісторыя «зваротнай сілы».

Якія ж зараз максімумы?

Палічым адразу «чысты» ліміт – аднiмем 14% – і заадно перавядзем у долары па курсе на 21 студзеня (2,64). Такім чынам, столь па кантрактах, якія заключаны ў цяперашняе міжсезонне, складае:

• 6,16 тысячы долараў – для пяці футбалістаў, якія атрымліваюць асаблівыя надбаўкі з недзяржаўных сродкаў;

• 5,72 тысячы долараў – для тых, хто згуляў афіцыйны матч за зборную за апошнія два гады;

• 2,15 тысячы долараў – для звычайных «спартсменаў-інструктараў»;

• 1,04 тысячы долараў – для «стажораў»;

• 4,45 тысячы долараў – для галоўнага трэнера;

• 1,78 тысячы долараў – для трох трэнераў, якія атрымліваюць асаблівыя надбаўкі з недзяржаўных сродкаў;

• 1,04 тысячы долараў – для астатніх трэнераў, дактароў, аператараў відэазапісу.

Варта разумець так, што рашэнне рэжымнага кабміна стала адказам на восеньскія задумы АБФФ – там хацелі зрабіць усё яшчэ больш строга.

Таксама зрэзалі і ўведзеныя ў ліпені 2021-га ліміты на аднаразовыя агульнакамандныя прэміі – такія можна плаціць фіналістам Кубка і тым, хто заняў не ніжэй за 10-е месца ў «вышцы». Змяншэнне склала ў раёне 60-80 працэнтаў. Крайнія паказчыкі такія: за чэмпіёнства зараз можна плаціць пад 177 тысяч долараў на каманду, за месцы з 5-га па 10-е (так, паміж імі няма ніякай розніцы ў гэтым плане) – каля 32 тысяч.

Забаўным выглядае той факт, што абмежаванні для гульцоў і трэнераў па штомесячных выплатах у дакуменце прапісаны роўна для аднаго турніру – футбольнай вышэйшай лігі. Атрымліваецца, што ў першай і другой лігах лімітаў на паперы не існуе – і каманды адтуль могуць прапаноўваць футбалістам больш выгадныя здзелкі, аднак наўрад ці ў такіх клубаў ёсць на гэта рэсурсы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты