Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У гандболе беларус ізноў можа патрапіць у «Барселону». Перш туды прыходзіў Рутэнка – з рэкордам Славеніі і свету па грошах і каштоўнымі парадамі Глеба

У гандболе беларус ізноў можа патрапіць у «Барселону». Перш туды прыходзіў Рутэнка – з рэкордам Славеніі і свету па грошах і каштоўнымі парадамі Глеба

Пазней футбаліст і гандбаліст яшчэ раз апынуліся ў адной камандзе, але пра гэта нават сорамна казаць.

Аўтар — bytribuna com
23 студзеня 2023, 13:16
У гандболе беларус ізноў можа патрапіць у «Барселону». Перш туды прыходзіў Рутэнка – з рэкордам Славеніі і свету па грошах і каштоўнымі парадамі Глеба

Нарвежскі партал TV2 на днях апублікаваў рэйтынг 50 найлепшых гандбалістаў свету ў 2022-м, дзе знайшлося месца і нашаму суайчынніку - 26-гадоваму гульцу зборнай Беларусі і польскага «Кёльцэ» Арцёму Каральку. Ураджэнец Гродна ў параўнанні з мінулым годам узняўся на чатыры радкі і размясціўся ў топе на 12-м месцы. Больш за тое, нарвежскія журналісты назвалі Каралька найлепшым лінейным у свеце:

- На наш погляд, Каралёк найлепшы лінейны ў свеце, які заслужыў месца ў камандзе ўсіх зорак Лігі чэмпіёнаў у мінулым сезоне. У беларуса бліскучая тэхніка, і ён проста фантастычны ў выкарыстанні прасторы на лініі, - гаворыцца ў матэрыяле.

Цікава, што на 11-м месцы ў рэйтынгу аказаўся таксама лінейны - француз Людавік Фабрэгас з "Барселоны". Гульца каталонскага клуба эксперты паставілі вышэй ў першую чаргу за дзеянні ў абароне, у той час як для беларуса гэта застаецца адным з галоўных слабых бакоў.

Пры гэтым зараз Каралёк разглядаецца каталонцамі ў якасці замены Фабрэгасу, які зазбіраўся ў венгерскі «Веспрэм». У канцы 2022-га з'явілася інфармацыя пра тое, што «сіне-гранатавыя» хочуць падпісаць аднаго з лідараў свайго суперніка па апошнім фінале Лігі чэмпіёнаў («Барселона» тады толькі ў серыі пенальці абгуляла «Кёльцэ», а Каралёк забраў званне найлепшага гульца «фіналу чатырох»).

Фабрэгас і Каралёк у фінальным матчы ЛЧ-2021/22

Трансфер здаецца яшчэ больш рэальным ва ўмовах таго, што польскі клуб знаходзіцца не ў найлепшым фінансавым становішчы: тытульны спонсар адмовіўся выконваць кантракт (праз гэта з 1 студзеня каманда была афіцыйна пераназваная ў гонар іншага партнёра), і бюджэт абсеў прыкладна на 30%. Знайсці генеральнага фундатара за два месяцы не атрымалася, да таго ж гарадскія ўлады адмовіліся выдзяляць камандзе грошы праз агульную складаную фінансавую сітуацыю (нельга не адзначыць, што мэр Кёльцэ Багдан Вента - былы гандбаліст, які трэніраваў клуб).

Амаль 14 гадоў таму пры падобных абставінах адбыўся рэкордны па тых часах пераход - на фоне фінансавых цяжкасцяў якраз у "Барсу" з удзелам беларуса. Героем той гісторыі быў антыгерой нашага часу Сяргей Рутэнка.

Пераход у стан галоўнага суперніка дапамог камандзе праіснаваць яшчэ пару гадоў

У "Сьюдад Рэал" Рутэнка пераходзіў са славенскага "Цэле" летам 2005-га за 400 тысяч еўра (на той момант самы дарагі пераход у славенскім спорце - так-так, нават з улікам футбола) у статусе пераможцы Лігі чэмпіёнаў і найлепшага бамбардзіра двух апошніх яе розыгрышаў (да таго ж чатыры разы браў залатыя медалі чэмпіянату Славеніі і тройчы станавіўся ўладальнікам мясцовага Кубка).

За чатыры наступныя сезоны ў Іспаніі Рутэнка колькасць трафеяў прыкметна прымножыў: адразу тры перамогі ў ЛЧ (найвышэйшым дасягненнем клуба да гэтага быў фінал у 2005-м, прайграны «Барсе»), тры Суперкубкі Еўропы, тры чэмпіёнскія тытулы ў Іспаніі, пяць Кубкаў, а таксама два Суперкубкі краіны - нездарма мінчанін з'яўляўся адным з высокааплатных гандбалістаў свету на той момант.

Напэўна Рутэнка застаўся б у «Сьюдад Рэале» даўжэй, чым на чатыры гады, прынамсі сам гандбаліст казаў пра тое, што не меў вялікага жадання пакідаць клуб, але ў уласніка на фоне глабальнага крызісу пачаліся праблемы з фінансаваннем каманды, і толькі продаж лідара мог неяк выправіць сітуацыю. У чэрвені 2009-га галоўны канкурэнт "Сьюдада" на ўнутранай і еўрапейскай арэне "Барселона" выйшла на гульца з чарговай шчодрай прапановай (па ёй аклад Рутэнка павышаўся ў два разы), але атрымала адмову. Тым не менш ужо праз месяц пагадненне было падпісанае: прыняць офер каталонцаў будучага адэпта Лукашэнка пераконвала кіраўніцтва «Сьюдада», а галоўны трэнер хоць і пачуваўся старэйшым братам Рутэнкі і ўвогуле меў патрэбу ў гульцу, быў гатовы сам адвезці яго ў Барселону. Характэрна, што і тады "Сьюдад Рэал" Рутэнка, і цяпер "Кёльцэ" Каралька ўзначальвае Талант Дуйшэбаеў. І словы ўраджэнца Бішкека пра магчымы пераход Каролька ў Каталонію нешта вельмі моцна нагадваюць.

- Я лічу гэта абсалютна нармальным. У спорце заўсёды так: сёння я тут, а заўтра ўжо тамака. Мы ўсе прафесіяналы і жадаем найлепшага для сябе і сваіх сем'яў. "Барелона", "Кіль", "Веспрэм" - найлепшыя каманды свету, усе хочуць перайсці ў гэтыя клубы. Ніхто не можа адабраць у гульца мару пра пераход ў вялікі клуб, - сказаў Дуйшэбаеў.

Па выніку за Рутэнку заплацілі абсалютна рэкордныя па тых часах для гандбола 1,2 мільёна еўра (такая сума адступных была прапісана ў кантракце). Праўда, гэта толькі адтэрмінавала смерць клуба. У 2011-м "Сьюдад Рэал" пераехаў у Мадрыд, узяўшы назву "Атлетыка", а праз два гады каманда перастала існаваць.

Што тычыцца Рутэнка, то па некаторых дадзеных яго заробак складаў 400 тысяч еўра ў год. Але сам спартовец на пытанні пра грошы не адказваў, адбіваючыся тым, што нават з родным братам, які ў той час выступаў за мінскае «Дынама», такія тэмы не абмяркоўвае.

Першым выбарам «Барсы» быў іншы топ-гулец, але ён абраў Францыю

Рэкордны трансфер мог не адбыцца не толькі праз жаданне Рутэнка гуляць за «Сьюдад Рэал», але і таму што «Барселона» на пазіцыю левага паўсярэдняга таксама разглядала гульца зборнай Францыі і нямецкага «Кіля» Ніколу Карабаціча - перамовы з кандыдатамі клуб распачаў адначасова. Да таго моманту Карабаціч ужо меў у актыве званне найлепшага гульца свету (2007), два тытулы ЛЧ, па чатыры чэмпіёнствы ў Францыі і Германіі, а са зборнай браў золата Алімпіяды, ЧС і ЧЕ.

Але ў выніку француз зрабіў выбар на карысць «Манпелье», дзе ён пачынаў прафесійную кар'еру - ключавым фактарам у прыняцці рашэння стала тое, што за клуб выступаў малодшы брат Ніколы Лука, а іх бацька ўваходзіў у трэнерскі штаб каманды.

У чэрвені 2013-га Карабаціч усё ж перабраўся ў «Барселону», дзе ў тандэме з Рутэнкам у 2015-м узяў сваю трэцюю ЛЧ у кар'еры (для беларуса то быў другі кантынентальны поспех у складзе каталонцаў і шосты ў кар'еры) і другі раз атрымаў званне найлепшага гандбаліста ў свеце (2014), а ў 2015-м адначасова з Рутэнкам клуб пакінуў - «ПСЖ» аддаў за француза 2 мільёны еўра.

Пасля пераезда ў "Барселону" размаўляў з Глебам

Пераход Рутэнка ў «Барселону» не абышоўся без згадак пра Аляксандра Глеба, які пакінуў горад акурат перад тым, як туды заехаў суайчыннік - футбаліст на правах арэнды выправіўся ў «Штутгарт». Журналісты часта пыталіся ў Рутэнка пра тое, ці ведае ён Глеба. Такое ж пытанне яму задаў прэзідэнт "Барсы" Жоан Лапорта на іх першай сустрэчы.

Таксама Рутэнка распавёў, што звязваўся з футбалістам, ужо аформіўшы трансфер: той папярэдзіў, што пасля пераходу са сталічнага рэгіёну ў Каталонію добрага стаўлення да сябе чакаць не варта і параіў рыхтавацца да таго, што на пляцоўцы будуць біць - ад супернікаў гандбалісту і так часцяком даставалася. Да таго ж многія заўзятары «Сьюдада» пераход свайго лідара да прынцыповага канкурэнта не ацанілі і палічылі Рутэнку здраднікам.

Што да далейшых узаемадзеянняў Глеба і Рутэнкі, то яны яшчэ некалькі разоў перасякаліся ў розных амплуа. Спачатку ў якасці галоўных герояў удзельнічалі ў шоў ад мабільнага аператара А1 «Лава асноўных», дзе разам з Аляксеем Калюжным, цяпер забаненым у белхакеі, у нязмушанай абстаноўцы ўспаміналі яркія моманты са сваёй кар'еры.

А праз некалькі гадоў Глеб і Рутэнка нават аказаліся ў адной камандзе і выйшлі разам на поле: мінулым летам, калі ўжо ішла вайна ва Украіне, у Мінску прайшоў «Кубак Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь», прысвечаны Дню Расіі, і там былыя «барселонцы» прадстаўлялі каманду «ДрымЦім». У аднаклубніках спрэс былі людзі, якія маюць дачыненне да адхілення Калюжнага: кіраўнік ФХБ Аляксандр Багдановіч, генеральны сакратар хакейнай федэрацыі Андрэй Башко, дырэктар хакейнай школы БФСТ «Дынама» Арцём Каркоцкі, а з капітанскай павязкай гуляў датычны да забойства Рамана Бандарэнкі Дзмітрый Баскаў - у прынцыпе, зборышча верных адэптаў рэжыму Лукашэнка.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты