Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Топ-фрыстайлістка Раманоўская ў 26 шукае працу ў IT. Тлумачым, чым яна хоча займацца і якая сітуацыя на рынку працы

Топ-фрыстайлістка Раманоўская ў 26 шукае працу ў IT. Тлумачым, чым яна хоча займацца і якая сітуацыя на рынку працы

Вакансіяў мала, але можна атрымліваць больш, чым у зборнай.

Аўтар — bytribuna com
24 студзеня 2023, 14:13
Топ-фрыстайлістка Раманоўская ў 26 шукае працу ў IT. Тлумачым, чым яна хоча займацца і якая сітуацыя на рынку працы

Чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская свой апошні скачок на афіцыйным старце выканала 20 лютага 2020 года. Пасля была цяжкая траўма калена з аперацыяй і доўгай рэабілітацыяй, подпіс за сумленныя выбары, звальненне са зборнай і Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле нібыта за прагул (у дзень «прагулу» спартсменка вазіла ў лякарню бацьку, які перанёс інсульт), праца менеджарам у фотастудыі і інструктарам па катанні на горных лыжах і сноўбордзе ў «Сілічах», затрыманне і штраф у 2610 рублёў за налепку на машыне і, у рэшце рэшт, разбітая надзея вярнуцца ў зборную: Аляксандра трэніравалася ў РЦАП і атрымала намёк на тое, што можа паехаць з камандай на зборы ў Швейцарыю. Але псеўдаміністр спорту Сяргей Кавальчук гэтую ідэю забракаваў - з магчымых удзельнікаў збору яна была выкраслена, а канфіскаваны пропуск пазбавіў спартсменку магчымасці наведваць РЦАП.

Цяпер Раманоўская спрабуе сябе знайсці ў абсалютна новай для сябе сферы: у сацыяльнай сетцы LinkedIn яна апублікавала запіс аб тым, што шукае працу (або стажыроўку, хаця б бясплатную) на пасаду QA Еngineer або, калі прасцей, тэставальніка - спецыяліста, задача якога прадухіляць дэфекты і выяўляць памылкі ў рабоце праграмнага забеспячэння.

Расказваем, чым мае намер займацца тытулаваная спартсменка і як ідуць справы для тэставальнікаў на рынку працы.

Як справы на рынку працы?

Аляксандра ў сваім рэзюмэ зазначыла, што скончыла курсы кампаніі A1QA і там жа здала іспыт катэгорыі функцыянальны тэставальнік. Калі сцісла, у яе абавязкі будзе ўваходзіць прыдумванне тэстаў і "ручная" праверка праграмы на багі (памылкі) і ўразлівасці.

На тэматычных сайтах і форумах шмат пішуць пра тое, што рынак IT-індустрыі перажывае крызіс: у другой палове 2022-га больш за 100 тысяч спецыялістаў па ўсім свеце былі скарочаныя, а для беларускага рынку ўсё ўскладнілася тым, што праз пачатак вайны ва Украіне вялікая колькасць заказаў папросту сышла - замежныя кампаніі не жадаюць мець справу з краінай, якая падтрымлівае вайну.

Што тычыцца непасрэдна вакансій на пазіцыю Junior QA Engineer, на якую прэтэндуе Раманоўская, то іх зараз у разы менш, чым суіскальнікаў. Многія IT-кампаніі, у тым ліку A1QA, дзе вучылася фрыстайлістка, прапануюць стажыроўку толькі ў выпадку рэлакейту работніка ў Грузію ці Польшчу.

Але імя Аляксандры гуляе ёй у плюс: пад пастом аб пошуку працы сабралася амаль 150 каментароў. Большасць - проста пажаданне ўдачы, але ёсць і паведамленні ад патэнцыйных працадаўцаў.

Што з заробкам?

Тэставанне - адна з самых простых прафесій для ўваходу ў IT-сферу, але разам з тым і адна з самыз нізкааплатных у гэтай галіне. Па дадзеных сайта dev.by за 2022 год, сярэдні заробак малодшых спецыялістаў-тэстыроўшчыкаў складае 600 у.а. (менш толькі ў работнікаў службы падтрымкі - у раёне 570 у.а.).

На ўсё тым жа партале dev.by адна з вакансій на пазіцыю, якой цікавіцца Аляксандра, магчымы заробак устаноўлены ў рамках 300-800 у.а.

З назапашваннем досведу і пераходам на наступныя ўзроўні зарплата спецыяліста прыкметна падрастае. Да прыкладу, сярэдняя зарплата Senior QA Engineer (старэйшых тэставальнікаў) па дадзеных за папярэдні год усталявалася ў раёне 2000 у.а. – для параўнання, сярэдні заробак спартсменкі ў зборнай складаў каля 3000 беларускіх рублёў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты