Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Юрэвіч адмовіўся ўзначаліць АБФФ, але будзе ўзгадняць трэнераў для зборнай і нават клубаў

Юрэвіч адмовіўся ўзначаліць АБФФ, але будзе ўзгадняць трэнераў для зборнай і нават клубаў

Пахiснулicя пазіцыі Молаша, Камароўскага i не толькi.

Аўтар — bytribuna com
9 лютага 2023, 19:30
5
Юрэвіч адмовіўся ўзначаліць АБФФ, але будзе ўзгадняць трэнераў для зборнай і нават клубаў

Пра галоўнае з таго, што адбылося і было сказана на сумеснай калегіі Мінспорту і АБФФ 8 лютага, мы ўжо напісалі, аднак роля Анатоля Юрэвіча, якога прызначылі трэнерам-куратарам беларускага футбола, засталася не да канца зразумелай.

Прыклад «Энергетыка-БДУ» – свежага праекта ў кар'еры спецыяліста – уразіў Сяргея Кавальчука. Так званы міністр спорту вырашыў ухапіцца за Юрэвіча ў пакутлівых спробах вывесці беларускі футбол з крызісу. Уласныя ідэі – праз ліміты, усялякія фінансавыя абмежаванні, палітычныя рэпрэсіі, а таксама беспрэцэдэнтны давер цяперашнім кіраўнікам АБФФ – не спрацавалі.

Многія, хто прысутнічаў на пасяджэнні, чакалі, што Кавальчук абмяжуецца крытыкай у адрас Уладзіміра Базанава і Юрыя Вяргейчыка, таму запрашэнне і прадстаўленне Юрэвіча было ўспрынята з надзеяй, а пасля жорсткага выступлення самога Юрэвіча амаль усе ўсвядомілі – белфутбол чакаюць вялікія змены.

Спяшаемся з падрабязнасцямі.

На паперы Юрэвіч – дзяржтрэнер «міністэрства», ступень яго ўплыву велізарная, але ўсё прыйдзецца ўзгадняць з Кавальчуком

Ветэрану трэнерскага цэха прапаноўвалі стаць босам у Доме футбола, але браць на сябе такую адказнасць ён не захацеў. У выніку Юрэвічу даручана адказваць за стратэгію і праграму развіцця віду спорту ў краіне, але гэта ўсё занадта агульныя паняцці.

Ключавая задача – праца з кадрамі. Па нашай інфармацыі, Юрэвіч будзе ўплываць на кожнае новае трэнерскае прызначэнне ў клубах вышэйшай лігі і ў зборнай. Давер пры выбары татальны, аднак кожны кейс будзе абмяркоўвацца асабіста з Кавальчуком.

Сам Юрэвіч нярэдка ставіў на былых футбалістаў, якія толькі-толькі завяршылі кар'еру. Нагадаем, што найлепшы трэнер мінулага сезона Арцём Радзькоў, які пакінуў «Іслач» пасля прэстыжнага пятага месца па выніках чэмпіянату-2022, прайшоў праз школу Юрэвіча ў «Энергетыку-БДУ». Аднак Юрэвіч каціруе толькi сваю сістэму – лічыць, што пасля яе чалавек гатовы працаваць у вышэйшай лізе, а да падобных кейсаў у іншых клубах ставіцца скептычна.

У мінулым сезоне ў вышэйшай лізе было дастаткова маладых трэнераў і пачаткоўцаў – Яўген Чарнухін у «Віцебску», Аляксандр Міхайлаў у БАТЭ, Павел Кірыльчык у «Арсенале», Дзмітрый Молаш у «Тарпеда-БелАЗ», а ў мінскім «Дынама» – Арцём Чалядзінскі.

Юрэвіч перакананы, што ў Беларусі хапае вопытных і свабодных трэнераў, якія лепш выканалі б сваю работу на вышэй названых месцах.

Так званае міністэрства спорту будзе ўважліва сачыць не толькі за трэнерскімі прызначэннямі, але і за кіраўнічымі. Так, цяпер дырэктарам клуба не можа стаць які-небудзь чалавек выключна па рашэнні кіраўніцтва горада ці рэгіёна. Гэтак жа і па трэнерах. Клубы губляюць самастойнасць, а кожная кадравая перастаноўка будзе праходзіць праз Юрэвіча і Кавальчука.

Юрэвіч разнёс АБФФ – канчатковае знішчэнне мадэлі Базанава і Вяргейчыка чакаецца 16 лютага на пасяджэнні выканаўчага камітэта федэрацыі. Усе ўпэўненыя, што дні цяперашняга кіраўніцтва АБФФ мінулі. Хаця гэта вядома ўжо даўно.

Падчас атакі Юрэвіча Базанаў нерваваўся, а Вяргейчык па класіцы застаўся незаўважным

Як паведамляюць нашы крыніцы, пры кожным згадванні прозвішча Вяргейчыка чыноўнік уціскаўся ў крэсла і рабіў выгляд, што яго на сустрэчы няма.

На Базанаве не было твару, аднак самае непрыемнае наперадзе – 16 лютага. Спакойна сысці не атрымаецца.

Выразны сігнал ад Юрэвіча атрымалі маладыя трэнеры вышэйшай лігі. У прысутных склалася адчуванне, што пазіцыі ўжо згаданага Молаша, а таксама Дзмітрыя Камароўскага, які толькі-толькі ўзначаліў «Іслач», пахіснуліся. Не выключана, што трэнерскія ракіроўкі ў гэтых (і не толькі) клубах яшчэ адбудуцца.

Больш вопытныя спецыялісты – Ігар Кавалевіч і Юрый Пунтус – падыгралі Юрэвічу. Выглядала няпэўна і няшчыра, але публіка прачытала выступы галоўных трэнераў «Нёмана» і «Нафтана» як спробу наладзіць кантакт з новай сілай у беларускім футболе. І ёй спадабаецца.

Хтосьці прыняў Юрэвіча з асцярогай за свае пазіцыі, але ў цэлым усе ўсвядомілі, што цяпер над імі ўстаноўлены новы кантралюючы орган.

Першае сур'ёзнае рашэнне Юрэвіча – новы трэнер для зборнай

Як кажуць, гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. Відавочна, што галоўную каманду краіны прыме чалавек з сістэмы Юрэвіча. Шмат хто шэптам прамаўляў прозвішча Аляксандра Сяднёва, які цяпер працуе ў Казахстане – у «Ардабасы».

Георгій Кандрацьеў выглядаў разгубленым. Асабліва пасля кароткага ідэалагічнага роліка на тэму таго, як выконваюць гімн перад матчамі топавыя сусветныя зборныя, а як – каманда Кандрацьева, i ў прыватнасці – трэнерскі штаб.

Змены на пазіцыі галоўнага трэнера зборнай пройдуць сінхронна са зменамі ў кіруючым складзе федэрацыі. Аднак хто ўзначаліць АБФФ – пакуль незразумела. Кажуць, што кандыдат ужо абраны, аднак яго імя трымаецца ў строгім сакрэце. Кавальчук палохаў прысутных запрашэннем ваеннага чалавека – гучала цынічна, улічваючы, што Базанаў – класічны ваенны, артылерыст у мінулым.

Пасля «Энергетыка-БДУ» Юрэвіч мае ўсе шанцы падпарадкаваць сабе ўвесь беларускі футбол

А ў ім хапае як прыхільнікаў, так і праціўнiкаў Юрэвіча, якія ўсё жыццё папракалі трэнера ў тым, што той працуе выключна на асабісты інтарэс. Часцяком – фінансавы.

Праціўнікі Юрэвіча глядзяць у будучыню са страхам. Сярод іх, дарэчы, і Вяргейчык, які такі паварот спраў у белфутболе ўспрыняў як уласную паразу.

Вяргейчыку здавалася, што пасля смерці Анатоля Капскага ён атрымае больш уплыву на ўсе працэсы ў белфутболе, аднак замест гэтага намеснік старшыні федэрацыі распісаўся ва ўласнай некампетэнтнасці. Хуткі сыход Базанава і Вяргейчыка амаль усе чакаюць з вялікім нецярпеннем і асалодай.

Нарада была запланавана на тры гадзіны, але прасядзелі амаль шэсць. Як адзначаюць нашы спікеры, «пачалі з ідэалогіі - ёй жа і скончылі». Аднак і прыхільнікі, і супернікі Юрэвіча сышліся на думцы, што белфутбол сапраўды бярэ новы вектар, далей сітуацыя можа пайсці па любым сцэнарыi, а кантролю над дзеяннямі ўсіх удзельнікаў белфутбола будзе куды больш.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты