Tribuna/Гандбол/Блогі/О духе времени/Мбапэ паглядзеў на гульню гандбаліста з Беларусі – каманда таго саступіла «ПСЖ», хоць і вяла «+9»

Мбапэ паглядзеў на гульню гандбаліста з Беларусі – каманда таго саступіла «ПСЖ», хоць і вяла «+9»

Яшчэ Мікіта Вайлупаў умее прадаваць свае карціны на тысячы еўра.

Аўтар — bytribuna com
2 сакавіка 2023, 16:33
Мбапэ паглядзеў на гульню гандбаліста з Беларусі – каманда таго саступіла «ПСЖ», хоць і вяла «+9»

Увечары 1 сакавіка праходзілі матчы заключнага тура гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. У адным з іх «ПСЖ» прымаў венгерскі «Веспрэм». Французскі клуб падчас матча посціў яго падзеі анлайн у сваім Twitter - запісы набіралі па пару тысяч ахопу, але раптам адна з іх выдала 131 тысячу. Сакрэт быў просты - парыжане падзяліліся здымкам Кіліяна Мбапэ, суперзоркі спартыўнага брэнда, якая зазірнула на трыбуны.

Як нагадваюць французскія медыя, нічога занадта дзіўнага ў прыходзе Мбапэ на гандбол няма. Побач з ім заўважылі членаў яго сям'і - у тым ліку маці Файзу Ламары, якая ў 1990-х была прафесійнай гандбалісткай. Ды і Кіліян з'яўляецца на трыбунах не ўпершыню.

Наўрад ці чэмпіён свету па футболе пашкадаваў пра свой выбар занятку на вечар – гандбол атрымаўся з класным сюжэтам. У першым тайме «ПСЖ» праваліўся - спачатку дазволіў «Веспрэму» закінуць пяць разоў запар і зрабіць лік 4:10, а потым увогуле саступаў ажно дзевяць мячоў. Аднак вялізная для гандбола розніца не зламала гаспадароў - да канца тайма ад 9:18 парыжане дайшлі да больш прыстойных 19:24, а ў другой палове двойчы вызначыліся па чатыры разы запар, што дазволіла спачатку зраўняць лік, а затым адарвацца самім. Венгры не здаліся і зрабілі 34:34, але канцоўка ўсё роўна засталася за гаспадарамі - яны і выйгралі гэты бурны матч 37:35.

Цікава, што пры гэтым для «ПСЖ» сустрэча не мела турнірнага значэння - клуб загадзя гарантаваў сабе першае месца ў групе і выхад напрамую ў чвэрцьфінал. А вось «Веспрэм» у выпадку сваёй перамогі захоўваў шанцы стаць другім у табліцы, што таксама давала пуцёўку ў 1/4 (але трэба было яшчэ, каб свой матч 2 сакавіка прайграў «Магдэбург»). Параза дакладна вызначыла, што венгерскі клуб заняў трэці радок - давядзецца гуляць 1/8 фіналу, дзе «Веспрэм» зладзіць разборку ўнутры краіны з «Сегедам», які стаў шостым з васьмі каманд другой групы.

А яшчэ Мбапэ ўжывую ўбачыў гульню беларускага гандбаліста Мікіты Вайлупава - ён перайшоў у «Веспрэм» перад пачаткам сезона-2022/23 з «Мяшкова». Напрыканцы брэсцкі клуб, які пасля пачатку вайны ва Украіне, што з 24 лютага 2022 года вядзецца Расіяй з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, сталі пакідаць многія лідары, планаваў выйграць Кубак, але нешта пайшло не так - каманда Вайлупава і тады ўпусціла буйную перавагу.

Супраць ПСЖ Вайлупаў галамі не вызначыўся, але ўвогуле за 14 матчаў сезона ЛЧ закінуў 30 разоў. Асабліва паспяховай атрымалася гасцявая сустрэча з бухарэсцкім «Дынама» (31:31), дзе беларускі гандбаліст правёў 7 мячоў, стаўшы найлепшым у камандзе па гэтым паказчыку. У чэмпіянаце Венгрыі, дзе ў «Веспрэма» 16 перамог у 16 матчах, Вайлупаў - найлепшы бамбардзір клуба з 71 мячом. А яшчэ ў верасні гулец паспеў стаць з «Веспрэмам» чэмпіёнам адкладзенага праз каранавірус сезона-2021/22 - дапамог заваяванню тытула 14 мячамі за тры матчы (4 - у фінале).

Паспявае правы крайні дзейнічаць не толькі на пляцоўцы - не так даўно распавёў «Хуткаму цэнтру», што за тысячу еўра купіў дрон, з дапамогай якога будзе падрабязна здымаць свае трэніроўкі (у выніку збіраецца запісаць поўны відэакурс для навучання маладых), і таксама вывучае графічны і маўшн-дызайн у дадатак да свайго даўняга захаплення стварэннем абстрактных карцін, пра якое ён ужо расказваў падрабязна.

Цяпер Вайлупаў распавёў, што карціны, якія ён малюе чым заўгодна - "пальцамі, шпатэлем, валікам", - часам прадаюцца за вельмі нядрэнныя грошы: рэкорд - чатыры тысячы еўра за серыю з амаль дзясятка палотнаў. Але марыць Мікіта і пра рэалізацыю ў іншых сферах: скачках з парашутам (аднак толькі пасля заканчэння гандбольнай кар'еры) і пілатавання рэактыўнага знішчальніка.

Што тычыцца гандбола, то Вайлупаў - не адзіны беларускі гулец, хто трапіў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Арцём Каралёк з "Кёльцэ" змог выйсці адразу ў чвэрцьфінал - у сваёй групе заняў другое месца, але напрыканцы можа абгуляць "Барселону" з першага (матч - увечары 2 сакавіка). Ужо згаданае бухарэсцкае «Дынама» з Вячаславам Боханам выйшла ў 1/8 фіналу, дзе згуляе з «Кілем» або «Ольбаргам».

Іншыя пасты блога

Усе пасты