Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Футбалісты «Дынама» даведаліся пра дзяржсімволіку ад «ківалы Лукашэнкі» – у яго жыцці былі барцоўскія прыёмы пад кавер на Кіркорава, наезд на Герасіменю і Станюту і рэклама «канстытуцыі» ў АБФФ з ФХБ

Футбалісты «Дынама» даведаліся пра дзяржсімволіку ад «ківалы Лукашэнкі» – у яго жыцці былі барцоўскія прыёмы пад кавер на Кіркорава, наезд на Герасіменю і Станюту і рэклама «канстытуцыі» ў АБФФ з ФХБ

Ачарняў БЧБ і «Пагоню», але ўгнявіў «лукашыстаў» спробай прасунуць беларускую мову.

Аўтар — bytribuna com
4 сакавіка 2023, 13:00
1
Футбалісты «Дынама» даведаліся пра дзяржсімволіку ад «ківалы Лукашэнкі» – у яго жыцці былі барцоўскія прыёмы пад кавер на Кіркорава, наезд на Герасіменю і Станюту і рэклама «канстытуцыі» ў АБФФ з ФХБ

Белфутбол працягваюць адрываць ад спартыўных працэсаў – рэжым Лукашэнкі вырашыў, што вiду не хапае ідэалагічнай накачкі. Тым больш у некаторых клубах да гэтага часу хочуць супрацоўнічаць з непажаданымі для рэжымнага Мінспорту гульцамі – «міністр» Сяргей Кавальчук усё не можа вырашыць, ці баніць у сістэме тых, хто ў 2020-м асмеліўся сказаць, што супраць гвалту, і каманды губляюць гульцоў выбарачна і без асаблівай логікі.

Непажаданых футбалістаў у 2023-м рэгулярна адпраўляюць на рэжымныя мерапрыемствы ў надзеі зарабіць «дараванне» ад Кавальчука. Але для свайго любімага мінскага «Дынама» «міністр» зладзіў масавую «сходку». 2 сакавіка «міністэрства» паведаміла, што на стадыёне «Дынама» для прадстаўнікоў клуба правялі «інфармацыйнае мерапрыемства», а фактычна – лекцыю пра дзяржсімволіку, нанясенне якой на самае бачнае месца формы цяпер абавязкова для ўсяго белфутбола. На фота не відаць твараў некаторых удзельнікаў «мерапрыемства», але ў левай частцы кадра на заднім шэрагу бачныя Алег Нікіфарэнка і Арцём Быкаў, а галоўны трэнер Вадзім Скрыпчанка сядзеў бліжэй – адразу за Уладзімірам Хвашчынскім і, канешне, Аляксандрам Сачыўкам, якога смела маглі абвяшчаць ганаровым госцем.

Лектарам жа выступіў сябра парламента Лукашэнкі Ігар Марзалюк – ніякай сувязі з прарэжымнай барчыхай-дапінгісткай Васілісай Марзалюк, але і без таго гэта цiкавы персанаж, які не ўпершыню перасякаецца са спортам. Найбольш вядомы ён стаў у красавіку 2019-га як «ківала Лукашэнкi» – вельмі ўжо выразна трос галавой, а потым са слязамі на вачах ладзіў авацыю падчас выступу Аляксандра.

Марзалюку 54 гады, з якіх рэжымную кар'еру ён робіць крыху больш за дзесяць. А калісьці быў зусім далёкі ад цяперашніх рэжымных установак – Ігар, сын настаўніка гісторыі, з юных гадоў цікавіўся мінулым Беларусі, адвучыўся на гістфаку педуніверсітэта ў Магілёве і ў першыя гады беларускай незалежнасці стаў актывістам Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, партыі, якая сваёй задачай ставiла «нацыянальнае адраджэнне». Сам Марзалюк, як выявіла «Радыё Свабода», тады расказваў на мітынгах пра беларуска-расiйскія войны былых часоў і пісаў у «Нашу Ніву» пра тое, што БНР была «адзінай законнай уладай у Беларусі» ў 1918 годзе. Аднак да канца 1990-х Марзалюк выйшаў з партыі, сказаўшы таварышам, што расчараваўся ў іх ідэях.

У 2000-х Марзалюк пайшоў у грамадскую дзейнасць – арганізаваў у Магілёве краязнаўчае таварыства (пад якое, па словах былых знаёмых, атрымліваў замежныя гранты), пісаў гістарычныя артыкулы і нават кнігі, выступаў запрошаным экспертам на розных мерапрыемствах. У 2003-м Марзалюк да ранейшай кандыдацкай дысертацыі па гісторыі Магілёва дадаў доктарскую, дзе вывучыў «стэрэатыпы насельніцтва беларускіх земляў у X–XVII стагоддзях», і стаў загадчыкам секцыі (неўзабаве стала асобнай кафедрай) археалогіі на гістарычным факультэце Магілёўскага дзяржуніверсітэта, які калісьцi скончыў Лукашэнка.

Толькі ў 2008-м біяграфія выкладчыка зрабіла круты паварот – Лукашэнка прыехаў на адкрыццё адноўленай Магілёўскай гарадской ратушы з памяшканнямі музея гісторыі горада, праводзіць экскурсію даверылі якраз Марзалюку. Кажуць, Лукашэнку яна моцна ўразіла – неўзабаве «лектара» паставілі кіраўніком навуковай дзяржпраграмы гістарычных даследаванняў, а ў 2012-м зрабілі членам рэжымнага парламента. У 2018-м, згодна з дэкларацыяй аб даходах, Марзалюк зарабляў 2,5 тысячы долараў у месяц – просты беларускі выкладчык наўрад ці так змог бы.

За час пры рэжыме Марзалюк не раз трапляў у стужкі навін па своеасаблівых падставах – сярод іх быў і кавер на Філіпа Кіркорава ў 2019-м. Тады член «парламента» напярэдадні «выбараў» выпусціў цэлы кліп – сярод іншага там паказвалася, як Марзалюк у форме для ўсходніх адзінаборстваў адпрацоўвае на кімсьці прыёмы пад словы «Я падымуся роўна столькі разоў, колькі разоў упаду» і «Няма ніякіх змен без болю і мук» (адзнака 2:19).

Таксама Марзалюк быў рэдкім прыкладам «парламентарыя», які рэгулярна публічна выступае па-беларуску – не бачыў пагрозы для нацыі з-за распаўсюду рускай, заяўляючы, што «мова беларуская, як і дзяржаўнасць, будуць існаваць да прышэсця Хрыста». А ў 2016-м Марзалюк увогуле заявіў, што дзеянні Расіі (відавочна, мелася на ўвазе анэксія Крыма і дапамога «сепаратыстам» у акупацыі Данбаса) – «жахлівая рэч, якая разбурыла пачуццё ўсходнеславянскага адзінства», і любы «ўкраінец, які бярэ ў рукі зброю і ідзе ваяваць за тэрытарыяльную цэласнасць краіны, не можа быць абражаны».

Цяпер, калі з 24 лютага 2022-га Расiя працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, Марзалюк ніяк не падтрымлівае ўкраінцаў. Ды і не ў тон расійскаму наратыву «дэпутат» сабе выказвацца больш не дазваляе. З 2020-га Марзалюк стаў звычайным прапагандыстам рэжыму Лукашэнкі – праўда, не адразу пасля выбараў. У самыя гарачыя дні пратэстаў і бесчалавечнага гвалту сілавікоў «парламентарыя» заўважылі ў цэнтры Менска з вельмі няцвёрдай хадой – у канцы жніўня Марзалюк заявіў, што не быў п'яны, а «на нагах пераносіў інсульт», маўляў, яго накрыла з-за нейкіх «пагроз » у сацсетках.

Зрэшты, ужо восенню 2020-га Марзалюк стаў актыўна выступаць у дзяржСМІ – пачаў з таго, што біць жанчын «нешляхетна», але «дзяржава для захавання бяспекі мае права на гвалт», а затым прыняў курс на ачарненне ўсіх нацыянальных сімвалаў. Лозунг «Жыве Беларусь!» Марзалюк абвясціў калькай фашысцкага вітання (пры гэтым паказаў натуральнае фашысцкае вітанне правай рукой – і не быў пакараны), таксама паспрабаваў абвiнавацiць у «фашызме» бел-чырвона-белы сцяг, а крытыку герба «Пагоня» (які разам з БЧБ называў «знакамі бяды») ужо ў 2022-м давёў да таго, што падзяліў варыянты яго выявы на ўмоўна «правільныя» і «няправільныя».

Перыядычна выказваўся на працягу сваёй рэжымнай кар'еры Марзалюк і пра спорт. На пачатку 2020-га ён увогуле заявіў, што Беларусь нібыта «з'яўляецца адной з самых спартыўных дзяржаў Еўропы і свету» – бо мае вялікую колькасць медалёў на душу насельніцтва. Па такой методыцы разліку краіна, калі што, апынулася на 24-м месцы ў свеце, хаця як гэта паказвае «спартыўнасць», засталося незразумелым.

У лістападзе 2020-га Марзалюк абрынуўся з крытыкай на спартсменаў, якіх фальсіфікацыі на выбарах і гвалт сілавікоў адвярнулi ад рэжыму Лукашэнкі. «Парламентарый» пафасна абвінаваціў Аляксандру Герасіменю ва ўдзеле ў папярэднім навагоднім прыёме Лукашэнкі, заявіў, што ў 2019-м Меліціна Станюта наогул «мела палкую мару ангажаваць [Лукашэнку] на белы танец». Пасля гэтага Марзалюк, здаецца, шчыра запытаўся: «Калі вы з рук гэтага чалавека атрымлівалі ўзнагароды, зямельныя ўчасткі… Вы хочаце сказаць, што ўсё перавярнула ў вас 9-10 жніўня? Адзін дзень ці два дні?». Але ж адказаць «так» могуць сотні тысяч людзей у беларускім грамадстве.

У 2021-м Марзалюк нараўне з адыёзным паралімпійцам Аляксеем Талаем увайшоў у камісію Лукашэнкі па перапісванні пад яго і так даўно перапісанай пад яго «канстытуцыі» – і ў 2022-м, перад «рэферэндумам», ездзіў расказваць, як гэта нібыта добра, у тым ліку па спартыўных калектывах: суправаджаў «міністра спорту» ў РЦАП па шахматах і шашках, а затым выйшаў на больш сур'ёзны ўзровень – з экс-кіраўніком ФХБ і хакейным трэнерам Лукашэнкі Дзмітрыем Баскавым акучваў супрацоўнікаў ФХБ і АБФФ. Твар Юрыя Вяргейчыка казаў усё пра тое, наколькі гэта было цікава.

У цэлым жа самыя апошнія навіны пра Марзалюка здзіўляюць – на яго напісалі скаргу ў рэжымную «пракуратуру». Уся справа ў тым, што Марзалюк у лютым 2023-га выказаўся за папулярызацыю беларускай мовы ў тым ліку праз «пазітыўную дыскрымінацыю» рускай і выкладанне на беларускай усіх гуманітарных школьных дысцыплін. Пасля гэтага некалькі пралукашэнкаўскіх «актывістаў», якія відавочна ненавідзяць беларускую мову, выступілі з крытыкай слоў «дэпутата», а адна так і ўвогуле назвала іх «нацысцкім дном». Марзалюк звярнуўся з гэтай нагоды да кіраўніка рэжымнай «пракуратуры», куды «актывістка», у сваю чаргу, паскардзілася на «дэпутата» – канешне ж, з прыплятаннем Украіны, дзе без нібыта ўгняцення расiйскай мовы быццам не было б вайны.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты