Tribuna/Гандбол/Блогі/О духе времени/За апошні час адразу тры моцныя спартоўкі з Беларусі ўзялі грамадзянства Расіі. Дзве з іх – каб выступаць за зборныя краіны-агрэсара

За апошні час адразу тры моцныя спартоўкі з Беларусі ўзялі грамадзянства Расіі. Дзве з іх – каб выступаць за зборныя краіны-агрэсара

Розныя матывы.

Аўтар — Tribuna.com
6 сакавіка 2023, 11:47
За апошні час адразу тры моцныя спартоўкі з Беларусі ўзялі грамадзянства Расіі. Дзве з іх – каб выступаць за зборныя краіны-агрэсара

У лёгкай атлетыцы, фігурным катанні, веласпорце і іншых дысцыплінах знайшліся атлеты, якія адмовіліся ад расійскага грамадзянства, каб выступаць на міжнародным узроўні. Але ідзе і зваротны працэс - некаторыя замежнікі становяцца грамадзянамі РФ, нягледзячы на вайну і скочванне дзяржавы ў таталітарызм. Сярод тых, каго не бянтэжаць падобныя абставіны, ёсць і прадстаўніцы Беларусі.

Вікторыя Шаманоўская, гандбол

Кар'ера ўраджэнкі Мінска пачыналася ў 2011-м у сталічным "Аркатроне", з якім яна за два сезоны выйграла Кубак і ўзяла бронзу чэмпіянату - пасля чаго было павышэнне ў "Гомель". Там Шаманоўская за шэсць гадоў заваявала тры чэмпіёнскія тытулы (і тройчы станавілася другой) і чатыры Кубкі, а таксама стала выклікацца ў нацыянальную зборную.

Летам 2019-га Вікторыя перабралася ў тальяцінскую "Ладу", дзе ў першы ж сезон заваявала срэбныя медалі чэмпіянату Расіі, а ў другім да бронзавых медалёў тамтэйшага першынства дадала званне найлепшага лінейнага турніру. Перад стартам сезона-2021/22 Шаманоўская перайшла ў ЦСКА - прыкладна тады ж пачало вырашацца пытанне са зменай грамадзянства, каб з'явілася магчымасць выступаць за зборную Расіі. Спартсменка казала пра жаданне "гуляць і перамагаць на самым высокім узроўні" - расійская "нацыяналка" сапраўды была адной з наймацнейшых у свеце.

Аднак выступіць на топ-турніры з новай зборнай 29-гадовай гандбалістцы не ўдалося: яна атрымала дазвол на змену спартыўнага грамадзянства толькі ў кастрычніку 2022-га, калі ўжо ўвесь расійскі гандбол атрымаў міжнародны бан ад ЕГФ. Па выніку Шаманоўская дэбютавала ў зборнай Расіі матчам на так званым Кубку Сяброўства супраць зборнай Беларусі, за якую перастала выступаць у лістападзе 2019-га. Новая каманда абгуляла старую (32:29), а сама Вікторыя закінула тры мячы з чатырох кідкоў і казала пра тое, што праз доўгае чаканне дэбюту паспела "перагарэць, потым зноўку загарэцца і зноў перагарэць".

Анастасія Гарэлік, валейбол

Экс-гулец зборнай Беларусі па валейболе таксама нарадзілася і першыя прафесійныя крокі рабіла ў Мінску: пачынала ў клубе "Славянка", у складзе якога ўжо ў 15 стала бронзавай прызёркай чэмпіянату. Пасля расфарміравання каманды дзяўчына адправілася ў баранавіцкі "Атлант", а пікам клубнай кар'еры на Радзіме стаў выступ за "Мінчанку", з якой Гарэлік у 2010-м упершыню стала чэмпіёнкай краіны.

У 2013-м яна з'ехала ва Украіну, дзе падпісала кантракт з «Хімікам» з горада Паўднёвае (выйграла з ім чэмпіянат і Кубак), - і з тых часоў ездзіць па замежных чэмпіянатах: Румынія (уладальніца Кубка), Італія і, нарэшце, Расія , дзе гуляе з 2016-га. Апошнія чатыры сезоны Анастасія выступае за серадняка мясцовага чэмпіянату "Ленінградку".

У сакавіку 2022-га дагуляльніца атрымала расійскі пашпарт, але спартыўнае грамадзянства мяняе толькі зараз. Мэты гэтага кроку адрозніваюцца ад тых, якія пераследвала Шаманоўская: "Ленінградка" прапанавала Гарэлік паляпшэнне ўмоў кантракта, калі яна перастане быць легіянерам. Пра пераход у расійскую зборную 31-гадовай валейбалісткі размова не ідзе, пры гэтым яе кар'ера ў зборнай роднай краіны ўжо завершана.

Вольга Бадзелька, шахматы

20-гадовая магіляўчанка - шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў розных узроставых катэгорыях, а таксама чэмпіёнка Еўропы-2017 сярод шахматыстак да 16. Ужо ў 17 гадоў атрымала званне міжнароднага гросмайстра сярод жанчын. У складзе зборнай удзельнічала ў дзвюх шахматных Алімпіядах (у 2016-м і 2018-м), а на Кубку свету-2021 дайшла да 1/16 фіналу, дзе ўступіла будучай фіналістцы таго турніру расіянцы Аляксандры Гарачкінай.

Цяпер Гарачкіна і Бадзелька будуць выступаць разам: у пачатку сакавіка стала вядома, што беларуска знаходзіцца ў працэсе атрымання новага грамадзянства. Пры гэтым яна яшчэ ў жніўні 2021-га перайшла ў Федэрацыю шахмат Расіі, а ў верасні таго ж года выступіла на клубным чэмпіянаце Еўропы ў складзе каманды "Паўднёвы Урал", якая заняла першае месца. У лістападзе 2021-га ў Рызе Бадзелька заняла 7-е месца на турніры "Вялікая жаночая швейцарка ФІДЭ". Чакаецца, што яна заменіць лідара зборнай Аляксандру Касцянюк (чэмпіёнка свету і Еўропы), якая напярэдадні таксама змяніла грамадзянства, каб прадстаўляць Швейцарыю.

- Я буду вельмі рада выступаць за зборную Расіі, гэта адна з наймацнейшых каманд свету, у якую вельмі няпроста патрапіць, - пракаментавала шахматыстка пераход.

У адрозненне ад той жа Шаманоўскай, якая за зборную Расіі не можа выступаць на міжнародных стартах, Бадзелька мае шанц спаборнічаць не толькі супраць беларускіх і расійскіх спартсменаў: праўда, гаворка ідзе пакуль толькі пра турніры ў Азіі - у канцы лютага расійская федэрацыя выйшла са складу Еўрапейскага. шахматнага саюза і перайшла ў Азіяцкі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты