Tribuna/Фехтаванне/Блогі/О духе времени/Міжнародная федэрацыя фехтавання вярнула беларусаў і расіян у спаборніцтвы. Якраз пад кваліфікацыю на АГ-2024

Міжнародная федэрацыя фехтавання вярнула беларусаў і расіян у спаборніцтвы. Якраз пад кваліфікацыю на АГ-2024

Першы алімпійскі від спорту, які зрабіў гэта.

11 сакавіка 2023, 10:50
Міжнародная федэрацыя фехтавання вярнула беларусаў і расіян у спаборніцтвы. Якраз пад кваліфікацыю на АГ-2024

Беларусы і расіяне марудна, але ўпэўнена вяртаюцца ў міжнародны спорт. І з набліжэннем Алімпійскіх гульняў-2024 гэта адбываецца ўсё часцей. Гэтымі днямі тэндэнцыю пацвердзілі ў фехтаванні.

Кангрэс Міжнароднай федэрацыі фехтавання прагаласаваў за вяртанне расіян і беларусаў, нягледзячы на спробы Украіны блакіраваць рашэнне

У пятніцу на пазачарговым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі фехтавання (далей – FIE), які адбыўся ў анлайн-рэжыме, большасць дэлегатаў прагаласавалі за вяртанне расіян і беларусаў да спаборніцтваў пад эгідай арганізацыі. Гэта значыць, за аднаўлення іх выступленняў на сусветных турнірах.

Як паведамляе выданне Inside The Games, гэтае рашэнне ўступіць у сілу ў другой палове красавіка гэтага года. Такім чынам, ужо ў ліпені расіяне і беларусы змогуць узяць удзел у чэмпіянаце свету ў Мілане. А гэта дазволіць ім паспаборнічаць у кваліфікацыі на Алімпійскія гульні-2024 у Парыжы.

Галасаванне ў FIE прайшло некалькі этапаў. Спачатку прынялі рашэнне дазволіць вярнуць расійскіх і беларускіх фехтавальшчыкаў у індывідуальныя міжнародныя спаборніцтвы – пры выкананні нейтралітэту. За яго прагаласавалі 89 дэлегатаў, супраць – 46, устрымаўся – адзін.

Наступным рашэннем кангрэс вярнуў расіян і беларусаў у камандныя міжнародныя спаборніцтвы па фехтаванні. За яго прагаласавалі 85 дэлегатаў, 51 – супраць, тры – устрымаліся.

Да ўсяго заключным рашэннем было вярнуць на міжнародныя спаборніцтва афіцыйных асоб з Расіі і Беларусаў. Напрыклад, суддзяў. 88 – за, 48 – супраць, два – устрымалася.

Пры гэтым прадстаўнікі Федэрацыі фехтавання Украіны паспрабавалі блакаваць гэтыя рашэнні, паведамляе Inside The Games. А менавіта высоўвалі прапанову не ўключаць пытанне вяртання расіян і беларусаў у парадак дня.

Але гэтыя спробы былі няўдалымі. Бо спачатку 84 дэлегаты прагаласавалі за тое, каб не выключаць гэтае пытанне з парадку дня, а затым такой жа колькасцю заблакавалі прапанову Украіны адкласці галасаванне з-за пададзенай скаргі наконт этычнасці вяртання расіян і беларусаў.

Фехтаванне стала першым відам спорту, у якім міжнародная федэрацыя адкрыла расіянам і беларусам шлях да прамога ўдзелу ў кваліфікацыях на АГ-2024.

Пры гэтым такое рашэнне ў фехтаванні наспявала. Бо размовы аб вяртанні расіян і беларусаў ішлі, напрыклад, перад леташнім кангрэсам FIE у лістападзе. Але тады рашэнне так і не прынялі, адклаўшы яго да пазачарговага кангрэсу.

У кантэксце падзей FIE паведамляла аб пагаршэнні фінансавых спраў у 2022 годзе. Прычына – сыход у сакавіку мінулага года тагачаснага кіраўніка міжнароднай федэрацыі, а паралельна набліжанага да Уладзіміра Пуціна расійскага алігарха Алішэра Усманава, на якога пасля 24 лютага наклалі санкцыі ў Еўрасаюзе. З Усманавым сышлі і яго грошы, хаця FIE пераконвала, што ў яе ўсё яшчэ дастаткова сродкаў для паўнавартаснай дзейнасці.

На фоне гэтага гучала інфармацыя аб тым, што расіяне, чый НАК узначальвае Станіслаў Пазнякоў (былы фехтавальшчык), спрабавалі праз прэзідэнта МАК Томаса Баха (былы фехтавальшчык) задаволіць вяртанне Усманава на вакантную пасаду.

Выданне Inside The Games падкрэслівае, што Усманаў і Бах з'яўляюцца сябрамі, на адносіны якіх не паўплывала ўварванне Расіі ва Украіну.

Расіяне дзякуюць FIE за падтрымку, украінцы гнеўна рэагуюць, беларусы пакуль маўчаць

Рэакцыя расійскага боку чаканая. Яна дабілася свайго, таму задаволеная.

«Я ўдзячны калегам з нацыянальных замежных федэрацый за тых, хто падтрымліваў нас як адкрыта, так і кулуарна ды дапамагаў. Праведзена сур'ёзная праца, гэта праца вялікай каманды людзей», – сказаў пасля рашэння FIE прэзідэнт федэрацыі фехтавання Расіі Ільгар Мамедаў.

«Я вельмі задаволеная прынятым рашэннем, я верыла, што так павінна адбыцца, і хачу падзякаваць калегам з розных краін, якія прагаласавалі за нашае вяртанне. Спорт павінен забяспечыць роўныя правы і ўмовы, і здаровы сэнс нарэшце перамог», – пракаментавала расіянка Софʼя Вялікая, пяціразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні.

Ва Украіне рэакцыя, вядома, супрацьлеглая. Украінская алімпійская чэмпіёнка Вольга Харлан раскрытыкавала гэтае рашэнне:

«Расчараванне. Гнеў. Несправядлівасць. Гэта тое, што я зараз адчуваю. Рашэнне кангрэса Міжнароднай федэрацыі фехтавання дазволіць расіянам і беларусам удзельнічаць ва ўсіх спаборніцтвах падчас жорсткай вайны на маёй Радзіме ва Украіне, прымушае мяне спусцець унутры. Гэта прымушае мяне верыць, што найлепшага і справядлівага свету няма».

Таксама выказалася іншая ўкраінская алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні Яна Шамякіна: «Тыя, хто дазволіў дапусціць забойцаў на міжнародную арэну, аўтаматычна становяцца забойцамі».

Народны дэпутат Украіны і алімпійскі чэмпіён Жан Белянюк таксама адрэагаваў: «Пагулялі ў «салідарнасць» і дастаткова, характэрна, што кіраўнік МАК менавіта фехтавальшчык».

Адзначым, што прэзідэнт НАК Украіны і міністр моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт (таксама былы фехтавальшчык) нядаўна склаў паўнамоцтвы прэзідэнта федэрацыі фехтавання Украіны, якую займаў з 2017 года.

Пры гэтым у дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў ён застаецца кіраўніком арганізацыі.

Фота: Volker Danzer/Global Look Press, Tadashi Miyamoto/Global Look Press

Іншыя пасты блога

Усе пасты