Беларускія спартсмены, якiя сталі рэжымнымі функцыянерамі, – вось як яны змяніліся з таго часу, па якім мы іх запомнілі
Ціхан, Рутэнка, Багдановіч і іншыя.
Пасля канца сваёй кар'еры спартсмены часта ідуць у трэнеры, але часам працягваюць у сваёй сферы па-іншаму – становяцца чыноўнікамі, ці, як яшчэ прынята казаць, функцыянерамі. А як зараз выглядаюць тыя вядомыя у мінулым атлеты, якія кіруюць спортам Лукашэнкі? Сабралi іх фота «да» і «пасля».
Алім Селімаў
Барэц грэка-рымскага стылю станавіўся чэмпіёнам свету ў 2005-м і ў 2011-м. На фота ніжэй яму каля 30 гадоў.
Цяпер Селімаву 40. Ён узначальвае беларускую федэрацыю барацьбы і рэгулярна дэманструе вернасць рэжыму Лукашэнкі.
Наталля Цылінская
Васьміразовая чэмпіёнка свету па велатрэку падчас кар'еры адрознівалася шчыльнай камплекцыяй. Вось два фота з 2004-га – за год да 30-годдзя спартсменкі.
Зараз Цылінскай 47, і ад спартыўнай формы яна аддалілася. Фота ніжэй зроблена ў 2020-м.
А вось свежы кадр – кіраўніца федэрацыі веласпорту і член выканкама алімпійскага камітэта Лукашэнкi давала інтэрв'ю дзяржТБ.
Цилинская – истовая фанатка Лукашенко, а он тоже ценит ее (хоть и поругивает)
Іван Ціхан
Яшчэ адзін спартсмен, які і падчас кар'еры не быў худым. Вось фота з 2007-га, дзе Ціхану 31.
А вось з 2016-га – кідальніку молата ўжо 40, ён бярэ срэбра АГ.
Зараз Ціхан – кіраўнік БФЛА і яшчэ адзін адэпт Лукашэнкі ў нашай падборцы. К 46 гадам яго лёгка супаставіць з ранейшымі фота.
Сяргей Рутэнка
У 2006-м гандбаліст гуляў за зборную Славеніі – вось фота 24-гадовага спартсмена.
А вось у 2015-м выступае ўжо за Беларусь – тут яму 34.
Цяпер Рутэнка ўзначальвае федэрацыю чамусьці тэнісу і застаецца верным рэжыму Лукашэнкі. У 41 Сяргей выглядае ўжо не максімальна спартыўна.
Аляксандр Багдановіч
Вядомы ў мінулым весляр у 2008-м браў золата АГ ў тым ліку дзякуючы рэльефнай постаці. Было спартсмену 26 гадоў.
Цяпер 40-гадовы Багдановіч – кіраўнік ФХБ, член выканкама алімпійскага камітэта Лукашэнкі ды яшчэ і першы намеснік старшыні БФСТ «Дынама». Але па форме ўсё не так дрэнна.
Юрый Вяргейчык
Да нядаўняга часу першы намстаршынi АБФФ, а зараз проста член яе выканкама гуляў у футбол і нават крыху за зборную Беларусі, а ў сярэдзіне 1990-х ездзіў у бельгійскі «Маленбек». На гэтых здымках Юрыю падыходзіць да 30, між іншым.
За чвэрць стагоддзя ў Вяргейчыка дадалося маршчын, але ў цэлым ён у 55 гадоў у не самай дрэннай форме.
Мiхаiл Вергеенка
Яшчэ адзiн ужо былы намеснiк старшынi АБФФ – чэмпіён СССР-1982 у складзе мiнскага «Дынама». Вось ён адразу пасля вырашальнага матча таго сезона. Брамніку тады было 32 гады.
Цяпер Вергеенка 73 - і ён у парадку.
Міхаіл Пракапенка
У 2008-м пентатланіст браў золата ЧС у мужчынскай эстафеце. Пракапенку на гэтым здымку 25 гадоў.
Цяпер адэпт Лукашэнкі – кіраўнік федэрацыі пяціборства, а таксама начальнік аднаго з упраўленняў так званага міністэрства спорту. Твар Пракапенкі з часоў кар'еры атлета крыху пашчыльнеў.
Кацярына Карстэн
2000-ы год, 28-гадовая Карстэн грабе за другім золатам АГ.
А гэта 2008-ы, Карстэн 36 гадоў. На АГ таго года яна возьме свой пяты медаль – бронзавы.
Зараз Карстэн – усяго толькi член савета федэрацыі веславання. 50-гадовая экс-спартсменка – падпісантка за Лукашэнку, але яе сям'я жыве ў Германіі. Зрэшты, зусім нядаўна дачка прыязджала ў Беларусь, што актыўна асвятлялі дзяржСМІ, а заадно заснялі Кацярыну.
Нэлі Кім
Так таджыкістанская гімнастка выглядала к 1980-му – ужо пераехала ў Мінск за мужам, а на маскоўскіх АГ ўзяла два золата і стала шасціразовай чэмпіёнкай Гульняў у 23 гады, пасля чаго скончыла кар'еру.
Цяпер Кім – 65-гадовая падпісантка за Лукашэнку. Яна жыве ў ЗША, але пры гэтым не толькі намеснік кіраўніка беларускай федэрацыі гімнастыкі, але і, нягледзячы на ўсе антываенныя санкцыі, віцэ-прэзідэнт сусветнай.
Андрэй Барбашынскі
Гандбаліст заспеў напрыканцы найлепшыя гады чэмпіёнскага СКА, а ў 1992-м пад нейтральным сцягам стаў чэмпіёнам АГ – усяго ў 22 гады.
Барбашынскі – другі злева
Зараз 52-гадовы Барбашынскі – намеснік старшыні федэрацыі гандбола і член выканкама алімпійскага камітэта Лукашэнкі. У 2020-м экс-гулец быў даверанай асобай Лукашэнкі, а потым падпісаўся і не раз выказваўся за яго. Сухарлявым Барбашынскага дакладна не назавеш.
Алена Зубрылава
Незадоўга да 30-годдзя ўкраінская біятланістка Зубрылава змяніла грамадзянства на беларускае – па чутках, на Радзіме ёй ужо не хацелі плаціць, а ў Беларусі паабяцалі 1,5 тысячы долараў у месяц. За новую краіну Зубрылава ўзяла срэбра і дзве бронзы ЧС – ва ўкраінскім этапе было 14 медалёў (чатыры з іх - залатыя). Фота ніжэй – з адной з першых гонак біятланісткі ў беларускай форме.
Пасля выбараў-2020 Зубрылава падпісалася за Лукашэнку, а таксама ўвайшла ў выканкам яго алімпійскага камітэта. Нават вайна на Радзіме, у якой памагае беларускі рэжым, нічога не змяніла ў пазіцыі экс-біятланісткі – яна верыць, што нехта яшчэ будзе з ёй сябраваць. Нядаўна Зубрылава адзначыла 50-гадовы юбілей – выглядае адпаведна.
Любоў Чаркашына
Мастацкая гімнастка не ўзяла ніводнага золата на сусветным узроўні, але іншых медалёў было нямала. Вяршыняй стала бронза АГ-2012 у 24 гады – неўзабаве пасля гэтага і так «пенсіянерка» па мерках вiду завяршыла кар'еру.
Практычна адразу Чаркашына села на месца члена выканкама алімпійскага камітэта Лукашэнкі, на якім і застаецца да гэтага часу. Пасля выбараў-2020 падпісалася за беларускі рэжым і нават стала вядучай на дзяржТБ, але ўсё гэта, а таксама антываенныя санкцыі не перашкодзілі яе працы ў міжнароднай федэрацыі – Чаркашына нават пабыла «супервайзерам» на ЧС-2022. Цяпер ёй 35 гадоў – і, мяркуючы па фота, твар экс-гімнасткі з узростам страціў некаторыя рэзкія рысы.