Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Калі ўсіх здаюць і закладваюць, чаму тут дзівіцца?» З БТ звольнілі найлепшага рэжысёра ў спорце – вы дакладна бачылі яго працы

«Калі ўсіх здаюць і закладваюць, чаму тут дзівіцца?» З БТ звольнілі найлепшага рэжысёра ў спорце – вы дакладна бачылі яго працы

Тлумачым, чым вылучаўся Андрэй Пінчук.

Аўтар — bytribuna com
20 сакавіка, 18:22
0
«Калі ўсіх здаюць і закладваюць, чаму тут дзівіцца?» З БТ звольнілі найлепшага рэжысёра ў спорце – вы дакладна бачылі яго працы

На мінулым тыдні стала вядома, што сілавікі Лукашэнкі прыйшлі ў Белтэлерадыёкампанію, каб вывесці адтуль у кайданках уладальніка «Тэлевяршыні-2012» Андрэя Пінчука – аднаго з найлепшых рэжысёраў спартыўных трансляцый у Беларусі. Як аказалася, Пінчука забралі на «прафілактычную гутарку», па выніках якой ён быў адпушчаны на волю, але таксама звольнены з БТРК.

Што гэта за спецыяліст і чаму вы пэўна бачылі вынікі яго працы (гэта і матчы Лігі чэмпіёнаў, і чэмпіянат Беларусі па футболе, і «Дынама» ў КХЛ, і шмат іншага), «Трыбуне» патлумачылі людзі, якія з ім працавалі.

Чаму прыйшлі да Пінчука?

Мы не ведаем. Верагодней за ўсё, звальненне Пінчука – гэта частка палітычных рэпрэсій, пры гэтым незразумела, што такога зрабіў рэжысёр.

– Ну, калі прыйшоў час, калі ўсіх здаюць і закладваюць, то чаму тут дзівіцца? Чаму такое не магло адбыцца? – дзеліцца меркаваннем адзін з былых калегаў Пінчука.

Хто такі Андрэй Пінчук і чым запомніўся на БТ?

Знайсці інфармацыю пра рэжысёра ў адкрытых крыніцах няпроста - сацсеткі Андрэй не вядзе. Мае профіль на by.linkedin.com (сайце для пошуку і ўстанаўлення дзелавых кантактаў), але і там мінімум інфармацыі - толькі факт таго, што ён працуе рэжысёрам у "Белтэлерадыёкампаніі". На сайце БТРК згадкі пра спецыяліста адсутнічаюць увогуле.

Як нам удалося даведацца, у кампаніі Андрэй Пінчук, якому зараз каля 40, прапрацаваў больш за 15 гадоў. Адразу прыйшоў на пасаду рэжысёра трансляцый і хутка сябе зарэкамендаваў. У абавязкі рэжысёра трансляцый уваходзіць адгляд пляцоўкі (стадыёна), дзе адбываюцца здымкі, распрацоўка схемы паказу і расстаноўкі камер, падбор і запрашэнне творчай брыгады для здымкаў (аператараў, рэжысёраў відэапаўтораў, гукарэжысёраў, рэдактараў).

– Насамрэч Пінчук – сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Адразу паказаў узровень, таму з цягам часу менавіта яго пачалі адпраўляць у якасці рэжысёра на самыя адказныя спартыўныя мерапрыемствы. І гэта не абмяжоўвалася толькі футболам ці хакеем. Былі і іншыя віды спорту, зусім розныя спаборніцтвы. Ён працаваў і на мінскім чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе, і на Еўрапейскіх гульнях-2019 у Мінску. Можна сказаць, што ў сваёй сферы Пінчук рэальна найлепшы. Нават не проста ў «Белтэлерадыёкампаніі», а ўвогуле ва ўсёй краіне, – кажуць тыя, хто працаваў са спецыялістам.

Як адзначаюць калегі, якія перасякаліся з рэжысёрам, яго адметнай рысай з'яўляецца жаданне не проста зрабіць сваю працу, каб проста зрабіць, а імкненне ўглыбіцца ў від спорту, лепей даведацца каманду, матчы якой ён павінен адпрацаваць.

- І трэба дадаць, што Андрэй пастаянна займаўся самаразвіццём. Дзяліўся ўражаннямі ад працы замежных калег, імкнуўся пераймаць у іх найлепшае. І гэта нязменна адбівалася на якасці працы.

Па словах тых, хто знаёмы з рэжысёрам, ён з даўніх часоў падтрымлівае футбольнае мінскае «Дынама», але не сказаць, што з'яўляецца актыўным заўзятарам. Пры гэтым мог з лёгкасцю назваць склады і пазіцыі гульцоў многіх іншых клубаў. Пінчук перад кожным паядынкам загадзя вывучаў склады, каб хутка арыентавацца, хто дзе гуляе і калі і каго паказваць.

Фота мае ілюстрацыйны характар

- Магу сказаць, што ўзровень працы гэтага рэжысёра дазваляў яму займаць топавае месца сярод калег, быць вышэй за астатніх. А рэжысёр трансляцый - гэта не проста націскаць на кнопкі або камандаваць. Андрэй выдатна разбіраўся ў спорце, увесь час нешта вывучаў, выдатна разбіраўся ў хакеі. Ведаў усіх значных асобаў з беларускага спорту, – кажуць былыя калегі Пінчука.

Па назіраннях суразмоўцаў, трансляцыі, якімі кіраваў Пінчук, адрозніваліся незвычайнымі фішкамі. Рэжысёр заўсёды ведаў, у які момант лепей паказаць паўтор, а калі трэба прайсціся камерай па трыбунах і вылавіць цікавага заўзятара.

- А яшчэ мог прама падчас трансляцыі паказаць сонца, адлюстраванае ў лужыне, - усміхаецца адзін з нашых суразмоўцаў. - Але гэта атрымлівалася так арганічна і прыгожа, так да месца. Умеў знайсці незвычайныя планы, ну і пісьменна кіраваў аператарамі. Насамрэч спецыяліст топавы. Па чалавечых якасцях - гэта густаўшчына, мне ён падаўся крыху нудным, са складаным характарам, але іншыя, магчыма, бачылі яго інакш. Як бы там ні было, сваю прафесію ён ведае проста цудоўна.

- У цэлым, адэкватны, удумлівы, са сваім меркаваннем, крытычным поглядам. Адэкватна глядзеў на рэчы, на свет вакол сябе. З задавальненнем займаўся сваёй працай. Галоўнае, што я адзначаў для сябе, гэта тое, што ён сапраўдны прафесіянал. І да тых, хто прафесійна ставіцца да сваёй справы, у яго адпаведныя адносіны, добрыя і паважлівыя, – дадае яшчэ адзін наш суразмоўца.

У 2012 годзе атрымаў «Тэлевяршыню»

Доўгі час для кіраўніцтва БТРК Пінчук заставаўся першым выбарам на пазіцыю рэжысёра спартыўных трансляцый. Ён працаваў на матчах "Дынама" ў КХЛ, на Еўрапейскіх гульнях, на хакейным чэмпіянаце свету. У кола яго абавязкаў уваходзіў і паказ паядынкаў беларускіх клубаў у еўракубках - усе матчы БАТЭ ў групавых этапах Лігі чэмпіёнаў звязаныя непасрэдна з Пінчуком.

- Можна сказаць, ён у гэтым плане быў першапраходцам. Пачынаючы з 2008 года, калі барысаўцы патрапілі ў групу ЛЧ, Андрэй адказваў за трансляцыі матчаў, рабіў усё на найвышэйшым узроўні, - успамінаюць былыя калегі рэжысёра.

А ў 2012 годзе Пінчук атрымаў узнагароду за сваю працу. Спецыяліст стаў уладальнікам дзяржпрэміі "Тэлевяршыня" ў намінацыі "Найлепшы рэжысёр". Журы адзначыла працу Андрэя на трансляцыі паядынку Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і "Міланам" у лістападзе 2011-га. Тады барысаўцы згулялі з італьянцамі 1:1. На 22-й хвіліне лік адкрыў Златан Ібрагімавіч, а на 55-й пенальці за знос Арцёма Канцавога рэалізаваў Рэнан Брэсан. На трыбунах стадыёна "Дынама" сабралася амаль 30 тысяч гледачоў.

У тым жа 2012-м "Тэлевяршыню" ў намінацыі "Найлепшы рэпарцёр" атрымаў Дзмітрый Семчанка. Ён некалькі гадоў узначальваў пул карэспандэнтаў на тэлеканале ОНТ, якія асвятлялі дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі. Пасля выбараў-2020 Семчанка сышоў на знак пратэсту, яшчэ ў верасні таго года адбыў некалькі адміністрацыйных арыштаў, а ў кастрычніку 2022-га быў затрыманы па крымінальным артыкуле.

Як адзначаюць нашыя суразмоўцы, Пінчуку на БТ было камфортна, нават нягледзячы на тое, што адбывалася на канале, які вось ужо некалькі гадоў як з'яўляецца інструментам прапаганды. Рэжысёр быў занураны ў сваю працу і выконваў яе максімальна якасна. Пасля «прафілактычнай гутаркі» з сілавікамі спецыяліста звольнілі - калі параўноўваць з Семчанкам, яшчэ не найгоршы варыянт.

- Гэты чалавек з голаду дакладна не памрэ. Ён знойдзе, чым заняцца, і будзе рабіць добра, - рэзюмаваў адзін з нашых суразмоўцаў.

Іншыя пасты блога