Першы гол «Смаргоні» ў ЧБ-2023 забіў лімітчык. Яго бацька – знакавая фігура для клуба, а дзед-паэт не хацеў, каб абодва займаліся футболам
Такія розныя Дуксы.
Старт чэмпіянату Беларусі абышоўся без вялікіх сенсацый: усе каманды топ-4 розыгрышу-2022 перамаглі, няхай і не ўсюды ўпэўнена. Ну а галоўнымі нечаканасцямі сталі вікторыя юнага "Мінска" над "Славіяй" (2:0), а таксама поспех "Смаргоні", якая толькі вярнулася ў эліту, у матчы з "Белшынай" - у Астраўцы ўсё вырашыў гол выхаванца "мядзведзяў" Мацвея Дукса.
19-гадовы хаўбек, адзін з лімітчыкаў клуба, вызначыўся пасля ўдару са штрафнога на 85-й хвіліне сустрэчы - моцна яму ў гэтым дапамог галкіпер гасцей Аляксей Харытановіч.
Цяпер у Мацвея столькі ж галоў у вышэйшай лізе, колькі і ў яго бацькі Уладзіслава Дуксы, які ўсю кар'еру правёў у складзе аднаго клуба. Свой адзіны мяч у эліце абаронца, цяпер адзін з трэнераў "Смаргоні", забіў у сезоне-2009 "Нафтану".
Дукса-старэйшы да гэтага часу з'яўляецца рэкардсменам «Смаргоні» па колькасці матчаў у вышэйшай лізе (67) і ў цэлым (342) - ён прыйшоў, калі каманда толькі адраджалася ў 1998-м, а скончыў з кар'ерай гульца ў 2013-м.
Владислав Дуксо: «По морде судьи получают только на чемпионате области»
Пасля заканчэння кар'еры Дукса стаў трэнерам мясцовай ДзЮСШ, дзе сярод падапечных быў і ўласны сын. Разам яны працавалі да 2018-га, пакуль Мацвея ў сваю акадэмію не забрала брэсцкае «Дынама», дзе ён прабыў два гады, пасля чаго вярнуўся ў «Смаргонь» і пачаў падпускацца да працы з асновай.
Але ў Смаргоні прозвішча Дукса вядомае не толькі дзякуючы двум пакаленням футбалістаў. У 2013-м ганаровым жыхаром горада стаў дзядуля Мацвея і бацька Уладзіслава Мар'ян Дукса - беларускі празаік і паэт. Ён з'яўляецца лаўрэатам дзвюх літаратурных прэмій: у 1990-м яму была ўручана прэмія імя Аркадзя Куляшова, а ў 2016-м - Нацыянальная прэмія. Зазначым, што ў 2022-м Нацыянальную прэмію прысудзілі прапагандысту Андрэю Мукавозчыку, даверанай асобе Лукашэнкі і экс-футбалісту мінскага «Дынама» Мікалаю Чаргінцу, а таксама аўтарцы кнігі пра адэпта рэжыму Лукашэнкі Аляксея Талая.
Сын паэта распавядаў, што бацька адмоўна ставіўся да таго, што Уладзіслаў займаецца футболам, і ні разу не наведваў яго гульні. Таксама ён не вельмі хацеў, каб жыццё са спортам звязаў унук, але і тут перашкодзіць планам не ўдалося. Яшчэ ў інтэрв'ю футбаліст расказваў, што яго бацька быў добра знаёмы з іншым вядомым ураджэнцам Смаргоні Уладзімірам Някляевым – пісьменнікам і экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2010-м, а на з'ездах саюза пісьменнікаў часта перасякаўся з Васілём Быкавым.
Мар'ян Дукса пайшоў з жыцця ў 2019-м, калі яму было 76. У сваіх творах ён часта пісаў пра родную зямлю і прыроду, у позняй творчасці часцей закранаў рэлігійныя тэмы, але ёсць і твор, што звязаны са спортам (праўда, не з футболам).
* * *
Памылак шмат за век кароткі.
Змяніць бы што… Напэўна, рады
штангісты ўсе — у іх усё-ткі
аж тры падходы да снарада.
Вось ім палепшыць вынік можна
і здзейсніць запаветнасць мэты.
А ў нас які трыумф дарожны?
Адны паломкі і кюветы.
Яшчэ хоць раз бы нам вярнуцца,
крануцца з нулявога старту,
дарогай іншай крутануцца,
адкінуўшы кураж і жарты.
Але ж каб збегчы ад нягодаў,
нашто вяртацца тэрмінова.
У нас жа тысячы падходаў…
Рабіць бы іх своечасова.