Tribuna/Бокс/Блогі/О духе времени/Гісторыя «Аднойчы… у Галівудзе» звязана з Брусам Лі. Яго падазравалі ў жорсткім забойстве

Гісторыя «Аднойчы… у Галівудзе» звязана з Брусам Лі. Яго падазравалі ў жорсткім забойстве

Прамыя паралелі паміж жыццём і фільмам Квенціна Таранціна.

28 сакавіка 2023, 17:45
Гісторыя «Аднойчы… у Галівудзе» звязана з Брусам Лі. Яго падазравалі ў жорсткім забойстве

У жніўні 2019-га ў пракат у Беларусі выйшаў фільм Квенціна Таранціна «Аднойчы… у Галівудзе». Шэран Тэйт, адна з гераінь фільма, была акторкай у рэальным жыцці.

Яе па-зверску забілі на дзявятым месяцы цяжарнасці, а муж Шэран падазраваў у гэтым Бруса Лі.

«Аднойчы… у Галівудзе» – дзявяты фільм Квенціна Таранціна. Агулам ён абяцаў зняць дзесяць кінастужак

Фільм прысвечаны падзеям 1969 года. Былая зорка тэлешоу Рык Далтан і яго прыяцель-дублёр Кліф Бут шукаюць спосаб вярнуцца ў вялікае кіно: мяняецца кінематограф, і экс-зоркі пазбаўляюцца ключавых роляў. Між тым недалёка ад іх злачынная секта «Сям'я» Чарлі Мэнсана пераходзіць да крывавых расправаў над людзьмі.

Калі Далтан і Бут – выдуманыя персанажы, то астатнія ў фільме – абсалютна рэальныя людзі. Таранціна пастараўся перадаць тую самую атмасферу канца 60-х – пачатку 70-х, змены ў кінематографе, прывязаўшы гісторыю сваіх персанажаў да рэальнай гісторыі. І гэта выйшла: на Канскім фестывалі, дзе фільм быў прадстаўлены ўпершыню, пасля заканчэння гледачы зладзілі яму шасціхвілінную авацыю. The Hollywood Reporter назваў фільм «любоўным лістом Таранціна Галівуду 60-х» і пахваліў яго кастынг.

Каст больш чым зорны: Леанарда Дзі Капрыа, Брэд Піт, Марго Робі, Люк Пэры, Аль Пачына і многія іншыя. Квенцін Таранціна абяцаў зняць дзесяць фільмаў, «Аднойчы… у Галівудзе» стаў дзевятым.

У пачатку сакавіка 2023-га The Hollywood Reporter паведаміў, што 60-гадовы Таранціна, які святкуе дзень нараджэння 27 сакавіка, скончыў сцэнарый дзясятага фільма.

Новы сцэнарый атрымаў назву «Кінакрытык», а здымкі пачнуцца восенню. Падзеі будуць праходзіць у Лос-Анджэлесе 1970-х гадоў, і, верагодна, стужка будзе прысвечана фігуры культавай галівудскай кінакрытыкіні Палін Кейл.

Гісторыя гераіні Марго Робі – рэальная. У жыцці яе забілі, а муж падазраваў Бруса Лі

Брус Лі паказаны ў фільме напышлівым і пыхлівым. Падобна на некалькі перабольшаную пародыю для камедыйнасці сцэны з ім, але дачка майстра адзінаборстваў амаль адразу ж высунула прэтэнзіі самому Таранціна. Яна прапанавала яму «заткнуцца і сказаць, што ён не ведаў, якім у жыцці быў Брус».

І, калі стаўленне да фігуры Лі ў жыцці і фільме можа адрознівацца, абсалютным фактам з'яўляецца тое, што ён быў добра знаёмы з Шэран Тэйт. У той час Шэран была ўзыходзячай зоркай, намінавалася на «Залаты глобус» і лічылася адной з найлепшых маладых акторак свету.

Брус ставіў ёй баявую сцэну ў «Камандзе разбуральнікаў», а Раман Паланскі, муж Шэран і кінарэжысёр, трэніраваўся з Лі персанальна. Акрамя гэтага, яны сябравалі сем'ямі – Брус з жонкай вячэралі разам з Тэйт і Паланскі і жылі ўсяго ў пары міль адзін ад аднаго.

У ноч з 8 на 9 жніўня Шэран і сябры, якія знаходзіліся ў доме, былі па-зверску забітыя: ва ўсіх былі шматлікія нажавыя і кулявыя раненні, на целе Тэйт, якая знаходзілася на дзявятым месяцы цяжарнасці, было знойдзена шаснаццаць нажавых раненняў, пяць з якіх былі смяротнымі. Гэта было не проста бязлітаснае забойства. Шыя Джэя Себрынга, які атрымаў сем нажавых раненняў і адно агнястрэльнае, была абвязана вяроўкай. Вяроўка была перакулена праз столевую бэльку, а іншы канец абматаны вакол шыі Шэран.

І нават гэта не ўсё – на ніжняй частцы адчыненых уваходных дзвярэй хаты чымсьці падобным на кроў было выведзена слова «Pig» («свіння»).

Цягам трох месяцаў паліцыя не мела падазраваных. Людзі, якія жылі побач, сталі пераязджаць і наймаць ахову. Лі, шакаваны тым, што адбылося, публічна заяўляў: «Дом знаходзіцца ўсяго ў некалькіх мілях ад нас. Калі ў цябе сям'я і такія рэчы адбываюцца побач з табой, гэта страшэнна палохае». У той жа час муж Тэйт падазраваў менавіта Бруса.

Спачатку Паланскі думаў, што гэта нехта з яго найбліжэйшага атачэння, але, калі Брус раптам сказаў яму, што страціў акуляры, Раман насцярожыўся – на месцы злачынства была знойдзена пара акуляраў у рагавой аправе. Лічылася, што яны належалі забойцу ці аднаму з тых, хто ўдзельнічаў у злачынстве.

У галаве Паланскі ўсё склалася: Брус валодаў баявымі мастацтвамі, умеў страляць і добра спраўляўся з халоднай зброяй. Як гэта часта бывае, Раман пачаў меркаваць не толькі тое, што гэта зрабіў менавіта Лі, але і думаць пра прычыны, па якіх мог адбыцца такі кашмар. Можа быць, Брус прыйшоў у госці і нешта не падзяліў з гасцямі? Ці быў таемна закаханы ў акторку, але атрымаўшы адмову, не змог стрымаць гнеў?

Ва ўсякім разе забіты горам мужчына вырашыў не рабіць паспешных высноў. Раман купіў спецыяльны прыбор для вымярэння дыёптрый яшчэ калі акуляры толькі былі знойдзены, а даведаўшыся пра тое, што яго трэнер страціў свае, сказаў, што яму ніколі не падабалася аправа, якую насіў Брус, і прапанаваў заехаць пасля трэніроўкі ў оптыку, каб ён зрабіў падарунак.

Па дарозе Паланскі трэсла – што рабіць, калі дыёптрыі супадуць? Але ўжо ў краме Раман супакоіўся – лічбы не супалі. Дарэчы, рэжысёр ніколі не казаў Брусу пра свае падазрэнні, а гісторыя была расказана толькі пасля ў кнізе «Жыццё Бруса Лі».

Вядома, Лі быў ні пры чым. Тэйт забіла «Сям'я» Чарльза Мэнсана

Чарльз Мэнсан – амерыканскі злачынец і арганізатар секты «Сям“я», якая па яго загадзе выконвала практычна любое даручэнне, ажно да жорсткіх забойстваў 1969 года. Шэран Тэйт – не першая і не апошняя ахвяра секты.

Забойства Тэйт стала рэзанансным не толькі таму, што ўсе забітыя, акрамя 18-гадовага хлопца, які несвоечасова прыехаў у суседнюю хату, былі вядомымі асобамі. Але і з-за кашмарнай жорсткасці і абсалютнай адсутнасці хоць нейкага матыву. За дзень да забойства Мэнсан прыйшоў у дом Шэран, каб сустрэцца з Тэры Мелчарам, але ён, як аказалася, ужо месяц, як пераехаў.

Паводле інфармацыі следства, сябры, якія здымалі гэты дом разам з Тэйт і Паланскі, выгналі Чарльза, што магло быць адной з прычын такога адказу маньяка. Да вечара Мэнсан вярнуўся да сябе, паклікаў чатырох сваіх паплечнікаў (мужчына і тры жанчыны) і сказаў адправіцца ў той дом, каб забіць усіх, хто там будзе, а таксама забраць усе грошы. Акрамя таго, ён загадаў «пакінуць там нейкі злавесны знак».

Вынік вядомы. Ніякія ўгаворы Шэран пакінуць яе з-за цяжарнасці і вялікага тэрміну не падзейнічалі. Па вяртанні на ранча Мэнсана той спытаў забойцаў, ці не адчуваюць яны раскаянне.

Яны ўпэўнена адказалі: «Не».

Іншыя пасты блога

Усе пасты