Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Найлепшага гульца Беларусі па пляжным футболе вярнулі ў зборную пасля рэпрэсій: павінен дапамагчы трапіць на ЧС, але ўдзел у адборы пад вялікім пытаннем

Найлепшага гульца Беларусі па пляжным футболе вярнулі ў зборную пасля рэпрэсій: павінен дапамагчы трапіць на ЧС, але ўдзел у адборы пад вялікім пытаннем

Ігар Брышцель не хацеў больш выступаць за нацыянальную каманду, але цяпер рады.

Аўтар — bytribuna com
3 красавіка, 10:19
Найлепшага гульца Беларусі па пляжным футболе вярнулі ў зборную пасля рэпрэсій: павінен дапамагчы трапіць на ЧС, але ўдзел у адборы пад вялікім пытаннем

Пасля жніўня 2020-га ў шматлікіх зборных Беларусі былі разгорнутыя палітычныя рэпрэсіі, а ці не больш за іншых пацярпеў пляжны футбол. Там з нацыянальнай каманды прыбралі найбольш знакамітых футбалістаў апошніх гадоў, у тым ліку сяміразова найлепшага пляжніка Беларусі Ігара Брышцеля.

Праз два гады федэрацыя, якой кіруе Міхаіл Ботнікаў (экс-ахоўнік Лукашэнкі і адзін з намеснікаў новага боса АБФФ), вярнула Брышцеля ў склад. Гэта звязана з жаданнем патрапіць на чэмпіянат свету (і ўвогуле амніставалі не яго аднаго), але не факт, што гэта дапаможа - ёсць адзін небяспечны нюанс.

Хто такі Ігар Брышцель?

Ураджэнец Кобрынскага раёна мог пачаць спартыўную кар'еру ў вялікім футболе, але не прайшоў прагляды ў "Мінску" і ўкраінскай "Валыні", а ў 2009-м аказаўся ў пляжным футболе. І адразу разам з "Палессем" з Кобрына стаў срэбным прызёрам чэмпіянату Беларусі і ўладальнікам Кубка краіны. У наступным годзе з тым самым калектывам узяў бронзу ЧБ. Пасля быў безмедальны этап у "Кіраўск-ДзЮСШ".

Ну а ў пачатку 2010-х Брышцель перабраўся ў Расію, дзе стаў па-сапраўднаму крутым спартсменам. Да 2019-га выступаў за «Кранштат-Праменад» з Балтыйска, самарскія «Крылы Саветаў», саратаўскую «Дэльту» і маскоўскі «Спартак». Беларус станавіўся віцэ-чэмпіёнам Расіі, найлепшым бамбардзірам чэмпіянату, найлепшым іграком турніру і ўладальнікам Кубка Расіі. Калі ў расійскіх спаборніцтвах здараліся перапынкі, беларус паспяваў гуляць у іншых краінах, дзе таксама браў трафеі. У Турцыі ў 2018-м стаў найлепшым бамбардзірам унутранага чэмпіянату ў складзе каманды «Арсуз». Паспяхова выступаў у Польшчы і Украіне.

Ну а ў 2019-м Брышцель падпісаў прафесійны кантракт з «Крышталем» з Санкт-Пецярбурга – клубам, дзе зараз трэніруе Генадзій Туміловіч. У горад на Няве Брышцель пераехаў не толькі гуляць, але і жыць - перавёз з сабой сям'ю. Пры гэтым легіянер, па сутнасці, жыве зараз менавіта пляжным футболам - ужо нават спрабуе сябе ў ролі трэнера маладых спартсменаў «Крышталя» і жаночага калектыву клуба. Прафесійны кантракт на добрых умовах з «Крышталем» і круглагадовыя турніры (у Піцеры пабудаваны шыкоўны Цэнтр пляжных відаў спорту) дазваляюць гуляць 12 месяцаў на год. У «Крышталі» Брышцель стаў трохразовым чэмпіёнам Расіі, чатыры разы браў Кубак краіны, згуляў 126 матчаў, у якіх набіў 150 галоў.

Апроч камандных дасягненняў хапае і індывідуальных узнагарод. Сем разоў Брышцель прызнаваўся найлепшым «пляжнікам» Беларусі – наўрад ці ў агляднай будучыні нехта перасягне такі ўзровень.

Што да нацыянальнай зборнай, у ёй беларус дэбютаваў яшчэ ў 2009-м, і ад таго часу (і да канца 2020-га) быў адным з лідараў. У 2019-м з'ездзіў на чэмпіянат свету, дзе беларусы занялі трэцяе месца ў групе, а Брышцель вызначыўся трыма галамі (па мячы ў кожным матчы). Наогул жа, на рахунку нападаючага звыш 100 галоў у больш чым сотні афіцыйных матчаў за галоўную каманду краіну.

Не хацеў больш гуляць за зборную, але цяпер вельмі рады вяртанню

17 жніўня 2020-га шэраг гульцоў зборнай Беларусі па пляжным футболе адкрыта выступілі супраць гвалту. Праз пару месяцаў амаль усе яны не прайшлі пераатэстацыю ў Мінспорту Лукашэнку, у тым ліку Брышцель. Гэта значыла адсутнасць новага кантракту з нацыянальнай камандай.

Двух - палявога Мікіту Чайкоўскага і брамніка Канстанціна Магалецкага - вельмі хутка вярнулі. Што тычыцца Брышцеля, то ён пару гадоў быў па-за нацыяналкай, прапусціў чэмпіянат свету-2021 у Расіі (там беларусы занялі трэцяе месца ў групе, саступіўшы Бразіліі і Швейцарыі і адолеўшы па пенальці Сальвадор).

- Вяртанне Чайкоўскага ў зборную ў свой час не здзівіла. Ён хутка падпісаў праўладны ліст, за яго, наколькі чуў, хадайнічалі нейкія людзі. Магалецкага вырашылі дараваць ад безвыходнасці - не было варатароў для зборнай. А вось забіваць было каму, і ад Брышцеля вырашылі адмовіцца, - апісвае сітуацыю адзін з пляжнікаў.

Як нам распавялі людзі, якія ў курсе сітуацыі, Брышцель балюча ўспрыняў сваё выгнанне са зборнай - усё ж быў капітанам каманды, па-сапраўднаму з'яўляецца топавым і вельмі аўтарытэтным гульцом. Сярод таварышаў футбаліст нават заяўляў пра намер ніколі ў зборную не вяртацца.

Але ў пачатку 2023-га сяміразова найлепшы пляжнік Беларусі раптам зноў з'явіўся ў ростэры. Без капітана каманда пражыла два гады, пасля якіх іспанскі трэнер беларусаў Нікалас Альварада запрасіў гульца на вучэбна-трэніровачны збор. Брышцель заявіў, што вельмі рады вярнуцца ў каманду.

- Думаю, яму проста надакучыла гуляць толькі ў «Крышталі», абмяжоўвацца матчамі клуба ў Расіі, бо ад еўрапейскіх турніраў расійскія калектывы адхіленыя. А зборная ездзіць на зборы ў Іран, Дубай, плюс захацелася зноў паспрабаваць прабіцца на чэмпіянат свету, - гаворыць адзін з прадстаўнікоў беларускага пляжнага футбола.

- Будзем аб'ектыўныя, Брышцель - гэта рэальна ўзмацненне для зборнай. Нягледзячы на тое, што яму 35, ён паказвае фантастычны ўзровень гульні. Зараз мацнейшага за яго пляжніка ў Беларусі няма. Так што, можа, наверсе палічылі, што варта заплюшчыць вочы на ранейшыя ўчынкі і падумаць пра каманду, пра тое, як дасягнуць выніку. А Ігар можа ў гэтым дапамагчы, - дадае яшчэ адзін наш суразмоўца.

Брышцель адразу прадэманстраваў свой узровень. На днях у Санкт-Пецярбургу праходзіў УТС "нацыяналкі", і ў спарынгу з "Крышталем" беларус аформіў покер (зборная перамагла 7:4). У другім «таварняку» каманда саступіла мясцоваму «Лексу» (3:5), Брышцель устанавіў канчатковы лік. Такім чынам, палова галоў беларускага калектыву ў двух матчах - на ягоным рахунку.

– Назаві мне беларускага футбаліста мацнейшага за Брышцеля. Я лічу, такога няма, - перад матчам з «Крышталем» у размове з журналістамі адзначаў трэнер клуба Туміловіч, які таксама працаваў у зборнай Беларусі па пляжным футболе і трапіў пад рэпрэсіі. - Чаму не выклікалі? Свае нюансы, свае моманты. Яны не датычацца футбольных пытанняў. Па футбольных – мацнейшага за Брышцеля на сённяшні момант і ў апошнія 10 гадоў у беларускім [футболе] няма. Ён хацеў вярнуцца, гуляе.

Для "нацыяналкі" гэта ўжо трэці збор у 2023 годзе. На першы Брышцела проста не выклікалі. На другі каманда лётала ў Іран, Брышцеля ўзялі з сабой, але ўзніклі праблемы з дакументамі. Выступаючы за «Крышталь», беларус атрымаў яшчэ і расійскі пашпарт, каб не лічыцца легіянерам. Але гэта не вельмі дапамагло, бо ў Расіі ўвялі правіла, згодна якому нават уладальнікі расійскіх пашпартоў, якія не маюць права гуляць за зборную РФ, усё роўна лічацца легіянерамі.

А вось у Іране дакумент РФ увогуле стаў перашкодай. Па нашай інфармацыі, калі беларуская каманда прыляцела, Брышцель засвяціў расійскі пашпарт перад іранскімі памежнікамі, і тыя проста адмовіліся прапускаць спартсмена ў краіну без тлумачэння прычын. Так вяртанне Брышцеля ў калектыў перанеслася.

Амністыя апальнага гульца звязаная з жаданнем федэрацыі, каб каманда, атрымаўшы такое ўзмацненне, прабілася на чэмпіянат свету. Але пытанне ў тым, ці зможа ўвогуле беларуская зборная ўдзельнічаць у кваліфікацыі. Праз некалькі тыдняў стартуе адбор у еўрапейкай зоне, і, як гавораць спецыялісты, ужо сёння ўдзельнікі павінны мець на руках афіцыйнае запрашэнне на кваліфікацыю. Але беларуская федэрацыя да гэтага часу яго не атрымала.

Па нашай інфармацыі, Міжнародная федэрацыя пляжнага футбола пакуль не вырашыла, як паступіць са зборнай Беларусі - пайсці па шляху ФІФА і не адхіляць ад адбору на ЧС, ці ўсё ж прыняць жорсткае рашэнне і забаніць праз саўдзел Беларусі ў вайне.

Пры гэтым дададзім, што беларускі пляжны футбол ужо адчуў на сабе санкцыі. Нашыя клубы, як і расійскія, пасля пачатку вайны ва Украіне адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў, зборныя Беларусі і Расіі не былі дапушчаныя да кваліфікацыі на Еўрапейскія гульні ў Польшчы. Адбор на Сусветныя пляжныя гульні таксама абышоўся без каманд.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты