Tribuna/Баскетбол/Блогі/О духе времени/Клубы з Беларусі спазналі ў чэмпіянатах Расіі боль (і гаворка не пра ХК «Дынама»): серыі няўдач штурхалі да дзівацкага аптымізму, цешылі прымусам сагнаныя трыбуны

Клубы з Беларусі спазналі ў чэмпіянатах Расіі боль (і гаворка не пра ХК «Дынама»): серыі няўдач штурхалі да дзівацкага аптымізму, цешылі прымусам сагнаныя трыбуны

Лукашэнкаўскі чыноўнік ухіляўся ад пытанняў пра вынік.

Аўтар — bytribuna com
5 красавіка 2023, 12:30
Клубы з Беларусі спазналі ў чэмпіянатах Расіі боль (і гаворка не пра ХК «Дынама»): серыі няўдач штурхалі да дзівацкага аптымізму, цешылі прымусам сагнаныя трыбуны

Ужо больш за год беларускі спорт у большасці відаў знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Праз гэта каманд з Беларусі ў расійскіх лігах стала яшчэ больей. Аднак там нашыя суайчыннікі з'яўляюцца статыстамі, а не рэальнай сілай.

Вось як пакутліва склаўся для іх сезон.

Баскетбалісты звыкла апошнія

13-ты сезон "Мінска" ў Адзінай лізе ВТБ не прынёс пазітыўных эмоцый заўзятарам. Пасля перадапошняга месца ў рэгулярцы-2021/22 беларускія баскетбалісты вярнуліся на звыклы апошні радок, дзе жылі з 2018-га па 2021-ы годы. У гладкім чэмпіянаце, які толькі скончыўся, «Мінск» здолеў перамагчы толькі ў трох матчах з 32.

Перад стартам рэгуляркі галоўны трэнер Расціслаў Вяргун казаў, што каманда правяла якасную перадсезонку і мае рашучы намер парадаваць прыхільнікаў. Аднак першай пераможнай стала толькі 11-я гульня сезона. У чэмпіянаце мінчукі тройчы ўмудрыліся не набраць нават 50 ачкоў за матч. Апафеозам пакут сталі 36 балаў у хатняй сустрэчы з «Енісеем» - так быў пабіты антырэкорд турніру, які трымаўся дзесяць гадоў. Бліжэй да экватара сезона мінчукі падпісалі некалькіх легіянераў з ЗША і Сербіі на заробкі ў 3-4 тысячы долараў, што дапамагло крыху стабілізаваць вынікі (то-бок паражэнняў з двухзначнай розніцай ачкоў паменела).

Вяргун шукаў пазітыў нават у няўдалых серыях - то казаў, што "задавальняцца дасягнутым" не варта, то выказваў радасць, што ў яго падапечных "ёсць магчымасць гуляць з камандамі і майстрамі такога ўзроўню".

Таксама Вяргун увесь час хваліў сталічную публіку, якая нібыта запаўняла трыбуны. Праўда, усё паказвае на тое, што "Мінск" актыўна карыстаўся адмінрэсурсам. Дзясятае паражэнне запар на старце сезона прыйшлі паглядзець 9727 гледачоў - менавіта столькі сабраў дамашні матч супраць "Лакаматыва-Кубані" (70:92), што стала рэкордам наведвальнасці па лізе. Па словах відавочцаў, на трыбунах у асноўным прысутнічалі школьнікі.

У выніку Вергун назваў галоўнай перамогай у сезоне якраз запоўненыя з дапамогай прымусу трыбуны: «Лічу, што самая вялікая наша перамога ў гэтым сезоне - гэта практычна заўсёды поўныя трыбуны. Такога ніколі не было». Цяпер усё ідзе да таго, што Вяргун працягне працу з камандай.

Кіраўнік федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў таксама прапаноўваў не глядзець на вынікі "Мінска". Лукашэнкаўскі функцыянер наракаў, што топавыя беларускія баскетбалісты з'ехалі ў замежныя клубы, дзе атрымалі лепшыя фінансавыя ўмовы. Што тычыцца гульні «Мінска», Рыжанкоў у адказ на гэтае пытанне ізноў змяніў тэму і расказаў пра тое, як у Беларусі ўмеюць арганізоўваць матчы Адзінай лігі ВТБ.

«Мінчанка» другі сезон міма плей-оф

Рэгулярны чэмпіянат скончыўся і ў расійскім валейболе. Перад стартам «Мінчанка» звыкла цэлілася ў плэй-оф. Сезон-2021/22 яна завяршыла на перадапошнім, 13-м, месцы, таму кіраўніцтва клуба развіталася з беларускім спецыялістам Станіславам Салікавым. Перад звальненнем трэнер казаў, што, калі б яму даверылі адпрацаваць наступны чэмпіянат, то ў Мінск бы "прыехалі цікавыя гульцы, каб узмацніць каманду".

Замест Салікава запрасілі расіяніна Сяргея Юркіна, дэбютанта на пазіцыі галоўнага трэнера. Пры ім беларускі на старце сезона чаргавалі невялікія серыі перамог з такімі ж серыямі паражэнняў.

Назіраючы за матчамі сваёй былой каманды, трэнер Віктар Ганчароў - у 2018-м давёў «Мінчанку» да фіналу Кубка ЕКВ - ставіў валейбалісткам за змест гульні чатыры балы з пяці. Але спецыяліст ужо тады прадказваў, што пазмагацца за месца ў плей-оф будзе вельмі складана. Асабліва яго бянтэжыла няздольнасць калектыву стабільна браць ачкі ў паядынках з прамымі канкурэнтамі.

Прыкладна тады ж у "Мінчанцы" загаварылі пра жаданне вярнуцца ў сусветны валейбол. Блакавальніца Надзея Сталяр у размове з журналістам дзяржСМІ сумавала з гэтай нагоды, але адзначала, што «ёсць надзея, што нас адновяць і мы будзем браць удзел у еўрапейскіх спаборніцтвах».

У сярэдзіне зімы «Мінчанка» патрапіла ў крутое піке, прагуляўшы дзевяць матчаў з дзесяці. Юркін тлумачыў паразы траўмамі. Серыя няўдач каштавала трэнеру працы - у пачатку сакавіку яму паказалі на дзверы. На змену да канца рэгуляркі быў прызначаны беларус Сяргей Кузняцоў. Трэнерская ратацыя дала плён: з астатніх пяці матчаў «Мінчанка» выйграла тры, але нядрэнны фініш не дапамог заскочыць у топ-8 і адпаведна ў плэй-оф, дзе беларускі не гулялі ад вясны 2021-га. У выніку каманда стала дзясятай і зараз яе чакае серыя за дзявятае месца з "Енісеем". Першы матч пройдзе ў Краснаярску 12 красавіка.

У мужчын усяго дзве перамогі

Пасля ўвядзення міжнароднага бана кіраўнікі беларускага валейбола вырашылі адправіць у чэмпіянат Расіі і мужчынскую каманду - сталічны "Будаўнік". Раней мужчынскія клубы з Беларусі ўжо мелі досвед выступу ў Суперлізе. У сезоне-2011/12 той жа «Будаўнік» заняў сёмае месца з васьмі ў Заходняй зоне, перамогшы ў чатырох матчах з 14. Наступныя два чэмпіянаты Беларусь у Расіі прадстаўляў «Шахцёр». Салігорцы таксама знаходзіліся ў нізе табліцы, ні разу не прабіўшыся ў плэй-оф.

Першапачаткова ў Суперлігу планавалася заявіць дзейнага чэмпіёна Беларусі «Шахцёр», але ў Салігорску адмовіліся ад прапановы. «Будаўнік» магчымасцю скарыстаўся. Перад другой у гісторыі заяўкай у Суперлігу старшыня клуба Аляксандр Мішын то казаў, што ў каманды няма грошай на ўдзел, то заяўляў пра цяжкасць скласці канкурэнцыю расейскім супернікам.

«Будаўнік» усё ж выйшаў на старт і пачаў з дзевяці паражэнняў запар пры адным сэце, які ўдалося ўзяць. Пасля першай жа няўдачы галоўны трэнер Алег Мікановіч сказаў, што яго падапечныя баяліся суперніка, парэкамендаваўшы ім "у кожным сэце набіраць больш пазітыўных эмоцый", бо "тады будзе лягчэй гуляць".

У выніку мінчане занялі апошняе, 16-е, месца, перамогшы ўсяго ў двух матчах з 30. Няўдачы «Будаўніка» не адвярнулі босаў Суперлігі ад ідэі пашырыць турнір за кошт клубаў з Беларусі. Паводле слоў генеральнага сакратара Беларускай федэрацыі валейбола Алы Цяцерынай, "Расійская федэрацыя валейбола вельмі чакае яшчэ другую мужчынскую каманду" і "проста настойвае, каб быў "Шахцёр".

Адзначым, што падчас сезона валейбольны клуб "Мінск", у структуру якога ўваходзяць "Будаўнік" і "Мінчанка", таксама не цураўся карыстацца адмінрэсурсам, прычым не толькі на матчах каманды. Напрыклад, у снежні на святкаванні 55-годдзя сваёй СДзЮШАР чатыры сотні сваіх выхаванцаў убралі ў адзенне чырвона-зялёных колераў і ўключылі для іх лукашэнкаўскі гімн.

Іншыя пасты блога

Усе пасты