Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Лёсам футбалістаў з чорнага спісу зоймецца ўжо іншая камісія – з зацятых лукашыстаў (яе стварылі для тых, хто з’ехаў за мяжу). Пытанне па Драгуну, здаецца, вырашанае

Лёсам футбалістаў з чорнага спісу зоймецца ўжо іншая камісія – з зацятых лукашыстаў (яе стварылі для тых, хто з’ехаў за мяжу). Пытанне па Драгуну, здаецца, вырашанае

АБФФ гатовая хоць зараз усіх дапусціць да чэмпіянату, але клубы баяцца.

Аўтар — bytribuna com
3 траўня, 06:59
21
Лёсам футбалістаў з чорнага спісу зоймецца ўжо іншая камісія – з зацятых лукашыстаў (яе стварылі для тых, хто з’ехаў за мяжу). Пытанне па Драгуну, здаецца, вырашанае

У чэмпіянаце Беларусі па футболе мінула ўжо шэсць тураў, а як мінімум дзесяць гульцоў вышэйшай лігі па-ранейшаму сядзяць без працы і чакаюць рашэння камісіі, якая павінна вызначыць, што ж рабіць з імі - тымі, хто ў 2020-м дазволіў сабе выказацца супраць гвалту. Паседжанне камісіі ўсё адкладалася, хаця, паводле інфармацыі «Трыбуны», новы кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Мікалай Шарснёў дамагаецца вяртання гульцоў без якіх-небудзь разбораў. Але такое развіццё сюжэту малаверагоднае. Да таго ж у ім адбыліся новыя павароты. Лёс гульцоў па-ранейшаму павінна вырашыць камісія, але не тая, пра якую мы казалі раней.

Вырашаць лёс футбалістаў будзе ўжо іншая камісія - з самымі зацятымі лукашыстамі

Яшчэ зімой міністэрства спорту Лукашэнкі загадала клубам скасаваць кантракты з гульцамі, якія патрапілі ў чорны спіс. І да рашэння камісіі не прымаць гэтых спартоўцаў на працу. З таго часу футбалісты застаюцца пры сваіх калектывах, але могуць толькі трэнавацца. Гульцы сядзяць без працы ўжо не першы месяц.

Тым не менш клубы і, як аказалася, федэрацыя футбола вядуць працу па вяртанні спартсменаў у прафесію. Як нам удалося даведацца, у сярэдзіне красавіка ад ФК і АБФФ на адрас спецыяльнай камісіі былі накіраваныя хадайніцтвы з просьбай «памілаваць» нібыта "нядобранадзейных" футбалістаў.

Хаця, паводле папярэдняй інфармацыі, вырашэнне пытання было запланавана яшчэ на канец сакавіка. І рашэнне павінна было прымацца ў будынку генпракуратуры Лукашэнкі. Але працэдура зацягнулася, і з часам у гэтым працэсе адбыліся змены, пра якія расказваем падрабязней.

***

Фізічна месца рашэння лёсу спартсменаў не змянілася - усё тая ж Генпракуратура. Аднак так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук вырашыў перакласці адказнасць з сябе на іншых лукашэнкаўскіх паслугачоў. Як нам удалося даведацца, цяпер будучыня футбалістаў залежыць ад так званай «Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў». Яна была створаная ўказам Лукашэнкі ў пачатку лютага 2023 года, уваходзяць у яе самыя зацятыя лукашысты. У прыватнасці, так званы генпракурор Андрэй Швед (старшыня камісіі), яго намеснік Аляксей Стук, псеўдасенатар Валерый Гайдукевіч, кіраўнік МЗС Лукашэнкі Сяргей Алейнік, удзельнік забойства мінчаніна Рамана Бандарэнкі, так званы сенатар Дзмітрый Баскаў, прапагандысты Рыгор Азаронак, Яўген Пуставы, Андрэй Мукавозчык, старшыня федэрацыі хакея і падпісант за рэжым Аляксандр Багдановіч, кіраўнік Следчага камітэта Лукашэнкі Дзмітрый Гара і кіраўнік Камітэта бяспекі Лукашэнкі Іван Церцель, так званы міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, начальнікі прапагандысцкіх тэлеканалаў Марат Маркаў і Іван Эйсмант ды іншыя персанажы. Нядаўна дзяржСМІ нават паказалі невялікі ролік з першага паседжання гэтай самай камісіі.

Клубы і АБФФ распісваюць, як футбалісты ўдзельнічалі ў "патрыятычных" мерапрыемствах

Якраз туды і адпраўляліся хадайніцтвы ад клубаў і федэрацыі. Дакументы ў адкрыты доступ, натуральна, не выкладаюцца, але нам удалося даведацца, што ж там напісана. Па звестках нашых крыніц, і клубы, і АБФФ пішуць у асноўным пра адно і тое ж, у прыватнасці: «Просім дапусціць гульцоў да ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі па футболе», «футбалісты абавязваюцца выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, шанаваць законы», «раскайваюцца ў тым , што здзейснілі ў 2020 годзе», «у такі перыяд прымалі ўдзел у наступных патрыятычных акцыях, наведвалі такія месцы падчас правядзення наступных святаў», «праявілі сябе ў футболе на такім узроўні і прынеслі такую карысць» .

Усе гэтыя аргументы, на думку аўтараў хадайніцтваў, павінны станоўчым чынам паўплываць на рашэнне камісіі. Пры гэтым, паводле нашых звестак, кіраўніцтва федэрацыі ўжо гатовае заявіць гульцоў у чэмпіянат, аднак сустракае супраціў з боку клубаў. Уся справа ў пагрозах Кавальчука, які папярэдзіў, што ў клубаў могуць быць праблемы з дзяржпадтрымкай і не толькі, калі яны наважацца заключыць кантракты з "нядобранадзейнымі" футбалістамі. Таму ФК, нягледзячы на лаяльнасць новага футбольнага кіраўніцтва, чакаюць рашэння камісіі і не здзяйсняюць паспешных крокаў. Самае цікавае, што некаторым клубам, нягледзячы на іх «паслушэнства», дагэтуль не падпісаны планы развіцця. То бок сітуацыя выглядае наступным чынам: каб атрымаць дзяржпадтрымку, каманды скасавалі кантракты з гульцамі з чорнага спісу, як і загадала Мінспорту Лукашэнкі, аднак па факце зараз не маюць ні футбалістаў, ні грошай.

Таксама нам удалося даведацца, што прашэнне аб допуску да чэмпіяната павінны пісаць і самі футбалісты з чорнага спісу, а не толькі клубныя і федэрацыйныя кіраўнікі. Пры гэтым заява (копія дакумента ёсць у распараджэнні рэдакцыі Tribuna.com) распрацаваная на ўзроўні Мінспорту Лукашэнкі і павінна быць таксама накіравана камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой. Спартсмены, у прыватнасці, пішуць: «выконваю і гатовы ў далейшым выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі Рэспублікі Беларусь, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак, годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь у спартыўных мерапрыемствах». Гульцы просяць, каб іх дапусцілі "да прафесійнай дзейнасці ў сферы спорту (футбол)".

З моманту зваротаў клубаў і федэрацыі мінуў ужо амаль месяц, аднак рашэнне ўсё яшчэ не прынятае. І, як кажуць нашыя крыніцы, невядома, калі сітуацыя вырашыцца. Зацяжка звязана і з тым, што Кавальчук ужо больш за тыдзень знаходзіцца ў адпачынку. Праўда, усё роўна лукашысцкі менеджар перыядычна з'яўляецца ў так званым Мінспорту, аднак «актыўнічае не так, як пры паўнавартаснай працы». Па нашых звестках, адпачываць Кавальчук будзе яшчэ каля тыдня.

Спіс "нядобранадзейных" футбалістаў падзялілі

Калі мы гаворым пра чорны спіс, то маем на ўвазе пералік з прыкладна 50 футбалістаў, якім забаронена гуляць у чэмпіянаце Беларусі. Аднак у беларускай футбольнай супольнасці ходзяць размовы пра тое, што гэта не ўсе кандыдаты на рэпрэсіі, што іх істотна больш, аднак пашыраны спіс “Трыбуне” пакуль не ўдалося атрымаць.

Калі вяртацца да вядомага публіцы чорнага спісу, то ў ім пазначаны і дзейныя футбалісты, і тыя, хто ўжо завяршыў кар'еру. Для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў галоўную цікавасць уяўляюць тыя, хто мае жаданне працягваць гуляць. Гэтую катэгорыю футбалістаў павінен вывучыць (а хутчэй за ўсё, ужо вывучыў) гулец мінскага «Дынама» Антон Пуціла - давераная асоба Кавальчука. Задача Пуцілы - даць рэкамендацыі, каго варта памілаваць, а хто павінен панесці пакаранне.

Па нашай інфармацыі, футбалісты з чорнага спісу, якія хочуць і надалей гуляць, падзеленыя яшчэ на дзве катэгорыі па значнасці для беларускага футбола. Адна катэгорыя - тыя, каго трэба вярнуць у чэмпіянат у першую чаргу, іншая - гульцы, з якімі можна не спяшацца.

На жаль, даведацца, якіх футбалістаў да якой катэгорыі прылічылі, нам не ўдалося. Аднак абазнаныя людзі паведамляюць, што да «значных выканаўцаў» у першую чаргу адносяць тых, хто найбольш актыўна праявіў сябе ў патрыятычных акцыях, здымаўся ў «пакаяных» відэа (як, напрыклад, паўабаронца «Тарпеда-БелАЗ» Анатоль Макараў) і ў апошнія гады выклікаўся у зборную Беларусі.

Пры гэтым практычна ўсе, хто зараз застаецца ў Беларусі і чакае рашэння камісіі, актыўнічалі ў «патрыятызме» напаказ. Таму, як адзначаюць нашы крыніцы, да "менш значных для белфутбола" выканаўцаў, рашэнне па якіх можа пачакаць, адносяць у асноўным тыя "нядобранадзейныя", хто гуляе за мяжой.

У Драгуна - асаблівая сітуацыя

Пры вывучэнні чорнага спісу нельга не заўважыць, што некаторыя гульцы з яго проста цяпер выступаюць у вышэйшай лізе. Узнікае пытанне, як такое стала магчымым. Нам удалося даведацца прычыны "выбачэння" некаторых футбалістаў.

Так, напрыклад, за брэсцкае "Дынама" гуляе паўабаронца Дзмітрый Бага. Як аказалася, перад ім таксама маячыла беспрацоўе, аднак футбаліст падпісаў кантракт з клубам. Па нашых звестках, кіраўніцтва «Дынама» актыўна хадайнічала за гульца, бо вельмі хацела яго атрымаць. Босы ФК здолелі даказаць, што Бага «акупіў» сваю віну, яшчэ выступаючы за «Гомель» у сезоне-2022 (кіраўнікі гомельскага клуба дапамаглі са зборам доказаў). У красавіку таго года разам з некаторымі аднаклубнікамі Бага-малодшы ўдзельнічаў у майстар-класе для навучэнцаў ліцэя МНС у гонар рэспубліканскай акцыі "30 дзён да Перамогі". У тым самым месяцы правёў майстар-клас для юных футбалістаў з Савецкага раёна Гомеля. У тым мерапрыемстве ўдзельнічаў і начальнік аддзела спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Ігар Палуян. Увогуле, гэтыя намаганні не прайшлі марна - Баге дазволілі стаць гульцом брэсцкага «Дынама».

Такім жа чынам трапіў у новы сезон абаронца "Шахцёра" Павел Забелін. Праўда, ён у акцыях не ўдзельнічаў (ва ўсякім разе, нам не ўдалося адшукаць публічных паведамленняў) - для "амністыі" хапіла ліста ад боса «гарнякоў», старшыні «Беларуськалія» Івана Галаватага, які з'яўляецца кумам Віктара Лукашэнкі (то бок хросным адной з дачок ).

У чорным спісе да гэтага часу фармальна прысутнічае і абаронца мінскага «Дынама» Аляксандр Сачыўка. Але ён сваю "адданасць" давёў яшчэ ў пачатку 2022-га, калі для падпісання кантракта з "бела-блакітнымі" зняўся ў эпічнай відэа, сцэнарый да якога напісаў Кавальчук.

Чаму не ўдалося абараніць гульцоў іншым клубам (а намаганні рабіліся сур'ёзныя) - загадка. Паводле нашай інфармацыі, "Нёману" зімой нібыта ўдалося дабіцца "прабачэння" для свайго капітана Валерыя Жукоўскага - яму ўжо было дазволена гуляць. Але праз нейкі час Кавальчук перадумаў і загадаў скасаваць дамову з хаўбекам да таго, пакуль рашэнне не прыме камісія.

Ну і важная інфармацыя па Станіславу Драгуну. У чорным спісе, які ёсць у распараджэнні рэдакцыі, гэты футбаліст стаіць пад першым нумарам. Дык вось, усё ідзе да таго, што адзін з найлепшых гульцоў чэмпіянату завершыць кар'еру. Некалькі разоў кіраўніцтва барысаўскага клуба спрабавала вярнуць паўабаронцу «ў шыхт», дамагаючыся адпаведнага дазволу ад Мінспорту Лукашэнкі. У студзені нібыта Андрэю Капскаму ўдалося на прыёме паразумецца з Кавальчуком. Аднак калі ўзімку пачалася кампанія па выгнанні «нядобранадзейных» футбалістаў з ЧБ, адной з яе ахвяр стаў Драгун.

З таго часу рабілася не адна спроба дамовіцца з чыноўнікам (як па Драгуну, так і па астатніх гульцах БАТЭ), але ўсё беспаспяхова. Адзінае, на што пайшоў міністр-лукашыст, гэта больш лаяльнае стаўленне да Бардачова, Бяссмертнага, Нячаева і Шчарбіцкага. Іх лёс вырашыць камісія. Тым больш хтосьці з гэтай кампаніі падпісаў у свой час ліст у падтрымку рэжыма, хтосьці знімаўся ў «патрыятычных» відэа. А вось па Драгуну, які не быў заўважаны ні ў адной з гэтых «акцый», рашэнне ледзьве не канчатковае і прынцыповае - гэтага футбаліста ў ЧБ быць не павінна.

Фота: ont.by, gp.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты