Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Прапаганда здымае фэнтэзі пра тэракты з тэатральнымі ўстаўкамі. Галоўны актор у іх – адзіны фанат «Энергетыка-БДУ»

Прапаганда здымае фэнтэзі пра тэракты з тэатральнымі ўстаўкамі. Галоўны актор у іх – адзіны фанат «Энергетыка-БДУ»

Пару гадоў таму ціснуў руку Шкурыну.

Аўтар — bytribuna com
12 траўня, 11:59
1
Прапаганда здымае фэнтэзі пра тэракты з тэатральнымі ўстаўкамі. Галоўны актор у іх – адзіны фанат «Энергетыка-БДУ»

Увечары 9 траўня Камітэт бяспекі Лукашэнкі заявіў, што ў Беларусі на святы планаваліся тэракты, з-за чаго былі схопленыя некалькі чалавек. Ужо на наступны дзень на прапагандысцкім ТБ выйшаў фільм, у якім паказалі чатырох беларусаў, якія нібыта нешта намышлялі. Відэа здзівіла сваімі "тэатральнымі" ўстаўкамі, у якіх удзельнічалі выкладчыкі і студэнты журфака БДУ. Напрыклад, у фільме прысутнічае пастановачная сцэна, дзе знаёмы з-за мяжы просіць у перапісцы сябра-студэнта забраць пасылку. Той пагаджаецца, але пасля трапляе ў актавую залу факультэта на паказ прапагандысцкага фільма рэжыму Лукашэнкі. Там раяць не забіраць невядомыя пасылкі, і студэнт перадумвае ісці на пошту.

Галоўную ролю ў пастаноўках выканаў 18-гадовы студэнт Ілля Міронаў. Пасля заканчэння ліцэя БДУ хлопец паступіў у Інстытут журналістыкі, дзе цяпер заканчвае першы курс.

Наведвальнікі матчаў "Энергетыка-БДУ" могуць пазнаць у гэтым хлопцы адзінага актыўнага фаната "студэнтаў", які падтрымлівае каманду з моманту вяртання ў вышэйшую лігу ў 2019-м. Яшчэ раней Міронава можна было ўбачыць на фанацкім сектары «Крумкачоў». Невядома, што падштурхнула Іллю змяніць клубныя перавагі.

Хлопец не саромеецца падтрымліваць "энергетыкаў" у поўнай адзіноце. Хаця часам да яго далучаюцца выхаванцы РЦАР-БДУ, усаджваючыся побач на трыбунах. Калісьці ў клуба быў свой фанацкі рух, аднак пасля перайменавання мужчынскай каманды з «Зоркі-БДУ» ў «Энергетык-БДУ» ён пачаў бестэрміновы байкот.

З часам фанацкі арсенал Міронава папоўніўся не толькі шалікам «Энергетыка-БДУ», але і невялікім банэрам, які ён пачаў вывешваць на хатніх матчах. Ілля перарабіў прапагандысцкі плакат КНДР, што дэманструе адзінства працоўных, сялян, войскоўцаў і інтэлігенцыі. Туды заўзятар дадаў лога любімага клуба, а таксама лукашэнкаўскі сцяг, герб Мінска і герб БДУ.

У камандзе з пазітывам ставяцца да свайго фаната. Паказальная гісторыя адбылася пасля заключнага матча сезона-2019, калі Міронава запусцілі ў распранальню калектыву. Там хлопец усім паціснуў рукі, а Іллю Шкурыну ўручыў падарунак як найлепшаму гульцу па версіі заўзятараў - невялікі кубак, які набыў у адным са сталічных універмагаў.

Адданасць Міронава рэжыму Лукашэнкі вылучаецца на фоне рэпрэсій супраць работнікаў "Энергетыка-БДУ", які так любіць першакурснік. У пачатку сакавіка 2023-га суд дыктатара па Мінскай вобласці выпісаў тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму Івану Котаву, які вёў сайт і сацыяльныя сеткі "студэнтаў". Беларуса прызналі вінаватым па чатырох артыкулах КК: у "абразе Лукашэнкі", "распальванні сацыяльнай варожасці", "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і ў закліках да санкцый.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты