Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Што цяпер з футбалістамі з відэа супраць гвалту: палова застаецца ў ЧБ, ёсць тыя, хто з'ехаў, змяніў пазіцыю або патрапіў пад справу «Шахцёра»

Што цяпер з футбалістамі з відэа супраць гвалту: палова застаецца ў ЧБ, ёсць тыя, хто з'ехаў, змяніў пазіцыю або патрапіў пад справу «Шахцёра»

Хтосьці завіс у «чорным спісе», хтосьці ўжо скончыў.

Аўтар — bytribuna com
19 траўня, 19:00
2
Што цяпер з футбалістамі з відэа супраць гвалту: палова застаецца ў ЧБ, ёсць тыя, хто з'ехаў, змяніў пазіцыю або патрапіў пад справу «Шахцёра»

У верасні 2020-га, праз месяц пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, масавых мірных пратэстаў у адказ і жорсткага гвалту (былі і забойствы) ад карнікаў рэжыму Лукашэнкі, беларускія футбалісты ўсё ж наважыліся асудзіць хаця б гэты самы гвалт. Тады многім, у прыватнасці, падпісантам ліста за сумленныя выбары, ролік ад белфутбола падаўся прэсным і бяззубым. Аднак нават за такое праз гады рэжым вырашыў пакараць - але, як мы ўбачым ніжэй, выбарча.

У асобным відэа 2,5 гады таму зняліся 97 на той момант дзейных футбалістаў (плюс адзін, які тады ўжо скончыў кар'еру). І палова з іх проста да гэтага часу гуляе ў ЧБ, прычым 21 чалавек працягвае выступаць у вышэйшай лізе. Яшчэ 14 гульцоў застаюцца ў Д2, а восем пыляць у другой лізе. Ролі ў камандах зусім розныя - ад незаменных да глыбокіх запасных, але дакладна няма забароны на прафесію.

Сярод такіх гульцоў ёсць і тыя, хто перад гэтым сезонам трапіў у «чорны спіс» - лукашэнкаўскае міністэрства спорту дадало туды таксама прыкладна палову ўдзельнікаў відэа (па якім прынцыпе адбіралі - загадка). Некаторыя гульцы праз такое проста змянілі краіну (нехта ўжо і так гуляў за мяжой), кагосьці беларускія клубы абаранілі, а вось яшчэ 14 чалавек усё яшчэ завіслі ў чаканні - ім абяцаюць рэжымную "камісію", якая можа "дазволіць" вярнуцца, але пасяджэнне ўсё ніяк не адбудзецца.

За мяжой цяпер гуляе крыху больш ўдзельнікаў відэа, чым чакае рашэння "камісіі". Васьмёра зарабляюць футболам у гасцінным на сёння для беларускіх гульцоў Казахстане, ёсць прадстаўнікі ў элітных лігах іншых краін. Яшчэ сем чалавек выступаюць у глыбокім польскім або нямецкім міноры, дзе звычайна трэба паралельна мець нейкую іншую крыніцу даходу. Але, напрыклад, Арцём Васькоў знайшоў яе ў тым жа клубе, дзе гуляе, - стаў там дзіцячым трэнерам.

Восем удзельнікаў таго відэа ўжо скончылі кар'еру. Для некаторых гэта было выйсце з-пад ціску сістэмы, якая пачала ўзгадваць ролік. Хтосьці аб'яўляў пра сыход афіцыйна, а ў кагосьці пра гэта сведчыць толькі кароткае ўказанне на сайце статыстыкі. Самаму маладому з гульцоў на момант завяршэння выступленняў было 24 гады. Пасля кар'еры заняткі ў людзей розныя - сярод варыянтаў ёсць не толькі звыклае трэнерства, але і спроба стварыць невялікі бізнэс па дастаўцы прадуктаў, і праца ў музычнай сферы ў іншай краіне.

Яшчэ 12 з тых, хто здымаўся ў відэа, цяпер не лічацца ні ў адным клубе - хтосьці з канца мінулага сезона, але некаторыя і больш за год. Застаецца незразумелым, ці думаюць яны вярнуцца - пра многіх гульцоў цяпер няма ніякай інфармацыі. Зрэшты, мяркуючы па сацсетках некаторых, у іх і без футбола ўсё ў парадку. Самы цікавы выпадак - экс-гулец ЧБ з'ехаў у экзатычную для Беларусі краіну і знайшоў там сабе жонку, пра што і посціць шчаслівыя фота.

Былі сярод удзельнікаў відэа супраць гвалту і тыя, хто пазней змяніў пазіцыю. У 2021-м пяцёра такіх гульцоў з'явіліся ў спісах падпісантаў прарэжымнага ліста. Была спроба растлумачыць гэта неабходнасцю «выратаваць клуб» - камандам ЧБ без пэўнай колькасці падпісантаў адмаўляліся выдзяляць грошы з дзяржбюджэту, - але больш гэта выглядала спробай захаваць свой заробак. Сёння дапамагае не ўсім - футбалісты з гэтай катэгорыі ёсць і ў ліку тых, хто чакае "камісіі".

Двое футбалістаў з відэа пазней дзеля працягу кар'еры ў Беларусі зняліся ў зусім іншых роліках. Год таму піянерам стаў Аляксандр Сачыўка - дзеля кантракту з мінскім «Дынама» паўтарыў на камеру адпаліраваную асабіста Сяргеем Кавальчуком оду рэжыму.

А перад гэтым сезонам расказаў прапагандыстам пра ўплыў на сябе ў мінулым "дэструктыўных каналаў" і пра тое, што "сёння сваё меркаванне змяніў", гулец "Тарпеда-БелАЗ" Анатоль Макараў. У заяўку на сезон яго ў выніку ўнеслі, але вось у ростар на матчы ў Дзмітрыя Молаша паўабаронца практычна не трапляе.

Ну а яшчэ трое ўдзельнікаў відэа супраць гвалту - сёння фігуранты справы «Шахцёра», які быў звінавачаныя ў подкупе і стымуляванні іншых каманд у ЧБ-2022. У прыватнасці, выступаў у верасні 2020-га з гуманістычнай пазіцыі Дзмітрый Гомза, які нібыта забяспечыў патрэбны супернікам вынік, гуляючы за "Белшыну" ў 30-м туры ЧБ у Салігорску. Цяпер Гомза аб'яўлены персонай нон грата ў белфутболе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты