З Беларусі ў цырк уцёк падпісант-маўчун з золатам АГ – без другога медаля з-за суайчынніка, прадаваў падарунак за тысячу долараў, здзіўляў жонку рухам да напарніка
Купляў вельмі дарагую машыну, выстаўляў фота з Лукашэнкам.
19 траўня «Прессбол» паведаміў, што знакаміты ў розных частках планеты Cirque du Soleil прапанаваў кантракт прарэжымнаму падпісанту Уладзіславу Ганчарову, а той пагадзіўся – прычынамі ў выданні назвалі незадаволенасць роляй другога нумара каманды (хоць тут як паглядзець – у 2022-м Ганчароў, напрыклад, абстаўляў «першага» Івана Літвіновіча) і стомленасць ад міжнароднага бана, які для беларускіх спартсменаў дзейнічае ў многіх відах спорту ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
Паводле інфармацыі беларускага гімнаста Сямёна Букіна, Ганчароў ужо працуе ў адным з шоу цырка, а з Беларусі практычна ўцякаў ад хутка прыдуманага рэжымам доўгу.
Мы ж пакуль успомнім іншыя факты пра чэмпіёна АГ-2016, які вельмі любіць маўчаць, але свяціўся на прарэжымных мерапрыемствах і пасля 2020-га.
У дзяцінстве быў названы бесперспектыўным у спорце і з цяжкасцю пісаў Дзеду Марозу
Пара гісторый пра дзяцінства спартсмена. Першая – пра тое, што не заўсёды знаходзіш сваё з першага разу. У 6 гадоў Ганчарова бацькі прывялі ў віцебскую секцыю спартыўнай гімнастыкі. А праз тры месяцы пра хлопчыка сказалі, што яго недахоп гнуткасці і расцяжкі ўжо непераадольны – і адлічылі за бесперспектыўнасць. Але Ганчароў не сышоў са спорту зусім, а проста пайшоў у іншую гімнастычную дысцыпліну – і ў скачках на батуце ўсё атрымалася. Там ён адразу трапіў да маладога трэнера Вольгі Уласавай, з якой прайшоў фактычна ўсё спартыўнае жыццё – зараз прарэжымніца ўзначальвае зборную Беларусі і славіцца дыктатарскімі метадамі.
Гісторыя другая – пра складанасцi, якія Уладзіславу дастаўляла руская мова ў пачатковай школе. У канцы 2002 года, калі Ганчарову толькі споўнілася 7 гадоў, ён напісаў Дзеду Марозу просьбу падарыць чалавека-павука. Кароткі тэкст Ганчароў напісаў з шасцю памылкамі, адну з якіх так і не выправіў. Разумеем гэтага хлопца! На жаль, ці дастаўся ў выніку юнаму Уладзіславу любімы супергерой, ён не расказаў.
На АГ-2016 разбурыў «беларускі праклён» – «выключыўшы» нервы, нечакана абставіў куміра
Да Алімпіяды-2016 у Рыа 20-гадовы Ганчароў падыходзіў у статусе беларускай медальнай надзеі, бо ўжо меў поспехі ў індывідуальным заліку – у 2014-м выйграў ЧЕ, у 2015-м стаў сярэбраным прызёрам ЧС і Еўрапейскіх гульняў, вясной 2016 узяў ЧЕ. Аднак нават сам Ганчароў на Гульні ставіў марай срэбра – занадта ўжо моцнымі здаваліся кітайскія канкурэнты. А яшчэ ўплываў «беларускі праклён» – батутыстам з нашай краіны задоўга да гэтага пакараліся буйныя турніры, але не медалі АГ: Дзмiтрый Паляруш тры разы браў асабістае золата ЧС, а на Гульнях пачатку 2000-х станавіўся 5-м і 4-м, Мікалай Казак, двухразовы сярэбраны прызёр ЧС у «індывідуалцы», на АГ-2004 быў толькі 14-м, двойчы чэмпіён Еўропы і віцэ-чэмпіён свету Вячаслаў Модзель на АГ-2012 апынуўся на 12-м месцы.
Але ў Ганчарова ўсё атрымалася – прычым нават лепш, чым ён думаў. Дапамагло тое, што атрымалася «выключыць» нервы – пазней прарэжымны псіхолаг белспорта Ірына Конан апісвала батутыста як «аднаго з самых псіхалагічна ўстойлівых спартсменаў у краіне». Фінальную спробу ў Рыа Ганчароў выканаў ідэальна – і адразу стаў на прамежкавае першае месца, адсунуўшы з яго кітайца Донга Донга, чэмпіёна АГ-2012, фаварыта, якога сам Ганчароў называў кумірам і «вялікім спартсменам». А затым іншы вельмі моцны кітаец Гаа Лей дапусціў памылкі, стаў толькі трэцім – і беларускі батутыст аказаўся нечаканым чэмпіёнам.
Прадаваў бясплатны алімпійскі смартфон за тысячу долараў – потым гэта ператварылася ў прыгажэйшую гісторыю
Была на АГ-2016 у Ганчарова і яшчэ адна цікавая гісторыя. Усім удзельнікам тых Гульняў адзін са спонсараў дарыў круты смартфон, ды яшчэ і ў адмысловай «алімпійскай» мадыфікацыі. Лагічным чынам адразу знайшліся тыя, хто захацеў на гэтым зарабіць. Сярод іх апынуўся і Ганчароў – 7 жніўня, праз два дні пасля адкрыцця АГ, ён выставіў бясплатны для сябе гаджэт на анлайн-барахолку, запытваючы за яго 2000 рублёў (тады крыху больш за 1000 долараў).
Але 13 жніўня Ганчароў стаў чэмпіёнам АГ, за што яму належала 150 тысяч долараў з дзяржбюджэту. На такім фоне продаж тэлефона мерк – і батутыст зняў аб'яву, прыдумаўшы цікавейшы ход. Смартфон Ганчарова з яго ўнікальнымі фота з АГ і кантактам з дапамогай журналістаў быў выстаўлены на аўкцыён на карысць роднай для Уладзіслава батутнай школы. У выніку атрымалася прыгожая гісторыя – у канцы жніўня 7000 рублёў (каля 3500 долараў) ад пераможцы былі перададзены ў СДЮШАР, якая закупіла новае абсталяванне для юных батутыстаў.
Стаў першым у Беларусі пакупніком прэміум-аўто – да таго доўга мучыўся са сваёй першай машынай
Прызавыя 150 тысяч долараў Ганчароў спачатку не ведаў, куды трацiць – і некалькі месяцаў яны проста ляжалі без руху. Але ў пачатку сакавіка 2017-га вырашыў – і стаў першым у Беларусі пакупніком новай мадэлі прэміум-аўтамабіля, які абыйшоўся спартсмену ў больш за 54 тысячы еўра. Праз гады трук паўторыць прарэжымнік Максім Недасекаў – праўда, у яго выпадку машына будзе каштаваць больш, чым прызавыя.
А вось са сваёй першай машынай Ганчароў доўга мучыўся. «Ламалася ўздоўж і ўпоперак. З рухавіком была сталая праблема – быццам паправіш, нейкі час усё добра, а потым зноў памылка. Змяняю свечкі – памылка. Раблю нешта яшчэ – зноў памылка. Мне гэта прыносiла дзікія нязручнасці. Машына дрэнна ехала, моцна дыміла. Увогуле, замаскіравалі і прадалі», – дзяліўся Уладзіслаў. А вось новенькім дарагім аўто алімпіец быў «цалкам задаволены», хоць цэліў на яшчэ даражэйшую машыну коштам у 300 тысяч долараў.
На АГ-2020 праляцеў з медалём пасля бліскучага выступу напарніка, якога ўжо «пахавалі» на дзяржТВ
Да новых Гульняў у Токіа ў 2021-м Ганчароў падыходзіў фаварытам – у асабістым заліку браў золата ЕГ-2019 у Мінску і срэбра ЧЕ вясной 2021-га (у групавых і камандных спаборніцтвах узнагарод было больш, але на АГ такіх залікаў няма), а па суме вынікаў стаў сусветным лідарам у зводным рэйтынгу 2019-2021 гадоў для адбору на АГ (выйграў Кубак свету-2019/20). Так што адно з двух беларускіх месцаў у Токіа Ганчароў заняў упэўнена – а вось на другое нечакана паставілі не Алега Рабцава, які пераскакаў калегу на ЧЕ-2021, а маладога Івана Літвіновіча са срэбрам ЧС-2019.
У кваліфікацыйных скачках на АГ Ганчароў стаў другім (саступіў толькі Літвіновічу), таму ў фінале скакаў перадапошнім – ужо пасля сваіх адвечных канкурэнтаў Донга і Лея. Але ў вырашальны момант Уладзіслаў выканаў праграму не без памылак і змазаў прызямленне – і кітайцаў не апярэдзіў, стаўшы трэцім у прамежкавай табліцы, на што адрэагаваў яркай мімікай.
Апошнім выступаў Літвіновіч – толькі ён мог пасунуць Ганчарова з «бронзавага» месца. І пасля выступу Івана на дзяржТВ яго «пахавалі» – каментатар Дарына Запольская сканцэнтравалася на прызямленні батутыста па-за патрэбным сектарам пры выкананні няпростага элемента і адназначна заявіла, што Літвіновіч ужо ніяк не трапіць у топ-3. А вось у рэальнасці складанасць праграмы і дакладнасць іншых скачкоў прынеслі Літвіновічу высокія адзнакі суддзяў і залаты медаль – так Ганчароў застаўся без узнагароды зусім.
Знайшоў жонку ў сваім спорце і навёў яе на думку пра здраду дзіўным дзеяннем з напарнікам
Ганчароў жанаты на калезе па скачках на батуце, якую завуць Ганна (у дзявоцтве Гарчонак). Цяпер паведамляецца, што яна таксама збіраецца рушыць услед за мужам у канадскі цырк. А пазнаёмілася пара яшчэ ў дзяцінстве ў віцебскай секцыі, хаця займаліся па розных узростах – Ганна старэйшая за Уладзіслава амаль на тры гады. Адносіны сталі сур'ёзнымі ў дастаткова раннім узросце, а да сваіх 20 гадоў Ганчароў з будучай жонкай ужо «будавалі» сабе кватэру.
Афіцыйна аформілі адносіны батутысты ў канцы 2017-га – цырымонія прайшла вельмі ціха, маладыя нават не падзяліліся фота ў сацсетках, ды і на публіку распавялі пра ўсё толькі праз паўгода. Дзяцей да новых АГ пара не планавала, але атрымалася інакш – Ганна спачатку атрымала сур'ёзную траўму, а ў кастрычніку 2020-га нарадзіла адразу дзвюх дзяўчынак, якіх назвалі Міласлава і Алівія. У выніку Ганчарова не паехала на АГ ў 2021-м – адзінымі Гульнямі ў кар'еры шматразовай медалісткі ЧС стаў Рыа, дзе батутыстка ўпала ў фінале, з-за чаго стала 8-й.
Мяркуючы па акаўнтах пары ў сацсетках, у іх адносінах усё бясхмарна. Праўда, аднойчы Ганна знайшла хоць і жартоўную, але падставу для рэўнасці – калі ў 2021-м на прарэжымным мерапрыемстве ў гонар юбілею алімпійскага камітэта Лукашэнкi Ганчароў раптам схапіў за ягадзіцу свайго напарніка па зборнай Рабцава.
Падпісаўся за Лукашэнку, пра сустрэчы з якім збіраўся расказваць унукам
Ганчароў з 2016-га не аднойчы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам – той здаўна любіць прымазвацца да поспехаў белспорту. Ад палітыка батутыст атрымліваў розныя ўзнагароды і моцна гэтым ганарыўся – нават даваў зразумець, што будзе распавядаць пра сустрэчы сваім унукам.
Да 2020-га гэта не здавалася нечым занадта ганебным у беларускім грамадстве – але ўсё змянілі масавыя фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і апантаны гвалт носьбітаў формы Лукашэнкі над мірнымі пратэстоўцамі і выпадковымі мінакамі. Але Ганчароў ніяк пра гэта не выказваўся, а ў снежні 2020-га выявіўся ў спісе падпісантаў прарэжымнага ліста – але нават гэта каментаваць адмовіўся. Пасля вольныя спартсмены выказваліся аб гэтым з якім-ніякім разуменнем.
«У батуце не падпісаць ліст было нерэальна. Усіх адным спісам у 100% складзе беспярэчна падалі. Быць героем і не падпісаць можна было толькі пасмяротна», – казаў самбіст Сцяпан Папоў.
«Упэўнены, што ліст падпісалі за Ганчарова, а ён не жорсткі лукашыст. Ён з таго тыпу людзей, якія хацелі проста адсядзецца», – падзяліўся думкамі Букін.
Сапраўды, ніводнага выказвання Ганчарова ні пра сітуацыю ў Беларусі, ні пра вайну ва Украіне так і не здарылася. Але, калі трэба было, ён прыходзіў на прарэжымныя мерапрыемствы (адно з іх згадана вышэй), а ў сярэдзіне 2022-га зняўся з сям'ёй у сюжэце для праграмы навін дзяржТБ, у якой нахвальвалі рэжымную палітыку ў дачыненні да дзяцей.