Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Польшча забаніла амаль усю «красу» белспорту: Багдановічу і Мірончык узгадалі Ціманоўскую, Глебу – прапаганду, Сялімаву – «бізнес-актыўнасць» з Чыжом і Зайцавым

Польшча забаніла амаль усю «красу» белспорту: Багдановічу і Мірончык узгадалі Ціманоўскую, Глебу – прапаганду, Сялімаву – «бізнес-актыўнасць» з Чыжом і Зайцавым

А вось Базанаў можа далей ездзіць «на закупы».

Аўтар — bytribuna com
30 траўня, 09:59
1
Польшча забаніла амаль усю «красу» белспорту: Багдановічу і Мірончык узгадалі Ціманоўскую, Глебу – прапаганду, Сялімаву – «бізнес-актыўнасць» з Чыжом і Зайцавым

29 траўня Польшча аб'явіла пра магутны пакет санкцый у дачыненні да грамадзян Беларусі, якіх палічыла непажаданымі на сваёй тэрыторыі. Такіх набралася адразу 365, прычынай санкцыяў сталі рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі да непажаданых яму людзей, а падставай - адхіленне галоўным рэжымным «судом» апеляцыі Андрэя Пачобута, журналіста і актывіста польскай дыяспары ў Беларусі, якому далі 8 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў закліках да дзеянняў супраць рэжыму і "распальванні варожасці" да яго прадстаўнікоў. Пачобут, які адмовіўся ад высылкі з Беларусі ў абмен на свабоду, прызнаны палітвязнем, а польскія ўлады наўпрост называюць абвінавачанні ілжывымі. Паводле іх ацэнкі, тыя, хто трапіў у санкцыйны пералік, "прасоўвалі беларускі рэжым, займаліся легітымацыяй і падтрымкай рэпрэсіўнай палітыкі Мінска".

Новым пакетам абмежаванняў у Польшчы дабанілі парламент Лукашэнкі - раней у санкцыйных спісах былі толькі некаторыя яго чальцы, а цяпер усе, бо сваёй дзейнасцю яны, як сфармулявана ў польскіх дакументах, «падтрымліваюць рэжым, які парушае асноўныя правы чалавека і спрыяе незаконнай агрэсіі Расіі ва Украіне». Патрапілі ў спіс таксама вядомыя прапагандысты (муж і жонка Эйсманты, Азаронак – усяго 23 чалавекі), спецыялісты рэжымных «судоў» па палітычных «прысудах», арганізатары міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы, носьбіты формы Лукашэнкі, якіх Польшча лічыць адказнымі за катаванні і маральныя здзекі як з беларусаў, так і з палякаў, а таксама службовыя асобы, адказныя за знішчэнне польскіх могілак і помнікаў, што ў апошнія гады стала ў рэжыма Лукашэнкі папулярным заняткам.

Нас жа ў большай ступені цікавіць тое, што ў спіс патрапілі спартсмены і спартыўныя функцыянеры. У польскім прэс-рэлізе іх налічылі 24, але на справе аказалася больш - проста некаторыя трапілі ў спіс за дзеянні ў іншых сферах, пры гэтым займаючы і спартыўныя пасады. Цяпер ім, як і ўсім астатнім удзельнікам спісу, Польшча абяцае не толькі замарозку польскіх актываў, але і забарону ўезду на тэрыторыю ўсёй шэнгенскай зоны. Праўда, гэта не заўжды так працуе. Напрыклад, Уладзімір Базанаў з 2020-га патрапіў пад санкцыі Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія таксама ўваходзяць у Шэнген, але пры гэтым у тую ж Польшчу ездзіць абсалютна спакойна - а вось калі сунуўся ў Чэхію, то неўзабаве быў высланы з ануляваннем візы (але потым атрымаў новую ў іншай краіне зоны).

Асобныя дакументы з кароткім абгрунтаваннем, чаму той ці іншы чалавек непажаданы ў Польшчы, мясцовае МУС увесь дзень 29 траўня публікавала на сваім сайце. А першай выклалі пастанову на бан для Аляксандра Глеба. У пералік ён трапіў за "ўдзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах, накіраваных на падтрымку праўлення Лукашэнкі". І за апошнія гады іх у скарбонцы цяперашняга сябра выканкама АБФФ сапраўды набралася мноства.

Тая самая прычына, што ў Глеба, указаная палякамі і для кіраўніка беларускай фэдэрацыі тэніса Сяргея Рутэнкі. Аб'ядноўвае двух экс-гульцоў «Барселоны» (футбольнай і гандбольнай) і, уласна, сувязі з Заходняй Еўропай - Глеб доўга там выступаў, завёў шмат сяброў і ў 2012-м нават казаў, што ў яго хутка будзе кватэра ў нямецкім Мюнхене, а ў Рутэнка ўвогуле маецца два пашпарты з тых краёў. Калі польскі бан сапраўды забароніць абаім уезд ва ўвесь Шэнген, для іх гэта можа быць асабліва непрыемна.

Пад санкцыі патрапіў і ўжо былы чалец выканкама АБФФ Міхаіл Мархель. Удзельнік таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі ў 2020-м быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі і наўпрост абвінавачваецца ў тым, што тады «парушаў правы гульцоў, не выклікаючы іх у зборную з прычыны поглядаў». Ну так, ужо тады лаяльнасць была важнейшай нават за «матч жыцця» для каманды.

Патрапілі пад санкцыі і генеральны сакратар АБФФ Сяргей Жардзецкі, і Юрый Вяргейчык. Праўда, у палякаў крыху састарэлыя дадзеныя - у дакуменце апошні яшчэ называецца намеснікам кіраўніка федэрацыі. Патрапілі ж у спіс функцыянеры за тое, што не толькі самі падпісаліся за Лукашэнку, але і «пагрозамі прымушалі да таго ж гульцоў, трэнераў і персанал». Асобна Вяргейчыку ўзгадалі «патрабаванне адстаўкі дырэктара судзейскага дэпартамента за яго ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 года» - маецца на ўвазе, вядома, Андрэй Чэпа.

А зараз - галоўная нечаканасць польскага спісу: у ім не знайсці Базанава, які рабіў усё тое ж самае. Можа, выпісалі індульгенцыю за ўнёсак у польскую эканоміку?

Ад футбола пераходзім да лёгкай атлетыкі - вядома, санкцыйны спіс не абыйшоўся без, мабыць, самых зацятых фанатаў Лукашэнкі сярод дзейных спартсменаў, скакуноў Максіма Недосекова і Анастасіі Мірончык-Івановай (цікава будзе, калі хоць адзін патрапіць на АГ-2024, але не паедзе праз ўваходжанне Францыі ў шэнгенскую зону). Абаім у першую чаргу ўзгадалі падпісанне ліста ў падтрымку Лукашэнкі - вялікае прывітанне Puma, якая здолела не знайсці прамой падтрымкі ў тым пасланні.

Мірончык-Івановай жа яшчэ прад'явілі за Крысціну Ціманоўскую - поп-скакуха, паводле фармулёўкі польскага боку "ўдзельнічала ў скандале на АГ у Токіа і асудзіла спартсменку, якая крытыкавала беларускі рэжым". Нагадаем, што Ціманаўская ў 2021-м у Японіі абурылася праз тое, што яе, нават не папярэдзіўшы, заявілі на няпрофільную дыстанцыю - а калі рэжым за гэта зняў яе з профільнага забегу, прымусіў прасіць прабачэння і паспрабаваў выслаць у Беларусь, здолела вырвацца ў японскім аэрапорце і паляцець у Польшчу, дзе цяпер працягвае кар'еру і ўжо атрымала мясцовае грамадзянства. Адразу пасля вымушанага пераезду на Ціманаўскую абрынулася беларуская дзяржпрапаганда - ну і рэжымныя спартсмены і функцыянеры падключаліся. Мірончык-Іванова была там у першых шэрагах.

Аднак "за Ціманаўскую" прыляцела не толькі Мірончык-Івановай. Ачарненне бягунні значыцца адзіным абгрунтаваннем санкцый у дакументах на Аляксандра Багдановіча - ну, акрамя таго факта, што ён узначальвае беларускую федэрацыю хакея. Плюс трапіў у спіс і Юрый Майсевіч - трэнер лёгкаатлетычнай зборнай Беларусі на АГ-2020, які асабіста ціснуў на спартсменку яшчэ ў Токіа (памятаеце яго прамовы?)

Забанілі і Дзмітрыя Баскава - якога таксама чамусьці, як і Багдановіча, назвалі кіраўніком ФХБ. На справе ён паўтара гады як забанены ІІХФ на пяць гадоў за палітычны ціск на супрацоўнікаў.

Баскаву, якога таксама правільна назвалі членам алімпійскага камітэта Лукашэнкі (праўда, ён не прызнаны МАК), узгадалі і абвінавачанне ў датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі.

Але асноўнае апісанне звязанае з яго статусам чальца парламента Лукашэнкі - усім такім Польшча нагадала пра "удзел у прыняцці законаў, скіраваных на рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі". Такіх у польскіх дакументах пералічана шмат - аб пашырэнні "паўнамоцтваў" носьбітаў формы Лукашэнкі, аб "дзяржаўнай абароне" "службовых асоб", аб супрацьдзеянні "экстрэмізму", аб "генацыдзе беларускага народа", і гэта не поўны спіс. Асобна адзначана спроба дыскрэдытацыі Польшчы і Літвы як нібыта ворагаў Беларусі і прыгнёту польскай меншасці, у тым ліку па выдуманых абвінавачваннях у "рэабілітацыі нацызму".

У спіс уключаныя вялікія «гузакі» Мінспорту Лукашэнкі ў 2020-м - псеўдаміністр Сяргей Кавальчук, а таксама яго намеснікі Аляксандр Барауля (абодва застаюцца на пасадах), Вячаслаў Дурноў і Міхаіл Партны. У першых трох выпадках абгрунтаванне ёмістае: "Рэпрэсіі ў дачыненні да спартсменаў, якія выказваюць нязгоду з рэжымам Лукашэнкі". Партному прыгадалі больш канкрэтнае – што ён “запалохваў беларускіх спартсменаў, якія адкрыта асудзілі фальсіфікацыю выбараў”. Што ж, за гэта вольныя спартсмены заклікалі ўключыць усіх вышэйпералічаных у санкцыйныя спісы ўсяго ЕЗ яшчэ ў верасні 2020-га.

Па той жа прычыне, што і Кавальчук, у пералік трапіў і Міхаіл Пракапенка - дырэктар упраўлення "нацыянальных каманд" "Мінспорту" і кіраўнік беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор'я.

У некаторых выпадках прычыны асабліва не распісаныя. Напрыклад, у выпадку Віктара Лукашэнкі проста пазначана, што яго пост кіраўніка алімпійскага камітэта Лукашэнкі, роўна як і статус сябра рады ягонай бяспекі, самі па сабе паказваюць яго прыхільнікам рэжыму Лукашэнкі (лагічна, што сказаць). А вось па намесніку Віктара ў камітэце Дзмітрыю Даўгаленку нагадалі, што ён «актыўна ўдзельнічае ў антыдэмакратычнай палітыцы ўрада Беларусі». Пра сябра выканкаму Любоў Чаркашыну ўвогуле ўспомнілі толькі як пра “трэнера па мастацкай гімнастыцы” – і заявілі, што яна “актыўна падтрымлівае палітыку Лукашэнкі”. Тая ж прычына ўнясення ў спіс у яе былой калегі па зборнай Беларусі Кацярыны Галкінай (у польскім дакуменце не пазначана яе палітычная пасада), галоўнага трэнера зборнай па мастацкай гімнастыцы Ірыны Ляпарскай і ў намесніка старшыні беларускай федэрацыі баскетбола Анатоля Якубенкі.

А вось у кіраўніка беларускай федэрацыі барацьбы Аліма Сялімава да гэтай жа нагоды для санкцый ёсць вельмі цікавы дадатак. Польскі бок сцвярджае, што «яго бізнэс-актыўнасць звязаная з Юрыем Чыжом і Аляксандрам Зайцавым - галоўнымі асобамі, якія фінансуюць рэжым Лукашэнкі». Пры гэтым адзначым, што Чыж даўно ў няміласці. Што да мінулых сувязяў Сялімава з гэтымі людзьмі, то публіцы вядомая толькі спартовая лінія - Чыж некалі зрабіў двухразовага чэмпіёна свету па дужанні генеральным дырэктарам свайго мінскага «Дынама», а Зайцаў паклікаў кіраваць акадэміяй «Дынама» брэсцкага.

Кіраўнікі федэрацый лёгкай атлетыкі Іван Ціхан і гандбола Уладзімір Канаплёў абвінавачаны толькі ў тым, што «падпісалі адкрыты ліст у падтрымку Лукашэнкі» - і, дарэчы, у спісе падпісантаў менавіта спартыўнага ліста Канаплёва няма. А вось да ягонага намесніка Сяргея Рэпкіна прэтэнзіі канкрэтныя – як рэктар БДУФК ён “пагражае супрацоўнікам, якія адмаўляюцца падтрымліваць рэжым Лукашэнкі”.

Хтосьці патрапіў у спіс не праз спартовыя пасады. Напрыклад, кіраўнік федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў значыцца толькі як намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі - праўда, у спісе грахоў згаданае «ўгаворванне беларускіх спартсменаў падпісаць ліст у падтрымку палітыкі Лукашэнкі».

Кіраўнік федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса Юрый Караеў злавіў санкцыі за «каардынацыю працэсу падаўлення пратэстаў супраць рэжыму», калі ён быў кіраўніком МУС Лукашэнкі ў 2020-м. За сваю дзейнасць на той пасадзе Караеў даўно ў санкцыйных спісах усяго ЕЗ, як і Рыжанкоў.

Яшчэ некалькі чалавек адзначаныя толькі за прыняцце рэпрэсіўных законаў, як Баскаў, - гэта, натуральна, таксама члены парламента Лукашэнкі: кіраўнік федэрацыі каноэ Валянцін Байко, экс-вясляр Аляксандр Масяйкоў і кіраўнік гомельскай федэрацыі хакея Віталь Уткін.

Гэтая ж фармулёўка значыцца ў дакуменце на яшчэ аднаго такога чальца - гендырэктара "Беларуськалія" і куратара футбольнага "Шахцёра" Івана Галатага, які і ва ўсім ЕЗ забанены.

Нарэшце, увогуле ніякай канкрэтнай прычыны не прапісана ў дакуменце ў Аляксея Талая – але ўсё роўна пазначана, што, няхай і не згаданая ў дакуменце, дзейнасць параплыўца «выяўляе яго як прыхільніка рэжыму Лукашэнкі». Зрэшты, у гэтым і так няма ніякіх сумневаў.

Напрыканцы адзначым, што любы з тых, на каго накладзеныя санкцыі, можа аспрэчыць гэтае рашэнне на працягу 30 дзён, падаўшы апеляцыю ў варшаўскі суд. За гэта, праўда, трэба заплаціць пошліну ў памеры 200 злотых (крыху менш за 50 долараў).

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты