Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У БАТЭ не толькі гульцы ў «чорным спісе», але і няма дазволу на дапамогу ад спонсараў. Марудзіць куратар «Дынама» Кавальчук – але ж пытанні не па адным Барысаве

У БАТЭ не толькі гульцы ў «чорным спісе», але і няма дазволу на дапамогу ад спонсараў. Марудзіць куратар «Дынама» Кавальчук – але ж пытанні не па адным Барысаве

А вось як Кавалевіч вывеў з-пад удару «Нёман».

Аўтар — bytribuna com
2 чэрвеня, 23:59
14
У БАТЭ не толькі гульцы ў «чорным спісе», але і няма дазволу на дапамогу ад спонсараў. Марудзіць куратар «Дынама» Кавальчук – але ж пытанні не па адным Барысаве

Праз месяц у вышэйшай лізе завершыцца першы круг, а некаторыя клубы дагэтуль жывуць без магчымасці атрымліваць падтрымку ад рэжымных прадпрыемстваў. А гэта – асноўная крыніца фінансавання ў беларускім футболе. Чатыром калектывам не ўзгаднілі план развіцця, без якога атрымліваць спонсарскія грошы вельмі праблематычна. Пад ударам апынуліся і БАТЭ з «Тарпеда-БелАЗ» – абедзве каманды пераследуюць мінскае «Дынама» у чэмпіёнскай гонцы. І гэта – адна з галоўных прычын, чаму план усё яшчэ не ўхвалены. Але справа не толькі ў гэтым.

«Трыбуна» даведалася падрабязнасці.

Што такое план развіцця і чаму ён важны для клубаў?

Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што перад стартам чэмпіянату Беларусі па футболе абмяркоўваем нейкія планы развіцця. Нібыта ад іх шмат у чым залежыць, як і на якія грошы клубы пражывуць бліжэйшы год. Што гэта за дакумэнт? Каб разабрацца, «Трыбуна» на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з адным з беларускіх футбольных функцыянераў.

– План развіцця – гэта дакумент, які цесна звязаны з указам [Лукашэнкi] № 191 «Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту». У гэтым указе распісана, на якіх умовах клубы могуць разлічваць на спонсарскую дапамогу ад дзяржпрадпрыемстваў.

Такім чынам, спартыўныя клубы рыхтуюць план дзеянняў, паводле якога збіраюцца жыць у новым годзе. Распісваецца, напрыклад, якое месца ў чэмпіянаце павінны, на думку кіраўнікоў клуба, заняць дзіцяча-юнацкія калектывы, дубль, першая каманда. Або, напрыклад, да якога раўнда еўракубкаў плануецца дайсці. Таксама распісваецца, колькі грошай не з дзяржбюджэту, гэта значыць уласнымі сіламі, плануецца зарабіць цягам года.

Безумоўна, у клубе разумеюць усе нюансы працы, віду спорту і гэтак далей, таму могуць аб'ектыўна разлічыць, на якія мэты, на якія месцы можна замахнуцца. Чыноўнікі наверсе, у сваю чаргу, скажуць, што трэба імкнуцца да больш амбітных задач, якiя прыдумляюць проста з галавы, бо ў большасці сваёй не разумеюць усіх спартыўных нюансаў. У такім выпадку трэба прыйсці да кансэнсусу і сумесна вызначыць, як клуб будзе жыць у новым сезоне, гэта значыць якіх задач (як у табліцы, так і ў фінансавым плане) павінен дасягнуць.

Звычайна праца з гэтым дакументам пачынаецца ў канцы каляндарнага года, у снежні, а ўжо ў студзені ён ідзе на ўзгадненне з вышэйстаячымі структурамі. Усё робіцца для таго, каб паспець у міжсезонне атрымаць грошы, якія дазволяць правесці падпісную кампанію, запрасіць навiчкоў, перападпісаць кантракты. Пры гэтым узгадненне трэба немалое – дакумент праходзіць праз шэсць арганізацый. Пяць з iх праходзяцца ў любым парадку – гэта рэспубліканскія прафсаюзы, адміністрацыя [Лукашэнкi] па раёне, да якога юрыдычна адносіцца ФК, упраўленне спорту і турызму выканкамаў [Лукашэнкi] па гораду або вобласцi, непасрэднае кіраўніцтва гэтых выканкамаў, АБФФ. Апошняя інстанцыя – гэта Мінспорту [Лукашэнкi], якое якраз і падпісвае дакумент. Але нават калі ўсе крокі прайсці, атрымаць подпісы і дазволы, не факт, што ў Мінспорту [Лукашэнкi] дакумент зацвердзяць – ён там можа ляжаць столькі, колькі захочуць чыноўнікі.

Непасрэдныя куратары клубаў, скажам так, – выканкамы [Лукашэнкi па абласцях i гарадах], там ставяць задачы перад ФК. Але ў нас усё завязана на Мінспорту [Лукашэнкi], дзе вырашаюцца ўсе пытанні. І часам складваецца такое адчуванне, што там сядзяць чыноўнікі, якія проста зводзяць рахункі з клубамі. Не важна, за што, але проста жадаюць насаліць, ускладніць жыццё. Яскравы прыклад – не дапушчаюць гульцоў да чэмпіянату, забараняюць падпісваць кантракты з імі. А яшчэ не зацвярджаюць планы развіцця тым ці іншым калектывам. Робяць, што пажадаюць. Пры гэтым што, Мінспорту [Лукашэнкi] будзе адказваць за вынік каманды? Не. Выклічуць кіраўнікоў выканкамаў [Лукашэнкi па абласцях i гарадах], начальнікаў упраўленняў спорту і турызму.

Чаму яшчэ могуць не падпісваць план развіцця? Напрыклад, год таму вы заяўлялі, што першая каманда стане чэмпіёнам. Чыноўнікі ўзгаднілі дакумент, у тым ліку подпіс быў атрыманы ў Мінспорту [Лукашэнкi]. Дзяржбюджэт і грошы з дзяржпрадпрыемстваў вам на гэта выдзяляліся, але ФК не выканаў пастаўленую задачу. У выніку кіраўнік клуба прыйдзе зноў з дакументам, а ў Мінспорту [Лукашэнкi] яму скажуць: «А чаму мы вам павінны выдзяляць грошы з дзяржбюджэту, калі вы не дасягаеце мэт? Шукайце самі сродкі. А потым ужо пагаворым». Але калі ты знайсцi аргументы, давесцi, што былі аб'ектыўныя прычыны, чаму не ўдалося выканаць задачу, тады план развіцця падпішуць.

– Што наогул дае гэты план развіцця?

– Галоўнае – калі дакумент не падпісаны, нельга атрымліваць спонсарскую дапамогу ад дзяржпрадпрыемстваў. Кіраўнік клуба можа прыйсці перад сезонам на прадпрыемства, каб заключыць дамову на год. БАТЭ, напрыклад, пойдзе на МТЗ, «Тарпеда-БелАЗ» – на аўтазавод, «Славія» – на Мазырскi НПЗ і гэтак далей. А там бухгалтэрыя запатрабуе шэраг дакументаў, у тым ліку падпісаны план развіцця. Калi яго няма – скажуць, што проста па законе не могуць дапамагчы. Нават калі вы загадзя дамовіліся з прадпрыемствам на новы сезон, усё можа загубіць непадпісаны план развіцця.

– Гэта значыць, калі таму ж «Тарпеда-БелАЗ» не падпісалі план развіцця, то завод БелАЗ не можа выдзяляць клубу спонсарскую дапамогу?

– Не можа, гэта будзе парушэннем 191-га ўказу [Лукашэнкi].

Той жа БАТЭ не можа падпісваць спонсарскія пагадненні з МТЗ, «Белдзяржстрахам» і іншымі дзяржпрадпрыемствамі. Ну, прадпрыемства можа заключыць дамову, але такім чынам рызыкуе займець праблемы з дзяржавай. Таму што калi прыйдзе Камітэт дзяржкантролю [Лукашэнкi] на той жа трактарны завод i ўбачыць, што ён выдзяляе грошы клубу, якому не зацверджаны план развіцця – у завода будуць сур'ёзныя праблемы. А ніхто не хоча быць самагубцам.

– Калі план развіцця не падпісаны, колькі клуб страціць грошай?

– Усё індывідуальна. Нейкі клуб можа жыць у асноўным за кошт спонсарскіх грошай дзяржпрадпрыемстваў. Умоўна кажучы, бюджэт «Тарпеда-БелАЗ» можа на 90 працэнтаў складацца з тых грошай, якія дае завод. А нейкі клуб можа існаваць за кошт пазабюджэтных сродкаў, дапамогі нейкіх прыватных спонсараў. Таму тут напэўна не скажаш.

– Клубы, якім не ўзгадняюць план развіцця, жывуць на старых запасах?

– Думаю, так і ёсць.

«Слуцку» – помста за «спісачных», а вось «Нёману» дапамглi cувязi Кавалевiча

Як даведалася «Трыбуна», большасці клубаў вышэйшай лігі планы развіцця падпісалі да траўня. Некаторым – у асноўным камандам-аўтсайдарам – узгаднілі яшчэ да пачатку сезона. З сераднякамі – напрыклад, «Нёманам» – пытанні вырашалі да канца сакавіка. А вось «Мінск» атрымаў ухвалу толькі тыдзень таму. Цiкава, што сталічнаму «Дынама», паводле нашых звестак, план развіцця падпісалі далёка не ў першую чаргу, нягледзячы на тое, што клуб знаходзіцца пад куратарствам так званага «Мінспорту».

На 1 чэрвеня ў вышэйшай лізе заставаліся чатыры клубы, якім план развіцця не зацвердзілі. Гэта «Нафтан», БАТЭ, «Тарпеда-БелАЗ» і «Слуцк». Мы даведаліся, якія да іх ёсць пытанні.

З «Нафтанам» усё проста. Як нам удалося высветліць, частку грошай, якія былі атрыманыя дзякуючы дзяржпрадпрыемствам, патрацілі не так, як распісалі ў плане развіцця (пра што канкрэтна ідзе гаворка, нам невядома). Тыя «грахі» і перашкаджаюць навапалачанам зацвердзіць дакумент цяпер. На астатніх жа калектывах спынімся больш падрабязна.

Пачнём са «Слуцка». Па нашай інфармацыі, Кавальчук да гэтага часу не падпісаў план развіцця, хоць дакумент да яго ўжо дайшоў, праз сувязі клуба з гульцамі з «чорнага спісу». Такімі з'яўляюцца Юрый Астравух, Ілля Бранавец і Яўген Вялько. Быў яшчэ брамнік Павел Шчарбачэня, але ён толькі патрэніраваўся ў пачатку года з камандай, а пасля пакаціў у першую лігу Казахстана. Астатнія засталіся ў «Слуцку» – кантракты з імі заключаць забаронена, але футбалісты працягваюць трэніравацца ў чаканні рашэння рэжымнай «камісіі». А Кавальчук банальна помсціць калектыву, які асмеліўся працаваць са «спісачнымі».

Але ж у «Нёмане» таксама трэніруюцца гульцы з «чорнага спісу» (Валерый Жукоўскі, Раман Пасевіч, Сяргей Курганскі, Яўген Ляшко) – а гродзенскаму клубу падпісалі план развіцця.

Прычына гэтаму – сувязi галоўнага трэнера «Нёмана» Ігара Кавалевіча. Падпісант праўладнага ліста на кароткай назе (разам нават у футбол гулялі) з цяперашнім памочнікам Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрыем Караевым, які за апошнія гады даказаў сваю адданасць рэжыму.

Але куды больш вырашае сувязь з Кавальчуком. Дамагае нават тое, што яны землякі: Кавалевіч нарадзіўся ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці, а Кавальчук – у вёсцы Журавок Іванаўскага раёна. Але ёсць i больш важнае перасячэнне.

Яшчэ важна тое, што родная сястра Кавалевіча з'яўляецца жонкай Сяргея Алейніка. Той у 2010-х быў намеснікам кіраўніка МЗС Лукашэнкі, дзе добра працаваў з начальнікам аддзела візітаў i па сумяшчальнiцтве намеснікам начальніка службы дзяржаўнага пратакола па iменi Яраслаў Кавальчук – то бок сынам цяперашняга так званага міністра спорту. Сваяцтва з Алейнікам і адносная блізкасць таго з Яраславам Кавальчуком i дапамаглі Кавалевічу ў свой час наладзіць кантакт з Кавальчуком-старэйшым, якога пасадзілі ў крэсла «міністра» ў сакавіку 2018-га.

(У пачатковай версіі тэксту памылкова гаварылася пра тое, што жонкай так званага міністра замежных спраў Лукашэнкі Сяргея Алейніка з’яўляецца родная сястра жонкі Ігара Кавалевіча. Насамсправе замужам за Алейнікам родная сястра самога Кавалевіча. Просім прабачэння за гэтую недакладнасць, як і за наступную факталагічную памылку: звесткі пра тое, што Кавалевіч развёўся, не адпавядаюць рэчаіснасці. Трэнер і яго жонка-сцюардэса жывуць у розных гарадах і рэдка сустракаюцца, але па-ранейшаму знаходзяцца ў шлюбе і гадуюць разам сына)

Яраслаў Кавальчук з 26 чэрвеня 2020-га працуе ў пасольстве Беларусі ў Іспаніі i нават быў рэжымным часовым павераным у гэтай краiне. Сяргей Алейнік, чый сын Аляксандр ужо многія гады з'яўляецца прэс-аташэ АБФФ, з 13 снежня 2022-га ўзначальвае МЗС. Кавалевіч, як сказана вышэй, развёўся. Але гэта не паўплывала на яго прыяцельскія адносіны з Сяргеем Кавальчуком, што ў выніку дапамагло гарадзенцам займець подпіс пад планам развіцця (але не дапамагло вярнуць у склад рэпрэсаваных футбалістаў).

«Тарпеда-БелАЗ» прыцягнуў увагу лукашэнкаўскага камітэта кантролю

Па нашай інфармацыі, у ланцужку на зацвярджэнне жодзінскага дакумента нечакана з'явілася новая структура. Паводле інфармацыі «Трыбуны», зараз план развіцця «Тарпеда-БелАЗ» дэталёва разглядаецца ў лукашэнкаўскім Камітэце дзяржкантролю. Пры гэтым у камандзе працягваюць своечасова і ў поўным аб'ёме выплачваць заробкі, якія трымаюцца ў асноўным на ўзроўні 2-3 тысяч долараў на месяц.

Нават у адсутнасць дазволенай фінансавай падтрымкі з боку галоўнага спонсара – БелАЗ – клуб не бядуе. Кіраўнікі ФК чакаюць узгаднення плана развіцця, але i без яго здолелі знайсці доступ да грошай. Па звестках нашых суразмоўцаў, якія ў курсе сітуацыі, завод фармальна выконвае лукашэнкаўскi ўказ і не аказвае спонсарскую дапамогу наўпрост, аднак дапамагаюць даччыныя прадпрыемствы БелАЗа, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расіі, Казахстана, КНР. Пры гэтым нашы суразмоўцы дапускаюць, што менавіта такое «ўменне» знайсці грошы і магло зацікавіць рэжымны КДК.

Сярод прычын, па якiх з подпiсам жодзiнскага плана марудзіць Кавальчук, – жвавы старт «Тарпеда-БелАЗ» у чэмпіянаце, што пагражае пазіцыям мінскага «Дынама».

З БАТЭ усё максімальна відавочна

Што тычыцца няўзгодненага плана БАТЭ, то тут усё банальна. Па словах нашых суразмоўцаў, якія валодаюць сітуацыяй, Кавальчук, па-першае, помсціць за наяўнасць у структуры «жоўта-сініх» гульцоў з «чорнага спісу» (Станіслаў Драгун, Дзяніс Шчарбіцкі, Даніла Нячаеў, Максім Бардачоў, Дзмітрый Бяссмертны). З імі, нагадаем, кантракты заключаць нельга да рашэння рэжымнай «камісіі», а па Драгуну, мяркуючы па ўсім, увогуле вырашана, што яму няма месца ў белфутболе.

Па-другое, непадпісанне плана абмяжоўвае большасць клубаў (не ўсім так шанцуе, як «Тарпеда-БелАЗ») магчымасці даваць добрыя заробкі і здзяйсняць трансферы. Цяганіна – гэта інструмент яшчэ большага паслаблення аднаго з галоўных канкурэнтаў «Дынама» у барацьбе за чэмпіёнскі тытул. Па словах нашых суразмоўцаў, Кавальчук выкарыстоўвае ўсе спосабы, каб аблегчыць шлях «бела-блакітных» да выканання даручэння Лукашэнкі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты