Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У беларускай лёгкай атлетыцы туга (нават Недасекаў думае з'ехаць) – экс-Герман вось ужо знайшла неспартыўны занятак, якім можна нядрэнна зарабіць

У беларускай лёгкай атлетыцы туга (нават Недасекаў думае з'ехаць) – экс-Герман вось ужо знайшла неспартыўны занятак, якім можна нядрэнна зарабіць

Хаця ў Беларусі ў яе няма канкурэнтаў не толькі ў бар'ерным бегу.

Аўтар — bytribuna com
7 чэрвеня, 19:00
У беларускай лёгкай атлетыцы туга (нават Недасекаў думае з'ехаць) – экс-Герман вось ужо знайшла неспартыўны занятак, якім можна нядрэнна зарабіць

Больш за год беларускі спорт жыве пры міжнародным бане ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. І калі ў некаторых відах на пэўных умовах пачынаюць дапускаць прадстаўнікоў Беларусі да спаборніцтваў, а ў большасці выпадкаў яны шмат спаборнічалі ў Расіі, то ў беларускай лёгкай атлетыцы толькі-толькі прыступаюць да другога, а разбана на больш сур'ёзным узроўні пакуль няма.

У такіх абставінах некаторыя спартсмены пачынаюць думаць пра жыццё па-за відам. Як прыклад – 26-гадовая Эльвіра Грабарэнка (да жніўня 2022-га насіла прозвішча Герман). Чэмпіёнка свету і Еўропы ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі працягвае спаборнічаць, але пры гэтым пагрузілася ў новую для сябе сферу. Раскажам пра падзеi з жыцця экс-Герман у апошнія год з невялікім падрабязней.

Выступленні ў межах Беларусі, не найлепшыя вынікі

Да вайны бар'ерыстка была пастаяннай удзельніцай замежных спаборніцтваў, дзе дабівалася выдатных вынікаў: медалі, у тым ліку залатыя, на дарослых і юніёрскіх ЧЕ і ЧС у бегу на 100 і 60 метраў з бар'ерамі, устанаўленне нацыянальных рэкордаў. Апошняе з'яўленне лёгкаатлеткі на старце ў Еўропе датуецца 22 лютага 2022 года. Тады Грабарэнка брала ўдзел у Кубку Каперніка ў польскім Торуні. Эльвіра выступала ў бегу на 60 метраў з бар'ерамі і ў фінале фінішавала апошняй, восьмай, з вынікам у 8.20. Для параўнання, пераможца забегу, Дэвін Чарлтан з Багамскіх астравоў, прабегла за 7.90.

Праз два дні пачалася вайна ва Украіне, а ўжо 11 сакавіка Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя забараніла беларусам і расіянам прымаць удзел у якіх-небудзь спаборніцтвах пад сваёй эгідай. Бан дзейнічае да гэтага часу, і беларускія лёгкаатлеты за чэмпіянатамі Еўропы, свету і этапамі Брыльянтавай лігі назіраюць з Радзімы.

За год з невялікім з апошняга старту ў Еўропе спартсменка правяла 22 забегі на 100 і 60 м з бар'ерамі ў рамках афіцыйных спаборніцтваў у асабістым заліку. У сваіх дысцыплінах бягуння наогул не сустрэла ніякага супраціву. Абсалютна ва ўсіх выпадках Грабарэнка фінішавала першай, заадно папоўніўшы сваю скарбонку чарговымі званнямі найлепшай бар'ерысткі Беларусі. Больш за тое, і на «гладкіх» дыстанцыях 100 і 200 метраў Герман выйгравала на этапах Беларускай лёгкаатлетычнай лігі.

Аднак на міжнародным узроўні нават «профільныя» вынікі спартсменкі не дазволілі б ёй змагацца за медалі. Напрыклад, у пачатку сакавіка 2023 года ў Магілёве прайшоў Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканнях. На 60 м з бар'ерамі Грабарэнка перамагла з вынікам 7.96 (і гэта ў яе найлепшы час у сезоне). Гэтымі ж днямі ў Стамбуле адбыўся чэмпіянат Еўропы ў памяшканні. Пераможца, фінка Рэета Хурске, прабегла за 7.79, а датчанка Метэ Гравесгаард, якая заняла чацвёртае месца, – за 7.92.

Што да бар'ерных стометровак, то, напрыклад, падчас чэмпіянату свету ў ліпені 2022-га Эльвіра бегала на Кубку Беларусі ў Брэсце. Там яна стала пераможцай, а найлепшы паказаны час – 12.44. На ЧС у гэтай жа дысцыпліне такі час дазволіў бы заняць шостае месца. Лепшая ж бар'ерыстка ў Арэгоне – нігерыйка Тобі Амусан – прабегла за 12.06. А праз тыдзень з невялікім Грабарэнка перамагла на спаборніцтвах на прызы РЦАП па лёгкай атлетыцы, паказаўшы ўжо прыкметна горшыя секунды – 13.02.

Аднак, як адзначаюць спецыялісты, з якімі «Трыбуна» паразмаўляла, тут, хутчэй, варта казаць не пра відавочныя спады ў спартсменкі, а пра тое, што на ўнутранай арэне для перамогі можна не выкладвацца так, як падчас спаборніцтваў за мяжой. Таму рваць жылы і на трэніроўках, і на спаборніцтвах сэнсу асаблівага няма. Хоць, па словах тых жа спецыялістаў, калі працягваць жыць у такім жа рытме, то нічым добрым гэта не скончыцца – вяртанне на былы ўзровень можа зацягнуцца.

Забег у цэнтры Масквы, падрыхтоўка глебы для жыцця пасля спорту

Як удалося даведацца, міжнародны бан з цягам часу не найлепшым чынам пачаў адбівацца на форме і матывацыі спартсменкі. Прасцей кажучы, экс-Герман працягвала трэніравацца проста дзеля падтрымання формы. Вялікіх надзей на хуткае вяртанне ў турніры наймацнейшых ужо няма.

Як нам удалося даведацца, упадніцкі настрой пануе ў лёгкай атлетыцы Беларусі. Нягледзячы на ўсе размовы пра тое, што разбан вось-вось здарыцца, нават заўзятыя прыхільнікі Лукашэнкі Анастасія Мірончык-Іванова і Максім Недасекаў знаходзяцца на мяжы спартыўнай дэпрэсіі. Найбольш цяжкая сітуацыя ў псіхалагічным плане ў скакуна ў вышыню. Пасля нядаўняй смерці яго трэнеркi Таццяны Нарэйкі Недасекаў, паводле нашых звестак, пачаў сур'ёзна задумвацца пра пераезд у Расію, каб там трэніравацца і спаборнічаць. Гэтак жа, як і ў шматлікіх калег, надзей на трапленне на Алімпіяду ў яго ўсё менш – хоць у гэтым плане яму суседняя краіна відавочна не дапаможа.

Грабарэнка ж пра Алімпіяду пакуль не думае. Спорт застаецца ў жыцці ў першую чаргу як спосаб зарабіць. Лёгкаатлетка мае пару тысяч даляраў у месяц (стаўка «Мінспорту» – каля 1,5 тысячы рублёў – плюс надбаўкі), а таксама прызавыя на спаборніцтвах. На іх за перамогу можна атрымаць 2-2,7 тысячы долараў.

Зрэшты, плыць па цячэнні і перамагаць толькі на ўзроўні Беларусі Эльвіры ў пэўны момант надакучыла. Аднак зараз беларускія спартсмены могуць без асцярогі спаборнічаць у Расіі. Да нядаўняга часу за гэта пагражаў асабісты бан – усё таму, што Усерасійская федэрацыя лёгкай атлетыкі была пазбаўленая статусу члена сусветнай федэрацыі з-за допінг-скандалаў, і аднавілі яе ў правах толькі ў сакавіку 2023-га. Пры гэтым, паводле нашай інфармацыі, і да таго ў адрас Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі прыходзілі запрашэнні для ўдзелу беларускіх атлетаў у спаборніцтвах у Расіі – але ахвотных дадаткова рызыкнуць кар'ерай лагічным чынам не знаходзілася.

Апошні раз Грабарэнка выходзіла на старт у роднай краіне 4 сакавіка – стала першай на Кубку Беларусі ў Магілёве. Наступнае спаборніцтва для яе наступіла 5 чэрвеня – на Нікольскай плошчы ў Маскве ў рамках «Тыдня лёгкай атлетыкі» прайшлі забегі на 60 м з бар'ерамі. У гэтым відзе праграмы Беларусь была прадстаўлена Русланай Раманоўскай, Святланай і Віталём Парахонькамi і, уласна, экс-Герман. Па рэгламенце – па два паўфінальныя забегі, у якіх прынялі ўдзел па чатыры спартсменкі (акрамя беларусак бегалі яшчэ расіянкі). Чатыры бар'ерысткі з найлепшым часам выходзілі ў фінал. У выніку, як і чакалася, Грабарэнка стала першай і ў паўфінале, і ў вырашальным забегу. Чарговая перамога была зафіксавана з вынікам 8.04. Адзначым, што ў фінале бегла і Раманоўская – адстала на адну сотую і ўзяла срэбра.

Пры гэтым вось ужо больш за паўгода Эльвіра спрабуе сябе ў сферы, далёкай ад спорту. Гаворка пра дызайн інтэр'ераў. Грабарэнка скончыла анлайн-курсы Краснадарскага інстытута «Ліга дызайну» і зараз стварае чарцяжы ў фарматах 2D і 3D. Больш за тое, як удалося даведацца, за плячыма Эльвіры ўжо некалькі выкананых заказаў. Для прасоўвання сваіх паслуг спартсменка стварыла адпаведныя профілі ў сацсетках. Дарэчы, сярэдні кошт вырабу дызайн-праекта (у залежнасці ад метражу памяшкання) у Беларусі – у раёне 200 долараў.

Фота: bfla.eu

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты