Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Мая перамога БАТЭ над «Баварыяй»: Барысаў замяніў зборную, на гульні быў нібыта ўвесь Менск, угаданы лiк дадаў 50 долараў да стыпендыі

Мая перамога БАТЭ над «Баварыяй»: Барысаў замяніў зборную, на гульні быў нібыта ўвесь Менск, угаданы лiк дадаў 50 долараў да стыпендыі

Успамiны былога прэс-сакратара «Крумкачоў» праз 10 гадоў.

Аўтар — Скай Волк
3 кастрычніка 2022, 08:01
45
Мая перамога БАТЭ над «Баварыяй»: Барысаў замяніў зборную, на гульні быў нібыта ўвесь Менск, угаданы лiк дадаў 50 долараў да стыпендыі

2 кастрычнiка 2012-га, 10 гадоў таму, адбылася найлегендарнейшая футбольная перамога ў гісторыі незалежнай Беларусі. Хтосьці можа паспрачацца: а вось Нiдэрланды-1995, а вось Францыя-2010, а вось бронза МЧЕ-2011, а вось той жа БАТЭ з «Арсеналам» у 2019-м. І ўсё ж я перакананы, што менавіта перамога БАТЭ над «Баварыяй» найлегендарнейшая. Бо гэта тая «Баварыя», што ў сезоне 2012/13 узяла трэбл і за ўвесь сезон прайграла толькі тройчы. Ды і перамога хоць і сенсацыйная, але па ходзе гульні – цалкам лагічная і справядлівая.

І як прыемны бонус: у складзе таго БАТЭ выйшлі 10 беларусаў, адзіны легіянер – серб Марка Сіміч. З 18 футбалiстаў у заяўцы замежнікаў толькі двое, дзе другі – тады ўжо гулец зборнай Беларусi бразілец Рэнан Брэсан.

Ну хіба гэта не цуд?

У беларусаў увогуле была цікавая футбольная восень у 2012 годзе. Трэцяя група Лігі чэмпіёнаў у Менску. Чэмпіёны свету і Еўропы iспанцы на «Дынама». Нават французскі Canal+ зацікавіўся матчам «Гомель» – БАТЭ і даслаў карэспандэнтаў на «Цэнтральны», каб асвятляць гульню чэмпіяната Беларусі. 

Гістарычная падзея яшчэ і ў тым, што ў кастрычніку 2012 першы і апошні раз зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Кандрацьева здабыла перамогу (2:0 з грузінамі). За 4 дні да гэтага яна атрымала 0:4 ад звышзорнай зборнай Іспаніі. У Менск прыехалі Iкер Касільяс, Хаві, Андрэс Іньеста, Серхiа Рамас, Давiд Вілья, Давiд Сільва, Серхiа Бускетс, Хабі Алонса, Санцi Касорла – залатая генерацыя іспанцаў.

АБФФ, якая наглядзелася на поспехі БАТЭ ў продажы квіткоў на зорныя каманды, вырашыла зарабіць і паставіла велізарныя цэны на пакет Іспанія+Грузія (набыць толькі на іспанцаў, куды хацелі ўсе, было немагчыма да апошніх дзён). Квіткі каштавалі ад 280 тысяч рублёў (33$) да 480 тысяч (56$). Проста каб вы разумелі: літаральна за год да таго на гульню супраць Босніі квіткі каштавалі 20 тысяч рублёў (2,5$) – хаця на полі былі зоркі кшталту Мiралема П’яніча, а сам матч быў вырашальным для каманды Бернда Штанге: перамога амаль выводзіла нас на Еўра-2012.

Абурала большасць заўзятараў i тое, што нават танней, чым на Іспанію і Грузію, можна было трапiць на тры хатнія гульні БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў («Баварыя», «Валенсія», «Ліль»). Квіткі на БАТЭ – «Баварыя» каштавалі так: 300 тысяч рублёў (35$) – першая катэгорыя, 200 тысяч (23$) – другая, 80 тысяч (9$) – трэцяя. Астатнія былі танней: у 200 тысяч мог абысціся адзін пакет на ўсю ЛЧ. За два дні да гульні з «Баварыяй» БАТЭ прадаў 15 тысяч пакетаў пры змяшчальнасці старога «Дынама» ў 34 тысячы чалавек. 

Дык вось, сквапнасць АБФФ прывяла да таго, што за тыдзень да гульні з іспанцамі прадалі літаральна пару тысяч квіткоў. За гэта АБФФ разнёс Лукашэнка – і пачалося: квіткі сталі раздаваць на прадпрыемствах, у прафсаюзах, настаўнікаў прымушалі выкупаць. Я, не набываючы, у дзень гульні меў на руках ажно 8 квіткоў, бо ўсе сябры і родныя скідвалі іх, кажучы «ты ж на футбол хацеў».

Але ж мы пра «Баварыю». Яе прыезду чакалі і заўзятары мюнхенскай каманды. Некаторыя безвынікова паехалі сустракаць у аэрапорт – і пасля скардзіліся, што клубны аўтобус пад’ехаў адразу да трапа самалёта. Не выйшлі немцы і да заўзятараў, якія дзяжурылі каля гатэля. Самыя фартовыя атрымалі подпісы, толькі калі гульцы выходзілі з аўтобуса.

Цікава, што некаторыя заўзятары спрабавалі патрапіць на Лігу чэмпіёнаў не на сектар стадыёна, а як мага бліжэй да брамы. Адзін такі «фатограф» нават трапіў на відэа са святкаваннем гола Віталя Радзівонава. Чуў, што пасля гэтага клубу нават прыляцеў штраф ад УЕФА. Не ведаю, так гэта ці не, але цалкам можа быць, бо гэта УЕФА.

У выніку на легендарную гульню прыйшлі 24 636 чалавек – як на чэшскую «Вікторыю» за год да таго (там было 26 520). Аляксандр Паўлаў здзіўляўся пустым месцам, бо калі не прыходзіць на «Баварыю», то на каго яшчэ прыходзіць? Але мне чамусьці падаецца, што тады людзі збольшага ішлі заўзець за БАТЭ. То бок, у 2011 годзе ішлі на «Барселону», а ў 2012 – пры выдатным і моцным суперніку, на якога цікава паглядзець – ўсё ж першапачаткова – на БАТЭ.

Я думаю так, бо перамога над немцамі прывяла да таго, што праз два тыдні на «Валенсію» прыйшлі 29 тысяч чалавек – як на «Барселону». Хаця, прабачце, не на «Валенсію». Вось тут людзі ўжо дакладна ішлі на БАТЭ – каб зноў адчуць гэты прыемны смак нечаканай перамогі над зорнай еўрапейскай камандай (але ж «Валенсiя» выйграла 3:0). Мне падаецца, гэта апошні раз, калі 29 тысяч беларусаў ішлі менавіта заўзець за БАТЭ – а не глядзець на топ-клуб.

На фоне здзекаў АБФФ з заўзятараў барысаўская каманда тады для большасці замяніла нацыянальную зборную. Ну, ведаеце, калі далёкі ад футбола чалавек раптоўна кажа, што «сёння гуляюць нашыя». А калі ты пытаешся, хто гэтыя нашыя, ён адказвае: «Ну дык БАТЭ ў Валенсіі гуляе, давай глядзець». І вы глядзіце, а ён расказвае, які круты гулец Ліхтаровіч і як ён цэментуе сярэдзіну поля ў зборнай. У сэнсе, яго не выклікаюць? Але нават не абураецца, а вы проста глядзіце далей – бо на зборную Кандрацьева начхаць.

Перад гульнёй з немцамі чамусьці былі добрыя думкі. Я падзяліўся з сябрам адчуваннем, што БАТЭ пераможа 3:1. Ён пакпіў – «Баварыя» на той момант у 9 матчах сезона прапусціла толькі 4 мячы – і прапанаваў зрабіць стаўку. На лік 3:1 каэфіцыент быў 80. Так што пасля гульні я нават атрымаў дадатак да стыпендыі ў амаль 50 долараў :)

Добрыя прагнозы былі і падчас гульні. Ды і першы тайм скончыўся перамогай БАТЭ 1:0. Заўзятары, якія сыходзілі з трыбунаў папаліць, асцярожна прагназавалі, што цяпер БАТЭ будзе ахоўваць такі лік – але ўсё атрымаецца.

Але ж і развязка была дзікай. Пасля гола Рыберы на 90+1 стала трывожна, але літаральна ў наступнай атацы Гарбуноў выратаваў ад гола, а Брэсан забіў. І стадыён нібыта звар’яцеў!

У ноч з 2 на 3 кастрычніка было адчуванне, што ледзьве не ўвесь Менск святкаваў тую перамогу. Усе машыны навокал сігналілі, усе людзі навокал шчаслівыя, у аўтобусах, трамваях ды цягніках метро спяваюць: «Желто-синий самый сильный». Усе сацсеткі былі ў пастах пра БАТЭ – нават ад тых людзей, якія ні да, ні пасля ніколі не цікавіліся футболам. Асабліва паспяхова разыходзіўся такі вершык:

 

Падавалася, нібыта ўвесь Менск быў на той гульні, бо ў наступныя дні, каго ні спытай, усе былі на стадыёне. Усе ведалі, што Радзівонаў золатка, Паўлаў красунчык, Брэсан наш родненькі бразілец, а Гарбуноў дык проста герой тыдня. Ну і, вядома, Глеб – звышзорка беларускага футбола. Гэта быў яго каралеўскі вечар, калі футбаліст шчыра адказваў на пытанні пра Лама, Цімашчука, незацікаўленасць у чэмпіянаце Беларусі – але радасць ад вяртання ў БАТЭ, бо пасля такой перамогі немагчыма шкадаваць пра штосьці. 

І, як гэта заўсёды і здараецца, у людзей з’явіліся звышчаканні ад БАТЭ: што трэба перамагаць «Валенсію», што трэба выходзіць у 1/8 ЛЧ, што лепш у плэй-оф згуляць з «Арсеналам» ці «МЮ», бо яны яшчэ не прыязджалі ў Беларусь.

Але, як справядліва напісаў тады Максім Беразінскі – гэта быў пік. Выдатны пік, які БАТЭ цалкам заслугоўвае, бо шмат гадоў працаваў дзеля такіх матчаў. Праз 10 гадоў цікава перачытваць яшчэ адзін прагноз Беразiнскага:

«Цешыць, што поспех БАТЭ нельга будзе спаскудзіць і адзначыць гадоў праз 10-15 якім-небудзь дэбільным чынам з песнямі і танцамі. 10 гадоў з дня першага выхаду ў групавы этап, 10 гадоў з дня першай перамогі, 10 гадоў перамогі над «Баварыяй» – такіх падстаў нашыя чыноўнікі могуць прыдумаць тысячу. Але ўсе дасягненні дастаткова кучныя і паасобку не маюць значэння». 

Ад поспехаў БАТЭ крыху вар’яцелі і рускія, бо гэта быў якраз той год, калі «Зеніт» набыў Халка і Акселя Вітцэля амаль за 100 млн еўра – і пасля атрымліваў паразу за паразай у ЛЧ. Каментатары гульні БАТЭ – «Баварыя» на расейскім ТБ падкрэслівалі амаль поўную адсутнасць легіянераў і жартавалі, што ў Беларусі свае бразільцы: Pauláu, Radzivonáu. Так, барысаўскія гульцы выходзілі на поле з беларускімі прозвішчамі, у адрозненне ад зборнай, дзе гулялі Rodionov, Pavlov. Цяпер пра гэта асабліва прыемна ўзгадваць. На расейскае ТБ таксама перадавалі прывітанне Васiлю Уткіну, які раней называў Ганчарэнку «бульбяной душою» і казаў, што той павінен «гарэць у пекле» за рашэнне ўзяць на выправу ў Барселону ў 2011-м моладзь, каб тая атрымала лігачэмпіёнскі досвед.

А яшчэ пасля гульні разыходзіўся ролік з субтытрамі, дзе па сюжэце Гітлер даведаўся пра перамогу БАТЭ і істэрыў у бункеры. Тады гэта падавалася вельмі смешным і збірала тысячы падабаек. 

У наступныя дні «Трыбуна» (тады яшчэ goals.by) нават вырашыла праверыць, ці паўплывала перамога БАТЭ на пазнавальнасць клуба. Аляксандр Івулін хадзіў у куртцы з лагатыпам барысаўчан, а Вадзім Кнырко запытваўся ў беларусаў Менска.

І толькі «Прэсбол», які пра гульню аўторка, як і звычайна тады, напісаў у чацвер, выйшаў з такой вокладкай.

Перамога, якая – ужо тады гэта было зразумела – стане легендарнай, займае толькі палову старонкі, а другая прысвечаная гульні жаночай гандбольнай зборнай з літоўкамі. Што тут сказаць? Класічны «Прэсбол» :)

Перамога над «Баварыяй» яшчэ не абрасла нейкімі міфамі, яе ўспрымаюць як пік беларускага футбола, але не пішуць мемуары пра тое, што «гэта я галоўны творца таго поспеху». Затое ёсць мемы

Складана сказаць, калі будуць у беларускага футбола яшчэ такія перамогі – пакуль іх не бачна нават на гарызонце, тут бы камандам з Люксембурга не прайграваць. Але гэта была залатая восень беларускага футбола, якую прыемна ўзгадваць.

А пасля прыйшла базанаўская зіма. За якой абавязкова надыдзе вясна.

Фота: Надзея Бужан, goals.by; pressball.by; Юлія Чэпа; аўтара.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты