Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/У Літве адкрылі сваё «Дынама»: рэканструкцыя i там зацягнулася, але выйшла нашмат таннейшай, білеты на матч распрадалі, а не раздалі, заўзятары свісталі мэру і федэрацыі

У Літве адкрылі сваё «Дынама»: рэканструкцыя i там зацягнулася, але выйшла нашмат таннейшай, білеты на матч распрадалі, а не раздалі, заўзятары свісталі мэру і федэрацыі

Вялiкая рознiца.

Аўтар — Скай Волк
24 кастрычніка 2022, 08:01
2
У Літве адкрылі сваё «Дынама»: рэканструкцыя i там зацягнулася, але выйшла нашмат таннейшай, білеты на матч распрадалі, а не раздалі, заўзятары свісталі мэру і федэрацыі

У Каўнасе пасля чатырох гадоў рэканструкцыі адкрылі шматпакутны стадыён імя Даруса і Гірэнаса. Чаму шматпакутны? Бо рэканструкцыя моцна зацягнулася, а нацыянальная зборная на шмат гадоў засталася без хатняй арэны.

Нечым нагадвае гісторыю мінскага стадыёна «Дынама» – стадыёны нават візуальна настолькі падобныя, што некалькі маіх сяброў, убачыўшы фота, напісалі «здалося, што гэта «Дынама».

Сто гадоў таму на месцы стадыёна ў Каўнасе было балота. Яго асушылі, а ў 1925 годзе на гэтай тэрыторыі было адкрыта футбольнае поле з бегавымі дарожкамі. Праз 10 гадоў тут з’явіўся паўнавартасны стадыён. На iм праводзіліся сусветныя літоўскія гульні, літоўская алімпіяда ў міжваенны перыяд. Сюды прыязджаў Папа Рымскі Ян Павел II. Тут гуляла залатое пакаленне зборнай Іспаніі, а праз тры месяцы пасля стамбульскага цуду – «Ліверпуль».

Назвалі стадыён у гонар двух літоўскіх герояў – лётчыкаў Сцяпонаса Даруса і Стасiса Гірэнаса. Дарус – з літоўскай дыяспары ў ЗША, дзе вывучыўся на лётчыка, прыняў удзел у Першай сусветнай, а ў 1920 годзе вярнуўся ў незалежную Літву. У 1923 годзе ён прымаў актыўны ўдзел у Клайпедскім паўстанні, дзякуючы якому горад вярнуўся ў склад Літвы. Дарус актыўна займаўся спортам. Ён ініцыятар першага чэмпіянату Літвы па бейсболе, удзельнік першага афіцыйнага баскетбольнага матча ў Літве (стаў чэмпіёнам краіны), удзельнік чэмпіянату Літвы па хакеі, стаў віцэ-чэмпіёнам Літвы па кіданні кап’я, спаборнічаў у боксе. А яшчэ Дарус быў сярод архітэктараў каўнаскага стадыёна.

Гірэнас – яшчэ адзiн прадстаўнік літоўскай дыяспары, якi ўдзельнічаў у Першай сусветнай на баку ЗША, таксама лётчык. Яны з Дарусам пазнаёміліся ў 1927 годзе і пазней сталі планаваць першы ў гісторыі трансатлантычны беспасадкавы пералёт з Нью-Ёрка ў Каўнас. Яго правялі ў 1933 годзе на самалёце «Літуаніка», на куплю і пераабсталяванне якога скідваліся літоўцы. Нажаль, Дарус і Гірэнас разбiлiся, не дацягнуўшы да Каўнаса  ўсяго 600 кіламетраў.

За сваю гісторыю стадыён перажыў яшчэ чатыры рэканструкцыі. Апошняя з іх пачалася ў 2018 годзе. Турэцкая кампанія Kayi Construction за 35 млн еўра ўзялася за працу. Аднак пасля зносу трыбунаў грошы скончыліся, і турэцкія рабочыя, якія прыехалі на будоўлю, узбунтаваліся. Літоўцы абураліся, што туркі абяцалі сотні працаўнiкоў, а ў выніку не даехалі і 10% будаўнікоў. Рэканструкцыю адклалі.

У 2020 годзе ўжо літоўская кампанія ўзялася за стадыён. Замест унікальнага драўлянага фасада – яго абяцалі туркі – зрабілі звычайны металічны, а ёмістасць арэны павялічылі з 8 да 15 тысячаў. Праўда, вырас і кошт – да 43 млн еўра.

Калі гаворка заходзіць пра шматпакутную рэканструкцыю, адразу прыходзіць у галаву стадыён «Дынама». Яго адкрылі ў 1934 годзе – амаль у адзiн час з лiтоўскiм. Праўда, калі суседзi тады спецыяльна асушылі багністую мясцовасць, то ў Мінску стадыён пабудавалi на тэрыторыі габрэйскіх могілак.

Пасля Другой сусветнай вайны стадыёну прадказальна спатрэбілася рэканструкцыя. Больш маштабную правялі да Алімпіяды-1980 – у Мінску гулялі частку матчаў футбольнага турніру. Тады з’явіўся знакаміты «казырок». Ну, а праз трыццаць гадоў пачалася новая рэканструкцыя.

План рэканструкцыі ад венгерскай кампаніі «Грабаплан» выглядаў выдатна: захаванне гістарычнага аблічча стадыёна і аркі, павелічэнне ёмістасці да 41 тысячы гледачоў, дэмантаж бегавых дарожак. У прадстаўленым праекце поле было відаць як на далоні з любой кропкі стадыёна, а акустыку забяспечвалi найлепшай на той момант гукавой апаратурай. Венгры абавязаліся ўсё выканаць за 28 месяцаў і 145 млн еўра – безумоўна, дорага, але рэканструкцыя ўскладнялася наяўнасцю некаторых уводных (напрыклад, захаваць стары каркас «Дынама»).

«Дынама» зачынілі на рэканструкцыю пасля лігачэмпіёнскага матча БАТЭ – «Ліль» у лістападзе 2012, якая той восенню так і не пачалася. У справу ўлез Лукашэнка, які разнёс план рэканструкцыі і загадаў шукаць іншыя варыянты. Шукалі іх доўга. Да адкрыцця «Барысаў-Арэны» заставалася паўтара года, таму зборная гуляла ў Гомелі, а БАТЭ праводзіў сустрэчу плэй-оф Лігі Еўропы ў Гродне.

Амаль два гады стадыён «Дынама» стаяў без аніякага жыцця. Тут нават паспелі правесці здымкі серыяла пра Эдуарда Стральцова. Дублёрам галоўнага героя на полі быў Уладзімір Макоўскі. А яшчэ ў 2015 годзе тут знайшлі снарад часоў Другой сусветнай вайны.

У нейкім сэнсе рэканструкцыю «Дынама» выратавалі Еўрапейскія гульні – у менскай заяўцы ён фігураваў у якасці месца правядзення лёгкаатлетычных спаборніцтваў. Стадыён адчынілі ў 2018 годзе – з бегавымі дарожкамі, якія зрабілі балюча кожнаму футбольнаму заўзятару. Але ж дэфекты вылазiлi потым не аднойчы.

Першым матчам на адноўленым стадыёне ў Каўнасе стаў фінал Кубка Літвы. 16 кастрычнiка 2022-га ў ім гулялі вільнюскі «Жальгірыс» і каўнаскі «Хегельман». Не самы багаты на вострыя моманты матч iшоў да перамогі «Жальгірыса», калі на 93-й хвіліне знаёмы беларускім заўзятарам Самуэль Адэаіба (гуляў у «Крумкачах», «Нафтане», «Граніце», «Белшыне», «Тарпеда-БелАЗ») зраўняў лік. Праўда, на дадатковы час каўнасцаў не хапіла – «Жальгірыс» забiў яшчэ i узяў трафей сабе.

Было адчуванне, што арганізатары крыху перастараліся з урачыстасцю: на адкрыццё фiналу запрасілі літоўскіх зорак, якія, здаецца, нават не ўсе праспявалі з-за дрэннага надвор’я. Па бегавых дарожках пракаціліся рэтрааўтамабілі (для Каўнаса гэтае звычайнае мерапрыемства) і байкеры.

Салют, песні, аўтамабілі і шоу, здаецца, не надта ўразілі фанатаў «Жальгірыса». Прынамсі, падчас фіналу яны вывесілі досыць красамоўны банэр: «Гэта Кубка фінал цi папсы карнавал?»

 

Так ці інакш, стадыён быў адкрыты – і больш за ўсіх гэтаму факту рады мэр Каўнаса Вiсвалдас Мацiяшайцiс, які казаў, што зараз у яго горадзе найлепшы стадыён у краінах Балтыі. А яшчэ ў Каўнасе пабудавалі стадыён раней, чым у Вільнюсе. Гэта вечная тэма для жартаў: Нацыянальны стадыён у цяперашняй сталiцы пачалі будаваць яшчэ напрыканцы 1980-х, а потым кiнулi, i апошнія 30 гадоў бетонныя палі чакалі заканчэння рэканструкцыі – у выніку ў 2022 годзе іх знеслі.

Стадыён «Дынама» адкрываць статусным матчам не сталі. Тут важна ўдакладніць: у зборнай Беларусі на той момант наперадзе былі матчы супраць Сан-Марына і Люксембурга, фінал Кубка ўжо правялі, а да еўракубкаў было яшчэ далёка. Тым не менш, у такіх выпадках шукаюць магчымасць правесці таварыскі матч са статусным або знакавым супернікам. Але ў выніку ў якасці ўрачыстага адкрыцця міністэрства спорту прыдумала правесці гульню паміж дзвюма камандамі: зборная менскага і брэсцкага «Дынама» супраць зборнай астатніх клубаў ЧБ. Форму апошняй зараз дакладна б не ўзгаднiлi. 

Яшчэ адна прынцыповая розніца ў адкрыцці двух стадыёнаў: калі на фінал у Каўнасе квіткі прадавалі, і іх размялі літаральна за пару дзён (пры кошце ад 17 еўра), то ў Мінску нават не спрабавалi – усё размяркоўваў Мінгарвыканкам. А ведаеце чаму? Таму што галоўнай зоркай вечарыны планаваўся вядомы майстар стэндапа Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з каштарысам Мінгарвыканкама за 2019 год, рэканструкцыя «Дынама» абышлася ў 320 мільёнаў рублёў. З-за дзвюх дэвальвацый у перыяд 2012-2018 складана перавесці гэтую суму ў валюту, але па курсе 2019-га гэта прыкладна 130 млн еўра. У рэальнасці, хутчэй за ўсё, атрымалася значна больш – напрыклад, «Анлайнер» пісаў пра 200 млн даляраў, выдаткаваных на стадыён. За гэтыя грошы мы ўбачылі вузкія калідоры, небяспечныя лесвіцы ды адсутнасць водаадводаў.

Хай стадыён у Каўнасе менш па ёмістасці (15 супраць 22 тысяч), але па кошце (43 млн супраць 130 млн) ён відавочна выйграе, нават нягледзячы на ​​тое, што каўнаская арэна таксама адчула сур’ёзныя праблемы, а рэканструкцыя зацягнулася.

Дарэчы, цікавы факт: на фінале Кубка фанаты «Жальгірыса» пратэставалі супраць федэрацыі футбола – у асноўным скандаваннямі. Мэра Каўнаса таксама асвісталі – у першую чаргу за тое, што яго бізнес па-ранейшаму трымае сувязь з Расіяй. Але падчас прамовы генсакратара ЛФФ Эдгараса Станкявічуса свіст усяго стадыёна не змаўкаў.

У апошні час літоўская федэрацыя футбола сутыкаецца з крытыкай на ўсіх узроўнях – як ад заўзятараў, так і ад людзей на кіроўных пасадах. Праблема не толькі ў нізкім узроўні чэмпіянату і слабых выступах зборнай Літвы. У першую чаргу зараз ЛФФ узгадваюць сувязь з крымінальным светам.

З-за гэтага дзяржава спрабуе правесці рэформы ў федэрацыі футбола і адхіліць выканкам ад прыняцця рашэнняў, даўшы больш улады клубам. ЛФФ пры падтрымцы УЕФА адбіваецца ад дэпутатаў, а кіраўнікі федэрацыі ў адказ на любую крытыку і прапановы заяўляюць: «Я не бачыў вас на стадыёнах». Карацей кажучы, у літоўскім футболе не менш весела, чым у беларускім – толькi ў Літве за крытыку не саджаюць людзей у турму. Хаця крытыку на адкрыцці «Дынама» ў 2018 было ўявiць увогуле немагчыма.

Фота: LRT.lt, planetabelarus.by, Kauno miesto savivaldybė, 15min.lt.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты