Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Топ-7 беларускiх футбольных стадыёнаў: зручны кантакт з гульцамi, шыкоўныя краявiды, легендарны шашлык, нават у «Дынама» ёсць свае плюсы

Топ-7 беларускiх футбольных стадыёнаў: зручны кантакт з гульцамi, шыкоўныя краявiды, легендарны шашлык, нават у «Дынама» ёсць свае плюсы

Яшчэ адзiн суб’ектыўны рэйтынг граўндхопера.

Аўтар — Скай Волк
29 кастрычніка 2022, 19:00
3
Топ-7 беларускiх футбольных стадыёнаў: зручны кантакт з гульцамi, шыкоўныя краявiды, легендарны шашлык, нават у «Дынама» ёсць свае плюсы

Калi яшчэ не чыталi, нiжэй спасылка на тэкст пра топ-7 найгоршых для заўзятараў стадыёнаў Беларусі сярод тых, на якіх гуляюць каманды першых двух дывізіёнаў.

Не хочацца пісаць толькі пра дрэннае, тым больш што ў Беларусі хапае і добрых арэн. Гэты топ – выключна суб’ектыўны, як і любыя іншыя топы. Тым не менш, я паспрабую абгрунтаваць, чаму так лічу. Галоўнае, чым буду кіравацца, – гэта камфорт для гледача. Таму стадыёны без бегавых дарожак, з дахам, чыстымі сядушкамі і прасторнымі радамі для заўзятараў – мая павага, вітаю ў топе.

7) Гарадскі стадыён, Слуцк

Замежны аналаг: «Колас», Каваліўка, Украіна

Слуцкі стадыён – даволі невялічкі, але на ім проста прыемна глядзець футбол. Тут няма бегавых дарожак, а футбалісты кідаюць мяч з аўта ў пары метраў ад заўзятараў – усё гэта выдатна пагружае людзей у футбольную атмасферу. Часам гульцы могуць нават паспрачацца з заўзятарамі – а яны ў Слуцку могуць быць даволі злымі і вострымі на язык.

Дзве з чатырох трыбунаў (плюс невялічкі VIP-сектар) маюць дах, таму і ад дажджу, калі што, ёсць дзе схавацца. Сама канструкцыя стадыёна даволі простая: трыбуны – зборныя металічныя, а распранальні знаходзяцца ў адміністрацыйным будынку.

Прыкладна такая ж схема ў САК «Алімпійскi», які так не падабаецца Сяргею Паліцевічу, але я не бачу нічога дрэннага ў тым, каб гуляць на стадыёне для людзей – а не на вялікай бетоннай канструкцыі, дзе складана ўбачыць мяч.

6) «Брэсцкі»

Замежны аналаг: «Абалонь», Кіеў

У адрозненне ад слуцкага стадыёна, гэты – ужо вялікая махіна. Так, тут ёсць бегавыя дарожкі, і гэта мінус. Але стадыёны без бегавых дарожак у Беларусі амаль не існуюць як клас.

Але ў астатнім тут даволі камфортна глядзець футбол. Месца хапае, дах над галавой ёсць (калі мы гаворым пра галоўную трыбуну – на малой супрацьлеглай няма, гэта мінус). Галерэя стадыёна таксама не тое каб шырокая, тут ёсць некаторыя падабенствы з «Трактарам», але ў тыя часы, калі «Дынама-Брэст» мела грошы на матчдэй, усе актыўнасці праводзіліся за галоўнай трыбунай – каля ці нават наўпрост на запасным полі.

А яшчэ я вельмі люблю стадыёны, дзе з верхніх шэрагаў адкрываецца від на горад. З вышыні «Брэсцкага» добра бачны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, пабудаваны ў 1856 годзе, – часам ён нават трапляе ў трансляцыю. Асабліва прыгожа храм выглядае ўвечары.

5) «Гарадзея»

Замежны аналаг: «Райфайзэн Арэна», Лінц, Аўстрыя

Скажу шчыра, стадыён у Гарадзеі, калі там гуляла мясцовая каманда, – гэта проста мара любога граўндхопера. Знакаміты гарадзейскі шашлык (сапраўды вельмі смачны) і піва – гэта выдатны футбольны набор. І хаця з півам на трыбуны нельга, нічога не замінае стаяць за брамай і глядзець футбол так.

А глядзець футбол тут прыемна. Ніякіх бегавых дарожак, толькі невялічкая (літаральна метр) дарожка перад першым шэрагам. Футбалісты пастаянна кантактуюць з гледачамі – хтосьці можа і паспрачацца з публікай. Мясцовыя заўзятары, як і ў Слуцку, любяць пакпіць з футбалістаў гасцей.

У Гарадзеі проста прыемна глядзець футбол. А шашлык з півам дадаюць гэтаму футболу яшчэ больш задавальнення, нават калі ты глядзіш на не самую цікавую гульню. Спадзяюся, што ў недалёкай будучыні «Гарадзея» вернецца на футбольную мапу Беларусі – бо гэта дакладна быў адзін з пунктаў must see для любога беларускага заўзятара. Пакуль жа на стадыёне гуляе дзяржынскi «Арсенал».

4) «Дынама», Мінск

Замежны аналаг: Стадыён імя Даруса і Гірэнаса, Каўнас, Літва

Мабыць, самы спрэчны пункт у спісе, але я дакладна не магу паставіць «Дынама» вышэй. Супраць «Дынама» бегавыя дарожкі, праблемы з водаадводам, дрэнны дах (закрывае толькі 70% трыбунаў), вузкія калідоры і занадта крутыя лесвіцы, а з першых шэрагаў футбол глядзець немагчыма – асабліва калі месца яшчэ і за брамай. Плюс перашкаджае спадчына Еўрапейскіх гульняў.

Але давайце ўсё ж не толькі пра благое. Мае сябры ацанілі кругавую галерэю на стадыёне, дзе можна спакойна стаяць з півам і абмяркоўваць футбол ці проста жыццё. Дарэчы, не толькі ж піва – тут хапае іншых напояў і рознай ежы. 

Адзін мой сябар кажа, што «Дынама» – ідэальны стадыён для аматараў піва і футбола, бо гэта рэдкі нават па сусветных мерках выпадак, калі футбол можна глядзець з чаргі па піва (бо вузкія галерэі дазваляюць). Больш за тое, ёсць нават зручныя месцы для таго, каб гэтае піва паставіць. Яны, вядома, з’явіліся выпадкова – гэта не было прадугледжана праектам, але будаўнікі так адгарадзілі галерэю ад выхадаў на сектары.

«Дынама», безумоўна, далёкі ад ідэалу стадыён. Рэканструкцыя, на мой погляд, нават крыху забрала антураж, бо сотня пустых шкляных каментатарскіх кабінак выглядаюць не зусім прыгожа. Але ўжо як ёсць.

Але ўсе гэтыя недахопы могуць перакрывацца аншлагамі і цудоўнай атмасферай – так, напрыклад, было на гульні «Дынама» супраць «Зеніта». Шкада толькі, што на матчах чэмпіяната Беларусі рэдка збіраюцца нават 10 тысяч чалавек.

3) «Нёман», Гродна

Замежны аналаг: «Металіст», Харкаў, Украіна  

Галоўны мінус «Нёмана» (якi афiцыйна цяпер называецца стадыёнам ГАКЦАР) – наяўнасць бегавых дарожак. Акрамя таго, дах не закрывае прыкладна палову стадыёна. Але плюсаў усё ж больш. З першага шэрага тут добра бачная любая кропка поля, бо трыбуна крыху ўзнятая над газонам.

А яшчэ на «Нёмане» калісьці прыдумалі лайфхак са стойкамі пад піва: на трыбуны людзей з напоямі не пускаюць, але клуб (ці хітрыя заўзятары) усталяваў драўляныя дошкі на галерэі: цяпер там пастаянна стаяць людзі з келіхамі.

Яшчэ мне вельмі падабаюцца верхнія шэрагі стадыёна. Я ўжо казаў, што люблю, калі са стадыёна бачны горад – а тут бачны ажно гістарычны цэнтр, чырвоныя дахі Савецкай, Фарны касцёл і іншая прыгажосць беларускага горада. А ўвечары, калі запальваюцца агні падсветкі, краявід проста захапляльны.

Дарэчы, вечаровыя матчы тут выглядаюць вельмі прыгожа. Лёгка ўявіць, што гэта еўракубкавы вечар – асабліва, калі на трыбунах шмат заўзятараў. Тым больш БАТЭ калісьці гуляў тут у 1/16 Лігі Еўропы супраць «Фенербахчэ».

2) «Цэнтральны», Гомель

Замежны аналаг: «Дусан Арэна», Пльзень, Чэхія

«Цэнтральны» – гэта такі англійскі стадыёнчык з прамакутнымі трыбунамі, дзе поле добра бачнае з любой кропкі. На жаль, стадыён наўрад ці ў наступныя гады атрымае найвышэйшую катэгорыю УЕФА – а без гэтага зборная тут не можа гуляць афіцыйныя гульні, – бо месца для паркінга вакол арэны банальна няма, а будаваць падземны – дорага. Ды і прэс-цэнтр занадта малы для вялікіх мерапрыемстваў, а як яго пашырыць – невядома. Іншых праблем тут таксама хапае: напрыклад, праз састарэлую канструкцыю тут немагчыма зрабіць продаж ежы ці напояў каля любой трыбуны – не, даводзіцца выходзіць са стадыёна на пляцоўку побач.

Але ўсё ж на «Цэнтральным» топавыя матчы адчуваюцца топавей, чым на тым жа «Дынама» – трыбуны так блізка да поля, што кожны гулец «Ліверпуля» дакладна чуў усё, што крычалі заўзятары. На «Дынама» паспрабуй ты яшчэ дакрычацца праз усе гэтыя кіламетры бегавых дарожак!

Скажу шчыра, гэта мой любімы стадыён у Беларусі. Крыху шкада, што паўночная трыбуна атрымалася занадта маленькай падчас апошняй рэканструкцыі – але не тое каб былі варыянты, бо адразу за гэтай трыбунай знакаміты пяціпавярховік, з якога перыядычна людзі глядзяць футбол.

Аднойчы і мне давялося глядзець футбол з гэтай кропкі. Незабывальна, калі шчыра. Шкада толькі, што гэта была гульня першай лігі ў 2020 годзе.

А вось людзям, якія з гэтага дома глядзелі «Гомель» – «Ліверпуль» ці Беларусь – Францыя, было максімальна зручна. Бо глядзець з балкона можна з максімальным камфортам – і нават збегаць да тэлевізара ці камп’ютара, каб паглядзець паўтор гола ці небяспечных момантаў.

Але «Цэнтральны» круты нават без паўтораў, піва і фудкортаў.

1) «Барысаў-Арэна»

Замежны аналаг: «Людскі врт», Марыбар, Славенія (пабудаваныя па адным праекце)

Як бы я ні хацеў зарыгінальнічаць, усё ж супраць рэальнасці немагчыма пайсці. Я вельмі люблю гомельскі «Цэнтральны», але аб’ектыўна «Барысаў-Арэна» – найлепшы стадыён Беларусі.

Тут добра ўсё: і сядушкі, і месца для ног, і акустыка, і наяўнасць галерэі праз усе трыбуны (але звонку, што не замінае заўзятарам падчас гульні). Для заўзятараў ёсць шмат пунктаў продажу ежы і напояў, прычым побач – экраны, на якіх транслююць гульню, каб вы не прапусцілі небяспечныя ці іншыя цікавыя моманты гульні.

Наяўнасць такога стадыёна ў Беларусі – у нейкім сэнсе цуд, бо на прыкладзе «Дынама» мы добра ўбачылі, што бывае, калі Лукашэнка і іншыя чыноўнікі лезуць у будаўніцтва стадыёнаў і камандуюць, як лепш зрабіць.

Фота: аўтара, kurjer.info, «Дынама-Брэст», «Гарадзея», onliner.by, Прэсбол, football-stadiums.ru.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты